Па просьбе нашых чытачоў змяшчаем артыкул Уладзiмiра Лiўшыца пра Максiма Гарэцкага (на фота), якi быў апублікаваны ў кнiзе «Раскопкi вакол Горацкага Парнаса». Горкi. 2001 г. C.124-147.

 

 

 

Вучань Горацкага каморніцка-агранамiчнага вучылiшча

У жнiўнi 1913 года рэдакцыя газеты «Наша Нiва», звяртаючыся да выпускнiка Горацкага каморнiцка-агранамiчнага вучылiшча М.I.Гарэцкага, пiсала: «Дужа дзякуем за Вашы творы, каторыя Вы нам прыслалi ў апошнiя часы. Мы верым, што праз Вас памножана будзе слава Айчыны нашай, калi толькi агонь, каторы гарыць у Вас, будзе далей разгарацца».

Гэтыя словы аказалiся прароцкiмi.

Пiсьменнiк, вучоны, лiтаратурны крытык, перакладчык Максiм Гарэцкi ўнёс каштоўны ўклад у развiццё нацыянальнай культуры беларускага народа.

Так ужо складалiся жыццёвыя абставiны, што за сорак пяць год свайго жыцця М.I.Гарэцкi пабываў i жыў, на жаль, часта не па сваiм жаданнi, у шмат якiх гарадах. Аднак тыя адрэзкi жыцця, якiя звязаны з Горкамi, займаюць асаблiвае месца ў жыццi пiсьменнiка. У гады атрымання адукацыi ў каморнiцка-агранамiчным вучылiшчы Максiм далучаецца да лiтаратуры i піша свае першыя творы. Сюды прыязджае ўжо вядомым пiсьменнiкам i лiтаратуразнаўцам, тут стварае шматлiкiя творы i навуковыя працы.

Нарадзiўся М.I.Гарэцкi 18 лютага 1893 года ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсцiслаўскага павета Магiлёўскай губернi ў сям’i малазямельнага селянiна. Брат пiсьменнiка, акадэмiк АН Беларусi Гаўрыла Iванавiч Гарэцкi ва ўспамiнах «Слова пра брата i настаўнiка» пiсаў: «Вялiкая сялянская сям’я бацькi i дзядзькi Якава складалася з 12 душ, жыла ў адной цеснай хаце з замшэлай саламянаю страхою, з земляною падлогаю i маленькiмi акенцамi на адну шыбу. Асвятлялася хата лучынаю.

Жылi бедна, кожная луста хлеба, кожная лыжка былi на ўлiку. Працавалi многа i цяжка. Часта хварэлi.

Але ў гэтай хаце маленькi Максiмка быў на ўсё жыццё зачараваны дзiвоснымi казкамi дзядзiны Хрысцёны, цiхiмi песнямi сваёй матулi Ахрасiннi, у казках i песнях пазнаў ён цяжкую гiсторыю сацыяльна i нацыянальна прыняволенага беларускага народа».

Сыноў у сям’i было чацвёра, i ўсiм нельга было пражыць на бацькоўскай зямлi. Бацькi вырашылi, каб Максiм вучыўся, сам выбiваўся ў людзi. Па заканчэннi царкоўна-прыхадской, а потым двухкласнай настаўнiцкай школ Гарэцкi атрымлiвае права вучыць грамаце вясковых дзяцей. Але настаўнiку было яшчэ мала гадоў, i ён працуе пакуль на бацькоўскай гаспадарцы. Аднак думкi аб далейшай вучобе не пакiдалi Максiма. Каб прадоўжыць адукацыю, ён паступае ў Горацкае каморніцка-агранамiчнае вучылiшча.

У фондзе Горацкiх вучэбных устаноў Нацыянальнага гiстарычнага архiва Беларусi мы знайшлi «Дело о присвоении звания землемера-агронома Горецкому Максиму Ивановичу». (Фонд 2260, вопiс 2, справа 1734). У iм прашэнне Максiма «…допустить меня к испытательному экзамену». Яно датуецца 19 чэрвеня 1909 года. Унiзе подпiс i горацкi адрас: вулiца Зялёная, дом Якаўлева. Далей з архiўнай справы вiдаць, што на запыт дырэктара вучылiшча ад 25 чэрвеня 1909 года, горацкi павятовы спраўнiк пад грыфам «сакрэтна» паведамляе, што «…селянін Максім Іванавіч Гарэцкі за час пражывання яго ў Горках з верасня 1908 года ні ў чым заганным не заўважаўся».

З даведкi бачна, што амаль цэлы год, яшчэ да паступлення ў вучылiшча, М.Гарэцкi жыў у Горках на вулiцы Зялёнай. Аб гэтым факце не ведаюць бiёграфы пiсьменнiка. А дзе ж гэта вулiца ў Горках? Для выяўлення яе цяперашняга месцазнаходжання кiнем позiрк на план горада, фотакопiю якога даслалi нам з Нацыянальнага гiстарычнага архiва Украiны.

Калi супаставiць яе з сучасным планам горада, то знойдзем, што гэта вулiца iмя 40-год Кастрычнiка. У 1993 годзе яна перайменавана ў вулiцу iмя Максiма Гарэцкага.

А з кiм займаўся ў Горках Максiм Гарэцкi? Па ўспамiнах дачкi пісьменнiка, Галiны Максiмаўны Гарэцкай, ён займаўся з рэпетытарам А.Крэерам. З гiсторыi рэвалюцыйнага руху ў Горках вядома, што Крэер быў адным з арганiзатараў у горадзе групы РСДРП. Аднак, як нам у свой час паведамiў Якаў Андрэевiч Аболiн, адзiн з актыўных удзельнiкаў рэвалюцыйнага руху ў Горках у 1903-1907 гг., «…Крэер у гады Першай рускай рэвалюцыi адышоў ад рэвалюцыйнага руху. Жыў у Горках i займаўся рэпетытарствам. Ён меў вялiкую бiблiятэку, якой карысталiся не толькi яго вучнi, але i навучэнцы сельскагаспадарчых вучылiшч. Калi-нiкалi ў яго праводзiлiся лiтаратурныя вечары».

На жаль, у архiўнай справе адсутнiчаюць матэрыялы аб тым, як праходзiла вучоба М.I.Гарэцкага ў вучылiшчы. Праўда, у справе N543 таго ж фонда ў «Ведомостях о переводных экзаменах учеников землемерно-агрономического училища в 1912 г.» мы знайшлi, што Гарэцкi М.I. меў «выдатна» па 23 прадметах i па практыцы, i 4,5 (была i такая адзнака) па глебазнаўству.

Першы сярод нас пачаў пiсаць па-беларуску

За гады вучобы ён не толькi атрымлiвае спецыяльнасць, але і далучаецца да лiтаратуры. Як успамiнае брат пiсьменнiка, акадэмiк АН Беларусi Гаўрыла Iванавiч, у вучылiшчы пад кiраўнiцтвам Максiма было створана «невялiкае таварыства аматараў беларускай лiтаратуры». Выпiсвалi «Нашу Нiву», чыталi «Тараса на Парнасе», вершы Янкi Купалы i Якуба Коласа. Актыўнымi членамi гуртка былi А.Сухi, I.Аўчыннiкаў i В.Белахвосцiкаў. Дарэчы, Андрэй Сухi аб сумеснай вучобе ў вучылiшчы i працы ў гуртку пакiнуў цiкавыя ўспамiны «З юначых гадоў». У iх ён пiсаў: «Найблiжэй знаёмiлiся, зблiжалiся навучэнцы ў пансiянаце (так зваўся iнтэрнат), дзе мы жылi, сталавалiся, рыхтавалi ўрокi. Сярод нашага маладога гуртка я неяк адразу вылучыў Максiма па яго сур’ёзнасцi ў кожнай справе i адносiнах да сяброў. У скорым часе нас злучыла i супольная цiкавасць да беларускага друкаванага слова. (Максiм Гарэцкi. Успамiны. Артыкулы. Дакументы. Мн., 1984. С.63-65).

Цiкава, што Андрэй Сухi яшчэ ў час вучобы ў вучылiшчы надрукаваў у газеце «Наша Нiва» (N19-20, 1912, 10 мая) пад псеўданiмам Мiкола Мокры матэрыял аб горацкай версii аўтарства «Тараса на Парнасе».

Лiтаратурны гурток iснаваў i пасля таго, як М.Гарэцкi скончыў вучылiшча. Аб гэтым сведчыць фотаздымак членаў гуртка, якi датуецца 1915 годам (ён экспануецца ў музеi гiсторыi Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii). На здымку бачна – адзiн з навучэнцаў трымае ў руках газету «Наша Нiва».

Члены гуртка не толькi чыталi «Нашу Нiву», але i пiсалi туды невялiкiя допiсы. Пiсаў i Максiм Гарэцкi. А.Сухi ў згаданых вышэй успамiнах адзначаў, што Гарэцкi адзiн з першых сярод нас пачаў пiсаць па-беларуску карэспандэнцыi i малыя апавяданнi з жыцця магiлёўскiх сялян, адсылаючы iх у рэдакцыю «Нашай Нiвы».

Так у вераснi 1912 года пад псеўданiмам «Беларус» ён надрукаваў у гэтай газеце цiкавы допiс аб вялiкiм конкурсе ў каморнiцка-агранамічнае вучылiшча, дзе на 30 месцаў было пададзена больш за трыста заяў.

«Можна сказаць, – пiша М.Гарэцкi, – што вучнi з’язджаюцца сюды з усiх куткоў Расii, бо беднякоў прымушае тут шукаць асветы тое, што вучылiшча мае шэсцьдзесят 180-рублёвых стыпендый».

У допiсе “У першы дзень кастрычнiка” М.Гарэцкi вельмi цiкава апiсвае кiрмаш у Горках. Ён адзначае, што «…народ навокал жыве небагата, бо зямлi мала, а фабрычна-завадскога промыслу цi якога iншага няма, i да жалезнага шляху далёка, а гарэлкi п’е тутэйшы селянiн надта многа. Страшэннае п’янства i сярод гарадскiх земляробаў».

Далей Гарэцкi з вялiкiм жалем паведамляе, што «…на маркотныя думкi аб будучынi краю наводзяць гэтакiя абычаi».

У матэрыяле «Весткi з Горак» (23 мая, 1913 г.) аўтар апавядае аб медыцынскiм становiшчы ў горадзе. Ён пiша: «…ужо другi месяц у Горках працуе лятучы атрад па вачавых хваробах.

У кожны дзянёк каля земскай бальнiцы вялiкая таўпа людзей, хворых на вочы, найбольш бедных сялян. Беларусь слепа i душой, i целам…

Iдуць i гараджане, бо лечыць спецыялiст дарма».

Вядома, што з гэтых невялiкiх допiсаў i пачынаўся лiтаратурны шлях М.Гарэцкага. А ў 1913 годзе ў газеце «Наша Нiва» з’явiлася яго першае апавяданне «У лазнi».

Пад сваiмi творамi ён падпiсваўся: «Беларус», «М.Беларус», «Максiм Беларус», «М.Б.». Сваё прозвiшча аўтар паставiў толькi пад паведамленнем аб трагiчным выпадку ў Горацкiм вучылiшчы, калi адзiн з навучэнцаў не вытрымаў здзекаў iнспектара-наглядчыка i скончыў жыццё самагубствам.

У лiпенi 1913 года паўстала пытанне аб размеркаваннi на працу. У архiўнай справе мы знаходзiм лiст загадчыка каморнiцкай часткай землеўпарадкавальнай камiсii Магiлёўскай губернi на iмя дырэктара вучылiшча. У iм iдзе гаворка аб тым, каб «…не адмовіць Максіму Гарэцкаму падаць на маё імя ўстаноўленае прашэнне аб прыёме яго на службу ў Магілёўскую губерню». Пазначалася i сума гадавога аклада – 300 рублёў.

Можна меркаваць, што М.Гарэцкi з прычыны блiзкасцi да роднага дому i неабходнасцi дапамагаць бацькам жадаў паехаць на працу ў Магiлёў i, магчыма, вёў папярэднiя перагаворы. Аднак атрымлiвае накiраванне ў Вiльню. А ў Магiлёў дырэктар вучылiшча паведамляе, што М.Гарэцкi атрымлiваў казённую стыпендыю i павiнен «Адслужыць па накіраванню… колькасць гадоў, роўную часу карыстання казённай стыпендыяй».

У архiўнай справе захоўваецца таксама копiя атэстата. Вось як ён скончыў вучобу:

— агульнаадукацыйныя прадметы – выдатна;

— сельская гаспадарка – выдатна;

— землеўпарадкаванне – выдатна;

— прыродазнаўчыя прадметы – добра.

«Пры гэтым – адзначаецца ў атэстаце, – праявіў асобую цікавасць і аказаўся дасведчаным у геадэзіі і карэнным паляпшэнні ўгоддзяў». На копii атэстата подпiс: «Арыгінал атрымаў 29 ліпеня 1913 года. Максім Гарэцкі».

Восенню ён едзе на працу ў Вiльню. З гэтага горада М.Гарэцкi дасылае ў канцылярыю вучылiшча паштоўку 4 студзеня 1914 года, дзе звяртаецца з просьбай паведамiць, цi не было яму пакета з Шамаўскага валаснога праўлення (у гэтай воласцi знаходзiлася яго родная вёска – Малая Багацькаўка – У.Л.). Паведамляе i свой адрас: Вiльня, Губернская чарцёжная, Гарэцкаму.

Загадчык кафедры беларускай мовы, лiтаратуры i гiсторыi

Зноў ён прыязджае ў Горкi ўжо вядомым пiсьменнiкам i вучоным. Працуе ў сельскагаспадарчай акадэмii загадчыкам кафедры беларускай мовы, лiтаратуры i гiсторыi.

Да гэтага часу на тэрыторыi Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii захаваўся дом, дзе жыла сям’я Гарэцкiх.

Яго дачка, Галiна Максiмаўна, ўспамiнала: «Наш драўляны дом, двухпавярховы, жаўтаваты, стаяў каля хiмiчнага корпуса акадэмii, блiжэй к дарозе, за якой спускаўся луг да рэчкi…

За рэчкай – дэндралагiчны парк. Сюды тата хадзiў з дзецьмi. Гаманiў, паказваў што цiкавае, частавалiся кiсленькай заячай капустай…

У трохпакаёвай кватэры нашай заўсёды, як i ў Мiнску, гасцяваў хто-небудзь з раднi. Прыязджалi з Малой Багацькаўкi, Слаўнага. Бацька дапамагаў усiм, чым мог. Пасылаў у Малую Багацькаўку грошы бацькам, братам: на пабудову хаты, на куплю каня, малатарнi, хатнiх рэчаў i iншыя справы…

Яшчэ ўспамiн: таксама ў Горках чытае тата мне, хворай, апавяданне Шолама-Алейхема «Ножык». Нейкiя людзi ў пакоi разам са мною слухаюць. Чытаў з захапленнем, па-майстэрску. Потым у сям’i нашай, калi хто хварэў, любiлi паўтараць з «Ножыка»: «Ён чыхнуў сем разоў і ўваскрэс з мёртвых». Некаторыя творы Шолам-Алейхема ўголас чытаў i пазней. Любiў апавяданне «Немец», смяяўся, чытаючы. Узяў з яго словы для эпiграфа да 12-га раздзела 2-й часткi «Вiленскiх камунараў». (Галiна Гарэцкая. Наша сям’я. 1919-1923 гг.// Максiм Гарэцкi. Успамiны. Артыкулы. Дакументы. С.26,27).

У фондах дзяржаўнага архiва Магiлёўскай вобласцi мы знайшлi асабiстую справу пiсьменнiка (фонд 536, вопiс 2, справа 97). Аналiз дакументаў гэтай справы дазваляе ўдакладнiць шматлiкiя факты з жыцця пiсьменнiка.

У першую чаргу становiцца вядомай дакладная дата пачатку яго працы ў Горках – 1 лютага 1926 года, а таксама тое, што ён быў накiраваны ў акадэмiю пастановай Наркамасветы БССР ад 25 студзеня 1926 года.

У красавiку таго ж года ў асабiстую справу лягло пасведчанне ад 9 красавiка 1926 г., якое было выдадзена рэктарам Камунiстычнага унiверсiтэта Беларусi Гельтманам, дзе адзначалася, што Гарэцкi М.I. сапраўды працаваў у Вышэйшай партыйнай школе, а потым у Камуністычным універсітэце Беларусі імя У.І.Леніна ў якасці кіраўніка прадмета беларускай мовы і літаратуры тэрмінам з 1 кастрычніка 1924 года па 1 лютага 1926 г. Рукой Максiма Iванавiча на пасведчаннi напiсана, што iншых дакументаў ён не мае. Унiзе подпiс: «сапраўдны член iнстытута Беларускай культуры».

Вялiкую цiкавасць уяўляюць некалькi анкет i апытальных лiстоў, якiя запаўняў М.I.Гарэцкi i якiя захоўваюцца ў асабiстай справе. Так, адказваючы на пытанне «адукацыя?», Гарэцкi пiша: «каморнiцка-агранамічнае вучылiшча ў Горках, самаадукацыя i Вiленскi ўнiверсiтэт (толькi слухаў лекцыi)». Цi ведаюць пра апошнi факт яго бiёграфы?

Адказваючы на пытанне «прафесiя?», ён пiша ў адной анкеце —«настаўнiк», у другой – «гiсторыя беларускай лiтаратуры». Рукой М.I.Гарэцкага састаўлена кароткае апiсанне жыцця за апошнiя 15 гадоў: да 1913 – вучыўся; 1913-1914 гг. – каморнiк на вiленшчыне; 1914-1917 гг. – на вайне; 1918-1919 гг. – працаваў у савецкiх газетах; 1919-1923 гг. – настаўнiк у Вiленскай беларускай гiмназii; 1923-1925 гг. – настаўнiчаў ў Мiнску (рабфак, камвуз).

З анкет таксама бачна, што ён быў прыцягнуты да суда ў 1922 г. у Вiльне польскiмi ўладамi «…за рэдагаванне газеты «Белорусские ведомости» і камунізм».

Навуковую цiкавасць уяўляе спiс яго прац. Вядомы ў той час пiсьменнiк, аўтар многiх кнiг Максiм Iванавiч быў вельмi сцiплым. Так, на анкеце, дзе напiсана «навуковыя працы», рукой Гарэцкага дабаўлена «папулярныя».

Гэты спiс неабходна добра вывучыць лiтаратуразнаўцам, зусiм верагодна, што там пазначаны такiя работы, якiя нам i невядомы.

Напрыклад, рукапiсная работа «Беларускi этнаграфiчны зборнiк, песнi i прымаўкi» (з нотамi), сабраныя па ўсёй Беларусi ў 1922-1926 гг.» і артыкул «Гiсторыя беларускага тэатра ў першай палове XIX ст.» Апошнi быў здадзены ў альманах беларускага дзяржаўнага тэатра ў 1924 годзе. Як нам вядома, гэты альманах быў не надрукаваны.

З дакументаў i апытальных лiстоў таксама вiдаць, што ён свабодна валодаў польскай мовай,

а ў армiю пайшоў 1 лiпеня 1914 года i служыў малодшым феерверкерам у артылерыi, удзельнiчаў у баях i быў цяжка паранены. Прымаў удзел у з’ездзе настаўнiкаў беларускiх сярэднiх школ у Вiльнi ў 1922 годзе – дэлегат на краязнаўчай канферэнцыi ад Інбелькульта.

Летам для збору матэрыялу М.I.Гарэцкi ездзiў у Сiбiр i на Далёкi Усход. Рэктарам акадэмii яму 24 чэрвеня 1926 года выдаецца пасведчанне. У iм указаны маршрут навуковай экспедыцыi: Горкi-Масква-Томск-Благавешчанск i назад. Выказвалася просьба: «да ўсіх устаноў і таварышаў аказваць т.Гарэцкаму ўсялякую дапамогу».

Па заявах, якiя знаходзяцца ў асабiстай справе, вiдаць, што ў кастрычнiку 1926 года ён ездзiў на лiтаратурную канферэнцыю, арганiзаваную Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэтам, а з 5 па 12 чэрвеня 1927 года – у камандзiроўку ў Маскву.

У кастрычнiку 1927 года Максiм Iванавiч ад iмя навуковых работнiкаў сельскагаспадарчай акадэмii вiтае XI з’езд Камунiстычнай партыi Беларусi. У стэнаграфiчнай справаздачы «XI з’езд Камунiстычнай партыi (бальшавiкоў) Беларусi 22-29 лiстапада 1927 года» (Мiнск, 1928) на стар. 244-245 мы знаходзiм яго выступленне.

«Таварышы! – пачынае ён сваю прамову, – мы прыехалi з далёкiх Горак, каб далучыць да прывiтанняў, якiя тут былi ад прадстаўнiкоў беларускiх рабочых i сялян, i свой голас навуковых працаўнiкоў Беларусi». Далей ён расказаў з’езду аб вялiкай працы, якая праводзiцца ў акадэмii па вывучэннi гiсторыi i мовы, па выхаванню студэнтаў.

Працяг.