Апошняя кніга беларускай літаратаркі Вольгі Гапеевай «Вядомыя гісторыі» цалкам пры-свечана ежы. «Большой» захваляваўся: а ці ёсць што есці на­шым пісьменнікам? І пагутарыў з Вольгай пра хлеб надзённы, карпа­ратыў газеты «Літаратура і мастацт­ва» і ўласнае шоу.

— Вольга, вы — выкладчыца ў двух універсітэтах, перакладчыца і паэтка. Хто больш?
— Паэтка.

— Ці магчыма ў Беларусі быць толькі паэтам?
— Малаверагодна. Толькі калі вас будзе спансаваць заможны муж ці жонка, можна не хадзіць на працу, а толькі сядзець ды пісаць. Калі жывеш сам, літаратурай грошы не за­робіш.

— Кім працуе большасць беларускіх пісьменнікаў?
— Хто журналісты, хто выкладчыкі. Ёсць тыя, што працуюць у офісе. Гэтае пытанне — як пісьменніку зарабіць сабе на хлеб — існуе і ў Еўропе, але ж там яно менш актуальнае. Аўтар можа зарабляць на чытаннях. 200-300 еўра за выступ — за мяжой гэта нармальна. Што ў нас? Трэба даплачваць гледачам, каб прыходзілі. Але ўсё ж такі і ў іншых краінах мала хто зарабляе толькі пісьменніцтвам, можа, калі побач з Нобелеўкай стаіць.

— Ёсць яшчэ розныя гранты…
— Так, цудоўна, калі здарыцца атрымаць стыпендыю, з’ехаць і не думаць пра грошы. Я вось нядаўна была ў Вентспілсе, цяпер усім рэкламую гэтую праграму. Там даюць не­вялікія грошы — хапае, каб даехаць і сябе карміць, але ж усё роўна добра. Канешне, для беларусаў з грантамі ёсць свае цяжкасці: камісіі не дашлеш твор на роднай мове. Перак­лад з беларускай на замежную — адна з асноўных праблем для нашых літаратараў.

Гэтае пытанне — як пісьменніку зарабіць сабе на хлеб — існуе і ў Еўропе, але ж там яно менш актуальнае. Аўтар можа зарабляць на чытаннях. 200-300 еўра за выступ — за мяжой гэта нармальна. Што у нас? Трэба даплачваць гледачам, каб прыходзілі.

— А зарабляць на продажы кніг у нас можна?
— Сумняюся. Нашы выдавецтвы працуюць на голым энтузіязме. Спытайце Логвінава ці Вішнёва, якія друкуюць сучасных аўтараў. Тут хоць бы ў нуль выйсці. Да таго ж частка нашых выдавецтваў мала працуе з аўдыторыяй, не звяртае ўвагі на сучасныя тэхналогіі. Цяпер жа столькі ўсяго ёсць! Але я разумею, чаму так адбываецца: у выдавецтвах не ха­пае лю-дзей, але ж хапае абавязкаў.

— Вашы апошнія кнігі афіцыйна можна спампаваць у інтэрнэце.
— Так, гэта палітыка канкрэтнага выдавецтва.

— Не крыўдзіцеся вы, што кожны можа іх прачытаць і не заплаціць?
— Не, я ж аддала іх выдавецтву, вось яно няхай і крыўдзіцца. Мабыць, так і лепш: ні пер­шую, ні другую маю кніжку ўжо немагчыма знайсці ў крамах, таму цяпер гэта адзіны ва­рыянт іх існавання.

— Вы штосьці ад продажу кніг атрымліваеце?
— Не. Вось апошняя друкаваная кніга, выдавец даў мне не грошы, а пэўную колькасць кніжак «натурай». Зразумела, што прадаваць іх у мяне не атрымліваецца, я іх раз­дорваю. Можа, калі дзве прадам — і то добра.

— Студэнтам можна прапаноўваць.
— Можна, але я так не раблю. Яны, мне здаецца, наогул не ведаюць, чым я зай-маюся. Такое падваенне асобы: на працы я дацэнт, а ў вольны час — паэт. Ну, вось хтосьці з на­шых пісьменнікаў — Акудовіч, Клінаў перакладаюцца на расейскую мову, так пашыра­юць сваю аўдыторыю.

— Чаму тады Вольга Гапеева не па-чне пісаць па-руску і не заробіць шмат гро­шай?
— Не ведаю. Мне здаецца, у мяне не атрымаецца добра па-расейску, асабліва паэзія.

— А калі зрабіць добры пераклад? Выкладваць у сацыяльныя сеткi i…
— Стаць папулярнай і збіраць стадыёны? (смяецца). Я не адмаўляю магчымасці перакла­ду, але ж, па-першае, у Расіі і сваіх аўтараў хапае, па-другое, перакладныя вершы — заўсёды пытанне.

Пераклад з беларускай на замежную — адна з асноўных праблем для нашых літаратараў.

— Ці можа называцца беларускім паэт, які жыве ў Беларусі, але піша па-рус­ку?
— Гэта трэба ў яго папытацца. Зараз будзе прыклад з сацыялінгвістыкі: каб выявіць, ці з’яўляецца мова непа-срэдна мовай або дыялектам, пра гэта пытаюцца ў яе носьбітаў. Калі яны кажуць: «Я лічу, што гэта мова», — так і будзе. Тут ёсць пэўная паралель. Ча­лавек можа жыць у Беларусі, пісаць па-ангельску і казаць: «Я беларускі аўтар». Чаму не?

— Вось вы ведаеце шмат моў, чаму не пісаць па-англійску?
— Для творчасці — толькі беларуская мова. Часам, калі доўга жывеш за мяжой, у галаву пачынаюць прыходзіць радкі… Магчыма, калі б я з’ехала, я б падумала пра гэта.

— Вы шмат часу праводзіце за мяжой, ад’езд ёсць у планах?
— Не. Мае «туды-сюды» мяне задавальняюць. Да таго ж, калі вырашу з’язджаць, прый­дзецца пераходзіць на іншую мову.

— Можна і тут зрабіць шоу Вольгі Гапеевай і ездзіць з канцэртамі, як тая Вера Палазкова.
— Канцэртная дзейнасць мне не вельмі падабаецца. Я лепш працую на камерную аўды­торыю, чым на стадыёны.

Чалавек можа жыць у Беларусі, пісаць па-ангельску і казаць: «Я беларускі аўтар». Чаму не?

— Уявіце, напрыклад, карпаратыў газеты «Літаратура і мастацтва» — і вас запрашаюць пачытаць свае вершы. Згадзіліся б?
— О, такіх прапаноў яшчэ не было, спадзяюся, што і не будзе. Але ж цікава: спевакі выс­тупаюць, а чым паэты горшыя? Можа, усё б залежала ад таго, колькі мне прапанавалі б? Падумаць заўсёды можна.

— Хто ў Мінску прыходзіць слухаць паэтычныя чытанні?
— Вось і я заўсёды пытаюся, хто гэтыя людзі?! Гэта сарказм, канешне. Мне здаецца, што ўсё залежыць ад аўтара: напрыклад, на мяне і на Кавалеўскага будзе адна аўдыторыя, на Жыбуля — іншая. Можа, я і памыляюся.

— Вы казалі пра цяжкасці з перакладам. Як паэт павінен выбіраць сабе перак­ладчыка?
— Я адразу пачынаю засмучацца, калі пра пераклады кажу. Выбіраць трэба грунтоўна. Мне здаецца, праз тое, што я ведаю замежныя мовы, мае перакладчыкі пачынаюць мяне ненавідзець. Паміж аўтарам і перакладчыкам павінен быць давер і добрыя стасункі, каб першы мог сказаць: «Вось тут няўдала, прый-дзецца яшчэ падумаць», — а другі не пак­рыўдзіўся. Таму што перакладчыкі часта думаюць, што ведаюць усё лепш, бо носьбіты мовы. Прабачце, дык я ж аўтар, я таксама штосьці пра свае вершы ведаю!

— Ці павінны перакладчыкі вершаў быць паэтамі?
— Такія мне падабаюцца больш. Яны лепш адчуваюць мову. Мы добра спрацаваліся з перакладчыцай-паэткай: яна не ведала беларускую мову, але перакладала мае вершы на нямецкую з падрадкоўніка. Уявіце, якія бываюць складанасці. Вось радок: «Вынесці на палі птушак чырвоных», два сэнсы. Не заўважылі пры перакладзе — усё, згубіўся верш.

Добра, ты напісаў кніжку — цяпер яшчэ дызайн прыдумай, піярам займіся, пасля па крамах разносіць будзеш. Сам, усё сам.

— Можа, лепш тады самой перакладаць?
— Не, я раблю толькі падрадкоўнікі. Лічыцца, што гэта маветон — не носьбіту мовы пе­ракладаць свае вершы.

— Якія яшчэ цяжкасці існуюць у беларускіх аўтараў?
— Мы ўсё вымушаны рабіць самі. Добра, ты напісаў кніжку — цяпер яшчэ дызайн пры­думай, піярам займіся, пасля па крамах разносіць будзеш. Сам, усё сам. Я задумвалася пра ўласны сайт, і хтосьці з сяброў абяцаў дапамагчы, але ж у кожнага свае справы. Чым далей, тым менш падабаецца кагосьці прасіць, прыходзіцца самой глядзець, як рабіць.

— Апошняе пытанне. Вольга, скажыце, вы шчаслівая?
— Калі я стаю на прыпынку, гляджу на вечаровае сонца ды мост — гэта я. «Пралетарс­кую» цяпер уяўляю — мне робіцца прыемна ды цёпла. У гэты момант я шчаслівая. Да та­го ж шчасце — гэта як чханне. У гэтым стане ўвесь час знаходзіцца немагчыма. Таму я адкажу так: я магу адчуваць сябе шчаслівай.