Хочацца, хочацца, хочацца. Калі не свабоды – дык хаця б сваволі. Калі не праўды – дык хаця б правільнага прагнозу надвор’я. Калі не любові – дык хаця б павагі.

Што да апошняй, дык гэта, мабыць, самае цяжкае. Сталася так, што ўжо ад самой фразы “Ты мяне паважаеш?” на нашых абшарах ідзе густы гарэлачны перагар. Таму і гаварыць пра павагу тут бессэнсоўна – як з п’яным, і прэтэндаваць на яе смешна. І лягчэй за ўсё было б кінуць праз плячо: паважаныя пасажыры, а ці не пайшлі б вы на… Разам з усімі рухомымі і нерухомымі часткамі гэтага эскалатара. Моцы больш няма далей з вамі ехаць.

Не ідуць. І правільна робяць. Каб пачаць размову пра непавагу, патрэбны адзін, выведзены за межы натоўпу, варты яе персанаж. Здароў, персанаж!

Не адгукаецца. Пакрыўдзіўся на гэткую фамільярнасць. Уцягвае галаву ў плечы, удае, што не пазнаў, збіраецца выйсці на наступнай станцыі. А праціснешся да яго, дык скажа дрыжачым голасам якую-небудзь банальнасць кшталту: “Што гэта вы мне тыкаеце? Мы з вамі на брудэршафт не пілі”. Не паважаць можна толькі тых, з кім піў: на брудэршафт, і пажадана на фоне ландшафтаў, і пад Шуфуцінскага. Астатніх паважаць трэба – апрыёры, як у банку.

Павага да бліжняга свайго – яна як сподняе, як бялізна, усе яе нібыта маюць, але не кожнаму з тых бліжніх яна відаць. Яшчэ Кант прыкмеціў, што мы можам не выказваць павагі, але зусім не адчуваць яе не здольны ніхто (вось жа, быццам без яго не ведалі). Можна, вядома, нахіляцца ў паклонах так нізка, каб майткі выглядвалі, але гэта ўжо будзе хутчэй падхалімства.

Іншая рэч – непавага: гэта матэрыя тонкая, надзяваецца паўзверх і пасуе далёка не кожнаму. Але носяць яе паўсюдна і дэманструюць з ахвотаю.

Наш персанаж адчувае непавагу да сябе (і на сабе) на кожным кроку. Ён жыве ў сталіцы – і таму звыкся. Хаця сам зусім не дурны і з адукацыяй. Гэта толькі здаецца, што яму на ўсё напляваць. Душа ў яго чулая. Як такога не паважаць? Лёгка і проста. Непавага пачынаецца, варта персанажу выйсці з дому.

Вось, пішуць над дзвярыма: “Аптека”. Здавалася б, што тут непаважлівага? Між тым, навідавоку наўпроставая абраза. Мусіць, гэтыя загадкавыя Яны і праўда думаюць, што беларус, які ўбачыць слова “Аптэка”, праз “э”, засумняваецца, завагаецца, вырашыць, што тут лазня, і будзе мець Вялікія Нязручнасці і Маральныя Страты… Што пабачыўшы пачак з надпісам “Алоўкі”, ён вырашыць, што ў ім прэзерватывы, а наліўшы сабе з пакета, на якім напісана “Малако”, ноч не будзе спаць праз гэтыя злавесныя “а”, якія невядома на што намякаюць. Можа, на бруцэлёз.

З аптэкі ў банк. “Талон нумар трыста пяцьдзясят, прайдзіце да акна пяць”, – кажуць яму, і тут самы час пакрыўдзіцца. “Я чалавек, а не талон!” – спрабуе сказаць персанаж, але настолькі нерашуча і з такімі купалаўскімі ноткамі, што жалезны голас паўтарае гэта толькі адзін раз, а потым… Потым акно пяць ужо занятае. Не спі ў падушку выдуманай табой павагі, персанаж.

Персанаж ідзе ў Нацыянальны драматычны тэатр. Там узровень непавагі яшчэ вышэйшы. Там чамусьці дагэтуль лічаць, што чалавек ходзіць у тэатр выключна для таго, каб пасмяяцца са словаў “мудак” і “гаўно”, пахіхікаць з жартачкаў на тэму цыцак і надарваць сабе жывот ад рогату, пабачыўшы на сцэне чалавека са сметніцай на галаве. Там упэўненыя, што ты ўбоства, што любіш толькі вадэвіль – і гатовыя звадэвіліць любы спектакль, толькі б дагадзіць гэтаму ўяўнаму дэбілу, свайму гледачу. І калі персанаж не будзе пляскаць – гэта таксама ўспрымуць як непавагу. Мы ж так стараліся!.. Так імкнуліся развесяліць цябе!.. Што, ты не любіш таннага смеху? Вось прыдурак.

Ці там, напрыклад, розныя літаратурныя імпрэзы – калі ўжо наш персанаж такі неабыякавы да культуркі. Непавагай тут займаюцца спецыяльна навучаныя людзі. Я быў асабіста знаёмы з трыма асобамі, якія адчувалі ў сабе пакліканне зрываць паэтычныя, а таксама празаічныя і драматычныя вечары. Імёны можна не называць, іх і так усе знаюць: першы быў вялікі Сыс, другі – цёмны паэт Цёма, а трэці – святы Пётра. Сыс адышоў у лепшы свет, двое другіх, дзякуй богу, жывыя, але яднае іх адно: усе яны, седзячы ў першых радах, успрымалі і ўспрымаюць любую імпрэзу як коўдру, якую трэба цягнуць на сябе. Трэба сказаць, што роля псавальніка мерапрыемстваў пасавала толькі Сысу. Непавага – гэта дар божы, не паважаць таксама трэба ўмець. І не паважаючы можна быць велічным. Але часцей здараецца, што выходзіць быць толькі смешным і недарэчным.

Тое самае з кнігай. Прынята думаць, што выдаць яе – ужо знак павагі. Што пісьменніка ўжо за тое, што ён пісьменнік, кніжкі піша, варта шанаваць і ўсяляк аблізваць. Тое, што кніжкі могуць быць халтурныя, напісаныя, каб дагадзіць такім самым халтуршчыкам-чытачам, неяк у галаву не прыходзіць. Найпершай праявай павагі аўтара да чытача можа быць толькі адно – не лічыць яго, чытача, дурнейшым за сябе. Для народа пішуць толькі не паважлівыя да яго аўтары.

Але дамо персанажу пачытаць нешта не такое “грузяшчае”, як літаратура. Напрыклад, якісьці незалежны сайт. І тут – непавага. У Беларусі незалежны сайт ганарыцца ўжо тым, што незалежны, і патрабуе рэспекту ўжо за гэты просты факт. Незалежны сайт або незалежная газета нават уявіць сабе не могуць, што іх можна не паважаць. За што? А за жаўцізну ды легкадумнасць, напрыклад.

І што ўжо тут казаць пра дзяржаву, якая на непавазе трымаецца – хісткі падмурак, але затое вечны.

Павага – пераходная стадыя, першая прыступка, перадумова любові. У Беларусі народ душэўны, тут высока падымаюць ногі, прамінаюць першую стадыю і адразу прыступаюць да любові – такі сабе вялікі кітайскі скачок. Навошта прэлюдыі, калі кожны кожнаму і так брат і сястра?

Тут лічыцца, што для павагі досыць напісаць “Вы” з вялікай літары – або на благі канец прычапіць спераду “спадар” ці імя па бацьку ўставіць. На пісьме павагу выказаць лягчэй – а замяніць яе пісьмом і ўвогуле самы зручны спосаб суіснавання. Нас з дзяцінства вучаць павазе да людзей – як ваўчыха вучыць ваўчанятаў навыкам палявання. У выніку мы ахвяры павагі, а не яе аб’екты.

Між тым, павага – гэта, напэўна, у нейкім сэнсе баксёрскі тэрмін. Прызнанне вагі іншага. Выдзяленне іншага з хаосу, з бязважкасці, дзе тыцнеш кагосьці ў бок, каб прыбраць з дарогі, – і той паляцеў, як бурбалка. Павага – гэта заўжды намаганне. Асабліва тут.

Такое вось атрымалася аўторкавае казанне. А што ты хочаш, калі тэмаю ёсць павага? Самая слізкая з тэмаў, восеньскі лёд штодзённасці.