раздзел з кнігі «у Вільні і больш нідзе»

 

Ахвярую майму цудоўнаму сябру Сігітасу Саладжынскасу і яго дзівоснай жонцы спадарыні Паліне

Я бачыў Максіма Танка ў старасці, але заўсёды хацеў убачыць яго маладым, віленскім, дваццацігадовым, якім ён быў у першую сваю турэмную палову 1930-х.

Як мог, уяўляў той час, пра які паэт напісаў: «…я працаваў у падполлі і за ўдзел у рэвалюцыйна-вызваленчым руху быў арыштаваны і сядзеў у вядомай віленскай турме Лукішкі…».

Яго пашпартнае імя — Яўген Скурко — узнікала тады ў паліцэйскіх, пракурорскіх і судовых паперах, а перш за ўсё — у канфіскаваных матэрыялах, з якімі можна пазнаёміцца ў Летувіскім Цэнтральным Дзяржаўным Архіве (LCVA): фонд 129, вопіс 2, справа 2034 і фонд 129, вопіс 2, справа 2227…

11 жніўня 1933 года віцэ-пракурор XIII Віленскага раёна Дамінік Пятроўскі ў сваім абвінаваўчым акце (13 друкаваных старонак!) заяўляў, што жыхар вёскі Пількаўшчына Мядзельскай гміны Пастаўскага павета, сын Яна і Дамінікі Яўген Скурко, якому 21 год, абвінавачваецца ў тым, што з 1930-га па 27 траўня 1933 года ў Вільні, у Пастаўскім і Дзісенскім паветах Віленскага ваяводства, а таксама ў Наваградскім ваяводстве, маючы намер гвалтоўна змяніць дзяржаўны лад Польшчы і адарваць частку яе тэрыторыі, узяў удзел у Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), ведаючы, што гэта партыя складаецца з асоб, якія імкнуцца да азначанай вышэй мэты…

Што й казаць, абвінавачанне вельмі сур’ёзнае!

Віцэ-пракурор падкрэсліў: такое злачынства караецца згодна артыкулаў 97 (параграф 1 і 93) крымінальнага кодэкса міжваеннай Польшчы (злачынствы супраць дзяржавы. — Л. Д.-М.), і аднатаваў: калі 5 лютага 1931 года ў Тчэве арыштавалі Браніслава Тарашкевіча, то ў ягоных блакнотных нататках была знойдзена характарыстыка на нейкага Скурко: «Смелы хлопец, вучань беларускай гімназіі, адзін раз ездзіў у Слонімскі павет, дзе жыве брат Дварчаніна…».

Д. Пятроўскі асаблівую ўвагу звяртаў на тое, што згаданы Скурко ўваходзіў у шэраг актывістаў, якія непасрэдна праводзілі ў Польшчы дырэктывы кампартыі.

Блакнотныя нататкі Тарашкевіча ў Вільні пераклалі з беларускай мовы на польскую, перадрукавалі — і атрымалася 22 старонкі. З 1-га і ажно па 23 красавіка 1931 года іх падрабязна вывучыў суддзя Язэп Булгак.

На 6 і 7 старонках даваліся кароткія характарыстыкі на кур’ераў; дык вось, на 7 старонцы ў 24 пункце і паведамлялася пра «нейкага Скурко».

У кнізе Міколы Мікуліча «Максім Танк: на скразняках стагоддзя» змешчана паэтава згадка пра той выпадак: «…у мяне пачынаўся акт абвінавачання, што… пры пераездзе граніцы ў Тчэве быў арыштаваны Браніслаў Тарашкевіч, у запісной кніжцы якога было пазначана: «Скурко (толькі імя не было) — хлопец дзельны, вазіў літаратуру». А я тады, сапраўды, вазіў літаратуру брату аўтара хрэстаматыі Дварчаніна…».

Лідару «Грамады» паэт прысвяціў твор «Б. А. Тарашкевіч»:

Лукішкі.

Ключоў турэмных звон.
Год 1932, здаецца.
Першы павільён.
Паверх трэці.

Калі выводзілі нас
На астрожны двор пракляты,
Мы бачылі яго,
Прыніклага да кратаў,
З рукой у прывітанні
Ўзнятай…

У 1983 годзе я рэдагаваў кнігу Максіма Танка «За маім сталом» і памятаю: гэты верш уразіў мяне сваім турэмным рытмам…

Праясню сітуацыю з першым арыштам паэта.

Уладзімір Калеснік у кнізе «Паэзія змагання» гаворыць: «Летам (?) 1932 г. яго арыштавалі…», а ў кнізе «Зорны спеў» цытуе інфармацыйны камунікат паліцыі № 142: «…дня 2.04.1932 г. зволены з-пад арышту з турмы на Лукішках».

Тут нехта відавочна памыліўся — ці даследчык, ці пісар, які складаў камунікат, бо атрымалася дзіўная перастаноўка: арыштавалі паэта летам, а выпусцілі вясной, 2 красавіка, усё таго ж 1932 года!

Пазней у кнізе «Максім Танк. Нарыс жыцця і творчасці» У. Калеснік няпэўна ўдакладніў: «…паэта арыштавалі ў сакавіку 1932 года, а ў красавіку звольнілі».

У новых публікацыях даследчыка заместа 2 красавіка з’явілася 11 красавіка, як дзень выхаду з вязніцы, аднак жа і гэтая дата сумніўная.

У лісце У. Калесніку (ліст напісаны ў студзені 1978 года, але неадпраўлены) Максім Танк далікатна тлумачыць: «…па нейчай віне… укралася памылка, што я звольнены з турмы 11.04.1932 года. Я тады напярэдадні Першага мая быў арыштаваны. Аб звальненні ў гэты час не магло быць і гутаркі…».

Дзмітрый Бугаёў у кнізе «Паэзія Максіма Танка» даводзіць: будучага аўтара «Нарачы» арыштавалі ў красавіку 1932 года.

Мікола Арочка ж у даследаванні «Максім Танк. Жыццё ў паэзіі», мусіць, каб не памыліцца, наогул не называе ні дзень, ні месяц, ні год першага арышту, а проста кажа пра свайго героя: «…упершыню трапіўшы на Лукішкі…» і г.д.

Аднак жа павінна быць дакладная дата, і яна ёсць; у абвінаваўчым акце, падпісаным Д. Пятроўскім, знаходжу: 27 красавіка 1932 года Яўгена Скурко затрымалі, а 29 красавіка рашэннем суда 1-й інстанцыі зняволілі. Сапраўды ж, «…напярэдадні Першага мая быў арыштаваны…».

Прыкладна праз месяц, 24 траўня, арышт замянілі закладам у суме 200 злотых — пра гэтыя 200 злотых, дарэчы, напісалі ці не ўсе танкаўскія даследчыкі. Калі грошы былі ўнесены (пэўна ж, з партыйнай касы), то 11 чэрвеня 1932 года паэт выйшаў на волю. У неадпраўленым лісце У. Калесніку Максім Танк паведамляе, што выйшаў з Лукішак толькі ў ліпені.

У чэрвені ці ў ліпені, але, як бы там не было, — паэт не стаў чакаць суда, схаваўся ад паліцыі (некалькі тыдняў знаходзіўся ў БССР), таму былі разасланы гончыя лісты — так зваліся аб’явы пра пошук злачынцаў.

Надышоў 1933 год…

27 студзеня і 16 лютага акруговы следчы суддзя 2-й Віленскай аругі выпісаў паведамленні аб новых гончых лістах на Максіма Танка. Натуральна, яны былі скасаваны, калі 24 траўня 1933 года паэта затрымалі ў Глыбокім, а праз тры дні, 27 траўня, арыштавалі (другі раз!) і змясцілі на Лукішках, у 1-м турэмным корпусе, у камеры 189.

16 ліпеня паэт падаў заяву на імя следчага суддзі 1-й Віленскай акругі з просьбай дазволіць яму выпісаць газету «Глос Вільна». На першай старонцы заявы — авальная пячатка турэмнай канцылярыі: «Атрымана 17 ліпеня 1933 г.», а на адвароце начальнік Лукішак 20 ліпеня прыпісаў: «Вязень Скурко салідарызуецца з вязнямі камуністамі і паводзіць сябе нездавальняюча».

Атрымаўшы з такой выразнай прыпіскай заяву, следчы суддзя 26 ліпеня пераслаў яе віцэ-пракурору 13-га Віленскага раёна — то-бок, Д. Пятроўскаму. 27 ліпеня заява легла на ягоны стол, аднак на гэтым дакуменце — палова аркушыка з вучнёўскага сшытка ў клетку — Д. Пятроўскі ніякай рэзалюцыі не пакінуў. Мусіць жа, пракурорская думка была такая: раз Яўген Скурко салідарызуецца з камуністамі, то не варта патураць яму, скажам, дазваляць падпісвацца на тую ж газету…

На другі дзень пасля напісання гэтай заявы, 17 ліпеня, паэта выклікалі на допыт да следчага акруговага суддзі.

31 жніўня ў 3-ці крымінальны аддзел Віленскага акруговага суда быў дасланы абвінаваўчы акт. 2 верасня завялі крымінальную справу — Яўгена Скурко абвінавачвалі паводле артыкула 97 (параграф 1) у звязку з артыкулам 93. 8 верасня старшыня суда даў справе ход.

Праз чатыры дні, 12 верасня, кіраўнік сакратарыята 3-га крымінальнага аддзела адправіў на Лукішкі копію абвінаваўчага акта і тлумачэнне аб парадку падачы скаргаў.

13-га чысла паэт атрымаў гэтыя дакументы, а 18-га падаў заяву — зноў палова аркушыка ў клетку — у акруговы суд з просьбай дазволіць прачытаць акты сваёй справы.

На тытуле заявы — авальная пячатка: «Атрымана 18 верасня 1933 г.», а на адвароце пазнака — 19 верасня начальнік турмы (ужо без ніякіх прыпісак!) перадаў заяву па прызначэнні, і 20 верасня яна была зарэгістравана ў судовай канцылярыі.

У выніку на тытуле заявы з’явіліся дзве рэзалюцыі — верхняя: «Выклікаць. 25.09.1933 г.» і ніжняя, відаць, больш пэўная: «Выклікаць на 27.09.1933 г.».

Тым часам разаслалі й позвы на судовы разбор, прызначаны на 6 лістапада…

На разбор выклікаўся сам абвінавачаны Яўген Скурко і сведкі Ян Касяк (таксама на той час лукішскі вязень), Апалінары Мальчэўскі (чыноўнік следчага аддзела) і выдавец доктар Усевалад Шыран (позву яму ўручылі 21 верасня ў мястэчку Лужкі Дзісенскага павета).

У якасці сведкаў прапанавалі з’явіцца ў суд будучай жонцы паэта Любові Асаевіч і яе сястры Соф’і. Выклікі ў суд ім былі дастаўлены па адрасе: Вільня, вуліца Букавая, 14.

Трэба думаць, сёстраў не было дома, таму 20 верасня пасланец уручыў позвы іхняй непісьменнай маці — у графе «подпіс» жанчына двойчы паставіла алоўкам тры крыжыкі…

Паводле Д. Пятроўскага, Яўген Скурко жыў на вуліцы Букавай у доме 14 з 1929 года; у розныя часы там з ім перабывалі Мікалай Сіцько, Сяргей Скурко, Ян Гарэлічонак…

Ноччу з 11 на 12 красавіка 1932 года паліцыя абшукала дом і ў пакоі Соф’і… Пад шафай паліцыя знайшла два паасобнікі адбітага на шапірографе часопіса «Пралом», № 2 з датай «Люты 1932 г.», а таксама рукапісы:

1. Верш «Заштрайкавалі гіганты-коміны», падпісаны: «Максім Танк»;

2. Верш «Гаротнікі абудзіліся», датаваны 20.01.1932 г. і падпісаны: «Арсень Граніт» (адзін з ранніх псеўданімаў паэта. — Л. Д.- М.);

3. Артыкул «Замест прадмовы», змест якога падобны на змест артыкула «Ад рэдакцыі», змешчанага ў 2-ім нумары «Пралому»;

4. Апавяданне пра перажыванні беспрацоўнай Манькі…

Соф’я заявіла, што не ведае, хто ў яе пакоі хаваў часопіс «Пралом», аднак заўважыла: да яе часта заходзілі кватаранты Яўген Скурко і Мікалай Сіцько…

На адной з вокладак «Пралому» быў надпіс па-беларуску: «На памяць ад рэдакцыйнай калегіі «Пралому» 2 красавіка 1932 г.», і пазней каліграфічная экспертыза паказала, што гэта рука Яўгена Скурко.

27 красавіка 1932 года пшадоўнік Леан Гансяроўскі зноў ператрос дом на Букавай, асабліва пакой Яўгена Скурко і Мікалая Сіцько.

Немагчыма не здзівіцца: за два тыдні хлопцы нічога не схавалі! Зусім нядбалыя былі, ці што?!

Гансяроўскі выявіў шмат выданняў і камсамольскіх цыркуляраў, вершаваныя рукапісы камуністычнага зместу, а таксама ведамасці-справаздачы, багатыя на лічбы, даты, падрахункі і скарачэнні — напрыклад, «Док» (Докшыцы), «Дун» (Дунілавічы), «См-нь» (Смаргонь), «Гр» (Гродна), «Ві» (Вільня) і г.д. Усё гаварыла аб тым, што Яўген Скурко і Мікалай Сіцько — актыўныя камсамольцы!

Крамольныя паперы, напісаныя (зноў жа на думку Д. Пятроўскага!) Яўгенам Скурко, сведчылі пра час і колькасць разасланых адозваў, як і сведчылі пра тое, што Яўген Скурко разам з Серафімам Лаворам з сярэдзіны снежня 1931 года кіраваў выпускам падпольных матэрыялаў…

3-і крымінальны аддзел Віленскага акруговага суда (старшыня — Сянкевіч, суддзі — Жанеўскі і Драц, пратакаліст — Гжымкоўскі ў прысутнасці віцэ-пракурора Д. Пятроўскага) засядаў два дні — 6 і 7 лістапада 1933 года.

На лаве падсудных апынуліся: Серафім Лавор (21 год), Ян Гарэлічонак (27 гадоў), Сяргей Скурко (22 гады), Уладзімір Хвалько (30 гадоў), яго брат Міхал Хвалько (28 гадоў), Мікалай Сіцько (19 гадоў) і Яўген Скурко (21 год).

Маладых беларусаў судзілі за ўдзел у змове пад назвай «Камуністычная Партыя Заходняй Беларусі».

Абвінавачанне па тым часе, можна сказаць, трафарэтнае!

Віну самага старэйшага Уладзіміра Хвалько суд прызнаў недаказанай.

Астатніх засудзілі на розныя тэрміны турэмнага зняволення, на восем гадоў пазбавілі публічных і грамадзянскіх правоў, а таксама ж кожны мусіў быў заплаціць 320 злотых судовых выдаткаў.

Суд за так не судзіў!

Праўда, суд адзначыў: хто без грошай (а без грошай, трэба думаць, былі ўсе!), за таго можа заплаціць са свайго скарбу дзяржава!

Яўген Скурко дастаў шэсць гадоў турмы…

Даследчыкі не раз адзначалі: на Лукішках Максім Танк выпускаў часопіс «Краты» і складаў рыфмаваныя творы. Нядаўні вучань меліярацыйных тэхнічных курсаў, ён меў добры почырк і ўмеў карыстацца рознымі шрыфтамі, таму турэмны камітэт неаднойчы даручаў яму перапісваць грыпсы.

Паэт называў грыпсамі астрожныя вершы, У. Калеснік — тайную перапіску палітвязняў, а даследчыкі Т. Барысюк і М. Барташэвіч даюць сваё тлумачэнне: гэта запіскі з турмы ці ў турму.

Слова «грыпсы» паўплывала на лёс і творчасць Максіма Танка істотным чынам!

У «Зорным спеве» У. Калесніка чытаю: «…чацвёртага лютага 1934 года… лукішскі наглядчык Аляксандр Трухан знайшоў у вентыляцыйных люках 175 камеры тайную перапіску палітвязняў, так званыя «грыпсы». Там былі перапісаныя песні «Мы пожара всемирного пламя», «Слезами залит мир безбрежный», і фрагмент паэмы «Як бог гуляў на ігрышчы»…».

А вось як пра гэты выпадак напісаў Максіму Танку 4 лістапада 1961 года летувіскі журналіст Ёнас Каросас: «…1934.2.17 тюремный сторож Трухан Александр в камере 175, в которой сидели студент Фейгенберг Давид и Фейгельман Ицек, в вентиляции под парашкой нашли (так у лісце; вядома ж, трэба чытаць не «нашли», а «нашел». — Л. Д.- М.) грипсы…».

У прыведзеных урыўках супадае нумар камеры, імя і прозвішча наглядчыка, і тое, што ён знайшоў, а менавіта — грыпсы, і дзе знайшоў — у вентыляцыі; урэшце, супадае год — 1934-ты, супадае месяц — люты, аднак жа не супадае дзень.

У. Калеснік піша пра 4-га, Ё. Каросас пра 17-га, а грыпсы былі знойдзены 14-га чысла.

Цяжка сказаць, на якія дакументы абапіраўся У. Калеснік, калі пісаў пра 4-га лютага; лягчэй растлумачыць, чаму памыліўся Ё. Каросас. Ён, пэўна ж, чытаў рапарт начальніка турмы, накіраваны 17 (!) лютага пракурору Віленскага акруговага суда.

Між тым, у рапарце цвёрда гаварылася: грыпсы (усяго пяць) Трухан знайшоў менавіта 14 лютага, за што вязняў камеры 175 на чатыры тыдні пазбавілі права атрымліваць харчовыя пасылкі.

Сведка Аляксандр Трухан 12 красавіка з’явіўся да старшага пастарунковага следчай службы Тадэвуша Пладоўскага. Карэнны віленчук, трыццацігадовы А. Трухан жыў на вуліцы Вітольдавай, у 42-ім доме, займаў 9-ю кватэру; пісаўся палякам, хадзіў да касцёла і ніколі не быў пад судом…

Чалавек яшчэ малады, але забыўлівы, і гэта акалічнасць вельмі важная для ўсёй справы!

Дазорац паказаў: у лютым 1934 года аднаго (?) дня ён праводзіў агляд камеры 175…

Заўважу: мінула ўсяго два месяцы, а ён ужо не мог успомніць, што аглядаў названую камеру менавіта 14 лютага…

Паводле А. Трухана: вязняў у камеры не было; Давыд Фейгенберг знаходзіўся ў судзе (запомнім гэта!), а Іцак Фейгельман на шпацыры (таксама запомнім!).

Дык вось, у пустой кутузцы турэмны вартаўнік выпараў з вентыляцыйнай продухі жмут папер і сярод іх знайшоў пяць грыпсаў, а таксама ж картку з надпісам «Давыд Фейгенберг» (такія карткі з прозвішчамі вязняў звычайна ўкладваліся ў кошык з харчамі, якія прыносілі ў турму родныя зняволеных).

У сваім пратаколе Т. Пладоўскі адзначыў, што ў час допыту, каб спраўдзіць — тая картка ці не, ён не паказаў А. Трухану картку з надпісам «Давыд Фейгенберг», бо яна недзе згубілася!

Камічная дэталька!

На паказаныя ж пяць грыпсаў А. Трухан сказаў, што гэта менавіта тыя грыпсы, якія ён выявіў у лютым (!) 1934 года ў камеры Іцка Фейгельмана і Давыда Фейгенберга…

Тады ж, 12 красавіка, узялі ўзор почырку і дапыталі ў якасці падазроных вязняў 175 камеры…

Студэнт Універсітэта Стэфана Баторыя, сын Гірша і Рахілі Давыд Фейгенберг нарадзіўся ў Вільні ў 1910 годзе, жыў на вуліцы Вакзальнай дом 11, кватэра 10, з’яўляўся памочнікам дырыжора, а ў турме апынуўся згодна знакамітага артыкула 97 (параграф 1)…

Пра пяць грыпсаў, якія ляжалі на стале Т. Пладоўскага, вязень сказаў, што бачыць іх першы раз! Даў яшчэ і такое тлумачэнне: гэта сам Трухан паведаміў яму, што знайшоў менавіта ў вентыляцыі нейкія паперы і, хаваючы іх за спінай, спытаўся ў яго: «Гэтыя грыпсы ты пісаў?» — а ён, вязень, адказаў, што ніякіх грыпсаў не пісаў і наогул не мог бачыць, што канкрэтна хавае ад яго дазорац…

Гэта паказанне якраз і выяўляе «арыгінальнасць» памяці Трухана. Аказваецца, падчас ператрусу вязень Д. Фейгенберг знаходзіўся не ў судзе, як сведчыў Трухан, а ў сваёй камеры…

І з І. Фейгельманам Трухан памыліўся!

Пра гэтага вязня даводзіў, што знаходзіўся ён (памятаем!) на шпацыры, аднак жа І. Фейгельман у той час, калі ў камеры быў ператрус, чытаў у судзе акты сваёй справы…

Як і яго таварыш па няшчасці, Іцак Фейгельман таксама ж заявіў Т. Пладоўскаму, што згаданыя пяць грыпсаў не пісаў і не ведае, хто іх напісаў і схаваў у вентылятары…

Чалавек веры Майсеевай, сын Лейбы і Сары Іцак Фейгельман жыў у мястэчку Лужкі Дзісенскага павета — дарэчы, як і доктар Усевалад Шыран.

У пратаколе ўзору почырку вязень вельмі прастадушна аднатаваў: «…был под судом за коммунистическую деятельность… Отсидел до сих пор семь месяцев и… сидеть еще три года и пять месяцев. Отец умер в 1927 году в лесу от болезни склероза сердца. Находясь в тюрьме, никакой деятельности не совершаю… По-польски писать не умею…».

Вядома ж, узяўшы пад увагу, што Фейгельман па-польску не піша, графолаг Ігнацы-Леан Другаль, а 12 красавіка ён быў і пратакалістам, папрасіў вязня накрэліць у пратаколе ўсе літары расійскага алфавіта, прычым двойчы (вялікія і малыя), а таксама ж усе арабскія лічбы (рымскія лічбы чамусьці не трэ было!), і нават накрэсліць габрэйскія літары (іхні пісьмовы варыянт)…

Выконваючы пракурорскае распараджэнне, 27 красавіка супрацоўнікі следчага аддзела дзяржайнай паліцыі места Вільні ўжо вядомы нам Т. Пладоўскі і пратакалістка-машыністка старшы пшадоўнік Яніна Падгайская зрабілі агляд рэчавых доказаў са справы І. Фейгельмана і Д. Фейгенберга, пераклалі грыпсы на польскую мову, падрабязна іх апісалі і склалі пратакол (тры поўныя друкаваныя старонкі і 13 радкоў на 4-й старонцы).

Змест апошняга грыпса падрабязна не апісаны, сказана толькі, што накрэслены ён алоўкам ад рукі на папяроснай гільзе з двух бакоў. Калі ўчытацца, то можна даведацца, што на Лукішках у нядзелю кармілі фасоллю і заціркай, у панядзелак — капустай і крупамі, у аўторак — гарохам і морквай, у сераду — гарохам і, здаецца, макаронай, у чацвер — фасоллю і крупамі, у пятніцу — крупамі і капустай, у суботу — гарохам і бручкай.

У наборы страў наступнага тыдня, акрамя вышэй названага, былі яшчэ буракі, селядцы і грэчка. Але чамусьці нідзе не называлася бульба, і нічога не гаварылася пра мяса і хлеб?!

Праўда, не ўсе словы ў невялічкім рукапісе ясныя, нават лупа не памагла разабраць іх, таму, трэба думаць, у нечытэльных радках пісалася якраз пра бульбу, мяса і хлеб…

А тым часам лукішская служба не спала.

У лісце Ё. Каросаса (тым самым, ад 4 лістапада 1961 года) ёсць абзац: «…1934.4.30 во время обыска в связи с 1 Майем у Лагуна Бр. в кармане был наден грипс…».

Сапраўды, 30 красавіка 1934 года аспірант турэмнай аховы Тадэвуш Бараноўскі, абшукваючы 162 камеру, знайшоў у вязня Браніслава Лагуна грыпс на польскай мове.

Засуджаны на пяць гадоў згодна артыкулаў 97 і 93 Б. Лагун чакаў перагляду сваёй справы ў апеляцыйным судзе…

5 траўня начальнік турмы Ян Чакала паведаміў пра знаходку пракурору Віленскага акруговага суда, адзначыўшы: вязня Б. Лагуна за хаванне грыпса на тры тыдні пазбавілі права мець харчовыя пасылкі…

Параўнаю: за гэткую ж правінку вязняў 175 камеры пакінулі без хатняй яды на чатыры тыдні.

Пэўна, так сталася таму, што ў 175 камеры знайшлі ажно пяць грыпсаў.

А вось раней за такое каралі слабей: так, 20 лютага 1926 года за напісанне трох старонак у справе стварэння турэмнага камітэта вязень Ісер Мільнер быў пазбаўлены спатканняў і хатняга харчу ўсяго толькі на сем дзён…

Б. Лагун сядзеў у адной камеры з Яўгенам Скурко і Янам Гарэлічонкам, а грыпс, выяўлены Бараноўскім (дарэчы, імя і прозвішча аспіранта нехта накрэсліў алоўкам наўскос на рапарце Чакалы), — дык вось, грыпс, выяўлены аспірантам Бараноўскім, заклікаў да гвалтоўнай змены палітычнага ладу ў Польшчы і называўся «1-га Мая».

Цікава, менавіта 1 мая (1 траўня) была перагледжана справа Серафіма Лавора, Яна Гарэлічонка, Сяргея Скурко, Міхала Хвалько, Мікалая Сіцько і Яўгена Скурко.

Паводле У. Калесніка: «…Віленскі апеляцыйны суд… перагледзеў справу. Танку далі два гады турмы ўмоўна… Праседзеўшы год на Лукішках, 1 мая 1934 года Максім Танк выйшаў на волю…».

Разам з ім выпусцілі і Мікалая Сіцько, які, як высветлілася, быў канфідэнтам!

Аналізуючы гэты факт, Анатоль Сідарэвіч сказаў, што такая была практыка: канфідэнта заўсёды выпускалі разам з падпольшчыкам, каб у вачах падполля цень недаверу падаў на іх вызваленага таварыша…

А гісторыя з канфідэнтам вартая асобнага апавядання!

Сын Антона і Марыі Мікалай Сіцько з’яўляўся жыхаром вёскі Малыя Эйсмонты Мала-Бераставіцкай гміны Гродзенскага павета.

У выраку акруговага суда сказана: Сіцько арыштавалі 12 траўня 1933 года, а ў выраку апеляцыйнага суда — 12 траўня 1932 года.

Памылка — ці гаворка пра два розныя арышты?

Магло быць і два!

Напрыклад, яго суседа па кватэры на Букавай Яўгена Скурко за гэты час двойчы арыштоўвалі; нагадаю: 29 красавіка 1932 года і 27 траўня 1933 года!

Аднак жа калі паверыць у версію, што Сіцько арыштоўвалі два разы, то выходзіць, што другі раз яго ўзялі роўна праз год (ну, проста дзень у дзень!) — 12 траўня!

Такое магчыма?

Магчыма.

Аднак жа дакумента, з якога вынікала б, што так і было, у мяне няма, таму думаю: Сіцько арыштоўвалі ўсё ж такі адзін раз і менавіта 12 траўня 1933 года.

Тут хутчэй за ўсё памыліўся пратакаліст апеляцыйнага суда (нейкі стажор Дабкус), бо інакш выходзіць: канфідэнт паўтара года чакаў у камеры разгляду сваёй «справы» ў акруговым судзе, а калі ўзяць пад увагу разбор у апеляцыйнай інстанцыі, то бедны памочнік паліцыі цярпеў усе два гады!

Нешта не верыцца ў гэта, а больш верыцца ў тое, што па загаду свайго камісара Сіцько адседзеў без двух тыдняў год.

Але як бы там ні было, усё адно шкада яго, дзевятнаццацігадовага…

Кажучы тагачаснай судовай мовай, са студзеня 1932-га і Сіцько ўзяў (!) удзел у змове пад назвай «Камуністычная Партыя Заходняй Беларусі», за што й быў пакараны 7 лістапада 1933 года акруговым судом на тры гады турмы.

У сваёй апеляцыйнай скарзе прасіў, каб яго апраўдалі, і прызнаўся, што быў функцыянерам следчага аддзела ў Наваградку і меў заданне ад камісара Лабяка ўвайсці ў давер да камуністаў, а калі атрымаецца, то ўступіць і ў кампартыю.

– У акруговым судзе я пра гэта не заяўляў, — тлумачыў бедны Сіцько, — бо тады на разбор не з’явіўся камісар Лабяк!

Адносна камісара, які не з’явіўся на разбор, — тлумачэнне наіўнае!

Сіцько ў сваю абарону нічога не заяўляў, бо хутчэй за ўсё меў цвёрды загад маўчаць; меў загад у якасці інфарматара заставацца за кратамі.

А калі зрабіў сваю работу і, мусіць жа, удала, тады яго пашкадавалі, — дазволілі ў судзе вышэйшай інстанцыі «прызнацца».

Вось тады й камісар Антоні Лабяк прыйшоў у гэтую інстанцыю і, як сведка, паказаў: сапраўды, Мікалай Сіцько дапамагаў наваградскай следчай управе; звесткі, якія здабываў ён, былі каштоўныя; самога ж яго не назавеш зацятым камуністам (велікадушна тлумачыў камісар!), бо Сіцько ўвайшоў у кампартыю з ведама паліцыі, і ў такім сваім званні мог мець і нелегальную літаратуру, якую да свайго арышту проста не паспеў перадаць уладзе…

Мусіць жа, гаворка тут і пра тыя камсамольскія цыркуляры, якія 27 красавіка 1932 года выявіў пшадоўнік Леан Гансяроўскі…

І нейкі Бітнер (таксама сведка) далажыў апеляцыйнаму суду, што Сіцько пачаў супрацоўнічаць з паліцыяй прыблізна з канца 1930 года, і для яго, Бітнера, няма нічога дзіўнага ў тым, што Сіцько, як інфарматар, належаў да КПЗБ…

А калі так, калі прыналежнасць да КПЗБ несапраўдная, калі няма доказаў адносна ідэйнай далучанасці да партыі камуністаў, то суд пастанавіў: Мікалая Сіцько апраўдаць!

Тут яшчэ цікава і тое, што пасяджэнне вялося адкрыта, і ўсе такім чынам даведаліся, хто ён такі — Мікалай Сіцько!

Але няўжо дэфензіва не магла нішкам вызваліць свайго агента, каб і надалей скарыстоўваць яго ў аператыўнай рабоце?

Вядома ж, магла, але мэту мела іншую, а менавіта: выставіць з нядобрага боку Яўгена Скурко — то-бок, апраўдаць яго разам са сваім памагатым і разам выпусціць з турмы ў адзін і той жа дзень!

Няхай зласліўцы паціраюць рукі: ага, дык жа выпусцілі разам з дэфензіўшчыкам!

Тады, 1 траўня 1934 года, 1-шы крымінальны аддзел Віленскага апеляцыйнага суда засядаў у такім складзе: старшыня — Ядзевіч, суддзі — Ільін і Матусевіч, а пратакаліст, імя якога ўжо згадвалася, — стажор-юрыст Дабкус. Пасяджэнне адбывалася ў прысутнасці віцэ-пракурора Гвірыні…

Удакладню пастанову ў дачыненні да Яўгена Скурко: два гады турмы з адтэрміноўкай выканання прысуду на пяць гадоў і 120 злотых судовых выдаткаў.

Цалкам кнігу можна будзе прачытаць у часопісе «Дзеяслоў».