Акрамя ўласна велічнай колькасьці барбарызмаў, якія хаця б графічна увайшлі у мову, існуе, праўда, варта прызнаць, меньшая па колькасьці групка «нахабных» барбарызмаў-ксэнізмаў, якія проста не жадаюць інтэгравацца – ані графічна, аніяк.

Не асыміляваныя, не інтэграваныя ў мову барбарызмы – г. зв. чужасловы, ці ксэнізмы (ад xenos — чужы) – часта удала, бяскрыўдна вякуюць у мове (no comment, second hand, напрыклад ). Той бяды, калі гэта застаецца у размоўным стылі, недаравальна, калі яны застаюцца без увагі і без перакладу ў мове літаратурнай. І тым больш, калі ксэнізмы перабольшана, неапраўдана займаюць месца у тэксьце, паўтараюцца, засьмечваюць мову.

У беларускай мове чужасловы – частыя госьці.

Чужасловы з ангельскай: no comment! оf course! peace and love, no man’s land, money-money і процьма іншых.

З лацінскай: a priori, a posteriori, cogito. У тарашкевіцы, напрыклад, пэўныя чужасловы з лацінскай інтэгруюцца ў мову хаця б графічна (апрыёры, апастарыёры).

З італійскай: finita la comedia, ciao, innamoramento. Ксэнізмы італійскага паходжаньня часьцяком таксама графічна адаптуюцца да мовы-прыймальніцы (чао!)

З нямецкай: Dasein.

З польскай: matka boska.

З расейскай: караул! Приехали! Пипец! ЖдёмсГосподи!

З францускай: fin de siècle, mon chéri, l’amour, adieu, salut.

Вітальнасьць чужасловаў, няма сумневу, тлумачыцца немагчымасьцю іх дакладна і трапна перакласьці, альбо касмапалітычнасьцю элітаў, якім няма неабходнасьці думаць пра пераклад — яна валодае мовамі (францускай ці ангельскай). Часта чужасловы даўгавечныя па прычыне моўнай некампэтэнтнасьці носьбітаў, што можа абцяжарвацца такім чыньнікам, як падабенства моваў (расейская і беларуская).

Некаторыя чужасловы вельмі часта сустракаюцца ў друку і проста паразытуюць на мове: think tank, workshop, deadline, URL, tax-free, WC, soft, sms, second hand, PC, on-line, MP-3, IP, hands free, HI-FI, WI-FI, GSM, flash mob, FM, duty-free, dolby, DVD, ball boys i г.д.  Зноў прыгадаю тут “Слоўнік  новых слоў беларускай мовы” В. Уласевіч і Н. Даўгулевіч, у якім, між іншым, сабрадзеныя шматлікія чужасловы, пераважна англамоўнага паходжаньня.

Адкрытыя і лібэральныя асобы і групоўкі ў краіне мяркуюць, што ксэнізмы ніяк ня шкодзяць мове, маладыя пакаленьні, дадушы, збольшага разумеюць, што азначае dolby, DVD ці soft. Прыгэтым многія беларусы і беларускі не разумеюць гэтай навалы барбарыі, тым больш у замежнамоўным афармленьні, так бы мовіць. Таму, канечне, чужасловы трэба адаптаваць і перакладаць, задзейнічваць геній роднай мовы. Часам унутры краіны адбываюцца слабыя спробы прыстасаваньня чужасловаў і іх пераклад на родную мову. Яшчэ часьцей і актыўней гэтым займаюцца ў дыяспары. З гэтай нагоды зноў варта прыгадаць “Ангельска-беларускі слоўнік” В. Пашкевіч, у якім, дарэчы, ёсьць цікавыя і гатовыя да ўжытку замены ксэнізмам. Так, напрыклад, дасюль палітолягі, сацыёлягі і журналісты пішуць і кажуць think tank. У дыяспарнай літаратурнай мове кажуць мазгавы трэст. У нас кажуць і пішуць workshop, В. Пашкевіч прапануе майстроўня, працоўны сэмінар ці сэкцыя. Замест deadlineапошні тэрмін. Замест WCпрыбіральня. Taxfree часта перакладаецца на беларускую як зваротнае мыта. Хоць апошні варыянт не зусім дакладна ахоплівае зьяву, тым ня менш гучыць і чытаецца натуральней. Замест background дыяспарнікі прапануюць казаць зыходныя зьвесткі ці гісторыя. Discount – гэта проста зьніжка. Nonstop можна замяніць беларускім безупынна, бесперастанку. Duty free ў дыяспары падаецца як бязмытная (крама, прастора). Openair лёгка адаптуецца па-беларуску – на вольным паветры, пад адкрытым небам. Second-hand таксама можна падаць на беларускай мове: крама ўжываных рэчаў. Hardware таксама не трэба пакідаць без перакладу, ані адаптацыі, у дыяспары яны перакладаюць гэты чужаслоў, як “жалеза”, апаратнае забесьпячэньне. PCпэрсанальнік, пэрсанальны кампутар.

Канечне, няма сэнсу сьлепа змагацца з чужасловамі і легчыць мову, у некаторых сфэрах яны неабходныя — у музыцы, дыпляматыі. Часам у тэкстах аўтарскіх яны маюць пэўны шарм. Аднак заўсёды неабходна мець адэкватны пераклад кожнага ксэнізма, неабходна кантраляваць поле іх ужытку і пашырэньня. Калі часам, сапраўды, ніяк не абысьціся, напрыклад, без англамоўнага no man’s land, то прынамсі трэба ведаць і даць ведаць іншым, што гэта азначае (напр. нічэйная зямля).