Асымэтрычныя адносіны паміж беларускай і іншымі мовамі разьвіваюцца інтэнсыўным шляхам. Асымэтрыя гэтая ў навале і прадпрымальнасьці сусьветных моваў – ангельскай і расейскай перадусім і ў замаруджанасьці і вымерханасьці беларускага моўнага генія, малаздатнага пакуль што адбараніцца ці нават перастрававаць усё новыя і новыя дозы барбарызмаў.

 

У апошніх нумарах “Зьвязды” і “Нашай Нівы” сустракаюцца новыя і старыя слоўкі, якія вядомыя ці зразумелыя для англамоўных беларусаў, але не для бальшыні грамадзянаў краіны. Журналісты ўзгаданых газэтаў казыраюць стартап-школамі, стартап-фірмамі, paywell’амі, падкастамі, плэй-офамі, фіштынгамі, кейтэрынгамі, шорт-лістамі, стыкерамі, тролінгамі і г.д., але ж яны зрэдчас тлумачаць новаўводы і, канечне, не спрабуюць неяк абеларусіць іх. Маўляў, вялікая беларуская мова праглыне і гэтую навалу. Канечне, гэтая прэтэнзыя не да журналістаў, якія проста знаёмяць нас з сусьветнымі навінамі, зьявамі і тэндэнцыямі. Інтэграцыяй барбарызмаў павінны займацца мовазнаўцы, пісьменьнікі ці нават цэлыя спэцыялізаваныя камісыі і канторы. А пакуль такіх няма, то беларуская мова працягвае атручвацца ўсё новымі і новымі дозамі іншамоўнага сьмяцьця. Пакуль такіх няма, мовазнаўцы не па прафэсыі, а па пакліканьні займаюцца дадзенай тэмай.

Распаўсюджаны панятак paywell сустракаецца і ў нас, перадаецца звычайна як ксэнізм, то бок нават не адаптуецца да кірылічнай формы. Баўгары, французы імгненна адаптавалі слова пад свае мовы. У сеціўнай мове панятак даслоўна азначае “платная сьцяна”, якая адфільтроўвае чытачоў і не дазваляе, напрыклад, чытаць газэту цалкам у сеціве. Гэтая сыстэма прадугледжвае плату за чытаньне ўсяго нумару і спрыяе віртуальнай падпісцы. Бальшыня заходніх газэтаў карыстаюцца такой сыстэмай. У беларускай мове дадзенай зьяве можна надаць шмат азначэньня: і проста фільтар, і стрымач, і платнік, і, нарэшце, прагляднае ці чытальнае мыта.

Стартап-школы, стартап-фірмы паўстаюць нават у Беларусі. Звычайна размова йдзе аб новых, зараджалых школах, фірмах, прадпрыемствах, кампаніях (пераважна сеціўных), якія вядуць свой бізнес на аснове інавацыяў альбо інавацыйных тэхналёгіяў і, якія яшчэ не выйшлі на рынак. Такія кампаніі можна назваць, напрыклад, атожылкамі, парасткамі ці кампаніямі-парасткамі, то бок такімі, якія толькі разьвіваюцца, толькі даюць парасткі, толькі пачынаюць даваць рост.

Вельмі пашыранаму і моднаму цяпер панятку падкаст (а таксама падкастынг) стваральнікі і ўдзельнікі віртуальнага “Кампутарнага слоўніка” ужо прапанавалі трапны адпаведнік: падвяшчальнік, аўдыёвяшчальнік (падвяшчаньне для падкастынг).

Плэй-оф хоць і стаўся амаль родным паняткам для значнай часткі беларусаў і беларусак, тым ня менш, яму можна знайсьці замену: алімпійская сыстэма, адбор, адборка, адборачная сэрыя.

Шорт-ліст – гэта тое самае, што і сьпіс, сьціслы сьпіс ці канчатковы, верагодны сьпіс.

Стыкер адпавядае словам налепка, этыкетка.

Ангельскае слова кейтэрынг мае хіба адну зручнасьць – ляканічнасьць, а ў астатнім гэта проста выязное рэстараннае абслугоўваньне.

Няма сумневу, барбарызмы – цікавая і натуральная зьява, якая да ўсяго часткова навучае нас іншай мове, іншаму наагул, але сумненьня не выклікае і тое, што неабходна гуляцца са словам, з роднай мовай і дазваляць ёй выкарыстоўваць свой творчы патэнцыял, а не аддавацца на волю і гульню патэнцыялаў іншых моваў.


Чытайце таксама: Увага! Чужасловы!