8 снежня 1991 года старшынём Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Станіславам Шушкевічам, прэзідэнтамі Расіі Барысам Ельцынам і Ўкраіны Леанідам Краўчуком ва ўрадавай рэзідэнцыі ў Белавежскай пушчы быў пастаўлены крыж на Савецкім Саюзе Сацыялістычных Рэспублік, імперыі, у якой мне палёсіла нарадзіцца.

Нібы нагода напісаць артыкул, верш, песню, выступіць на ток-шоў, паўдзельнічаць у круглым стале, прыгадаваць былое, зманіць самому сабе, што ты добра памятаеш гэты дзень. На жаль, не магу сказаць, што я яго добра памятаю. Хутчэй прыгадваецца, як у Маскве адбыўся путч, як мы дні напралёт слухалі Радыё Свабода, баючыся, што той шанец свабоды, які, бы дождж на засохлую глебу пустэльні пачаў капаць цёплымі кроплямі, мы можам страціць.

Практычна мы яго страцілі. Бы ў нейкім зачараваным сне, беларускі народ у 1994 годзе прагаласаваў за вяртанне ў СССР. Вярнуцца амаль атрымалася. Паглядзі хаця б наступнае відэа.

Гэтую ахінею вяшчае канал Беларусь-ТВ. Цяпер знайдзі 10 адрозненняў з тым, чым кармілі гледачоў у інфармацыйных праграмах цэнтральнага тэлебачання СССР.

Ты памятаеш 8 снежня 1991? Малады чытач наўрадці прыгадае. Хто-ніхто з нашых наведнікаў яшчэ тады не нарадзіўся. Я памятаю, колькі тады было радасці. Фукуяма напісаў славуты тэкст “Канец гісторыі”. Кшталту імперыя зла рухнула, цяпер няма іншага выйсця, як усім ісці па шляху дэмакратыі. Ага, зараз…

Амаль ва ўсіх рэспубліках былога СССР адбылася альбо рэканкіста наменклатуры ці нейкая метамарфоза, калі былыя камуністы раптам пачалі спяваць дыфірамбы дэмакратыі (як у Талькова ў песні), але зрушыцца ў бок рэальнай дэмакратыі змаглі хіба краіны Балтыі. Цяпер намагаюцца ісці гэтым шляхам Малдова і Грузія, але цяжка, вельмі цяжка. Паглядзі на Україну, дзе мы можам назіраць адкат назад на кругі свая, у аўтарытарнае мінулае.

У Расіі цяпер усталяваўся аўтарытарны рэжым, які вельмі блізка нагадвае беларускі. Эканамічна мы як ніколі моцна залежым ад Расіі. Мы з ёй у Саюзе, памятаеш? Не савецкім, праўда, а ў мытным. Але якая розніца, калі гімны і там, і тут тыя самыя, савецкія. Метады ўтрымання ўлады таксама не на шмат адрозніваюцца ад савецкіх. Ды і сцяг у нас, беларусаў, савецкі.

Ці можам мы з лёгкасцю на сэрцы піць шампанскае з нагоды гэтага юбілею? Мабыць, яшчэ не час. Але ўсё ж я не стаў бы спісваць наш шанец у “страчанае”. Беларусь застаецца суверэннай дзяржавай, у якой, магчыма, ты, у адрозненне ад мяне, і нарадзіўся. Магчыма, “Born in the USSR” – гэта не пра цябе. Магчыма, ты ведаеш сваю Радзіму і любіш яе. Калі адказ на гэта пытанне – “Так!”, у нас не ўсё страчана, у нас усё яшчэ толькі наперадзе!