Па просьбе нашых чытачоў змяшчаем артыкул Уладзiмiра Лiўшыца пра Максiма Гарэцкага (на фота), якi быў апублікаваны ў кнiзе «Раскопкi вакол Горацкага Парнаса». Горкi. 2001 г. C.124-147. Працяг, пачатак глядзіце тут.

Студэнты і сябры ўспамiнаюць

Аляксандр Сцяпанавiч Вечар (затым акадэмiк АН Беларусi) адзiн са шматлiкiх студэнтаў акадэмii, што вучылiся ў Гарэцкага. Ён успамiнаў: «З пачуццём вялiкага задавальнення даведалiся мы, што лекцыi па беларускай лiтаратуры на нашым курсе будзе чытаць вядомы беларускi пiсьменнiк Максiм Гарэцкi. Некаторыя з нас былi знаёмы з яго творамi.

Лекцыi Максiма Iванавiча вызначалiся глыбокiм зместам, вялiкай эрудыцыяй, народным гумарам, папулярнасцю. Праз некаторы час на яго лекцыi пачалi прыходзiць студэнты з iншых курсаў i факультэтаў.

Як нiхто iншы, ён прывiваў нам любоў да беларускай лiтаратуры, якую я пранёс праз усё жыццё…» (Э.Iофе. Штрыхi да партрэта. //«Маладосць», 1973, №2,C.152.).

Пiсьменнiк Юрый Паўлавiч Гаўрук, якi працаваў разам з Гарэцкiм на адной кафедры, успамiнаў: «Я мала ведаў людзей, якiя б так любiлi сваю справу, так аддавалiся ёй усёй душой. Ён стараўся сабраць i песнi, i казкi, i народную лексiку. Стварыць зборнiкi, слоўнiкi, падручнiкi. Ён вельмi старанна ўсё вывучаў i iмкнуўся зрабiць здабыткам мас. Усё, што рабiў, рабiў грунтоўна, укладваючы душу». (Максiм Гарэцкi. Успамiны. Артыкулы. Дакументы. С.77).

У гэтыя гады пры акадэмii актыўна дзейнiчаў лiтаратурны гурток – Горацкая фiлiя «Аршанскага маладняка». М.Гарэцкi дзейна дапамагаў лiтаратурнай моладзi, асаблiва ў выданнi зборнiкаў «Аршанскага маладняка», якiя друкавалiся ў акадэмiчнай тыпаграфii.

Адзiн з былых гурткоўцаў – М.М.Ганчарык, у будучым член-карэспандэнт АН Беларусi, ўспамiнаў, што дзейнасць гурткоўцаў «…сустрэла самыя прыхiльныя адносiны i атрымала вялiкую i карысную дапамогу з боку загадчыка кафедры беларусазнаўства, высокаквалiфiкаванага лiтаратара i лiтаратуразнаўца Максiма Гарэцкага…

…Загадчык кафедры Максiм Гарэцкi аказваў заўсёды добразычлiвую i аўтарытэтную дапамогу «маладнякоўцам» фiлii. Цi гэта былi прыватныя звароты да яго за парадамi i паасобным сябрам маладнякоўцам, цi гэта была дапамога шырокай грамадскай працы фiлii…» (Максiм Гарэцкi. Успамiны. Артыкулы. Дакументы. С.69-70).

Працуючы ў Горках, Максiм Iванавiч падтрымлiваў сяброўскiя адносiны з дырэктарам бiбліятэкi сельскагаспадарчай акадэмii Дзям’янам Раманавiчам Новiкавым. Заслужаны дзеяч культуры Беларусi ў 1973 годзе паведамiў аўтару: «…Максiм Гарэцкi часта заходзiў у бiблiятэку. Чытаў газеты i часопiсы, навiнкi лiтаратуры. Шмат кнiг браў з сабой дахаты.

Пры гэтым мяне заўсёды здзiўляла шырата яго далягляда i энцыклапедычнасць ведаў.

Папрацаваўшы гадзіну-другую, ён выходзiў на прагулку. Вельмi любiў гуляць па лiпавай алеi, што расла на горцы «Парнас».

Аднойчы, гэта было незадоўга да яго камандзiроўкi ў Сiбiр, я сустрэў яго, гуляючы на Парнасе. Мы пачалi размаўляць. Я паведамiў яму аб лiтаратуры па гiсторыi i эканомiцы Сiбiры, што падабралi па яго запыту супрацоўнiкi бiблiятэкi. Ён паведамiў мне аб планах камандзiроўкi.

На развiтанне я спытаў яго, чаму ён выбiрае гэта месца для адпачынку. Усмiхаючыся, Максiм Iванавiч адказаў: «Што не кажыце, але ж дзе лепей усяго адчувае сябе пiсьменнiк, як не на «Парнасе…»

З вялiкай ахвотай, па майму запрашэнню, прыходзiў ён на лiтаратурныя вечары i канферэнцыi чытачоў, якiя арганiзоўвала бiблiятэка. Цiкава апавядаў аб гiсторыi лiтаратуры, аб творчасцi пiсьменнiкаў, чытаў i свае творы. Асаблiва часта чытаў ён «Тараса на Парнасе», вершы Я.Коласа, Я.Купалы i М.Багдановiча.

Пры гэтым мяне i ўсiх слухачоў здзiўляла тое, што ўсе вершы ён чытаў напамяць».

Горацкi перыяд жыцця быў вельмi плённым для Максiма Iванавiча i як для пiсьменнiка. Яго дачка, Галiна Максiмаўна, пiсала аўтару, што ён «…быў вельмi плённым для творчасцi М.Гарэцкага. У гэты час друкавалiся ў «Звяздзе» i «Савецкай Беларусi» расказы Леанiлы Чарняўскай (жонкі М.Гарэцкага – У.Л.).

Тут, у Горках, працавалi бацькi мае над перакладамi У.I.Ленiна i Е.М.Яраслаўскага. У 1928 годзе выйшаў зборнiк песен, запiсаных ад Е.М.Гарэцкай, якая часта гасцiла ў нашым горацкiм доме. У гэты перыяд мой бацька напiсаў артыкулы аб творчасцi Я.Коласа, М.Лынькова, З.Бядулi. У часопiсе «Октябрь» быў змешчаны яго вялiкi агляд беларускай лiтаратуры…»

У жнiўнi 1928 года заканчваецца тэрмiн, на якi ён быў камандзiраваны ў Горкi. М.I.Гарэцкi падае заяву рэктару акадэмii, дзе пiша: «Прашу звольніць мяне ад працы ў акадэміі з 1 верасня гэтага года. У свой час я даваў згоду на працу ў акадэміі на працягу 2,5 гадоў, і тэрмін зараз скончыўся. Лічу, што выкладанне беларусізацыі ў акадэміі знаходзіцца ў такім стане, што ў 1928-1929 вучэбным годзе гэту працу могуць весці т.т.Гаўрук і Мядзёлка». Заява была выслухана на пасяджэннi праўлення акадэмii 12 верасня 1928 года.

I з сярэдзiны верасня Максiм Iванавiч працуе ўжо ў Мiнску, дзе ён меў большыя магчымасцi для лiтаратурнай творчасцi.

На гэтым можна было б скончыць апавяданне пра другi перыяд жыцця М.Гарэцкага ў Горках, каб не цiкавы факт з бiяграфii пiсьменнiка, аб якiм прыйшлося пачуць 23 красавiка 1996 года на V Гарэцкiх чытаннях ад народнага паэта Беларусi Н.Гiлевiча. Яму у свой час гэта апавядаў Ю.Гаўрук. Факт гэты сведчыць аб мужнасцi i прынцыповасцi Гарэцкага.

«Запрасiлi з Менску, – казаў Н.Гiлевiч, – на сустрэчу з выкладчыкамi i студэнтамi пiсьменнiкаў. Гарэцкi быў iнiцыятарам запросiн i галоўным арганiзатарам сустрэчы. Прыехала вялiкая група пiсьменнiкаў, афiцыйна – на чале з Цiшкам Гартным (Жылуновiчам). I быў Янка Купала ў складзе гэтай пiсьменнiцкай брыгады. Студэнты, выкладчыкi з вялiкiм хваляваннем чакалi дарагiх гасцей, рыхтавалiся да сустрэчы. I ўсё-такi яна не адбылася, яна сарвалася. Гаўрук тады, як i Максiм Iванавiч, працаваў у акадэмii дацэнтам i быў непасрэдным сведкам таго, што здарылася. Дык вось, тая сустрэча сарвалася па вiне капрызнасцi Цiшкi Гартнага. Той яшчэ тады моцна пачуваўся не толькi як лiтаратар, але, вiдаць, i як вiдны дзяржаўны i грамадскi дзеяч. Нечага яму не хапiла ў той сiтуацыi, той жа шляхетнасцi, вiдаць, i яго капрызы сталi прычынай таго, што сустрэча не адбылася. На Гартнага мог паўплываць толькi Янка Купала. I Максiм Iванавiч вельмi прасiў Купалу паўздзейнiчаць на Гартнага, каб пераўладзiць сiтуацыю i каб сустрэча адбылася.

Не ведаю, з якiх меркаванняў, так сказаў Ю.П.Гаўрук, Купала не стаў дыктаваць сваю волю Гартнаму. З тым i паехалi, i вярнулiся ў Менск пiсьменнiкi. I на заўтра Гарэцкi адаслаў Купалу падпiсаныя яму кнiгi. Купалаўскiя кнiгi. У знак абурэння i пратэсту. Ну вось так – нават Купалу ён не дараваў тое, што, на яго думку, нельга было дараваць: абразу чытачоў, шчырых людскiх сэрцаў. Уяўляеце, як яму нялёгка было вярнуць Янкавы кнiгi з аўтографамi».

Гартаючы «справу №13036» М.Гарэцкага

Доўгi час лiчылася, што М.Гарэцкi памёр 20 сакавiка 1939 года ў пасёлку Важэль Комi АССР. Аднак было нейкае прадчуванне, што гэта не так. I ў 1993 годзе быў зроблены запыт ва ўпраўленне Мiнiстэрства бяспекi Расiйскай Федэрацыi па Калужскай вобласцi. Адтуль паведамiлi, што справа «По обвинению гражданина Горецкого Максима Ивановича по ст.58, п.10, ч.1 УК РСФСР» напраўлена ў Камiтэт дзяржаўнай бяспекi Беларусi. Дарэчы, з ёй першым азнаёмiўся пляменнiк М.Гарэцкага – Р.Г.Гарэцкi, акадэмiк АН Беларусi, якi ў «ЛiМе» (9,16 кастрычнiка 1992 г.) надрукаваў вялiкi артыкул аб гiбелi М.Гарэцкага.

Звычайная папка з картону з датамi: пачата 3.XII.1937г. – закончана 22.XII.1937г. У ёй павiнна было быць 60 лiстоў, але 8 прапала. Можа, па неахайнасцi тых, хто захоўваў справу, але, хутчэй усяго, нехта не захацеў, каб ведалi ўсе падрабязнасці арышту i смерцi М.Гарэцкага.

Да таго ж, няма менавiта першых старонак. Што было на iх? Мы не ведалі гэта да таго часу, пакуль даследчык М.Ільюкевіч не знайшоў у архіве ФСБ Расіі гэтых старонак. На іх былі так званыя «аператыўныя» матэрыялы, якія накіроўвалі органы НКУС на «распрацоўку Гарэцкага2 (гл. Н.И.Ильюкевич. Максим Горецкий//«Край Смоленский». 1993, №9-10). Невядома, але хутчэй за ўсё, М.Гарэцкi папаў пад нагляд НКУС ужо пасля таго, як адбыў пяцiгадовую ссылку ў Кiраве i прыехаў у Смаленск, дзе атрымаў накiраванне на пасаду настаўнiка рускай мовы i лiтаратуры ў гарадскi пасёлак Пясочня (пазней яго перайменавалi ў Кiраў).

Дарэчы, у справе (лiст 18) i падшыта гэта накiраванне ад 31.VIII.1935г. Яно, напэўна, было ў асабiстай справе настаўнiка М.Гарэцкага, але пасля арышту, разам з аўтабiяграфiяй, трапiла ў справу вязня Гулага.

З яго аўтабiяграфii, якая датуецца 8.XI.1936 г., бачна, што «…Перш чым прасіць Захаблана накіраваць на працу, я звярнуўся ў НКУС (у г.Смаленску), перашкод не было» (лiст 21).

Да таго ж вядома, што 22 лiпеня 1935 г. М.Гарэцкi атрымаў пашпарт, якi дарэчы разам з «Личной книжкой запасного Рабоче-Крестьянской Красной Армии» у асобным канверце знаходзiцца ў справе.

Што ж, органы НКУС забаранiць працаваць М.Гарэцкаму не маглi, бо гэта быў яшчэ 1935 год. Але пад свой нагляд узялi. На гэтую думку наводзiць цiкавы дакумент, што падшыты пад грыфам «Абсалютна сакрэтна». У iм начальнiк 5-га аддзялення 4 аддзелу НКУС па Заходняй вобласцi 9 студзеня 1937 г. пiсаў начальнiку Кiраўскага раённага аддзялення лейтэнанту Карасёву: «Прапануем неадкладна выканаць наш N 7524/5 ад 16.XII.1936г. аб Гарэцкім» (лiст 17).

Прайшло менш за месяц, i ўжо ў вельмi сярдзiтым тоне зноў Карасёў атрымлiвае лiст: «У чацвёрты раз просім выканаць наш 45245 ад 16.XII.36 г. аб Гарэцкім. Несвоечасовы адказ па такой важнай справе мы ацэньваем як вашу аператыўную слабасць. Калі вы не ў стане выканаць наша заданне ў адносінах Гарэцкага, паведаміце, мы выдзелім аператыўнага работніка на месца, які гэта зробіць» (лiст 20).

Вiдаць, што ў гэтым пiсьме зроблена памылка. Трэба чытаць не 4524/5, а 7524/5.

Але што гэта значыць? Можа, гэта нумар загада, прыняты яшчэ 16.XII.1936г.? У чым была яго сутнасць? I цi быў ён выкананы? Пакуль гэта невядома.

Насцярожваюць словы з пiсьма: «…па такой важнай справе…» Вядома ж, беларускi пiсьменнiк, «вораг народа», асуджаны ў 1931 годзе ў Мiнску па так званай справе «Саюза вызвалення Беларусi», якi адбыў 5 гадоў, з’явiўся на тэрыторыi Заходняй вобласцi. Цi ж маглi на гэта спакойна глядзець прадстаўнiкi НКУС? Тым больш, што на парозе быў 1937 год.

I вось на наступных лiстах «Справы №13036» мы бачым на бланку рэдакцыi газеты «Правда» за подпiсам члена рэдкалегii Бегавога пiсьмо, у якiм ён 19.03.1937 г. пiша ў Смаленскi абкам ВКП(б) аб тым, што рэдакцыя газеты атрымала пiсьмо настаўнiка матэматыкi i фiзікi П.П.Васiльева, дзе ўскрываецца варожая дзейнасць настаўнiка М.I.Гарэцкага. Яна выражалася ў тым, што «…на вечары памяці Леніна дакладчык, выкладчык літаратуры Гарэцкі М.І. назваў трацкістска-зіноўеўскую банду апазіцыяй і сказаў, што ў нашым грамадстве яшчэ мае месца эксплуатацыя (так у тэксце) чалавека чалавекам.

Ён у мінулым беларускі нацыяналіст, які нядаўна вярнуўся з ссылкі. Вучні ў школе робяць контррэвалюцыйныя подпісы. На плакаце аб вечары памяці Леніна напісалі: уваход 1 рубель…» (лiст 7).

Тут жа ў справе N13036 падшыта i «Докладная записка учителя средней школы Васильева П.П.» (лiсты 8-9). З яе бачна, што ён пачаў працаваць у школе з кастрычнiка 1936 года, з кастрычнiка 1937 года – загадчыкам вучэбнай часткi. I «неаднаразова ставіў пытанне… аб палажэнні палітыка-асветнай работы…».

Далей у запiсцы чытаем: «Дырэктар школы тав. Азараў (камсамолец) паведаміў мне, што па распараджэннi Савельева (выкладчык гісторыі нашай школы, ён жа работнік райкама) даклад будзе рабіць выкладчык літаратуры Гарэцкі М.І.

У сваім дакладзе Гарэцкі дапусціў шэраг грубейшых выпадаў супраць партыі і Радзімы… Я напісаў у “Правду”, што мяне абвінавацілі, калі заметка была перададзена ў абкам ВКП(б) для расследвання. Чым скончылася расследванне, мне невядома: мяне знялі з работы». На запiсцы i адваротны адрас: «Масква, Леонцьеўскі, 4, дом настаўніка, інтэрнат».

З запiскi вiдаць, што пакрыўджаны за вызваленне ад работы П.Васiльеў пiсаў ужо з Масквы, i што сваё звальненне звязвае са сваiм лістом у «Правду».

Праз 20 гадоў, 5.XII.1958 года, калi дачка пiсьменнiка Галiна Максiмаўна напiсала Генеральнаму пракурору СССР аб рэабiлiтацыi бацькi, быў дапытаны У.Ф.Чугуноў, намеснiк дырэктара па гаспадарчай частцы. Аб П.Васiльеве ён паведамiў наступнае: «Ён працаваў у нашай школе нядоўгі час…, але паказаў сябе як хваст, які шмат гаварыў, але мала рабіў. Акрамя таго, па сваіх паводзінах ён паказаў сябе з адмоўнага боку: у Кіраве ён пражываў адзін, без сям’і, на прыватнай кватэры і часта сабе на кватэру прыводзіў жанчын. На гэтай глебе ў яго былі скандалы з гаспадыняй кватэры. Увесь выкладчыцкі калектыў школы стараўся пазбавіцца ад Васільева, і хутка ён быў зволены і з Кірава выехаў невядома куды.

…Лічу, што запіска напісана ў выніку таго, што яго знялі з працы, а ён як хваст і кар’ерыст, напэўна, хацеў адпомсціць іншым выкладчыкам». Вось такi маральны твар меў чалавек, што напiсаў пiсьмо ў «Правду» на М.Гарэцкага.

Прайшло амаль шэсць месяцаў, i ў кастрычнiку 1937 года органы НКУС вырашылi, што кампраметуючых матэрыялаў больш чым дастаткова i што трэба арыштаваць «ворага народа» М.Гарэцкага.

У канцы кастрычнiка 1937 года матэрыялы на яго разглядалiся ў Смаленску, дзе 27 кастрычнiка была прынята пастанова. «Я, начальнік Кiраўскага РА НКУС сяржант Дзярж. Бяспекі Быстроў, разглядзеўшы матэрыял на грамадзяніна Гарэцкага Максіма Іванавіча, 1893 г. нараджэння Малая Багацьеўка Мсціслаўскага р-на БССР, па нацыянальнасці беларус. У 1922 г. арыштоўваўся польскімі ўладамі, перабежчык. Судзімы да 5 гадоў пазбаўлення волi за ўдзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі белнацдэмаў, адукацыю мае вышэйшую, працуе настаўнікам сярэдняй школы ў гор. Кіраве.

Прымаючы на ўвагу, што ён падазраваўся ў антысавецкай дзейнасці, а таму кіруючыся арт. 145 ГПК

Пастанавіў:

Гр-на Гарэцкага Максіма Іванавіча арыштаваць і трымаць пад вартай гор. Сухінічы» (лiст 25).

Заўважым, што тыя, хто пiсаў гэту пастанову, вельмi спяшалiся, бо памылiлiся i ў месцы нараджэння, i нават у напiсаннi прозвiшча. Да таго ж, у Кiраве змянiўся начальнiк раённага аддзялення НКУС. Iм быў не афiцэр, а ўсяго сяржант. Вiдаць, што хваля арыштаў пракацiлася ўжо i па кадрах НКУС.

Трэцяга лiстапада 1937 года выдаецца ордэр на арышт М.Гарэцкага, якi i быў праведзены ў ноч з 3 на 4 лiстапада. У час арышту ўпаўнаважаны Пруднiкаў разам з памагатымi склалi «Протокол обыска» (лiст 28). З яго бачна, што ў Гарэцкага забралi асабiстую перапiску на 282 лiстах, 42 канверты, пашпарт i вайсковую кнiжку.

Як мы ўжо пiсалi, пашпарт i вайсковая кнiжка захоўваецца ў справе, а вось перапiска, вiдаць, загiнула.

На пратаколе вобыску М.Гарэцкі напiсаў: «Заўваг па правядзенню вобыска мной заяўлена не было, але лічу, што ўзялі матэрыялы, якія не могуць быць названымі «знойдзенымі для дастаўлення ў НКУС». Напэўна, гэтым ён хацеў падкрэслiць, што сваю перапiску ён не хаваў. Яе проста «ўзялi», а не «знайшлi».

Арыштаванага М.Гарэцкага, як успамiнала яго жонка Л.Чарняўская («Памятка», // «Полымя», 1990, N1. С.174-175) трымалi ў падвале аддзела мiлiцыi горада Кiрава. Чамусьцi пастанова аб заключэннi яго ў турму горада Сухiнiчы не была выканана, а ў самiм Кiраве турмы, вiдаць, не было.

У Кiраве пачалiся допыты. З iх пратаколаў (лiсты 31-32) ад 6 лiстапада 1937 года бачна, што акрамя звычайных пытанняў наконт прозвiшча i месца нараджэння i г.д. М.Гарэцкi падрабязна адказваў на пытанне аб сваёй працы, пачынаючы з 1917 года. Тут даследчыкi жыцця пiсьменнiка знойдуць вельмi цiкавыя факты з яго бiяграфii, якiх няма нават у падрабязным «Летапiсу жыцця i творчасцi».

Другi раз Гарэцкага дапыталi толькi 20 снежня 1937 года. Гэты допыт у архiўнай справе названы «Дополнительные показания обвиняемого» (листы 34-35).

Было зададзена пытанне: «Следства мае звесткі аб тым, што Вы, пасля арышту ў 1922 г. польскімі ўладамі ў Вільні, былі завербаваны для шпіёнскай работы ў СССР на карысць замежных дзяржаў і на падрыў магутнасці СССР».

Са справы бачна, што ў следчых якраз нiякiх «дадзеных» аб тым, што М.Гарэцкi быў завербаваны для шпiёнскай працы, не было. Але ж у 1937 годзе абвiнавачванне ў шпiянажы было ўжо штампам. Шпiёнамi былi i члены палiтбюро ЦК ВКП (б) i буйныя ваеначальнiкi.

У адказ М.Гарэцкi заявiў, што ён у 1922 годзе быў арыштаваны польскiмi ўладамi. Аднак «для шпіёнскай работы ў СССР на карысць Польшчы ці якой іншай дзяржавы я нікім не вербаваўся і шпіёнскай дзейнасцю я ў СССР не займаўся…»

На другое пытанне: «Следству таксама вядома, што Вы, працуючы ў Кіраўскай сярэдняй школе, праводзілі контррэвалюцыйную працу». М.Гарэцкi адказаў: «Контррэвалюцыйнай працай я не займаўся, а тым больш пражываючы і працуючы ў Кiраўскім раёне».

Апошняе пытанне было наконт вечара, прысвечанага памяцi У.Ленiна, дзе М.Гарэцкi рабiў даклад. Следчы ўзгадаў факт, што ў час даклада Гарэцкi «…выказаў свае перакананні, накіраваныя на абарону трацкістска-зіноўеўскай банды». На гэта Гарэцкi адказаў: «Так, я 22 студзеня 1937 г. даклад аб У.І.Леніну рабіў. Але ў абарону трацкістска-зіноўеўскіх банд я нічога не гаварыў».

Як бачна з пратаколу «Абвінавачваемы ад подпісу адмовіўся і далейшыя паказанні таксама даваць адмовіўся».

У справе N13036 знаходзяцца таксама пратаколы допытаў двух сведак «варожай дзейнасцi» М.Гарэцкага. Спачатку 15 снежня 1937 года быў дапытаны М.К.Мiшуткiн, сусед Гарэцкага па кватэры, старшы iнспектар сельскагаспадарчага банка (лiст 11-12). Ён заявiў, што Гарэцкi ў размове з iм гаварыў: «Цяжка ўявіць, што Савецкі Саюз застанецца існаваць доўгі час. Міжнародныя абставіны склаліся так, што Савецкі Саюз непазбежна павінен быць пераможаны капіталістычнымі дзяржавамі…»

20 снежня 1937 года дапыталi другую сведку – П.А.Першыну, загадчыцу гаспадарчага аддзела Кiраўскай сярэдняй школы. Яна таксама «падцвердзiла» контррэвалюцыйную дзейнасць М.Гарэцкага i паведамiла, што ён адмовiўся, каб яго абралi ў мясцовы прафсаюзны камiтэт школы, а акрамя таго «…Гарэцкі апрацоўваў вучняў у контррэвалюцыйным накірунку, застаўляў пісаць контррэвалюцыйныя вершы і пісьмы…»

Адзiн з такiх вершаў, у маленькiм канверце (лiст 24) знаходзiцца ў справе як доказ варожай дзейнасцi Гарэцкага.

Адзначым, што побач з пратаколамi допытаў падшыты i напiсаныя рукой М.Гарэцкага «Автобиография» i «Выписка из «Литературной энциклопедии». (лiст 22-23).

Вiдаць, яны былi ўзяты следствам з асабовай справы настаўнiка, бо напiсаны яшчэ 8 кастрычнiка 1936 года.

У аўтабiяграфii мы знаходзiм цiкавыя факты з жыцця М.Гарэцкага, што датычаць яго вучобы i працы ў Горках. Так ён пiша: «У 1909 г. падрыхтаваны (амаль бясплатна) у горацкага рэпетытара А.І.Крэера,

паступіў у Горацкае землямерна-агранамічнае вучылішча (пры конкурсе ў 400 заяў на месца).

Тут па курсу рускай мовы мы грунтоўна вывучалі псіхалогію, логіку, рускую і заходнееўрапейскую літаратуру (выкладаў Е.К.Кцітараў, аўтар шэрагу прац па рускай літаратуры)». Паведамляе ён i аб тым, што працаваў у Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii.

Выпiска з лiтаратурнай энцыклапедыi М.Гарэцкаму напэўна спатрэбiлася таму, што ў яго не было дакументаў аб вучобе ў Смаленскiм археалагiчным iнстытуце, Вiленскiм i Беларускiм унiверсiтэтах. А для працы ў школе неабходна было пацвердзіць i сваю адукацыю, i працу выкладчыкам. У справе М.Гарэцкага – выкладчыка акадэмii,што знаходзiцца ў дзяржаўным архiве Магiлёўскай вобласцi (ф.536, воп.2, сп.97) мы знайшлi яго лiст, якi быў дасланы ў лiстападзе 1936 года ў Горкi, у якiм ён прасiў загадчыка архiва акадэмii пацвердзiць, што «…быў абраны дацэнтам, загадваў кафедрай…».

Пачатак.