Гэты свежы нумар часопіса «ARCHE» для мяне асабіста асабліва родны і дарагі. Не таму, што я сам яго рыхтаваў як рэдактар (такіх, дзякуй Богу, за ўжо амаль чатыры гады набярэцца хутка два дзясяткі), а таму, што нарэшце пасля працяглага перапынку спадобіўся больш-менш акуратна і якасна апрацаваць ды сістэматызаваць вялікі масіў разнастайных звестак пра тое, як у часы «панскай Польшчы» нашыя продкі ўдзельнічалі ў выбарчых кампаніях у Сейм і Сенат. Пакуль, праўда, зроблена гэтая праца толькі для Палескага ваяводства і толькі для 1920-х гг. Але маю кволую надзею, што неўзабаве дойдуць рукі і да іншых рэгіёнаў. У тым ліку і да тых, дзе палітычнымі дасягненнямі беларускага нацыянальнага руху можна па-сапраўднаму ганарыцца.

Што да тэрыторыі Палесся, то яна ў міжваенны час (асабліва ў згаданыя 1920-я гг.) стала сапраўднай арэнай суперніцтва за сэрцы і душы мясцовага насельніцтва паміж прадстаўнікамі беларускага і ўкраінскага нацыянальных рухаў. У якое часам дастаткова паспяхова (у пэўных рэгіёнах) умешваліся таксама і прыхільнікі трыадзінства рускага народа. Не кажучы пра тое, што польскія дзяржаўныя ўлады і тагачасныя «сілавікі» заўсёды стаялі з дручком напагатове, каб пры першай магчымасці даць па галаве і адным, і другім, і трэцім. Аж да таго, што з канца 1920-х гг. гульні ў дэмакратыю (прынамсі на «крэсах») канчаткова спыніліся, і даследаваць ход і вынікі выбарчых кампаній апошняга міжваеннага дзесяцігоддзя гэтак жа сумна і нецікава, як цяперашнія выбары ў беларускую «палатку». Бо вынікі былі прадвызначаныя загадзя, а выразна апазіцыйныя (і тым больш нацыянальныя) партыі фактычна нават не мелі магчымасці хоць бы проста для парадку выставіць свае ўласныя спісы (за выключэннем ужо і тады страшэнна апантаных ды згуртаваных украінцаў з Усходняй Галіччыны, з якімі ва ўсе часы ўсе ўлады змушаныя былі хоць неяк, ды лічыцца).

Практычна не сумняюся, што мой артыкул (калі, вядома, увогуле дойдзе справа да яго чытання) не будзе пазітыўна прыняты ні ўкраінскімі, ні тым больш беларускімі радыкальнымі нацыяналістамі. Беларусам будзе прыкра ўсведамляць, што на беларускім Палессі ёсць рэгіёны, у 1920-я гг. апанаваныя ўкраінскім рухам (і адначасова амаль не закранутыя беларускім) настолькі, што без хуткага непасрэднага ўмяшання ў сітуацыю савецкай улады не было ані найменшага шанцу зрабіць большасць жыхароў гэтых мясцін цвёрдымі і бясспрэчнымі прынамсі «пашпартнымі» беларусамі. Але і для ўкраінцаў усё не ішло вельмі гладка, і на іхныя несумненныя тагачасныя поспехі можна глядзець з розных бакоў. Самае галоўнае — рэй ва ўкраінскім палітычным жыцці на Палессі тады відавочна вялі леварадыкальныя арганізацыі, для якіх на першым месцы знаходзіліся сацыяльныя пастулаты, і толькі пасля ішлі (а для некаторых сумнеўна, ці ішлі ўвогуле) нацыянальныя. Такім чынам, тагачасны ўкраінскі рух у палескіх умовах быў перадусім сацыяльным (чытай камуністычным) рухам ва ўкраінскай моўнай абгортцы, падобным да беларускага грамадоўскага руху, напрыклад, на Наваградчыне, Віленшчыне ці Гарадзеншчыне. Пра апошні адзін з ягоных «айцоў» Сымон Рак-Міхайлоўскі ў свой час з горыччу сказаў: «Грамада налічае да ста тысяч — сіла вялікая, каб яе ўдалося і быў час усьведаміць і нацыянальна, і сацыяльна, і палітычна». Тое ж самае і ўплывы ўкраінскага Сельраба (перадусім ягонай левай, найбольш уплывовай часткі) на Палессі — стыхійныя сімпатыі і падтрымку значнай часткі насельніцтва здабылі, а вось толкам усведаміць яго ва ўсіх пералічаных вышэй сэнсах не паспелі (ды не ўсе і імкнуліся). І гэта зрабіла магчымым паспяховае выкараненне амаль што ўсіх парасткаў некалі пасеенай стыхійнай украінскасці за некалькі дзесяцігоддзяў савецкай улады. Думаю, што калі б тая ўлада была не таталітарная і не рэпрэсіўная — то сёння ўкраінскасць на Берасцейшчыне была б не такая маргінальная, якой яна ёсць цяпер.

 Ну, але гісторыю не перапішаш, і што маем, тое маем. Калі камусьці, прачытаўшы мой тэкст, прыйдзе да галавы шалёная думка, што ён мае справу з відавочнай антыбеларускай правакацыяй — раю яе своечасова з галавы выкінуць. Тэкст чыста гістарычны, заснаваны на крыніцах. А я цалкам адкрыты да верагоднай дыскусіі на гэтую тэму. Хацелася б толькі, каб магчымыя апаненты ўсё ж такі тэкст перад ёй пачыталі.