Час друкавальных машынак прайшоў, але праблема адсутнасьці літары «і» у расейскай раскладцы нікуды не падзелася.

Калісьці ў школе, на ўрокі беларускай мовы настаўніца прыносіла тэксты і песьні, якія яна сама друкавала на друкавальнай машынцы. На той машынцы быў толькі расейскі шрыфт, і яна заміж беларускай літары «і» ставіла лічбу «1». Гэта кідалася ў вочы, але мы выдатна разумелі, што там маецца на ўвазе, і маглі прачытаць тэкст.

 

Час друкавальных машынак прайшоў, але праблема адсутнасьці літары «і» у расейскай раскладцы нікуды не падзелася. І таму і зараз тыя, у каго няма беларускай раскладкі, але спатрэбілася напісаць беларускае слова ці фразу, часта замяняюць літару «і». І замяняюць яе звычайна на літару «i» з ангельскай раскладкі. І тут становіцца цікава.

 

Насамрэч, беларуская «і» і ангельская «i» — розныя літары. У кадыроўцы Юнікод беларуская «і» займае пазыцыі U+0456 (малая) і U+0406 (вялікая); ангельская «i» — пазыцыі U+0069 (малая) і U+0049 (вялікая) (афіцыйна, першая — «беларуска-украінская», а другая — «лацінская»).

 

Галоўная прычына для такога разьмежаваньня — неабходнасьць праграмнага разрозьненьня дзьвюх літараў. Самае відавочнае прымяненьне: сартаваньне. Напрыклад, чалавек будзе ведаць, что слова Pittsburgh ідзе пасьля слова Philadelphia, а слова Пінск ідзе пасьля слова Петрыкаў; а калі сьпіс гарадоў будзе сартаваць праграма, то нябачная замена літары перанясе «Пiнск» перад Паставамі — бо лацінскія літары павінныя ісьці раней за кірылічныя. Другое прымяненьне — пошук; напрыклад, пошук па слову «Пiнск» не знаходзіць нічога ў Картографе, хоць горад Пінск там, відавочна, ёсьць. І калі пры дадаваньні новага гораду, напрыклад, заміж «Слонім» напісаць «Слонiм», выкарыстоўваючы «i» з ангельскай раскладкі, то тыя, ў каго раскладка беларуская, яго ня знойдуць.

 

На жаль, той факт, што гэтыя дзьве літары выглядаюць аднолькава, хутчэй шкодны, чым карысны. Калі б наша «і» хоць крышачку адрозьнівалася (як, напрыклад, адна зь дзьвюх турэцкіх «ı»), то мы б маглі візуальна заўважыць праблему і выправіць яе. А так — праблема праходзіць побач з намі незаўважнай. Напрыклад, сайт самай буйной дзяржаўнай беларускамоўнай газэты «Звязда» выкарыстоўвае лацінскую «i» заміж беларускай ва ўсіх артыкулах; чытачы гэтага не заўважаюць, і таму ня пішуць аўтарам сайту, каб тыя выправілі праблему — а ў выніку нядзіўна, што іх артыкулы можа быць цяжка знайсьці, ці пры перакладзе атрымліваецца «решили показать болгарскому «Лiтаксу», что так с гасцямi абыходзiцца нельзя».

 

Праверыць, якая менавіта «і» выкарыстаная там ці тут, ня так і проста. Я выкарыстоўваю такія варыянты: скапіраваць тэкст у праграму, якая не падтрымлівае Юнікод (у мяне — Far Manager), ці пашукаць у Google слова з «плюсікам» наперадзе, і параўнаць вынік з правільным словам з «плюсікам» (гл. пошукі па +мiнск (77900 вынікаў) і +мінск (2330000 вынікаў)). А для таго, каб уставіць літару «і», калі ў вас няма беларускай раскладкі, прасьцей за ўсё скапіраваць яе адкуль-небудзь, дзе яна дакладна беларуская, ці паспрабаваць «уводзіць праз код» так: уключыце Num Lock, затрымайце Alt, і ўводзьце на бакавой клявіятуры 0178 ці 0179 (вялікая і малая літары).

 

Няхай жыве наша «і»! :)
 

 

update: вядома, праблема з падабенствам літар — ня толькі ўласна беларуская. У расейскай мове ёсьць літара «с», якая выглядае так жа, як лацінская літара «c»; і бываюць выпадкі, калі іх блытаюць — напрыклад, гл. пошук па +моcква. А самым цікавым прыкладам такой блытаніны для мяне была доўгая дыскусія на MusicBrainz пра тое, пісаць «Flëur» ці «Flёur» — з расейскай ці альбанскай літарай «ё»; перамагла альбанская.
 

 

p.s. калі вы распрацоўшчык і чытаеце па-ангельску, рэкамэндую Уводзіны ў юнікод для праграмістаў ад Джоэля Спольскага.

 

http://be.mahaniok.com

 

 


 

Ігар Маханёк — інжынэр-праграміст у Google. Інфармацыйны гік. Сам зь Менску, але зараз жыву ў швайцарскім Цюрыху.