Пэўны час таму я атрымаў ад Уладзіміра Ляхоўскага з Мінска здымак Цімафея Хведашчэні ў „балахоўскім” мундзіры і фуражцы з выявай чэрапа і скрыжаванымі мячамі. Здымак маладога, прыгожага беларускага ваякі безупынна прыцягваў мае вочы, не даваў мне спакою. Я проста мусіў напісаць пра гэтага незвычайнага чалавека, якога помняць яшчэ белавежскія старажылы.
Цімафей Хведашчэня (у некаторых крыніцах — Федасеня) — гэта адзін з тысячаў беларусаў, якія цвёрда змагаліся за сваю дзяржаву, але якім лёс не дазволіў ні дасягнуць гэтай мэты, ні наладзіць жыцця на меру сваіх здольнасцяў.

 

Нарадзіўся ён ў 1897 г. у вёсцы Заравічы пад Лунінцам. У 1916 г. скончыў шосты клас гімназіі ў Слуцку. У гэтым жа годзе скончыў 6-месячныя афіцэрскія курсы. У наступным годзе быў дэмабілізаваны з расійскай арміі, але не кідаў зброі. У снежні 1917 г. быў ужо паручнікам 1-га беларускага пяхотнага палка ў Мінску. Гэты полк фармаваўся з дазволу бальшавіцкага галоўнакамандуючага расійскай арміі М. Крыленкі, але камандзір Заходняга фронта А. Мяснікоў загадаў ліквідаваць полк і далучыць яго жаўнераў да 289 запаснага палка.

 

Усё-такі перамога бальшавікоў была часовая. Калі немцы, якія не маглі з імі дагаварыцца, рушылі на ўсход, беларускія вайскоўцы 19 лютага 1918 г. паднялі ў Мінску паўстанне і перанялі ўладу ў горадзе. Сярод паўстанцаў быў і Цімафей Хведашчэня. 20 лютага беларускія атрады былі злучаныя ў 1-ы Мінскі Беларускі нацыянальны полк. Паручнік Хведашчэня зацвярджаў палкавыя спісы пячаткаю з выявай Пагоні (зверху) і чэрапа са скрыжаванымі касцямі (унізе). У той час гэта быў даволі распаўсюджаны сімвал, які абазначаў, што яго носьбіт будзе біцца не на жыццё, а на смерць.

 

На жаль, немцы не згадзіліся на фармаванне беларускай арміі, паколькі думалі аддаць Беларусь бальшавікам. Хведашчэня, відаць, вярнуўся ў родную старонку, бо ў гэтым жа самым 1918 г. апынуўся ў Пінскім батальёне Белай арміі. Але ў 1919 г. ён быў ужо камандзірам батальёна Чырвонай арміі ў Слуцку. Не адзін ён з выдатных беларускіх вайскоўцаў меў вайсковы стаж у „чырвоных”. Згадаем хаця б камандзіраў чырвоных палкоў Станіслава Булак-Балаховіча і Вячаслава Адамовіча-старэйшага ці бальшавіцкага камісара Міколу Дзямідава.

 

Падчас польскага наступлення ў Беларусі на тылах савецкіх войск збройна выступілі беларускія вайскоўцы. На бок палякаў перайшоў тады згаданы ўжо Адамовіч-старэйшы, камандзір Полацкага палка. Антыбальшавіцкі рокаш у сваім батальёне падняў і Хведашчэня, які далучыўся да 1-га беларускага партызанскага атрада пад камандаваннем Лукаша Сяменіка. Капітан Сяменік арганізаваў паўстанне на тэрыторыі Барысаўшчыны. Выціснуты бальшавіцкай карнай экспедыцыяй, ён схаваўся ў лясах. Калі польскія войскі падышлі пад Барысаў, ён паразумеўся з іх камандаваннем і вывёў свой атрад разам з польскім 3-ім уланскім палком на тылы бальшавікоў, што паскорыла іх адыход з Барысава. Атрад Сяменіка застаўся пасля на фронце да лістапада 1919 г.

 

Хведашчэня з ліпеня 1919 да лета 1920 г. служыў у Войску Польскім як супрацоўнік ІІ аддзела (выведка і контрвыведка) пры камандаванні 2-й дывізіі (пазней 6-й дывізіі).

 

Увосень 1920 г. Хведашчэня як камандзір групы мінскіх партызанскіх атрадаў падпісаў разам з В. Адамовічам-старэйшым, старшынёй Беларускага палітычнага камітэта і, сярод іншых, Паўлам Алексюком, тэлеграму на адрас старшыні Расійскага палітычнага камітэта Барыса Савінкава і генерала Станіслава Булак-Балаховіча: „Пакутуючы пад ігам захопнікаў-бальшавікоў, беларускі народ кліча дапамагчы яму вызваліцца і здзейсніць запаветную мару многіх пакаленняў аб самастойнай дэмакратычнай Беларусі”. 12 кастрычніка 1920 г. БПК заключыў дамову з Булак-Балаховічам, у якой абавязаўся памагчы генералу ў арганізацыі беларускай арміі, а той узамен меў перадаць БПК цывільную ўладу на занятай сабой тэрыторыі Беларусі.

 

У другой палове кастрычніка Хведашчэня з’явіўся ў Слуцку, дзе вербаваў добраахвотнікаў у армію генерала Булак-Балаховіча. У пачатку лістапада 1920 г. Хведашчэня прывёў у лагер Балаховіча атрад, які выглядаў „імпазантна з увагі на мараль і дысцыпліну” і нічым не розніўся ад рэгулярных атрадаў. Ён меў свой сцяг і нават невялікі аркестр. Атрад капітана Хведашчэні быў далучаны як Асобны Беларускі батальён (разам з кавалерыйскім узводам налічваў 700 людзей) да 2-й Мінскай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка Медарда Мікошы.

 

Падчас паходу генерала Булак-Балаховіча група палкоўніка Мікошы дзейнічала на левым флангу арміі з мэтай узяць Жлобін. 10 лістапада яна вырушыла з Петрыкава, а 14-га ўзяла Калінкавічы, праз дзень накіроўваючыся на Жлобін. 16 лістапада бальшавікі затрымалі наступ палкоўніка Мікошы пад Даманавічамі і наступнага дня прымусілі яго адступаць да Мазыра. Ноччу з 17 на 18 лістапада атрады палкоўніка Мікошы і расійскія атрады генерала Яраслаўцава пакінулі Мазыр і падаліся ў нейтральную зону. Пад канец месяца яны былі інтэрнаваныя разам з цэлай арміяй.

 

Капітан Хведашчэня належаў да тых, хто, падобна Міколу Дзямідаву з беластоцкім батальёнам, вырашылі не здавацца. Спярша са сваім атрадам ён падаўся ў Слуцк, дзе выступаў як камандзір Мінскага аддзела народнай дабраахвотніцкай арміі. Варожа прыняты эсэраўскім кіраўніцтвам Рады Случчыны, ён накіраваўся ў Вызну, дзе быццам бы зрабіў пагром і пагражаў рабіну павешаннем, калі не будзе аддадзены вялікі выкуп, але мусіў схавацца ад случакоў. Урэшце, калі трэба было біцца з бальшавікамі, Хведашчэня ўсё-такі стаў афіцэрам 1-й Слуцкай брыгады.

 

Пасле таго, як Брыгада скончыла баявыя дзеянні і была інтэрнаваная палякамі, Хведашчэня быў сярод тых случакоў, якія не хацелі здацца. Іван Пешка „Густалес” даў Саветам паказанні, што Хведашчэня разам з прыхільнікамі генерала Булак-Балаховіча Арсенем Паўлюкевічам і паручнікам Мацелі, але таксама ў нечаканай кампаніі капітана Антона Борыка, які быў праціўнікам генерала (але, можа, памяняў погляды, калі быў адсунуты ад пасады шэфа штаба Слуцкай Брыгады) ды групай моладзі, сярод якой быў сярод іншых Сяргей Бусел, адступіў з Морача, апошняга апорнага пункта случакоў, у Давыд-Гарадок. Там случакоў і балахоўцаў, якія да іх далучыліся, абяззброілі палякі. Тым не менш, Арсень Паўлюкевіч выступіў з прамовай, у якой гаварыў, што беларускія жаўнеры вызваляць Беларусь ад палякаў і бальшавікоў. Пасля іх накіравалі ў Лунінец.

 

У Лунінцы знаходзіўся галоўны штаб атрадаў Сялянскай партыі „Зялёнага Дуба”, створанай Адамовічам-старэйшым, якая ўвосень папярэдняга года падтрымала генерала Булак-Балаховіча. Камандзірам ўзброеных атрадаў „Зялёнага Дуба” быў атаман Вячаслаў Адамовіч-малодшы(псеўданім „Дзяргач”). Адным з атаманаў „Зялёнага Дуба” стаў таксама Хведашчэня (псеўданім „Вішнеўскі”; карыстаўся таксама псеўданімам „Кулеўскі”).

 

Каля двух з паловай тысяч случакоў, якія не хацелі быць інтэрнаванымі, стаялі ў наваколлі Нясвіжа. Сюды прыбыла таксама частка жаўнераў з батальёну Дзямідава і прыходзілі беларускія дэзертыры з Чырвонай арміі. Тут стаў дзейнічаць і Хведашчэня, які 27 снежня 1920 г. абвясціў сябе Атаманам беларускіх партызанскіх атрадаў.

 

У пачатку 1921 г. колькасць беларускіх жаўнераў, якія канцэнтраваліся ў наваколлі Нясвіжа, ацэньвалася ў 4 тысячы. Шмат хто з іх захаваў зброю. Гэтую масу беларускіх вайскоўцаў спрабавала арганізаваць польскае камандаванне, ствараючы з іх т. зв. рабочыя дружыны. Яны займаліся адбудовай мастоў, рамонтам дарог і т. п. працамі ў прыфрантавой зоне. На піку развіцця яны налічвалі паўтары тысячы людзей. Гэтыя дружыны служылі як база для фармавання з самых надзейных і па-антыбальшавіцку настроеных асоб дыверсійных груп, якіх перакідалі на савецкі бок. У лютым 1921 г. камандзірам гэтых дружын быў Хведашчэня.

<!** Title> <!** EndTitle>

Вясной 1921 года польскае камандаванне вырашыла распусціць беларускія атрады, пра што было даведзена да ведама іх камандзіраў ужо на пачатку красавіка. Усведамленне таго, што вайна скончылася, безумоўна паўплывала на маральны стан беларускіх партызанаў. Частка з іх стала марадзёрамі. Яшчэ на пачатку красавіка капітан Хведашчэня і яго памочнікі ацэньваліся палякамі як добрыя партызаны, якія толькі не ўмеюць навесці дысцыпліну сярод сваіх людзей. Адзін з падпарадкаваных Хведашчэню атрадаў, пасланы на Слуцак, адразу ж за мяжой напаў на рэўком у Магільне і пад Пясочнай, забіўшы пры гэтым пяць невінаватых асобаў. Марадзёры абнаглелі да такой ступені, што сталі рабіць напады і на польскім баку. У сярэдзіне красавіка польскае і беларускае камандаванне мусіла арганізаваць адмысловую акцыю, каб злавіць марадзёраў з атраду Хведашчэні. Як падаецца, пры нагодзе арыштаваны быў і сам Хведашчэня, паколькі беларускае камандаванне прасіла польскі бок, каб яго не выпускалі, баючыся помсты. Марадзёры былі перададзены атаману Адамовічу- „Дзергачу” „дзеля расправы кароткім шляхам”.

 

Ці па гэтай прычыне, ці ў выніку проста змагання за кіраўніцтва над партызанскім рухам, эпізодам якога магло быць арыштаванне Хведашчэні, той парваў з „Зялёным Дубам” і „Дзергачом” асабіста. Бліжэй сышоўся з генералам Булак-Балаховічам і Паўлам Алексюком, і ад іх імя 10 чэрвеня 1921 падаўся на тэрыторыю Савецкай Беларусі і пачаў арганізоўваць падполле на тэрыторыі Бабруйскага і Слуцкага паветаў, прызваўшы ў пакрытыя лесам Вераб’ёвы горы сваіх колішніх жаўнераў і залёнадубцаў, за якімі пацягнуліся і дэзерціры з Чырвонай арміі. Хведашчэня падзяліў іх на чатыры атрады па дзвесце пяцьдзесят чалавек пад камандаваннем сваіх афіцэраў, хутка стварыў сетку інфарматараў па вёсках і арганізаваў пяцёркі, якія распаўсюджвалі літаратуру і вялі агітацыю сярод сялян і жаўнераў Чырвонай арміі ды займаліся разведкай. Блізка супрацоўнічаў з паручнікам Караткевічам, які тады парваў з „Дзергачом”, падпарадкаваўся Булак-Балаховічу і сабраў пад сваім камандаваннем усе паўстанцкія групы ў Мазырскім павеце. Хведашчэня ўзяў прыклад з Караткевіча і арганізаваў тэрарыстычныя групы, каб ачысціць свой раён ад камуністаў, арганізоўваючы напады на рэўкомы і на вайсковыя адзінкі ў вялікіх цэнтрах Беларусі. Навязаў таксама кантакт з паручнікам Монічам і капітанам Сяменікам, якія партызанілі ў Барысаўскім павеце, а таксама з паўстанцкай арганізацыяй на Ігуменшчыне, на чале якой стаяў Міхась Жылінскі, афіцыйна ваенком і начальнік Ігуменскага гарнізона, а ў сапраўднасці сябра „Зялёнага Дуба”. Сродкі на пражыццё „атаман Кулеўскі” здабываў, робячы напады на рэквізіцыйныя атрады (т. зв. прадразвёрсткі) і рэўкомы, дзе здабываў грошы на пакупку прадуктаў. Ён арганізаваў між іншым напад на бальшавіцкі аддзел каля вёскі Вялікі Ражан.

 

Хведашчэня не быў доўга на Савецкай Беларусі, магчыма, што ён знаходзіўся там толькі да 29 чэрвеня 1921 г. Пасля вяртання ён звязаўся з арганізацыяй Народны хаўрус „За Бацькаўшчыну”, створанай случаком Арсенем Паўлюкевічам летам 1921 г., якая ставіла сабе за мэту „вызваленне Бацькаўшчыны з рук камуністаў і ўтварэнне Незалежнай Непадзельнай Беларусі ў яе этнаграфічных межах». Штаб Паўлюкевіча стварыў партызанскія атрады, на чале якіх стаяў Хведашчэня.

 

У кастрычніку 1921 г. атаман быў арыштаваны ІІ аддзелам 2-й арміі Войска Польскага ў мясцовасці Морач па абвінавачанні ў службовых і фінансавых злоўжываннях, але 24 снежня быў вызвалены з-пад варты ў Берасці. Незразумела, чым быў сапраўды выкліканы гэты арышт, бо арганізацыя „За Бацькаўшчыну” якраз стала пераходзіць на антыпольскія пазіцыі. Назіраючы здзек польскіх уладаў над беларушчынай, Арсень Паўлюкевіч прыйшоў да высновы, што лепш ужо далучыцца да Расіі, чым ісці пад польскае ярмо. Гэта завяло яго ў 1922 г. у польскую турму.

 

У ліпені 1923 г. Камендантура Палітычнай паліцыі на г. Вільню зрабіла свайго роду верыфікацыю беларускіх дзеячоў і палічыла прапольска настроеным беларускім вайскоўцам Хведашчэню, які жыў ужо ў Белавежы. Атаман патрапіў сюды, відаць разам з сотнямі іншых балахоўцаў, паселеных тут сваім камандзірам.

 

Як успамінае белавежац Георгі Ваўкавыцкі, Хведашчэня „ажаніўся з тутэйшай жанчынай, мусіць з Ваўкавыцкіх, якіх называлі Цярэнцьевымі, ад бацькі Цярэнція. Жыў на жончыным, на Заставе (цяпер вул. Вольгі Габец). Мужчына быў вельмі высокі, мажны, мусіць самы моцны на Заставе. Да Другой сусветнай вайны абуваў белавежцаў у гумовыя лапці — прадаваў матацыклавыя і самаходавыя шыны, з якіх рабілі лапці, у параўнанні з традыцыйнымі — вечныя”.

 

У 1926 г. да ўлады ў Польшчы ў выніку ўзброенага перавароту прыйшоў Юзаф Пілсудскі. Паколькі немалую дапамогу ў гэтым аказаў яму генерал Булак-Балаховіч, які са сваімі людзьмі перарэзаў дарогу для ўцёкаў ураду прэмьер-міністра В. Вітаса, як Генерала, так і яго жаўнераў сталі ўшаноўваць. У 1927 г. у Белавежы адбыўся з’езд балахоўцаў. 11 лістапада 1928 г. Хведашчэня быў ганараваны медалём „Польшча свайму абаронцу”. У студзені 1939 г. ён звярнуўся да Міністэрства вайсковых спраў з просьбай разгледзець яго заяву ў справе ўзнагароджання Крыжам Незалежнасці. У гэты час ён жыў у Гайнаўцы.

 

У 1939-1941 г. настаўнічаў у Белавежы.

 

Падчас нямецкай акупацыі стаў старшынёй філіялу Беларускага аб’яднання ў Белавежы, якое налічвала тут 84 чалавекі.

 

Як упамінае Г. Ваўкавыцкі, „арганізаваў беларускую школу і стаў яе кіраўніком. Займаўся таксама культурнай дзейнасцю. У 1942 сцягнуў на канцэрт Забэйду-Суміцкага, які ў яго начаваў падчас побыту ў Белавежы. Хведашчэні належыла таксама крама з пісьмовымі матэрыяламі і газетамі, у якой гандлявала старэйшая дачка — Тамара. Крама стаяла там, дзе і іншыя, як гэта называлі белавежцы — будкi, у радзе перад кіно, дзе цяпер Дом культуры. Можна было ў ёй купіць беларускія газеты, беластоцкую „Новую Дарогу” і берлінскую „Раніцу”. Калі ў 1943 г. вывозілі на работу ў Прусію рочнікі 1923 і 1924, узялі і Тамару. Да Бельска мы ехалі разам, бо мяне таксама ўзялі, праводзіла яе і малодшая сястра, але адтуль яе бацька здолеў вярнуць, наладзіўшы нейк справу з немцамі. Пад канец вайны, у 1944 г., разам з сям’ёй выехаў з немцамі.

 

Пасля вайны нейкім чынам стаў палкоўнікам Войска Польскага і служыў у авіацыі. Дачка Тамара вучылася ў 1947 г. у Акадэміі палітычных навук на факультэце журналістыкі. Але нехта выдаў яго, ягоную сапраўдную тоеснасць, і Хведашчэня папаў у турму.

 

Апошні раз я бачыў Хведашчэню пад канец жніўня 1954 г. у Варшаве. Я выйшаў з Міністэрства вышэйшай асветы, якое памяшчаецца на вул. Мядовай. На Кракаўскім Прадмесці пабачыў, што насупраць мяне ідзе высокі, мажны мужчына ў мундзіры без пагонаў. Ішоў з апушчанай галавой. Толькі калі мы прайшлі міма сябе, я сцяміў, што гэта быў Хведашчэня, але я яго не зачапіў. Магчыма, якраз тады яго і адпусцілі з турмы”.

 

Памёр Цімафей Хведашчэня напрыканцы 1980 — пачатку 1990-х гадоў.

 

_______________________________________________________

 

*Аўтар дзякуе Юрыю Грыбоўскаму за перададзеныя звесткі і здымкі, а Пятру Байко за інфармацыю. У артыкуле скарыстаныя звесткі, сабраныя аўтарам у працы„Беларускія вайсковыя фармаванні 1917–1923” (Беласток, 1995), і матэрыялы, апублікаваныя Яаннай Янушэўскай-Юркевіч у „Беларускім гістарычным зборніку”(Raport atamana Chwiedoszczeni…” // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2000. Z. 14; Przyczynek do losów przywódców „Zielonego Dębu”…” // BZH. 2001. Z. 15), а таксама кніжка Н.Стужынскай „Беларусь мяцежная” (Вільня, 2000) і расповед Георгія Ваўкавыцкага, запісаны аўтарам 14 лістапада 2008 г., дапоўнены звесткамі з расповеду, запісанага Пятром Байко 2 жніўня 2001 г.

 

_______________________________________________________

 

Алег Латышонак гісторык, ад’юнкт-прафэсар катэдры гісторыі беларускай культуры ўнівэрсытэту Беластоку. Нядаўна выйшла ягоная кніга «Жаўнеры БНР»