Вяртаюся да эміграцыйнага календара. Назбіралася багата матэрыялаў, якімі магу дзяліцца па прынцыпе “гэты дзень у эміграцыйнай гісторыі”. Але з акцэнтам на асобах.

Такім чынам, 1 жніўня звязана з трыма асоба, пра якіх я нешта ведаю. Двое з Аўстраліі, адзін чалавек з Брытаніі. Ні з адным асабіста не сустракалася, але запісвала ўспаміны жонак аўстралійцаў і была на магіле брытанца.Ролсан Янка (сапр. Гадзіцкі, 1.08.1912—23.01.1994). Нарадзіўся ў в. Вялень Ігуменскага павету (цяпер Пухавіцкі раён Менскай вобласьці) у сялянскай сям’і. Вучыўся ў сельскагаспадарчым інстытуце ў Менску й у тэхнікуме цяжкай прамысловасьці ў Харкаве (Украіна).

Працаваў на ваенным заводзе ў Ніжнім Тагіле (Сьвярдлоўская вобласьць, Расея). Скончыў авіяшколу ў расейскім Ржэве. У якасьці авіямэханіка служыў у 5-й эскадрыльі, а зь верасьня 1939 г. — на “польскім фронце”. Па дэмабілізацыі ў студзені 1941 г. працаваў на менскім заводзе імя Варашылава. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у беларускай адміністрацыі на Пухавіччыне, з сакавіка 1944 г. — афіцэр БКА. Зь лета 1944 г. — на эміграцыі. Жыў у Мюнхене, дзе быў сябрам Беларускага Нацыянальнага Камітэту. З 1950 г. — у Аўстраліі. Актыўна ўдзельнічаў у грамадскім і рэлігійным жыцьці беларусаў Адэляйды. Займаў розныя пасады ў царкоўнай управе: быў старшынём, скарбнікам, сакратаром, рэфэрэнтам вонкавых сувязяў. У 1975—1987 гг. — першы старшыня Беларускага Аб’еднаньня ў Паўднёвай Аўстраліі (пакінуў пасаду з прычыны хваробы). Сябра Выканаўчага Камітэту Фэдэральнай Рады Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі. Аўтар шматлікіх паэтычных твораў, якія публікаваў пад псэўданімамі ВЭР, Крапіва-Жыгучка. У 1980 г. быў выдрукаваны паэтычны зборнік “Кліч” (перавыдадзены ў 1982). Сталы карэспандэнт газэты “Беларус” (пісаў пад псэўданімам Янка Яр). Аўтар апублікаваных у 1984 г. успамінаў “З глыбінь мінулага”.

Пісаў таксама вершы, але на аматарскім (калі не сказаць графаманскім) узроўні. Што не перашкодзіла выдаць і зборнік паэтычны… Для беларускай грамады ў Адэлаідзе ён быў знакавай асобай. Жонка ў яго – простая жанчына, шмат напакутвалася за сваё жыццё. Інтэрв’ю з ёй можна знайсці тут: http://zbsb.org/lib/index.php?option=com_alblib&view=article&id=138
Хаванскі Кастусь (1.08.1910—28.03.1984). Паходзіў з ваколіцаў Івацэвічаў з сям’і нашчадкаў князёў Хаванскіх. Вучыўся ў гарадзкім вучылішчы, пазьней служыў у польскім войску і трапіў у нямецкі палон. У паваеннай Нямеччыне апынуўся ў беларускім лягеры Ватэнштэт. У 1950 г. разам з жонкай Акулінай прыехаў у Аўстралію, дзе спачатку працаваў па кантракце на фарме. У 1952 г. перабраўся ў Сыднэй і далучыўся да грамадзкага жыцьця беларусаў. Быў сябрам БАА і некаторы час займаў тут пасаду скарбніка. Ад стварэньня Беларускага Культурна-Грамадзкага Клюбу ўваходзіў у лік ягоных дырэктараў. Актыўнай працы ад 1975 г. перашкодзіла цяжкая хвароба. Пахаваны на беларуска-украінскай сэкцыі могільніку Роквуд у Сыднэі.
У прынцыпе, быў шараговым удзельнікам беларускай грамады ў Сіднэі. Жонка ягоная Акуліна, шчырая, цікавая кабета. Сястра ўладыкі Мікалая (Мацукевіча). Інтэрв’ю з ёй можна знайсці тут: http://zbsb.org/lib/index.php?option=com_alblib&view=article&id=134
Дурэйка Мацей (11.12.1915 – 01.08.1965). Нарадзіўся ў в. Каралеўцы Вялейскага пав. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. У пачатку Другой сусьветнай вайны служыў у польскім войску, трапіў у савецкі палон і быў вывезены ў Сыбір. Трапіў у Армію Андэрса, разам зь якой апынуўся ў Вялікабрытаніі. Жыў у Манчэстэры. Сябра ЗБВБ ад 23.01.1949, уваходзіў ва ўправу Манчэстэрскага аддзелу. Быў актывістам БАПЦ, сябрам брацтва і сястрыцтва Жыровіцкай Божай Маці. Пахаваны на Southern cemetery.

Таксама шэраговы ўдзельнік беларускай грамады, гэтым разам у Манчэстэры. Магіла яго адна з нямногіх беларускіх на тых могілках, дзе надпіс зроблены кірыліцай.