Сябрам ківаю галавою / Развітваюся з бальшаком / Сцяжынкай вузкай палявою / Спяшу дадому пешаком.
Сябрам ківаю галавою, Развітваюся з бальшаком. Сцяжынкай вузкай палявою Спяшу дадому пешаком. Іду між смолак і званочкаў, Дзе б’юць крыламі матылі, І не магу душу і вочы Красой забытай наталіць. I хочацца раскінуць рукі I моўчкі кінуцца ў траву, Забыўшы болі ўсе і мукі, Паклаўшы ціш пад галаву. I ўбачыць зноў, як каля хаты Хаваецца ў дрымотны цень, Як бацька, ціхі і вусаты, Крыху ссутулены ячмень. А потым выбегчы знянацку Да хаты з засені бяроз I на двары аклікнуць бацьку I маці, светлую ад слёз. * * * * * * *
Калі прайшоў ты і агонь, і смог…
Калі прайшоў ты і агонь, і смог,
Смак працы ўведаў і ад славы збег,
Кахаў жанчын, піў асалоду кніг —
He думай, што ты ўсё ў жыцці спасціг.
Галоўны страх і горычы слыток
Яшчэ ў цябе наперадзе, браток…
Калі адчуў ты, як мінае час,
Як менее ў душы вясны запас,
Як многа значыць кожны дзень і міг –
He думай, што цану жыцця спасціг.
Галоўны сэнс і мудрасці глыток
Яшчэ ў цябе наперадзе, браток…
Калі ж, яшчэ не верачы бядзе,
Твой самы блізкі сябар упадзе
I пераступіць чорны той рубеж,
А ты ў бяссіллі неба праклянеш
I зразумееш беззваротнасць страт,
Тады лічы, што ты мудрэеш, брат,
Тады табе адкрыецца спаўна
Жыцця неверагодная цана…
* * * * * * *
Народ мой, дзякую табе…
Народ мой, дзякую табе, Што і на міг мне не дазволіў, Каб я кагосьці абязволіў, Жыў у кагосьці на гарбе, Што ў радаслоўную ўпісаў He гандляроў і прайдзісветаў, А плытагонаў, і паэтаў, I штукароў ганчарных спраў. Народ мой, дзякую, што ты Велікадушна даў мне ў рукі He алебарды і шчыты, А лемяхі і першадрукі, Што нашаптаць мне не забыў He грукатню бравурных маршаў, А задуменнасць песень нашых, Дзе столькі болю і жальбы. Народ мой, дзякуй, што нідзе Мяне балюча не ўпікнулі За твой далёкі век мінулы, За сённяшні твой сіні дзень. I аднаго хачу ў жыцці, Каб ты не паглядзеў з дакорам, Каб за мяне ніколі сорам Табе душу не засмуціў.
Каментары