Калі б мяне хто запытаў, які момант у маім жыцьці быў самы шчасьлівы, я
б не задумваючыся сказаў: дзень абвяшчэньня незалежнай Беларусі,
прызнаньня Пагоні і бел-чырвона-белага сьцягу дзяржаўнымі сымбалямі.

У кожнага свая формула шчасьця. Аднак думаю, што можна акрэсьліць нешта агульнае: фізычнае здароўе, душэўная гармонія (тэафанія ці хаця б дэізм), добрая сям’я, дзеці, любімая праца, паяднаная і шчасьлівая малая і вялікая Радзіма. Гэта, натуральна, з пункту гледжаньня, так бы мовіць, кансэрватыўнай асобы, якая не “дарасла” да постнацыянальнага “канстытуцыйнага патрыятызму” і абсалютна сэкулярызаванай сьвядомасьці.

На сваёй малой радзіме, Буцькаўшчыне (вёска на Полаччыне), што запоўніла маю раньнюю частку жыцьця, я адчуваў гармонію душы: прырода, мова, блізкія, – усё было сваё і зразумелае. З інтэлектуальным сталеньнем паміж 30 і 40 гадамі нарадзіўся асабовы дыскамфорт. Пачаліся пошукі Бацькаўшчыны…

Гэтыя пошукі супалі (або ўзьніклі?) з часам заняпаду савецкай сістэмы і пачаткам нацыянальных вызвольных рухаў. БНФ – гэта тое, чаго падсьвядома праглі беларусы ў грамадзкім жыцьці. І рух, і потым партыя БНФ узьніклі як гармонія ідэальнага і рэальнага, калі высокія мэты супадалі з амаль ідэальнай практыкай увасабленьня іх у жыцьцё. Такое бывае толькі ў пэрыяды гістарычнага ўздыму, калі на сцэне і за кулісамі робяць гісторыю бескарысьлівыя асобы, калі грамадзянская мужнасьць і салідарнасьць добрых людзей дасягаюць сваёй вяршыні.

Цяпер, калі ў шэрагах БНФ ідуць спрэчкі пра маральнасьць хаўрусаваньня зь іншымі дэмакратычнымі рухамі або ўрадавымі структурамі, мы забываемся на тое, што побач з “паддашкамі”, “Майстроўняй”, “Талакой”, “Люстрадзёнам”, моладзевымі воднымі ралі і да т. п. да ўзьнікненьня Фронту было, так бы мовіць, хаўрусаваньне і з афіцыйнымі ўтварэньнямі: танкаўскім Саюзам пісьменьнікаў, чыгрынаўскім Фондам культуры, гілевічаўскім Таварыствам беларускай мовы, нікіфараўскім Саюзам кінематаграфістаў, хадыкаўска-конанаўскім афіцыйным акадэмічным “Сумоўем”, вярцінскаўскай газэтай “ЛіМ”, церашчатаўска-хадыкаўскім акадэмічным музеем старажытнабеларускай культуры, бураўкінскім тэлебачаньнем, рабочымі калектывамі, энтузіястамі зь Міністэрства асьветы … Бязь іх не атрымалася б Фронту, якімі б геніяльнымі і самаадданымі ні былі б ягоныя бацькі-заснавальнікі. Зразумела, як ужо гаварылася, актыўнасьці грамадства спрыяў дух часу.

Пра такое думаецца зараз. І гэта, пэўна, урокі для пасьпяховай дзейнасьці ў будучыні. Праз уласны досьвед грамадзкай працы ў Фондзе культуры (там я ўзначальваў моўную камісію, а потым увайшоў у склад урадавай камісіі для напісаньня закону аб мовах), на радыё і тэлебачаньні (чытаў лекцыі для журналістаў і дыктараў), супрацоўніцтва з Міністэрствам асьветы (стварэньне беларускіх клясаў, напісаньне праграмаў), сустрэчы ў працоўных калектывах (камэнтары да афіцыйнай інфармацыі, гаспадарчая статыстыка) ведаю, як цяжка было заваёўваць сэрцы прыспаных людзей і сьвядомых апанэнтаў, пераадольваць страх перад міліцыяй і чыноўнікамі, змагацца на працы, перажываць паклёпы і плёткі.

Абмяжуюся двума прыкладамі. Першы такі. Пасьля ўтварэньня Аргкамітэту БНФ мне прапанавалі стаць першым скарбнікам руху. Уявіце сабе, калі афіцыйная прэса захліпаецца, малюючы БНФ як найміта заходняга замежжа і ворага ўсяго расейскага і савецкага, у “Навінах БНФ” у інфармацыйным паведамленьні пра стварэньне руху даецца нумар рахунку і маё прозьвішча скарбніка. Рух не зарэгістраваны. Тады гэта не лічылі тэрарызмам, як цяпер, але прыемнага было мала. Прыйшлося хадзіць і ў пракуратуру, і ў апорны пункт міліцыі па месцы жыхарства, і слухаць тэлефонныя пагрозы. У апорным пункце мяне папярэдзілі, што ў БНФ шмат незычліўцаў, напрыклад сярод “аўганцаў”, і што міліцыя ня можа гарантаваць мне маю асабістую бясьпеку. Праўда, тады я быў малады, і на вуліцы было іншае паветра. Людзі слалі грошы, хто пяцёрку, хто дзясятку, хто тры рублі. Найвялікшае ахвяраваньне зрабіў прафэсар Макс Куняўскі – 100 даляраў, якія ён перадаў ад імя швайцарскага прадпрымальніка, які прыехаў на разьведку ў Беларусь. Нейкім чынам “Навіны БНФ” патрапілі за мяжу. Гэтыя даляры Макс перадаў мне асабіста кэшам. Потым я перадаў іх пры сьведках Зянону. Гэта ўжо было пазьней, калі мы былі дэпутатамі.

Адразу пасьля ўтварэньня Аргкамітэту запомнілася гутарка ў пракуратуры Ленінскага раёну (я жыў тады ў Серабранцы). Пракурор кажа мне: “Як фізычная асоба вы ня маеце права атрымліваць на свой асабісты рахунак ахвяраваньні ад насельніцтва”. Я кажу яму: “Дзе гэта напісана? Чаму не? Людзі ж пасылаюць паводле аб’яваў грошы, напрыклад, бацькам для хворых дзяцей на аперацыю”. Ён мне: “Дык хто ж у Вас хворы?” Я яму ў адказ: “Наша грамадзтва хворае. Мы зьбіраем грошы на лекаваньне грамадзтва. Мы зь лепшымі сіламі СССР. Наш рух называецца “БНФ за перабудову. Адраджэньне”. (Хутка нашая скіфская хітрасьць перастала існаваць: словы “за перабудову” прапалі з афіцыйнай назвы руху). Паказваю яму маскоўскую газэту, дзе падобныя аб’явы друкуюцца незарэгістраванымі, як тады казалі, нефармальнымі арганізацыямі. Эківокі на Маскву тады дапамагалі. Пракурор памякчэў, але папярэдзіў, што рахунак будзе закрыты. Зараз цяжка верыцца, што такія завілыя гутаркі вяліся ў пракуратуры. Праўда, месяцы з два рахунак існаваў. Потым, пэўна, па ашчадных касах прайшоў нейкі цыркулярны ліст, і грошы пачалі адсылаць назад адрасатам. Апошнія 15 фронтаўскіх рублёў я патраціў на фотатэлеграму ў Маскву на імя прафэсара Жураўлёва, які быў кааптаваны ў аргкамітэт БНФ і пры падтрымцы Фронту разам з Шушкевічам ды Ігнатовічам быў абраны ў апошні ВС СССР. Жураўлёў быў абраны намесьнікам старшыні камісіі па падатках і фінансах. Ягоны першы “апартуністычны” выступ у Маскве страшэнна абурыў нас усіх. Тады мы страшэнна верылі ў моц слова, сказанага з трыбуны. Потым я перадаў ашчадную кніжку на захаваньне ў архіў Фронту.

Непрыемныя хвіліны прыйшлося перажыць у родным педынстытуце, дзе я працаваў дацэнтам на дашкольным факультэце. (Пра гэта я пісаў у сваіх “аўтабіяграфічных арабэсках” Мой Шыбалет, што зьявіліся ў канцы 2008 году ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды”). Празь дзень пасьля стварэньня Аргкамітэту БНФ (гэта адбылося ў Чырвоным касьцёле), у склад якога я ўвайшоў разам зь Вінцуком Вячоркам, маім калегам па катэдры, мяне афіцыйна запрасілі на пашыранае паседжаньне навуковай рады інстытуту. Сход адбываўся ў самай вялікай аўдыторыі інстытуту, дзе сабралася больш за 300 асобаў, выкладчыкаў і студэнтаў. Мэтаю сходу было папярэджаньне калектыву аб недапушчэньні ўдзелу ў руху БНФ. Вёў пасяджэньне прарэктар інстытуту па выхаваўчай працы таварыш Атрошчанка (зямля яму пухам!), былы сакратар гаркаму КП Беларусі. Ва ўступным слове ён абмаляваў небясьпеку, якую нясуць прыбалтыйскія народныяфранты адзінству СССР, і спыніўся на задачах калектыву з улікам грамадзка-палітычнага становішча, як тады казалі, «у рэспубліцы». Галоўным ворагам стабільнасьці ў Беларусі быў названы БНФ. Назвалі прозьвішчы выкладчыкаў Вячоркі і Садоўскага, якія зганьбілі гонар інстытуту, стаўшы ў шэрагі кіраўнікоў варожай арганізацыі. Згадалі і імя нашага загадчыка катэдры Яўгена Міхайлавіча Адамовіча, які«занядбаў выхаваўчую працу ў падначаленым калектыве». Вінцук Вячорка быў на вайсковых зборах і на сходзе не прысутнічаў. На сцэне за катэдрай стаяў прарэктар Атрошчанка, а мяне, як злачынцу і вінаватага, выклікалі на сцэну.

Сцэнар быў для мяне ўжо да болю знаёмы. Раней, яшчэ ў студэнцкія гады, мне давялося прысутнічаць і выступаць на сходзе ў ін’язе, дзе выганялі з інстытуту дысідэнта Зьміцера Багушэвіча, потым перажыць уласнае выключэньне з выкладчыцкага складу alma mater з “воўчым запісам” у працоўнай кніжцы., перажыць навочна выгнаньне з Інстытуту мовазнаўства АН БССР “нацыяналіста” Алеся Каўруса.

Утварыўся псыхалягічны трохкутнік: прарэктар, заля і я. Як гэта са мною часта бывае, у хвіліны небясьпекі ці проста стрэсу, калі мне ў голаў лезуць нейкія мэлёдыі, вершы ці крылатыя выразы, тады на сцэне ў падсьвядомасьці, як згустак маланкі, прабліснуў сынэдрыён, Хрыстос і мэлянхалічныя думкі пастэрнакаўскага лірычнага героя:

Но продуман распорядок действий,

И неотвратим конец пути.

Я один, всё тонет в фарисействе,

Жизнь прожить — не поле перейти…

Але блюзавы настрой (калі добраму чалавеку дрэнна) неяк сам па сабе перабудаваўся ў пераможны маршавы лад, бо мой зрок, як ужо даволі спрактыкаванага лектара, спыніўся на прыгожым усьмешлівым твары маладой выкладчыцы, якую я неаднойчы бачыў на нефармальных сходках таго часу. Я эмацыйна вярнуўся ў Чырвоны касьцёл, дзе ўчора Васіль Быкаў і Зянон Пазьняк бліскуча перамаглі ў ідэалягічнай дуэлі эмісара ЦК КПБ таварыша Бузука. Адчуваючы ўнутраную няўпэўненасьць таварыша Атрошчанкі, я дазволіў сабе паакторстваваць і папрасіў даць мне месца на трыбуне, а прарэктару прапанаваў заняць месца ў залі. Заля прыхільна загула. Прарэктар мусіў сысьці з трыбуны, але ня сеў у залю, а прыладкаваўся побач на адно з крэслаў, што стаялі на сцэне ўздоўж сьцяны. Адчуваючы подых дабрыні, якая запаўняла залю і даходзіла да сцэны, я падсьвядома зразумеў, што павінен прадэманстраваць, што я не баюся свайго апанэнта, а хачу зьліцца з прысутнымі, што мы тут — не трохкутнік, а «бінарная апазыцыя»: заля і я супраць камуністычнага сынэдрыёну. Дзіўна, але я абсалютна ня памятаю, што я гаварыў. Усё ішло як на аўтапілёце. Ня памятаю, якім фармальным выракам закончыўся сход. Памятаю толькі добры гул у залі, аплядысмэнты ў задніх шэрагах, дзе сядзелі студэнты, поціск сяброўскіх рук у калідоры і хмель маральнай перамогі. Празь некалькі дзён мяне «прагналі» праз датэрміновы закрыты конкурс на вучонай радзе інстытуту. Аднак вынік адлюстроўваў настрой вуліцы і аўтарытэт руху БНФ «Адраджэньне»: сорак сем членаў рады прагаласавалі супраць майго выключэньня з выкладчыцкага корпусу, і толькі чатырнаццаць — за. Аргумэнтам на маю карысьць быў і мой высокі рэйтынг як выкладчыка. На нашым дашкольным факультэце, паводле апытаньня студэнтаў, я дзяліў першае-другое месцы з прафэсарам псыхалёгіі Якавам Каламінскім.

І па-за межамі тых установаў, дзе працавалі члены Аргкамітэту БНФ «Адраджэньне», была арганізаваная цэнтралізаваная кампанія паклёпу і дыфамацыі. Ва ўсе раённыя цэнтры, установы і прадпрыемствы разаслалі цыркулярныя лісты-арыентыроўкі ЦК КПБ для мясцовых кіраўнікоў з тлумачэньнем «бягучага моманту». На сходах зачытвалі прозьвішчы адшчапенцаў, якія зьліліся з прыбалтыйскімі фашыстамі і плянуюць усталяваць у Беларусі нацыяналістычны лад і выгнаць усіх расейцаў. Ціснулі на сваякоў, якія жылі нават далёка ад Менску. Майго брата Толіка, члена КПСС, інжынэра-эканаміста Слуцкага цукровага заводу, выклікалі ў райкам і там параілі па-сваяцку паўзьдзейнічаць на неразумнага сталічнага брата. Я даведаўся пра гэта толькі праз год, калі ўжо стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету. Тады брат прыслаў мне ліст. Але, наколькі я магу меркаваць, гэта быў ня ліст падтрымкі, а хутчэй заклапочанасьці, бо жонка схавала яго ад мяне і спаліла. Можа, гэта было і разумна, бо ў мяне хапала тады непрыемнасьцяў на працы і бяз братавага ліста. З братам пра тое я ніколі гаворкі не пачынаў. Ён сам таксама нічога не ўспамінаў — толькі пасьля таго, магчыма, саромеючыся свайго пасланьня, амаль перастаў прыяжджаць да нас у Менск. Можа, прычынаю стала братава здароўе. Шчыры камуніст і савецкі патрыёт, праз тры дні пасьля выбуху ён добраахвотнікам паехаў у чарнобыльскую зону, дзе правёў сорак два дні — з 2 траўня да сярэдіны чэрвеня 1986 году, зь іх шэсьць дзён у непасрэднай блізіні ад рэактару. Якраз у 1989 годзе ў яго пачалося татальнае разбурэньне арганізму. Цяпер ён мае дзьве штучныя сківіцы, цукровы дыябэт, штучныя зрэнкі, сапсаваную нэрвовую сыстэму і яшчэ шмат чаго іншага. Разы два на месяц яго б’е трасца — так у нас дома ў Буцькаўшчыне звалі ліхаманку. Акрамя фізычных пакутаў, ён мучаецца і маральна: апантаны рыбар і грыбар, са сваімі штучнымі зрэнкамі ён дрэнна бачыць паплавок і грыбы ў восеньскім лесе… Ягоная чарнобыльская пэнсія ў прэзыдэнцкай Беларусі на дзесяць эўра перавышае маю, па ўзросьце, якая раўняецца прыблізна 130 эўра. Улада, падобна, чакае, што ліквідатары хутка перамруць і праблема вырашыцца сама сабою. Я, дарэчы, як колішні амбасадар і член прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, што працаваў на сталай аснове, маю права на пэнсію «За асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь», якую цяпер атрымліваюць міністры, дэпутаты, амбасадары ды іншыя «правільныя» дзяржаўныя дзядзькі. Яна перавышае маю разы ў тры–чатыры. Аднак я патрапіў у сьпіс асобаў, непажаданых для рэжыму. Гэта пэўная плата за ўдзел у нацыянальным адраджэнскім руху. Але ж гэта – дробязь у параўнаньні з тым шчасьцем, якое выпала на нашу долю.

Той час вялікіх, хаця пакуль і ня спраўджаных чаканьняў і радаснай апантанай дзейнасьці поплеч зь лепшымі сынамі Беларусі застаецца ў памяці як момант шчасьця, які надаў сэнс усяму майму папярэдняму і пазьнейшаму існаваньню.

Калі б мяне хто запытаў, які момант у маім жыцьці быў самы шчасьлівы, я б не задумваючыся сказаў: дзень абвяшчэньня незалежнай Беларусі, прызнаньня Пагоні і бел-чырвона-белага сьцягу дзяржаўнымі сымбалямі. Тады ўвечары, на Плошчы Незалежнасьці каля Дому Ураду нехта падсадзіў мяне на дах трансьляцыйнай фуры БТ, каб я, як і іншыя дэпутаты ад БНФ, сказаў слова перад народам. Мяне душылі сьлёзы радасьці, у горле засеў нейкі камяк. Я ня мог знайсьці патрэбныя словы і… засьпяваў купалаўскую “А ў бары-бары тры дарожанькі”. Радок прыпеву “Выбіраў жаўнер трэцю сьцежачку, бо вяла яна ў родну межачку…” са мной сьпявала ўся плошча. Я бачыў шчасьлівыя вочы Зянона Пазьняка, які стаяў побач.

______________________________________

Пётра Садоўскі (нар. у 1941 г.) — кандыдат філялягічных навук, першы Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусі ў Нямеччыне.