Гэта адная з самых трагічных старонак беларускай гісторыі, а разам з тым — адная з найменш вядомых. Гэта самая жахлівая вайна паводле колькасці людскіх стратаў для зямель Беларусі, у якой супраціўнікам была найбліжэйшая ўсходняя суседка — Расея. Сёння пра вайну 1654—1667 гг. ведаюць толькі адзінкі, бо ў савецкай гістарычнай навуцы яе проста схавалі або сфальсіфікавалі. Гэтую вайну царскія гістарыёграфы назвалі расейска-польскаю, ці вайною за ўз’яднанне Украіны і Беларусі з Расеяй. Але ці так было насамрэч? Вядомы беларускі гісторык Генадзь Сагановіч акрэсліў гэтую вайну як Невядомая. Яна сапраўды адбывалася паміж Рэччу Паспалітаю ды Маскоўскім царствам, але яе дзеянні адбываліся пераважна на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, і найбольш пацярпелі менавіта беларускія землі: на іх знішчылі ці забралі ў маскоўскі палон амаль палову насельніцтва, амаль усе гарады і паселішчы сталі руінамі ці ператварыліся ў попел і друз. Рэч Паспалітая вытрывала ў той вайне, але пасля яе больш ніколі не здолела вярнуць сабе былую веліч.

У фільме выступілі гісторыкі Алесь Краўцэвіч, Валянцін Голубеў, Уладзімір Арлоў і археолаг Ірына Ганецкая.
2013 г., Беларусь

Працягласьць: 00:36:08