Успаміны пра Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”.

Дваццаць гадоў таму ў найноўшай гісторыі Беларусі, гісторыі векапомнага ХХ стагодзьдзя, адбылася знамянальная падзея – утварыўся Беларускі Народны Фронт за перабудову “Адраджэньне”. Гэтую гістарычную зьяву можна параўнаць, бадай, толькі з Днём Волі – 25 сакавіка 1918 года, калі была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка.

Гэтыя дзьве падзеі знайшлі сваё месца ва ўсіх сёньняшніх падручніках па гісторыі Беларусі, нягледзячы на палітычныя погляды іх аўтараў. Бо тое, што было абвешчана прадзедамі – аднаўленьне нашай незалежнасьці, пасьпяхова й хутка здзейсьнілі іх праўнукі – сябры і прыхільнікі БНФ – у сьнежні 1991 года. Беларусы, у адрозьненьне ад блізкіх і далёкіх эўрапейскіх суседзяў, прыйшлі да сваёй краіны даволі хутка, за няпоўнае стагодзьдзе. Дастаткова прыгадаць пра 250 гадоў “мангола-татарскага іга” ў расейцаў і 500 год турэцкага панаваньня ў баўгараў.

Невыпадкова, што нядаўна кіраўнік незалежнай Беларусі стаў на асноўную плятформу БНФ: незалежнасьць Беларусі – сьвятое, а вытокі нашай незалежнасьці – Полацкае, Тураўскае княствы і Вялікае княства Літоўскае. Ці думалі дваццаць гадоў таму прадстаўнікі беларускай нацыянальнай эліты, якія сабраліся ў Чырвоным касьцёле, дзе месьціўся Дом кіно, што ўжо празь некалькі гадоў ня будзе ані гэтага Дома кіно, ані нават той залі, дзе яны сабраліся, а пра незалежную Беларусь будуць ведаць і гаварыць (праўда, па-рознаму) ва ўсім сьвеце.

КРЫХУ ПРА СЯБЕ

Раніцай таго сонечнага кастрычніцкага дня я крочыў міма Чырвонага Касьцёла ў напрамку вакзала, каб набыць квіток у чарговую камандзіроўку, і раптам сустрэў свайго земляка і старэйшага сябра Міхася Ткачова. Спыніўся, павіталіся. Міхась пацікавіўся, куды я іду і ці ня маю вольнага часу. Пачуўшы мой адказ, сказаў прыкладна наступнае: “Алег! Квіток купіш пазьней, а зараз пайшлі са мной. Павінна адбыцца такое, пра ўдзел ў чым ты ніколі не пашкадуеш”. І я ніколі не пашкадую пра гэта.

Мы зайшлі ў вялікую залю Дома кіно на другім паверсе. Там было шматлюдна, і мы ледзь знайшлі вольныя месцы. Ніколі не забуду той натхнёнай атмасфэры волі й свабоды, якая панавала ў залі. Калі пачаліся выбары ў склад аргкамітэту, нехта прапанаваў маю кандыдатуру. Большасьць прысутных прагаласавала “за”. Такім чынам, мой лёс і лёс маёй сям’і кардынальна зьмяніліся.

Побач з удзельнікамі знамянальнага сходу ў Доме кіно 19 кастрычніка 1989 года, якія сабраліся, каб стварыць “Мартыралёг Беларусі” і аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту, апошнім часам зьяўляюцца тыя, хто ў сваіх успамінах прыпісвае сабе агучаныя тады ідэі. Я, як удзельнік сходу, пра гэта ў той памятны вечар нічога ня чуў і ня ведаю.

Наогул, 1988 год быў для мяне ўдалым. Выйшла мая першая манаграфія, прысьвечаная беларускаму мураванаму дойлідзтву, і адразу атрымала станоўчыя водгукі як у СССР, так і за мяжой. Была зацьверджана тэма “доктарскай дысэртацыі”, я меў добрую высокааплатную працу ў сыстэме беларускай рэстаўрацыі, актыўна займаўся пытаньнямі захаваньня помнікаў гісторыі і культуры і да таго ж некалькі год запар узначальваў першасную партыйную арганізацыю КПСС па месцы працы.

Я добра разумеў пра магчымыя наступствы і мог адмовіцца ад сяброўства ў аргкамітэце БНФ, як гэта зрабілі некаторыя мае суседзі па сходзе, але пэрсанальная падтрымка маіх старэйшых сяброў Зянона Пазьняка і Міхася Ткачова не дазволіла гэтага зрабіць. Сытуацыя ўскладнялася і маім знаходжаньнем у КПСС, бо я добра ведаў, як сыстэма карала камуністаў, якія мелі свой уласны погляд на беларускую гісторыю, выказвалі сваё стаўленьне да роднай мовы і культуры. Дастаткова прыгадаць трагічныя лёсы Аляксея Карпюка і Алега Бембеля. Тым ня менш атмасфэра сходу моцна ўражвала. Выпадкова ў мяне была з сабою кніжка Зянона Пазьняка “Рэха даўняга часу”, і я папрасіў у яго аўтограф у гэты знамянальны дзень. Прыводжу яго цалкам: “Алегу Трусаву, сябру арганізацыйнага камітэту Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і добраму сябру. З павагай Зянон. Жыве Беларусь! 19 кастрычніка 1988 г.”.

НАЦЫЯНАЛ-КАМУНІЗМ – ШЛЯХ ДА ДЭМАКРАТЫІ?

19 кастрычніка ў склад аргкамітэту БНФ абралі 35 чалавек, прычым большасьць зь іх былі камуністамі. Гэта Міхась Ткачоў, Ніл Гілевіч, Адам Мальдзіс і шмат іншых. Дарэчы, і першым кіраўніком аргкамітэту па прапанове Васіля Быкава быў абраны камуніст Васіль Якавенка (кіраваў працай ён да вясны 1989 года, потым лідарам стаў Зянон Пазьняк). Гэта сьведчыць пра тое, што пасьля жахлівых сталінскіх рэпрэсій і хрушчоўскай русыфікацыі на Беларусі, дзе колькасьць сяброў КПСС была самай вялікай (на адзінку насельніцтва) у СССР, сярод інтэлігенцыі пачаў адраджацца нацыянал-камунізм, які меў моцныя пазыцыі ў Прыбалтыцы, Закаўказьі і Сярэдняй Азіі. Да нацыянал-камунізму ў яго расейскім варыянце набліжаўся і Барыс Ельцын са сваімі аднадумцамі. Але самымі моцнымі былі літоўскія нацыянал-камуністы на чале з Бразаўскасам. Дзякуючы ім літоўскі народны рух “Саюдзіс” стаў самым уплывовым у СССР. Літва першая з саюзных рэспублік абвясьціла пра выхад з СССР, а Кампартыя Літвы першая выйшла з КПСС і зьмяніла сваю назву.

Беларускі нацыянал-камунізм вядзе свой радавод ад Цішкі Гартнага, Усевалада Ігнатоўскага і Алеся Чарвякова. Менавіта яны абвясьцілі і захавалі БССР, двойчы павялічылі яе памеры і распачалі беларусізацыю. Таму і зьнішчылі іх сталінскія каты, якія фактычна аднавілі Расейскую імпэрыю ў горшым яе варыянце – як сапраўдную “турму народаў”.

У маёй сям’і камуністаў не было і іх не любілі. Мая прабабка, Марыя Драздоўская, жонка беларускага дробнага шляхціца, якая выхоўвала мяне з малых гадоў, добра памятала першую камуну ў Мсьціславе, створаную бальшавікамі ў 1918 годзе, куды забралі усё яе сямейнае дабро: коней, кароў, авечак, сьвіней і нават курэй. “Ня вер, унучак, гэтым камісарам, усё роўна падмануць”, – гаварыла яна мне шмат разоў. І я ня верыў. Калі мне першы раз на пятым курсе гістфака БДУ, дзе я меў ленінскую стыпэндыю ў 100 рублёў і быў старастам групы, прапанавалі ўступіць у КПСС і паступіць у асьпірантуру на катэдру навуковага камунізму, я ветліва адмовіўся.

У 1976 годзе я быў разьмеркаваны на працу ў рэстаўрацыйныя майстэрні Міністэрства культуры і ўпершыню сустрэў камуністаў, якія гаварылі па-беларуску, стараліся захаваць сваю спадчыну, ладзілі адукацыйныя курсы. Тут я і пазнаёміўся зь Зянонам Пазьняком, а калі паступіў у завочную асьпірантуру Інстытута гісторыі АН БССР – зь Міхасём Ткачовым і іншымі вядомымі гісторыкамі, у тым ліку і з Анатолем Грыцкевічам.

Самае вялікае ўражаньне на мяне зрабілі літоўскія рэстаўратары і архэоляг, да якіх я часта езьдзіў вучыцца архітэктурнай архэалёгіі. Большасьць зь іх былі літоўскімі камуністамі, але ў першую чаргу стаялі на нацыянальных пазыцыях, размаўлялі ў сям’і толькі на роднай мове і марылі пра аднаўленьне незалежнасьці Літвы.

Тады я зразумеў, што нацыянал-камунізм – гэта паступовы шлях да развалу СССР і да незалежнасьці нашай краіны. Зараз, калі сталі друкаваць сталінскія матэрыялы допытаў нацыянал-камуністаў 20-30 гадоў ХХ ст., зразумела, што і яны марылі пра незалежную Беларусь і за яе палеглі ў Курапатах.

І калі мне ў 1978 годзе зноў прапанавалі ўступіць у КПСС, я параіўся зь Зянонам Пазьняком і напісаў адпаведную заяву. Праз год, ужо маючы партыйны білет, разам з групай архітэктараў і гісторыкаў на чале з Пазьняком актыўна ўключыўся ў змаганьне за захаваньне гістарычнага цэнтра Менску, і мы выйгралі гэтую справу, бо здолелі перадаць на стол Пятра Машэрава ўнікальны альбом з праектам аднаўленьня старога Менску. За паўгода да сьмерці Машэраў адмяніў знос Верхняга горада і дазволіў пачаць аднаўленьне Траецкага прадмесьця.

У 1988-89 годзе ў ЦК КПБ найбольш стаялі на нацыянальным грунце Генадзь Бураўкін, які беларусізаваў БТ, сакратар гаркама КПСС у Менску Пятро Краўчанка, які перайшоў на беларускую мову ў сваёй партыйнай працы, сакратар віцебскага абкама КПСС Іосіф Навумчык. Дарэчы, наша партыйная арганізацыя, дзе я быў сакратаром, першая ў Савецкім раёне г. Менску перавяла сваё справаводзтва на беларускую мову. Пра гэта нават паведаміла партыйная газэта “Зьвязда”. Дарэчы, цікава прыгадаць той факт, што колішнія камуністы-журналісты са “Зьвязды” і “Праўды” зараз працуюць і нават займаюць кіруючыя пасады ў беларускай рэдакцыі “Радыё Свабода”.

Нацыянал-камуністам быў і Анатоль Вярцінскі, рэдактар “ЛІМа”, які не пабаяўся надрукаваць жахлівую праўду пра Курапаты. Дзякуючы нацыянал-камуністу Міхасю Дубянецкаму адбыўся сход у Доме Кіно, дзе ўзьнік БНФ. Таму і пайшлі нацыянал-камуністы масава ў БНФ, таму і былі абраныя ў Вільні, на першым зьездзе руху намесьнікамі Зянона Пазьняка камуністы Юрась Хадыка і Міхась Ткачоў.

19 кастрычніка 1988 года прыпала на сераду. Праз дзень-два супраць БНФ пачалася шалёная кампанія ў прэсе. Асабліва аглабельным быў артыкул пад назвай “Пена на хвалі перабудовы”. У панядзелак я, як сакратар партарганізацыі беларускіх рэстаўратараў, прысутнічаў на сходзе ўсіх партсакратароў Савецкага раёна г. Менску, дзе наша партарганізацыя была на ўліку. Сакратар райкама закляйміў з трыбуны ўсіх сяброў аргкамітэту БНФ, асабліва Васіля Быкава, і адзначыў, што ёсьць там і адзін чалавек з Савецкага раёна, нейкі Трусаў, і зь ім райкам абавязкова разьбярэцца крыху пазьней, калі высьветліць, што гэта за асоба.

Тады я ўзяў слова, назваў сваё імя і прозьвішча і стаў расказваць пра мэты і задачы БНФ. У зале пачаліся варушэньне, шум і лямант. З прысутных сакратароў партарганізацый, а іх было болей за сотню, частка проста ўцякла з залі, частка стала мяне лаяць, а частка перайшла на мой бок і потым ня раз дапамагала.

Сярод дэпутатаў ВС БССР, абраных вясною 1990 года на грунце ідэй БНФ, якія і склалі апазыцыю на плятформе БНФ, было шмат камуністаў. Гэта намесьнікі Зянона Пазьняка Уладзімер Заблоцкі і аўтар артыкула, а таксама Сяргей Навумчык, Валянцін Голубеў, Мікола Крыжаноўскі, Галіна Сямдзянава, Сяргей Папкоў, Лявон Дзейка, Ігар Гермянчук, Мікола Маркевіч і іншыя.

На жаль, гісторыя нацыянал-камунізму ў Беларусі ў ХХ ст. і яго роля ў стварэньні БНФ зусім ня вывучаныя і чакаюць ўдумлівых дасьледчыкаў.

У 1989 годзе ўзьнікла Дэмакратычная плятформа ў КПСС, якая хацела рэфармаваць партыю і накіраваць яе ў рэчышча сацыял-дэмакратыі (гэта бліскуча зрабілі толькі літоўскія камуністы). Мне выпаў гонар быць прадстаўніком дэмакратычных камуністаў Савецкага раёна Менску на зьездзе Дэмплятформы КПСС у Маскве, дзе я пазнаёміўся зь Юрыем Афанасьевым, генэралам Калугіным і іншымі маскоўскімі дэмакратамі, у тым ліку і з Глебам Якуніным.

Аднак Гарбачоў спалохаўся гэтай зьявы, дэмплятформа ня здолела вылучыць харызматычных лідараў, а большасьць сяброў Палітбюро ўжо пачалі думаць пра ГКЧП.

Летам 1990 года з КПСС публічна выйшлі Барыс Ельцын і некаторыя іншыя вядомыя маскоўскія дэмакраты. Я таксама, як і большасьць маіх сяброў-камуністаў, сяброў апазыцыі, напісаў адпаведную заяву аб выхадзе з КПСС і агучыў яе на сэсіі Вярхоўнага Савету. Разам са мной выйшлі з КПСС амаль усе камуністы-рэстаўратары з маёй партарганізацыі. Неўзабаве з КПСС выйшаў Міхась Ткачоў і мы пачалі ствараць Грамаду, партыю нацыянальнай беларускай сацыял-дэмакратыі, якая была зарэгістравана ў сакавіку 1991 года.

ДЗЬВЕ ВЯЛІКІЯ ПАМЫЛКІ

Росквіт БНФ прыпаў на 1991-1992 гады. У ягоныя шэрагі сталі болей за 40 тысяч чалавек, яго структуры былі ва ўсіх раёнах Беларусі, тысячы людзей бралі ўдзел у шэсьцях і дэманстрацыях. На базе БНФ былі створаныя розныя дэмакратычныя партыі і рухі, прычым шмат якія кіраўнікі гэтых структур уваходзілі адначасова ў Сойм БНФ.

Аднак у Сойме зьявілася група людзей, якія вырашылі прыватызаваць рух, і на яго базе яны хуценька стварылі і зарэгістравалі Партыю БНФ. Такім чынам, вялікі рух, дзе было месца і грамадоўцам, і аб’яднаным дэмакратам, і нацыянальным ці хрысьціянскім дэмакратам, і проста прынцыпова беспартыйным людзям, хутка распаўся на асобныя часткі, якія пачалі спрачацца і разыходзіцца ў розныя бакі.

Неўзабаве адбыліся прэзыдэнцкія выбары.

Партыя БНФ адразу адкінула іншыя партыі і нават ня ставіла пытаньне пра шматпартыйны блёк з адзіным кандыдатам у прэзыдэнты. Яна вылучыла свайго лідара Зянона Пазьняка і зьбіралася перамагчы на выбарах аднаасобна.

БСДГ і АДП вылучылі Станіслава Шушкевіча. Вынікі выбараў мы добра ведаем.

Былі тады і прапановы вылучыць як кампрамісную фігуру ў прэзыдэнты Васіля Быкава, чалавека, якога ведалі ў кожнай сям’і і які мог аб’яднаць вакол сябе нацыянальныя сілы. Але гэтых людзей ніхто ня слухаў, бо ўласныя амбіцыі лідараў Партыі БНФ былі неабсяжныя. Быкаў жа мог пагадзіцца на вылучэньне толькі тады, калі б яго аб гэтым папрасілі разам Зянон Пазьняк і Станіслаў Шушкевіч.

Пасьля паразы на выбарах і эміграцыі Пазьняка распалася на дзьве часткі і Партыя БНФ. БНФ, як рух, ператварыўся ў фантом, які прысутнічае толькі ў тэчках Міністэрства юстыцыі. Таму і сьвяткаваньне 20-х угодкаў БНФ праходзіла сумна і паасобку.

Ніхто нават не сабраў разам сяброў аргкамітэту БНФ, якіх лёс раскідаў па розных краінах і партыях, ніхто не ўшанаваў належным чынам памяць тых, хто пайшоў ад нас у вечнасьць. Магчыма, гэта зробяць нашыя спадкаемцы падчас наступнага юбілею.

Аднак вынікі дзейнасьці БНФ выключныя. На мапе Эўропы і Сьвету ужо сямнаццаць год існуе Рэспубліка Беларусь. І гэта – самае галоўнае.

__________________________________________

Алег Трусаў археоляг, гісторык беларускай архітэктуры, палітык і грамадзкі дзеяч. Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.