Ведаеце, як часам у заходніх фільмах.. “Так, я ведаю, што ты зараз хочаш сказаць. Ты хочаш сказаць — “я ж гаварыў”.

Мне зусім ня хочацца зараз крычаць “я ж гаварыў”, але некаторыя высновы і прагнозы, якія рабіліся падчас калійнай вайны – спраўдзіліся ажно занадта дакладна.

 Пакуль некаторыя аналітыкі і цэлыя сайты крычалі, што цяпер будзе вайна да апошняга грама солі і малака, я (ды многія, і Юры Дракахруст, Аляксандр Класкоўскі ды іншыя) якраз пераконвалі, што паўнацэнная вайна Расеі не патрэбная, што Пуцін адрэагуе даволі спакойна і міралюбна. Пакуль адны сьцьвярджалі, што больш ніводзін высокі расеец у Менск не прыедзе, Ігар Сечын, Аляксей Мілер, Герман Грэф ня проста прыехалі, а прывезьлі ў Менск падарункі для Лукашэнкі. Я пісаў, што мэта калійнай вайны найперш палітычная, мэдыйная, рэйтынгавая – і вось, паводле аплошняй сацыялогіі, маем падвышэньне рэйтынгу Лукашэнкі. 

Я нават тады яшчэ ляпнуў, што Лукашэнка пачаў сваю перадвыбарчую кампанію. Ня тое, каб я ў гэтым быў стопрацэнтна ўпэўнены (усё ж неяк ранавата), аднак тэзіс гучаў прыгожа і правакацыйна. І што? Прапанова пра мацярынскі капітал, і загад Мясьніковічу не душыць насельніцтва. Якія цяпер сумневы?

Таму што гэта толькі (уставіць патрэбнае слова) пачынаюць кампанію за паўгода да выбараў, а Лука пачынае яе за паўтары.