Можна без канца паўтараць, што сярод усіх паселішчаў Браслаўшчыны Друя мае самую багатую гісторыю. У розных архівах Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, іншых краін зберагаюцца тысячы дакументаў, якія тычацца Друі. На іх падставе калісьці будзе напісана шмат артыкулаў і асобных манаграфій, якія ўзбагацяць нашы ўяўленні аб матэрыяльнай і духоўнай спадчыне Друі. Што да самога паселішча, то лёс яго выглядае досыць сумна. Колішні горад, у савецкія гады гарадскі пасёлак, цяпер пазбаўлены гарадскога статусу. Сучасная Друя — вясковае паселішча, у бліжэйшым будучым — аграгарадок. Усё менш тут жыхароў, усё болей закінутых, занядбаных сяліб. У руінах значная частка гістарычных помнікаў.

А якой была Друя ў 1843 годзе? Паспрабуем уявіць сабе гэта дзякуючы аднаму толькі дакументу. У Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы зберагаецца «Список всем вообще обывателям заштатного города Друи с показанием выделенного им числа покоев, оценки дома…» (F 378, 1843, спр.1913). Дакумент складзены 20 жніўня 1843 г. і ўтрымлівае пералік усіх уладальнікаў дамоў горада па вуліцах. У загалоўку спіса адзначана, што Друя належыць да памешчыкаў Мілашаў. Нагадаем, што ў 1824 г. паселішча ад Сапегаў набылі Мілашы (цікава адзначыць, што сваяцкія сувязі з друйскімі Мілашамі меў славуты польскі паэт, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Чэслаў Мілаш).

Спіс 1843 года ўключае 372 домаўладанні. Паводле звестак 1841 г. насельніцтва Друі складала каля 3, 6 тысяч чалавек. Значыць, у сярэднім у адным доме жыло каля 10 чалавек. У тагачаснай Друі вылучалася 18 вуліц разам з Рынкам. Вуліцы падзяляліся на тры разрады. Да першага адносіліся 4 вуліцы (98 двароў), да другога — 7 вуліц (107 двароў), да трэцяга — 7 вуліц (167 дамоў). Чым адрозніваліся вуліцы розных разрадаў? Хутка гэта стане ясным. Прой-дземся па ўсіх вулачках у такой паслядоўнасці, як яны змешчаны ў дакуменце.

Першым сярод вуліц вышэйшага разраду стаіць Рынак “Базар”. Чатырохвугольная рыначная плошча і цяпер вылучаецца ў Друі, тут заўсёды канцэнтраваўся гандаль, тут знаходзілася ратуша. Калі быў арганізаваны Рынак, згаданы ў дакуменце 1843 г., невядома. Ёсць звесткі, што ў іншай частцы Друі, усходняй, існаваў стары Рынак. У 1843 г. Рынак налічваў 22 дамы, 8 з іх былі мураванымі. Гаспа-дарамі рыначных дамоў былі ў асноўным яўрэі (Барэц, Шмушковіч, Борхаў, Зэйдлін, Зільберг). Спіс змяшчае імя і прозвішча гаспадара, але часам утрымлівае дадатковыя звесткі. Так, на Рынку жылі: купчыха 3-й гільдыі Дар’я Даб-рыннікава і лепельская мяшчанка Лур’ева. 6 дамоў мелі салідную ацэнку: 300 — 450 рублёў, у 13 ацэнка вагалася ад 20 да 150 рублёў.

Вуліца Сапежынская “Сапежинская”. Адна з цэн-тральных і ажыўленых вуліц Друі (іншая назва — Вялікая). Яна пачыналася ад пагорка, дзе канцэнтраваліся пабудовы дамініканскага кляштара, царква Пятра і Паўла (раён сучаснай школы) і ішла ў бок кляштара бернардзінцаў. Налічвала 27 дамоў, большасць з якіх належала хрысціянам (Савіцкі, Букевіч, Капуста, Самовіч). Гаспадарамі 10-ці хат былі яўрэі (Лейба, Зэйдлін, Блехман, Шэрман). Вылучаны лявонпальскі мешчанін Кастрэль Сафа, бурмістр Стэфан Канашэвіч, памешчык Фама Мірскі, аптэкар Рыгор Норберг. Адзначаны дваране: Фердынанд Ляснеўскі, удава святара Мураўская, Антанэлла Смагаржэўская. Ф.Мірскі валодаў 2-павярховым домам (1-шы паверх мураваны) з 7-мю пакоямі. Адзначым, што падаўляючая большасць дамоў у Друі мела 1 — 2 пакоі. Дом Ф.Мірскага ацэнены ў 450 рулёў. Кошт дома аптэкара — 300 рублёў, бурмістра — 200 рублёў. Ацэнка 18 сяліб вагалася ў межах 50 — 120 рублёў, яшчэ 2 — 10 — 15 рублёў. Дом Ёселя Генкіна адзначаны словамі «ветхий со-вершенно». Заўважым, што дваране Смагаржэў-ская і Ляснеўскі валодалі даволі сціплымі дамамі коштам 50 — 70 рублёў.

Рынак і Сапежынская вуліца злучаліся Даміні-канскай. Тут налічвалася 34 сялібы, 31 з якіх належала яўрэям (Зэйдлін, Эйгін, Блехман, Кораб, Модлін, Авербах, Школьнік, Гольберг). Названы дваранін лекар Іосіф Зайкоўскі (яго мураваны дом каштаваў 450 руб.), мяшчане: лужкоўскі Іцак Свердлін, дрысенскі Юдка Левітанаў, мінскі Гірша Гольберг, купец 3-й гільдыі Ізраэль (неразборліва). На Дамініканскай знаходзілася 4 мураваныя дамы (адзін часткова). Вылучаўся двухпавярховы (рэдкі тып дамоў для тагачаснай Друі) мураваны дом Цярэнція і Дзмітрыя Дабрыніных, ацэнены ў 200 руб., 23 дамы вуліцы, ці пераважная большасць, каштавалі да 100 руб. Зусім бедных, коштам 30 рублёў і меней было няшмат: 7 дамоў.

Да 1-га разраду была аднесена невялікая вуліца Наддзвінская з 15-цю дамамі. Іх гаспадарамі былі ў асноўным хрысціяне ( Гілашэвіч, Марэцкі, Канашэвіч, Антановіч, Баброўскі). Купцу 3-й гільдыі Данату Самовічу належала два дамы. Адзін з іх меў ацэнку ў 600 рублёў і быў самым дарагім у Друі, другі каштаваў 450 руб. Відавочна, што Д.Самовіч быў адным з самых багатых у горадзе. На вул. Наддзвінскай жыў яшчэ адзін купец 3-й гільдыі — Стэфан Марэцкі ( дом коштам 460 руб., 4 пакоі). 6 дамоў, ці каля паловы, можна аднесці да катэгорыі бедных (меней 30 рублёў), у тым ліку адзін «ветхий совершенно».

Спіс вуліц 2-га разраду адкрывае Замкавая вуліца. Вуліца з такой назвай магла размяшчацца ці на ўсходзе горада, у наваколлі былога замка Сапегаў, ці ў раёне вусця Друйкі, дзе знаходзіліся даўнія ўмацаванні горада. Налічвалася 27 сяліб, прыблізна палова — яўрэйскія (Баран, Гарэлы, Дворкін, Генкін, Зэйдлін, Нахімчык), напалову — хрысціянскія (Катовіч, Рашковіч, Сівоха, Мацкевіч, Карэнік). 7 дамоў належалі дваранам. Сярод іх: Дамінік Сырэвіч (2 дамы), Ігнат Катовіч, Гаўрыла Стацэвіч. Вылучаны дамы мяшчан: з Люцына Лейзера Бейнэля, Якабштадта Людвіка Польхіна, Шаркаўшчыны Нохіна Цыпіна. Звяртае ўвагу, што кошт дамоў значна больш сціплыя — у трох ацэнка вагаецца ў межах 200 — 260 рублёў, менш 50-ці рублёў каштавалі 14 дамоў. Цікава, які выгляд мелі дамы аднадворца Антона Сівохі і Адама Грэцыка, кошт якіх складаў 4 і 8 рублёў адпаведна?

На вуліцы Чапіеўскай першым домаўладальнікам запісаны нейкі Вікенцій Чапія — адсюль і гэта дзіўнаватая назва. Чым вылучаўся Чапія, што стала прычынай такой назвы вуліцы — невядома, як невядома і яе размяшчэнне. Налічвалася тут 13 выключна хрысціянскіх сяліб (Баярына-віч, Бланкевіч, Зяновіч, Навіцкі, Сіповіч). 8 дамоў, ці больш за палову, каштавала 10 — 15 рублёў.

Вуліца Духаўская знаходзілася ва ўсходняй частцы горада пры ўніяцкай царкве Св.Духа, праходзіла яна ўпоперак Сапежынскай вуліцы. Пералічаны 8 домаўла-дальнікаў хрысціян (Жаўняровіч, Капуста, Савіцкі, Краш-чэвіч, Каравай). Вылучаўся дом капітана Навіцкага (250 рублёў, 6 пакояў), кошт астатніх — ад 8-мі да 50-ці рублёў.

Непадалёку знаходзілася вуліца Галубіная “Галубова” з 12-цю дамамі. Жылі тут як яўрэі (Маркава, Рыпендайн, Зэльдзін), так і хрысціяне (Запольскі, Ляўданскі, Канашэвіч). Тры домаўладальнікі адносіліся да дваранскага саслоўя — Каржанеўская, Антон Мурашка, удава Матусевіч. У Міхала Зэльдзіна ўказана прафесія — шавец. Самы лепшы дом быў у А.Мурашкі — 130 руб. Асноўная маса каштавала 10 — 30 руб., у тым ліку і дваранскія.

Вуліца Дабравешчанская “Благовещенская” размяшчалася пры праваслаўным храме і мела 8 дамоў з гаспадарамі-хрысціянамі (Наўмовіч, Канашэвіч, Валошын, Біруковіч). Спіс вылучае калежскую асэсарку Ганну Лапіц-кую (калежскі асэсар — 8-ы клас чыноўніка ў 14-ці класах Табелі аб рангах Расійскай імперыі), яе дом каштаваў 200 руб., меў 3 пакоі. Астатнія дамы мелі наступную ацэнку: 6, 10, 20, 25 (2), 40, 50 рублёў.

Таксама каля праваслаўнай царквы знаходзілася вуліца Новая (сучасная Альтэра Друянава). У 1843 г. склада-лася з 18 сяліб, гаспадарамі якіх былі ў асноўным яўрэі (Лурый, Гелькін, Басін, Мунін, Добкін). Адзначаны мяшчане: з Люцына Давід Дубкоў, са Шклова Зульман (мураваны дом, 150 руб.), купец 3-й гільдыі Данат Самовіч. Згадаем, што гэты купец на вуліцы Наддзвінскай меў два дамы агульным коштам 1050 руб. Дом па вул.Новай каштаваў усяго 10 руб. На гэтай вуліцы 8 сяліб, ці каля паловы, каштавалі 10 руб. і меней.

Адмысловай працы па лакалізацыі патрабуе вуліца Загарадская “Загородская”. У 1843 г. яна была не малень-кай — 23 дамы. Толькі ў двух гаспадары былі хрысціянамі (Дабрынінава, Зяновіч), астатнія належалі яўрэям (Муляр, Тэйч, Хейтава, Крывец, Левін, Фішэр, Гурвіч, Дрысенскі). У трох дамах жыло па дзве сям’і. Толькі дом Арона Бініна быў ацэнены ў значную суму — 250 руб., пераважалі ацэнкі 10, 25, 40 рублёў.

Яшчэ больш сціплы жыллёвы фонд меўся на вуліцах 3-й катэгорыі, агульная колькасць дамоў якіх складала 165.

Назва вуліцы ці забудовы Слабада пад Бернар-дзінамі “Слобода под Бернардинами” падказвае, што знаходзілася яна побач з сучасным касцёлам Св.Троіцы былога бернардзінскага кляштара. Налічвалася 21 сяліба. Гаспадарамі 2-х дамоў былі яўрэі (Дзерыён і Гершаў), астат-ніх — хрысціяне (Семановіч, Пятроўскі, Міцкевіч, Альхімовіч, Прошка, Арлоўскі). Адзначаны 5 дваран: Агаф’я Пушкава, Іван Радзевіч, Іван Станкевіч, Якаў Чапкоўскі, Іаанна Вараноўская. У І.Вараноўскай дом каштаваў 200 руб., меў 5 пакояў. Астатнія дваране былі значна бяднейшымі, а Станкевіч і Чапкоўскі валодалі хібарамі, ацэненымі ў 10 і 20 рублёў.

Самай маленькай вуліцай тагачаснай Друі была Школьная — усяго 5 дамоў. Тут суседнічалі яўрэі Бінін Хайтава, Белякоў, Сандлер і хрысціянін Васілеўскі. Кошт дамоў вагаўся ў межах 10 — 50 рублёў.

Вуліца Вусце размяшчалася ў раёне трохвуголь-ніка, які быў утвораны Друйкай і Заходняй Дзвіной. Адсюль калісьці пачыналася Друя. Побач знаходзілася галоўная сінагога горада — велічны мураваны будынак. У гэтай частцы Друі гітлераўцы стварылі гета, тут знішчылі ўсіх яго жыхароў. У 1843 г. вуліца мела 36 дамоў. Толькі адзін гаспадар — Мікалай Вяржбіцкі — быў хрысціянінам, астатнія — яўрэямі (Энкін, Блехман, Зубач, Шмушковіч, Бляхар, Гінсбург). Вуліца была бедная: 26 дамоў каштавалі да 30-ці рублёў.

Усе апісаныя вышэй вуліцы знаходзіліся ў той частцы Друі, якую ў XVII ст. называлі Сапежынам. Заходней, за Друйкай, знаходзіўся стары горад. Спіс называе гэта месца «За Друей». У 1843 тут меліся 4 вуліцы.

Вуліца Браслаўская захавала сваю гістарычную назву. У 1843 г. — гэта самая вялікая вуліца Друі, яна наліч-вала 64 сялібы. Насельніцтва было змяшанае. Сярод яўрэяў — Эльперын, Фарбер, Кушняроў, Таўман, Гельфер; сярод хрысціян — Замковіч, Чарняўскі, Чаплінскі, Ляскоўскі, Камар, Нарушэвіч, Храпавіцкі (цікавым здаецца такое проз-вішча — «Иван Безьяй»). Адзначаны дваране: Ганна Ляснеў-ская, Усцін Капытскі; мяшчане: дзісенскі Стэфан Дамброў, шаркаўшчынскі Трэйтэр, новааляксандраўскі Елі Саполпер, дзісенсі Лаўр Адамовіч. Больш за палову дамоў (35) кашта-вала да 20 рублёў, падаўляючая колькасць дамоў мела па 1-му пакою.

Ад Браслаўскай на захад адыходзіла Курляндская вуліца. Нагадаем, што да Курляндскай мяжы ад Друі было некалькі кіламетраў. Вуліца налічвала 11 сяліб. Насельніцтва як яўрэйскае (Барбакоў, Энцін), так і хрысціянскае (Клеба-новіч, Кантаневіч). Адзначаны дваранін Пётр Букоўскі, дрысенскі мешчанін Меер Матусевіч. Адзіны на вуліцы дваранін жыў у хаце «ветхой совершенно». Астатнія мелі ацэнку ў асноўным 10 — 20 рублёў.

Вуліца Іказненская з 14-цю хатамі вылучалася тым, што тут было хрысціянскае насельніцтва з прозвішчамі, якія заканчваліся на «-іч» (Нарушэвіч, Карцініч, Марцынкевіч, Душынкевіч, Круткевіч). Адзначаны дваранін Адам Станкевіч, дзісенскія мяшчане Сымон і Франц Шаркоўскія. Ацэнка большасці дамоў не перавышала 25 рублёў.

Апошняй у спісе запісана Запрудская вуліца з 14-цю дамамі. Адзін дом яўрэйскі (Рыбін), астатнія — хрысціянскія (Дзятковіч, Старыновіч, Навіцкі, Паўлоўскі). Адзначаны перабродскі мешчанін Міхаіл Зубаў. Асноўны кошт дамоў складаў ад 5-ці да 20-ці рублёў.

Вось так, дзякуючы спісу, мы павандравалі па вулачках Друі 1843 года, горада драўлянага, са сціплымі дамамі. На фоне гэтай сціплай забудовы велічна ўзвышаліся комплексы дамініканскага і бернардзінскага кляштараў, вялікая сінагога ды дзесятак іншых цэркваў. Найбольш прыстойны выгляд меў цэнтр, тут размяшчаліся амаль усе прыватныя камяніцы. Для тагачаснай Друі найбольш заможнымі дамамі былі дамы з ацэнкай звыш 200 рублёў (31 дом на ўсю Друю, 22 з іх прыходзілася на вуліцы 1-га разраду). Бедных дамоў з ацэнкай да 25 руб. было 167 ці каля паловы (107 з іх знаходзілася на вуліцах 3-га разраду).

23 дамы ў горадзе належалі дваранам (19 з іх знаходзіліся на вуліцах 2-га і 3-га разрадаў і мелі невысокую ацэнку). Найбольш багатай групай былі купцы. Іх налічва-лася пяцёра, усе купецкія дамы знаходзіліся на вуліцах 1-га разраду і лічыліся багатымі.

Адносна 18-ці гаспадароў складальнікі спісаў палічылі патрэбным адзначыць іх ранейшае пражыванне. Мяшчанамі іншых гарадоў, мястэчак лічыліся 4 гаспадары з Дзісны, 2 — з Дрысы (сучасны Верхнядзвінск), 2 — з Шаркаў-шчыны, а таксама па аднаму з Пераброддзя, Лявонпаля, Лужкоў, Лепеля, Мінска, Шклова, Новааляксандраўска (сучасны г.Зарасай, Літва), Люцына (сучасны г.Рэзэкнэ, Латвія), Якабштадта (сучасны г.Круспілс, Латвія). Большая частка іншагародніх мяшчан — яўрэі.

Спіс дае некаторае ўяўленне аб нацыянальным рэлігійным складзе насельніцтва Друі. Даволі проста вызна-чыць месцы пражывання яўрэяў. Сярод хрысціянскага насельніцтва можна казаць аб прысутнасці тут каталікоў, праваслаўных. Для этнічнага аналізу звестак бракуе.

Безумоўна, каштоўнасць дакумента палягае і на тым, што імёны і прозвішчы даюць магчымасць праводзіць генеалагічныя пошукі, цікавасць да якіх узрастае.