Надоечы ў Нашай Ніве быў апублікаваны заклік мастака Міколы Купавы да збору ахвяраванняў на адбудаванне базыліянскага кляштару ў Воршы. Крыху са спазненнем далучаюся і сваім допісам.

 

Кляштар, як і ў 1831 годзе, сёння (з 2005 г.) перададзены РПЦ, бо ў мясцовай улады ён вісеў, як камень на шыі. У сярэдзіне 90-х хадзілі чуткі, што ў сценах кляштару мусіць паўстаць мастацкая галерэя. Але нават і намёку на нейкія зрухі ў гэтым кірунку не было. Між іншым, і з перадачай аб’екту праваслаўным справа не надта пасунулася. Які там царкоўны бюджэт няясна, але рэстаўрацыйныя працы туды, здаецца, не ўваходзяць. Таму ўсё трымаецца на ахвяраваннях парафіян. Аднаўляць кляштар паручылі манахіні Фомаідзе (Стрэльнікавай), але пасля цяжкай хваробы яна пакінула паслушэнства, і з 2009 г. справу вядзе манахіня Данііла (Цяцькова Е.В.). З ёй мне ўдалося крыху паразмаўляць. Дарэчы, гаварыла пані на беларускай мове. Гэта да таго, што літаральна праз Дняпро, у Ільінскай царкве, манашка папрасіла перайсці з ёй на расейскую. А на пытанне наконт выданняў па-беларуску сказала, што на літаратурнай мове больш ніхто цяпер не гавора. Яшчэ б.. З тым укладам РПЦ у справу русіфікацыі то ня дзіва. Вяртаючыся да нашае гутаркі. Са словаў манахіні Даніілы, аршанскае начальства пасля перадачы кляштару хутчэй замінае аднаўленчым працам, бо замест дапамогі шлюць адны праверкі й інспекцыі. За тое, што працы не ўкладваюцца ў папяровыя тэрміны, быў накладзены ўжо і штраф. У той жа час, ніводнае прадпрыемства ці чыноўнік не аказалі дапамогі талерамі. Уся помач складаецца з ахвяраванняў парафіян. Але гэтых грошай, зразумела, не хапае. Таму просьба да ўсіх неабыякавых (і найперш саміх аршанцаў) зрабіць пасільны ўнёсак у добрую справу.

Р/р 3015335456015, УНП 300986971 ЦКА №4 дырэкцыі ААТ «Белінвестбанк». г. Орша, вул. Леніна, 26а, БІК 153001739. Атрымальнік: прыход Свята-Пакроўскага храма г. Орша Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.Крыху гісторыі

Дзейнасць уніятаў у Воршы пачалася з 1642 года, калі мітрапаліт Антоній Сялява пабудаваў драўляны жаночы кляштар. А ў 1758 годзе, па ініцыятыве і на сродкі аршанскага старасты Івана Лянкоўскага, пачалося будаўніцтва мураванага мужчынскага кляштару. З тае прычыны, што ўся зямля ў гістарычным цэнтры горада была ўжо занятая, будоўлю перанеслі на ўскраіну (сёння гэта ўжо даўно цэнтр), на правы бераг р. Аршыцы. Ва ўтульнае, ціхае і маляўнічае месца, што бачна яшчэ па фота пачатку ХХ ст. У склад кляштарнага комплексу ўвайшлі: мураваны касцёл Апекі Маці Божай і двухпавярховы жылы корпус. Будаўніцтва было завершана ў даволі сціплы тэрмін – за 16 год. І ў 1774 годзе, ужо пасля акупацыі краю Расеяй, адбылося асвячэнне кляштару. Жылы корпус – двухпавярховы Т-падобны будынак, некалі з вальмавым дахам, выкананы ў стылі віленскага барока. Скляпенні і першы паверх маюць крыжовыя аркі, а другі – бэлечнае перакрыццё. Фасады аздоблены пілястрамі, руставанымі цягамі і плоскімі нішамі. У паўднёва-ўсходнім крыле змяшчаецца міжпавярховая лесвіца, трапезная і актавая заля. Касцёл жа ўяўляў сабой сапраўдны пярліну комплексу. Гмах быў аграмадны. Яго вышыня складала 42 метры (дастаткова ўявіць, што сучасны 9-павярховік блізу 30 метраў у вышыню). Усё той жа стыль – позняе віленскае барока.Трохнававая базыліка з двухвежным фасадам. Касцёл распраціраў сваю веліч і прыгажосць над усім горадам, і быў бачны з любога кутка Воршы. Мастак М. Купава назваў яго аршанскім «Нотр-Дамам», з чым нельга не пагадзіцца.Пры канцы ХVІІІ — пачатку ХІХ стагоддзя кляштар узначальваў Іраклій Лісоўскі. Нарадзіўся Ёсіф (свецкае імя) ў 1734 годзе ў Полацкім ваяводстве. Паходзіць з асеўшага ў ВКЛ польскага шляхецкага роду (герба «Адравонж»). Навучаўся ў школе пры кляштары дамініканаў ва Ўшачах. Там жа ўступіў ва ордэн базыліянаў св. Язафата і атрымаў імя Іраклій. З 1784 года з’яўляўся ўніяцкім арцыбіскупам полацкім. А з 1806 года мітрапалітам кіеўскім, галіцкім і ўсея Русі (без пацверджання Папы Рымскага). Пасля падзелу Рэчы Паспалітай абапіраўся на падтрымку царызма. Быў прыхільнікам ачышчэння абраднасці ад лацінскіх пазычанняў. Забараняў уніяцкім святарам процідзейнічаць схіленню вернікаў у праваслаўе. У 1800 годзе базыліяне паскардзіліся на Лісоўскага за распіл кляштарных фундушаў, за што былі заключаны ў Шлісельбургскую крэпасць. А 1805 годзе спрыяў выданню загаду Пецярбургскай рымска-каталіцкай калегіі пра скасаванне базылянскіх кляштараў. Памёр у 1809 годзе.Пасля паўстання 1830-1831 гг. кляштар перададзены праваслаўным і пераўтвораны ў Пакроўскі мужчынскі манастыр. Бажніца Апекі Божай Маці была перайначана на псеўда-рускі манер і страціла сваё адметнае аблічча. У 1839 годзе скасоўваюць і само ўніяцтва. А ў сярэдзіне 60-х гадоў ХІХ стагоддзя збудаваная новая царква  святога Яўфімія. Тут размясцілася і духоўнае вучылішча. Пасля рэвалюцыі 1917 года ў манастырскіх келлях атабарыўся земаддзел, чарцёжны архіў і краязнаўчы музей. Тут знаходзіліся старадрукі, у тым ліку Куцеінскай тыпаграфіі першай паловы ХVІІ стагоддзя і партрэт Багдана Статкевіча-Завірскага, заснавальніка мужчынскага Куцеінскага манастыра. Пры музеі працавала метралагічная станцыя. У час Другой сусветнай касцёл Апекі Боскай Маці быў пашкоджаны, але выкарыстоўваўся як склад. Жылыя будынкі манастыра прыстасавалі да падменнага жылога фонду ЖЭУ і майстэрняў мастакоў. У 1969 годзе гарадская камісія прыйшла да высновы, што будынак царквы (раней касцёлу Апекі Божай Маці) знаходзіцца ў аварыйным стане і пагражае бяспецы насельніцтва. Аддалі загад на знішчэнне. Будынак адпачатку спрабавалі ўзарваць, але сцены двухмятровай таўшчыні не паддаліся вандалам. Спробы распалу вогнішча ўнутры касцёла зімой таксама не далі плёну. І толькі праз шматдзённы ўпарты грукат чугуннай бабы з аршанскім «Нотр-Дамам» было ўсё скончана. Застаўся толькі невялікі кавалак сцяны (рэшткі вежы левай навы). На пачатку 90-х гадоў практычна на месцы касцёла паўстаў быдынак аршанскага ГАЎС. А жылыя будынкі манастыра пераўтварыліся ў гарадскі сметнік і прыбіральню. З 2005 года, як адзначалася вышэй, разваліны манастыра перададзены Віцебскай епархіі. Цяпер маюць назву Пакроўскі мужчынскі манастыр. Побач збудаваны драўляны храм. Па словах манахіні Даніілы і жыхароў горада паміж царкоўнымі будынкамі нібы маюцца падземныя хады (у тым ліку праз рэкі Аршыцу і Дняпро). Некаторыя рэшткі з гэтых камунікацый былі выяўлены пад час будаўнічых прац у горадзе, але належнага археалагічнага агляду не атрымалі, і былі зноў засыпаныя зямлёй. Пэўныя даследчыя працы хадоў адбыліся толькі ў пачатку 90-х гадоў.Любіцельскія фотаздымкі з кнігі Фота з часопісу “Наша Вера”

Паводле некаторых даследчыкаў у базылянскім кляштары захоўвалася і Аршанскае евангелле (чытаць on-line). Гэта рукапісны зборнік ХІІІ стагоддзя, верагодна створаны на Полаччыне. Захавалася ўсяго 142 аркушы (без пачатку і канца). Знойдзены ў 1812 годзе пасярод царкоўных рэчаў і хлуду, раскіданага французамі. У 1874 годзе памешчык Меленеўскі перадаў Евангеле ў музей Кіеўскай духоўнай акадэміі. Сёння захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы  АН Украіны (Киев. ЦНБ АНУ. ДА/П. 555. Лл. 42 об., 123 об.)Пры канцы лета 2012 года аўтарам было зроблен шэраг фотаздымкаў сучаснага стану кляштара. Якасць не занадта, бо было ўжо даволі позна. Але сёе-тое разгледзець можна.