Гэтае даследаванне мае за мэту паказаць, як Літва ўпершыню набыла вагу на міжнароднай арэне. Са свайго замка ў Вільні Гедымін кіраваў дзяржавай, якая кантралявала не толькі этнічную Літву, але і столькі рускіх зямель на захадзе праваслаўнай Русі, колькі не меў вялікі князь маскоўскі. Вялікае Княства Літоўскае авалодала асноўнымі гандлёвымі шляхамі паміж Балтыйскім морам і рэкамі Дзвіной і Дняпром, паміж Руссю, Польшчай і Тэўтонскім ордэнам. Яго тэрыторыя ахапляла вялізныя хрысціянскія абшары, што падначальваліся Канстанцінопальскай царкве. Гэта дзяржава абяцала стаць прасторай і для далейшай экспансіі Рымскай царквы, але яна абрала колішняе паганства.

Прысвячаю памяці ахвяр студзеня 1991 года

6 верасня 1991 года бальшавіцкі рэжым у Маскве фармальна скасаваў пакт Молатава—Рыбентропа і адмовіўся ад усіх прэтэнзій на прыбалтыйскія дзяржавы, якія ён паглынуў у 1940 годзе. У той жа дзень у Вільні Акадэмія навук Літвы ладзіла міжнародны сімпозіум з нагоды 650-х угодкаў смерці заснавальніка сярэднявечнай літоўскай дзяржавы, вялікага князя Гедыміна (1315/1316—1341/1342). Літва мае доўгую і выбітную гісторыю. У 1386 годзе вялікі князь Ягайла, унук Гедыміна, ажаніўся з каралевай Польшчы Ядвігай, каб зрабіцца каралём супольнай літоўска-польскай дзяржавы, якая распасціралася ад Сілезіі да Смаленска, ад Балтыйскага да Чорнага мораў. Літва як суверэнная дзяржава знікла з карты Еўропы тады, калі апошняя частка Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў была далучаная да Расіі ў 1795 годзе. Як і Польшча, Літва аддзялілася ад Расійскай імперыі ў 1918 годзе [1].

Гэтае даследаванне мае за мэту паказаць, як Літва ўпершыню набыла вагу на міжнароднай арэне. Са свайго замка ў Вільні Гедымін кіраваў дзяржавай, якая кантралявала не толькі этнічную Літву, але і столькі рускіх зямель на захадзе праваслаўнай Русі, колькі не меў вялікі князь маскоўскі. Вялікае Княства Літоўскае авалодала асноўнымі гандлёвымі шляхамі паміж Балтыйскім морам і рэкамі Дзвіной і Дняпром, паміж Руссю, Польшчай і Тэўтонскім ордэнам. Яго тэрыторыя ахапляла вялізныя хрысціянскія абшары, што падначальваліся Канстанцінопальскай царкве. Гэта дзяржава абяцала стаць прасторай і для далейшай экспансіі Рымскай царквы, але яна абрала колішняе паганства.

Ні на адной заходнееўрапейскай мове няма падрабязнага выкладу гісторыі паганскай Літвы. Наша даследаванне ліквідуе гэты прагал у навуцы і з’яўляецца дапаўненнем да ранейшых дасягненняў Генрыка Пашкевіча, Зянонаса Івіньскіса і Уладзіміра Пашуты. Створаныя імі працы пра гісторыю Літвы (на польскай, літоўскай ды расійскай мовах) у пэўных момантах састарэлі, дый для англамоўных чытачоў яны ў кожным разе недасяжныя [2]. У гэтай манаграфіі падрабязна разглядаецца Гедымін, найвыбітнейшая постаць другога плана ў выдатным даследаванні Джона Фенэла пра ўздым Масквы [3]. Падзеі тут будуць асвятляцца з розных бакоў і найперш з боку Вільні, а не Варшавы, Масквы ці Караляўца, разглядаючы Вялікае Княства Літоўскае як цалкам самастойны суб’ект, а не ў перспектыве тэрытарыяльнай экспансіі тэўтонцаў, палякаў ці рускіх. У працы будзе зроблена спроба абвергнуць той несправядлівы заходні погляд на гісторыю Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, паводле якога з-за няведання змяншаюцца ўнёскі славян і балтаў у еўрапейскую культуру. Надта доўгі час сярэднявечная гісторыя Літвы разглядалася ў якасці tabula rasa, дзе пісалася пра славу яе суседзяў, якія «цывілізавалі» Вялікае Княства.

Мы маем разгледзець шлях Літвы да велічы пад уладай Гедыміна, а таксама закранём дасягненні яго папярэдніка і брата Віценя (1295— 1315) і яго выбранага наступніка Яўнута (1342— 1345). Нашым найбольшым зацікаўленнем будзе тое, як Вялікае Княства выкарыстоўвала вайсковыя і палітычныя слабіны суседзяў, маніпулявала канфесійнымі межамі каталіцтва ў Прыбалтыцы і праваслаўя на Русі, а таксама яго дыпламатыя ў адносінах з замежнымі ўладарамі, якія былі гатовыя як выступіць разам з паганамі-літоўцамі (і жаніцца з паганскімі князёўнамі), так і падтрымліваць крыжовыя паходы супраць іх. Гэта даследаванне ставіць пад пытанне існыя прэсупазіцыі пра месца паганскай дзяржавы ў хрысціянскім свеце, а таксама пра «неабходнасць» навярнення паганаў як умову актыўнага ўдзелу ў справах міжнароднай супольнасці ў познім Сярэднявеччы.

Такі падыход вымагае ад нас разгледзець агмяні напружання ў еўрапейскай гісторыі XIV ст. Нешматлікасць мясцовых крыніц, дасяжных для даследніка Літвы, змушае пашыраць кантэкст, уяўляць Еўропу такім колам, дзе Літва — вось, а розныя рэгіянальныя праблемы — яго спіцы: канфлікт паміж русінамі, немцамі і татарамі; паміж Масквой і яе сапернікамі за ўладу ў Русі; паміж Польшчай і Руссю; паміж Святой Рымскай імперыяй і Тэўтонскім ордэнам, з аднаго боку, і прыбалтыйскімі паганамі — з іншага; паміж папам і імперыяй; паміж Візантыяй з яе «Садружнасцю» [*4] ды папам. Вось чаму ў першым раздзеле даецца разгляд найбліжэйшых суседзяў Літвы. Абмежаванні, з якімі з-за нястачы крыніц сутыкаюцца даследнікі сярэднявечнай Літвы, абмяркоўваюцца ў другім раздзеле. Агульная характарыстыка паганскай дзяржавы пададзеная ў раздзеле 3. Потым разглядаецца літоўская экспансія на Русь, паганскі культ, праваслаўная іерархія і каталіцкая місія 1323— 1324 гг. Манаграфія завяршаецца раздзеламі, прысвечанымі ваеннай дыпламатыі, апошнім гадам кіравання Гедыміна і тым дынастычным ды ваенным праблемам, якія ўскладнялі кіраванне вялікага князя Яўнута.

Чытачы-неспецыялісты, магчыма, здзівяцца ўжыванню назвы Русь у дачыненні да населенага ўсходнімі славянамі краю. Гэта бяскрыўдны ўмоўны тэрмін, якім абазначаецца абсяг супольнай палітычнай, рэлігійнай і літаратурнай культуры да часоў уздыму велікарусаў (г. зн. маскавітаў) над братнімі русінамі Беларусі ды Украіны.

Пры гэтай нагодзе нельга не патлумачыць звычаю вядзення храналогіі ў сярэднявечнай Русі. Чытачу будзе карысна ведаць, што рускія і іншыя праваслаўныя летапісцы датавалі падзеі ад стварэння свету (annus mundi) ў 5508 годзе да н. э. Пачаткам года лічылася 1 сакавіка, дзень, які ішоў звычайна пасля нашага 1 студзеня, але часам быў і перад ім. Такім чынам АМ 6808 адпавядае перыяду 1 сакавіка 1299 года / 29 лютага 1300 года або 1 сакавіка 1300 года / 28 лютага 1301 года. Перанос у заходнееўрапейскую сістэму летазлічэння шмат у чым залежыць ад параўнання летапіснага запісу з падзеямі, што адбываліся паза Руссю.

Аўтар дзякуе за дапамогу многім асобам і ўстановам у Вялікабрытаніі, Літве, Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Расіі, Нямеччыны, Злучаных Штатах Амерыкі, Канадзе і Рыме, якія палегчылі ўзяты аўтарам цяжар: спадару К. Роўэлу з жонкай, фонду Грабоўскага, Варшаўскаму ўніверсітэту і Брытанскай акадэміі, кембрыджскаму Каледжу Магдалены і Клер. Каштоўную дапамогу далі дырэктары і калектывы такіх арганізацый, як Таемны архіў Ватыкана, Таемны архіў культурнай спадчыны Прускай дзяржавы ў Берліне, бібліятэкі Варшаўскага і Кракаўскага ўніверсітэтаў, бібліятэка Акадэміі навук Польшчы і Бібліятэка Чартарыйскіх у Кракаве, гарадскія архівы Рыгі і Таліна, Цэнтральная бібліятэка Акадэміі навук Літвы ў Вільні і Гарадскі архіў Пскова.

Уважлівы нагляд з боку д-ра Дж. Э. Б. Шэпарда, парады сп. М. Гедройця і пастаянныя падахвочванні з боку д-ра Р. Я. Мажэйкі, гарачыя дыскусіі з д-рам А. Нікжэнтайцісам і дапамога ксяндза прафесара П. Рабікаўскаса зрабілі складаную задачу прыемнай.

Кембрыдж, Каледж Клер,
свята Маці Божай Марыі, 1993 год


1. Абагульняльныя нарысы гісторыі Літвы і Цэнтральна-Усходняй Еўропы, якія не адрозніваюцца тэндэнцыйнасцю: Halecki O. The borderlands of western civilisation: A history of East Central Europe. New York, 1952; Ochmański J. Historia Litwy. 2 wyd., Wrocław—Warszawa—Kraków—Gdańsk—Łódź, 1982.

2. Paszkiewicz H. Jagiellonowie a Moskwa I: Litwa a Moskwa w XIII i XIV wieku. Warszawa, 1933; Ivinskis Z. Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties. Rome, 1978; 2-as leid., Vilnius, 1991; Пашуто В. Т. Образование Литовского государства. Москва, 1959.

3. Fennell J. L. I. Emergence of Moscow, 1304— 1359. London, 1968.

*4. У англамоўнай гістарыяграфіі пад тэрмінам Візантыйская Садружнасць (Byzantium Commonwealth) па аналогіі з паняццем Брытанская Садружнасць (British Commonwealth) разумеюць краіны балканскага і ўсходнееўрапейскага рэгіёнаў, якія прынялі хрысціянства ўсходняга абраду і зведалі адпаведны культурны ўплыў з боку Візантыі. — Рэд.