Перш, чым выказаць свае думкі і меркаванні, хачу спыніцца на сумных фактах нашага жыцця, а менавіта непавагі, ігнаравання роднай беларускай мовы, асновы нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, з чым мы ужо звыкліся і думаем, што так павінна і быць.

Дзяржава з прэзідэнтам, урадам, з усімі дзяржаўнымі установамі, вытворчасцю, установамі навукі, адукацыі, выхавання, фінансаў, сувязі, армія, сілавыя структуры, тэлебачанне, на 95% сродкі масавай інфармацыі, побытавае абслугоўвонне, ахова здароўя, гандаль — усё рускамоўнае.

Разам з роднай мовай гіне, адкідваецца ў бок нацыянальная культура. Забываюцца народныя песні, святы, абрады, прымаўкі.

Рускамоўныя песні самай рознай мастацкай каштоўнасці (папса) гучаць на канцэртах, з вокнаў і балконаў дамоў, з аўтамабіляў, з пераносных радыёпрыёмнікаў моладзі.

Артыстычная моладзь выхоўвалася ў рускамоўных садках, школах, ВНУ і практычна не ведае і не хоча ведаць беларускую мову і ёй карыстацца, ухіляецца ад беларускамоўнага рэпертуару.

На розных шоў-праграмах па ТБ аніводнага беларускага слова, а чуеш: «Дамы и господа!», «Господин ведущий».

На ўвогуле цікавай, серыйнай передачы «Один против всех» знатакі, якія дапускаліся да гульні пасля неабходнага адбору, у час гульні блытаюць лён з канюшынай, ці большасць не ведае, хто напісаў паэму «Новая зямля» з дадзеных варыянтаў — Броўка, Танк, Колас.

Ва ўсіх гульнях, шоў, якія праводзяцца на ТБ амаль усе пытанні для разгадвання звязаныя з расійскай культурай, гісторыяй, з расійскімі пісьменнікамі, мастакамі, кампазітарамі, дзяржаўнымі дзеячамі. Быццам у нас сваіх беларускіх няма і ніколі не было.

Наогул дамінуе ў нас культ рускіх, (рускіх-савецкіх) дзяржаўных дзеячоў, вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, ваеннаначальнікаў.

У кнігарнях, розных кіёсках завалена, застаўлена друкаванай рускамоўнай прадукцыяй самай рознай якасці, кірункаў і кошту. Падабраць нешта патрэбнае беларускамоўнае немагчыма.

Купляем, што ёсць і … перавыхоўваемся на рускіх.

Гарады нашы не адрозніваюцца ад расійскіх — рускамоўныя шыльды, рэклама, а ў большасці і назвы вуліц.

Не дзіўна, што нярэдка чуем з высокіх трыбун, што мы і рускія — гэта адзін народ, адна рэлігія, адна мова, адна эканоміка, аналагічнае заканадаўства, адна культура. Калі адзін народ, то гэта народ рускі. З гэтага наступны вывад (выснова) — беларускага народа няма, і ці патрэбны дзве самастойныя дзяржавы для аднаго народа?

Улада і беларуская мова

У афіцыйных колах лічаць, што беларуская мова ў Беларусі не запатрабавана, людзі ёй амаль не карыстаюцца і дзяцей сваіх не хочуць пасылаць у беларускамоўныя школы, класы ці групы ў садках, хоць маюць на гэта законнае права. Прычына тут вядомая. Калі ва ўсёй краіне ўсё і ўсюды на рускай мове, калі прыхільніку і тым больш абаронцу роднай мовы пры ўсіх станоўчых характарыстыках могуць аказаць недавер, абвінаваціць у нелаяльнасці да існага дзяржаўнага ладу і калі яму не свеціць павышэнне па службе, ці стаць дэпутатам, у такіх выпадках людзі разумныя, зусім лаяльныя да эканамічнай, гаспадарчай і замежнай палітыкі сваёй дзяржавы не хочуць ускладняць жыццё сабе, сваім дзецям і ўнукам. Вучыцца па-руску, дык па-руску.

Нонсенс, але факт. Прачытаў у газеце, што у адным абласным цэнтры дзейнічае толькі адна беларускамоўная група ў дзіцячым садку, у якой адзін выхаванец.

Так мы грамадзяне суверэннай Беларусі перастаем быць беларусамі. Разам са сваёй уладай, якую мы перыядычна выбіраем, свядома ці не зусім, трацім сваю родную мову, культуру, нацыянальную адметнасць.

Унікальны перыяд нашай гісторыі — 20 гадоў незалежнасці мы патрацілі не для ўмацавання нашай нацыянальнай свядомасці, а каб здзейсніць нацыянальнае самагубства і стаць рускімі «са знакам якасці».

Ці магчымы нейкі круты, ці паступовы паварот, каб захаваць ад знікнення беларускую нацыю і незалежную дзяржаву?

Гэта не ў стане зрабіць невялікая колькасць сапраўдных патрыётаў, прыхільнікаў роднай мовы, культуры, у тым ліку творчай і працоўнай інтэлігенцыі, згуртаваных у малалікіх арганізацыях ТБМ. Гэта не пад сілу нашай разрозненай апазіцыі.

Гэта можа зрабіць толькі дзяржаўная ўлада на чале з прэзідэнтам. Народ наш законапаслухмяны. Маем дэмакратычную канстытуцыю і адпаведнае ёй заканадаўства. Улада карыстаецца павагай большасці грамадзян.

Патрэбна добрая воля, разуменне людзьмі, якія маюць бязмежную ўладу, дэпутатамі парламента, міністрамі, тымі хто прызваны выхоўваць моладзь і фармаваць грамадзянскую свядомасць і патрыятызм, важнасці захавання, умацавання нацыянальнай свядомасці — асновы існавання нацыі і дзяржавы, яе аўтарытэту ў Еўропе і свеце.

Захаваць, вярнуць прэстыж роднай беларускай мовы — надзвычай важная задача нашага часу.

Афіцыйна супраць гэтага ніхто і не выказваецца, але і нічога не робіць каб устрымаць русіфікацыю і зрабіць беларускую мову не фармальна, а па-сапраўднаму дзяржаўнай. Для гэтага патрэбны змены ў законах і іншых прававых актах.

Многа гадоў нацыянальна свядомая грамадскасць, у тым ліку ТБМ дамагаюцца прыняцця закона аб дзяржаўнай падтрымцы дзяржаўнай беларускай мовы.

Хто і як гэта можа зрабіць?

Права законадаўчай ініцыятывы маюць Прэзідэнт, урад, усе дэпутаты парламенту. На вялікі жаль ніхто з дэпутатаў апошніх скліканняў не захацеў ці не асмеліўся праявіць ініцыятыву, каб парламент разглядзеў пытанне аб падтрымцы беларускай мовы. Зразумела, усе яны, дэпутаты, рускамоўныя, ды залежныя ад тых, каму родная мова стала непатрэбнай, хто садзейнічаў, каб яны сталі дэпутатамі.

Некалькі гадоў запар застаюцца непачутымі прапановы ТБМ і грамадскасці каб аб’явіць наступны год годам беларускай мовы. Дарэмна

Але ж будзем спадзявацца на лепшае. На мой погляд, ТБМ, значная частка нацыянальна свядомай інтэлігенцыі і наогул грамадскасці, моладзі будуць рабіць усё магчымае, каб захаваць родную мову і нацыянальную культуру, гонар і годнасць беларускага народа і дзяржавы.

Гарады нашы зрусіфікаваныя амаль цалкам. Каб кардынальна змяніць сітуацыю патрэбна добрая воля ўладаў, нямалыя фінансавыя сродкі і час. Дзяржава паступова але настойліва можа справіцца з праблемаі беларусізацыі навучальных устаноў, кіравальных структур, СМІ.

Больш беларускасці засталося ў сельскай мясцовасці. Насельніцтва пераважна гаворыць па-беларуску ці на трасянцы. У вёсках (аграгарадках) захаваліся беларускамоўныя школы

Хоць многія з іх ўсё больш трацяць сваю беларускасць. Было б добра, каб тут, у апошніх беларускіх школах спыніўся працэс русіфікацыі, каб вучоба і выхаванне вяліся на беларускай мове і нацыянальных традыцыях. Сельскія беларускія школы могуць і павінны стаць крыніцамі (вытокамі) будучых педагагічных кадраў для навучальных устаноў, творчай і працоўнай інтэлігенцыі, СМІ.

На мой погляд ёсць магчымасць пры сельскіх школах арганізаваць першасныя арганізацыі ТБМ. Іх сябрамі маглі бы быць настаўнікі, у тым ліку і тыя, хто на пенсіі, вучні старэйшых класаў, сельская інтэлігенцыя, іншыя прыхільнікі роднай мовы.

Вядома, для гэтага павінны быць неабходныя ўмовы — згода і падтрымка кіраўнікоў органаў асветы і вырашэнне, хто гэтай справай будзе непасрэдна займацца. Безумоўна, патрэбна дамова аб гэтым кіраўніцтва ТБМ з Міністэрствам адукацыі.

Было б вельмі карысна захаваць у вёсках, аграгарадках тое, што ўжо страчана ў гарадах.

Як яно будзе далей, не ведаем, і ўсё будзе залежаць ад дзяржаўнай улады і адносін кожнага з нас да ўсяго роднага, блізкага — мовы, культуры, гісторыі, спадчыны, традыцый.

Дзякуй Богу, на фоне агульнай русіфікацыі ёсць станоўчыя прыклады разумення нацыянальных інтарэсаў з боку кіраўнікоў дзяржаўных і грамадскіх структур і грамадзян.

Хачу прывесці некалькі фактаў ці прыкладаў.

Наша беларускае тэлебачанне і радыё гэта адна вялікая дзяржаўная сістэма. ТБ за невялікімі выключэннямі рускамоўнае, у тым ліку навіны, каментарыі, шоў-праграмы, трансляцыя расійскіх праграм, нават свае праекты як «Песні года Беларусі», «Я люблю Беларусь», «Я пою» і іншыя патрыятычнага кірунку перадаюцца на рускай мове.

Наадварот, на Беларускім радыё ў значнай ступені захаваўся беларускі моўны фон. За гэта я, асабіста люблю амаль усе праграмы БР. Вядоўцы, дыктары, каментатары дасканала валодаюць як беларускай, так і рускай мовамі, лёгка, прыгожа пераходзяць з адной мовы на другую, у залежнасці, на якой мове атрымана пытанне, заяўка на песню і пажаданне родным ці блізкім. За гэта працаўнікам БР мая падзяка і захапленне.

Тут нельга не спыніцца на заяўках грамадзян на выкананне па радыё песень. Можа, 99% заявак ад грамадзян паступае на выкананне рускамоўных песень савецкіх кампазітараў, рускіх народных і сучасную расейскую папсу. Чаму не замаўляем свае беларускія песні? Мала іх ведаем. Чаму мала ведаем? А таму, што яны рэдка выконваюцца па радыё і ТБ. Зачарованае кола.

Каталіцкі касцёл перайшоў на беларускую мову пры адпраўленні набажэнстваў (літургіі) у святынях і ў кантактах з вернікамі. Беларускае радыё штотыднёва ў нядзелю вядзе трансляцыю нядзельнай імшы на беларускай мове.

У праваслаўных цэрквах гэтага пакуль няма, за выключэннем некаторых маладых святароў, якія размаўляюць са сваёй паствай па-беларуску.

Станоўчы прыклад хачу прывесці з нашай царквы у вёсцы Міжэвічы Слонімскага раёна. Раней настаўніца, цяпер пенсіянерка Галіна Іванаўна Латар выконвае абавязкі царкоўнага старасты. Як у царкве, так і за яе сценамі кантактуе з вернікамі на прыгожай чыстай беларускай мове і карыстаецца вялікай павагай аднавяскоўцаў і многіх іншых, хто яе ведае.

Спыняюся яшчэ на двух прыкладах супрацьлеглых адносін кіраўніцтва ўстаноў да роднай ды і дзяржаўнай беларускай мовы.

У Слоніме па-суседству знаходзяцца вакзал чыгуначны, нядаўна капітальна адрамантаваны. Там расклады руху цягнікоў і іншая інфармацыя для пасажыраў і вонкавыя шыльды выкананы на беларускай мове. У суседзяў на аўтобусным вакзале нядаўна пабудаваным і звонку, і ў сярэдзіна ўся інфармацыя, шыльды, расклады руху аўтобусаў — усё на рускай мове.

Другое параўнанне. У тым жа Слоніме некалькі гандлёвых аб’яднанняў. У адным з іх з назвай «Світанак», дзе доўгі час кіраўніком быў паважаны ў горадзе Васіль Духоўнік, усе шыльды на магазінах і іншых аб’ектах аб’яднання выкананы па-беларуску. На магазінах іншых гандлёвых арганізацый, у тым ліку і спажывецкай кааперацыі — усё на рускай мове.

Вядома, і беларуская, і руская мовы дзяржаўныя. Няма права некага крытыкаваць, але ж у Беларусі і для беларусаў найбліжэйшай і найраднейшай хіба свая, беларуская.

Чытаем у газетах, у тым ліку і ў «Нашым слове», што нешта робіцца для захавання беларускай мовы і нацыянальнай свядомасці ў Польшчы на Беласточчыне, у Літве на Віленшчыне, нават у Сібіры, у Казахстане, дзе воляй лёсу аказаліся нашы землякі.

Гэта мы належна ўспрымаем — ведай нашых.

Разам з тым большасць з нас абыякава глядзіць, як затухае беларуская мова, што роўназначна самагубству беларускасці ў Беларусі.

Было б вельмі добра і карысна каб газета «Наша слова» ў меру сваіх магчымасцяў на сваіх старонках паказвала станоўчыя факты, дзе рэальна рэалізуюцца планы, намеры, ТБМ па беларусізацыі нашага жыцця, хоць і ў невялікім маштабе.

Вось такімі сваімі асабістымі думкамі і разважаннямі я вырашыў падзяліцца з чытачамі газеты «Наша слова», якую я чытаю многа гадоў і заўсёды салідарны з яе аўтарамі і з лініяй (палітыкай ці тактыкай) кіраўніцтва ТБМ.