Ад рэдакцыі: У апошнія дні ў Фэйсбуку і на сайце “ARCHE” аднавілася старая дыскусія адносна супрацоўніцтва беларускіх нацыянальных дзеячаў з нямецкімі акупантамі ў гады Другой сусветнай вайны. У цэнтры ўвагі, як часта здараецца ў падобных выпадках, апынулася асоба вядомага беларускага дзеяча Станіслава Станкевіча, які падчас вайны займаў розныя пасады ў акупацыйнай адміністрацыі, а ў пазнейшы час стаў адной з асноўных мішэняў для ўсіх тых, хто выступае за адназначнае асуджэнне беларускага “калабарацыянізму” падчас апошняй вайны.

 
Пачатак дадзенай дыскусіі прымусіў нас прыгадаць пра артыкул гарадзенскага гісторыка Дзяніса Нарэля, дасланы ў рэдакцыю больш за год таму і планаваны для друку ў адным з запланаваных ваенных нумароў “ARCHE”. Гэты нумар мусіў дайсці да чытача яшчэ ўвосень мінулага года, але, на жаль, па вядомых прычынах мусіў значна затрымацца з выхадам у свет. Артыкул Дз. Нарэля – дастаткова вялікі паводле аб’ёму, і ў ім аўтар прадстаўляе дзейнасць беларускіх дзеячаў, што падчас вайны супрацоўнічалі з немцамі, у выразна негатыўным святле, шукаючы пацверджанне свайго меркавання ў апублікаваных працах і дакументах. Трэба адзначыць, што рэдакцыя настолькі катэгарычнай пазіцыі аўтара не падзяляе, аднак, тым не менш, планавала надрукаваць дадзены тэкст у парадку дыскусіі. Пры гэтым тагачасны намеснік галоўнага рэдактара часопіса Аляксандр Пашкевіч палічыў патрэбным у якасці першага дыскутанта выступіць асабіста. Сёння мы друкуем фрагменты абодвух тэкстаў, прысвечаных асобе Станіслава Станкевіча, даючы магчымасць зацікаўленым чытачам самім вызначыцца, ці патрэбна нам праўда пра тыя падзеі, і наколькі яна адназначная. Спадзяемся, што ў зусім хуткім часе гэтая дыскусія стане даступнай для чытачоў цалкам.

Назіраючы за палемікай, што час ад часу ўзнікае сярод беларускіх навукоўцаў і публіцыстаў адносна падзей Другой сусветнай вайны, я ўвесь час задаюся адным і тым жа пытаннем — а ці патрэбна ўвогуле людзям праўда?

Так, некалькі гадоў таму непрыемна здзівіла рэакцыя беларускай нацыянальна свядомай інтэлігенцыі на спробы пана Алеся Белага і ягоных аднадумцаў паставіць пытанне аб адказнасці асобных беларускіх дзеячаў за супрацоўніцтва з нацыстамі ў гады апошняй нямецкай акупацыі Беларусі.

Справа, аднак, зусім не ў поглядах аднаго толькі гэтага асяродку. Падобныя дыскусіі, як вядома, адбываюцца ў наш час паўсюдна, асабліва на постсавецкай прасторы.

Я асабіста, дарэчы, доўга чакаў, пакуль пытанне згаданай адказнасці ўзнікне ў беларускім адраджэнскім асяроддзі, бо апошні раз яно, на жаль, падымалася савецкімі «политически грамотными» даследчыкамі, у заангажаваных ацэнках якіх было больш чым дастаткова як ідэалагічных штампаў, так і адкрытай хлусні.

Хваля Перабудовы і нацыянальнага Адраджэння другой паловы 1980-х — першай паловы 1990-х гг. выклікала адваротную рэакцыю: многае з таго, што раней ганілася, пераўтварылася ў культ з амаль рэлігійным шанаваннем. У выніку сфармаваўся наш, беларускі пантэон «багоў і герояў», рыцараў без страху і дакору, сумніў у вартасцях якога разглядаўся як ерась і здрада.

Магчыма, гэта для таго часу было непазбежна. Усё тады даводзілася пачынаць з чыстага аркуша, а гэта цяжка. Тым больш што станоўчыя героі народу ў любым выпадку патрэбныя. Аднак міналі гады, з’яўляліся новыя публікацыі, выходзілі на шырокі прастор новыя даследчыкі. «Культ» жа, створаны на хвалі эйфарыі і ўздыму патрыятычных пачуццяў, толькі яшчэ больш умацоўваўся, а тэма адваротнага боку калабарацыі 1941—1945 гг. была табуяваная. Не ведаю толькі, абыходзілі даследчыкі гэтую тэму свядома, лічачы, што народу патрэбны міф, чысты і празрысты, як сляза дзіцяці, ці беларускай гістарыяграфіі проста не хапала грунтоўнасці і глыбіні?

Лукашэнкаўскі рэжым, праўда, раз-пораз уздымаў гэтае пытанне, звычайна перад святкаваннем Дня 25 сакавіка ці пасля чарговай апазіцыйнай акцыі. Але звычайна з усяго гэтага выходзілі вартыя жалю агіткі, дзе кадры цікавай кінахронікі з архіва ў Дзяржынску чаргаваліся з аператыўнай здымкай КДБ і суправаджаліся з’едлівымі саркастычнымі каментарамі за кадрам. Усё гэта мала чым адрознівалася ад савецкай прапаганды пра «злых буржуазных нацыяналістаў і іх заакіянскіх гаспадароў» узору года так 1965. Ні фактаў у гэтых матэрыялах не было, ні аналітыкі — адная жоўць. Таму калі і варта дзеля нечага глядзець такія «шэдэўры», то хіба што толькі дзеля згаданай рэдкай хронікі.

Цікава тое, што пытанне персанальнай адказнасці шэрагу недатыкальных куміраў часоў акупацыі ў свой час паставіў у нацыянальна свядомых колах Алесь Белы — чалавек, які сам глыбокімі даследаваннямі Другой сусветнай ніколі не займаўся. І што тут пачалося! На старонках беларускай прэсы і ў інтэрнэце на Белага абрынулася хваля крытыкі. Якія толькі «грахі» яму не закідвалі — амаль што агентам-асведаміцелем не выставілі. «А як жа? Ён лье ваду на млын ворага!».

Пакінем у баку тэарэтычныя пабудовы пана Белага, бо гэта зусім іншая тэма. Здзіўляе тут перадусім тое, што прынцыповыя, канкрэтныя факты, якія агучылі Белы і ягоныя прыхільнікі, не былі хоць бы кім колькі-небудзь грунтоўна разгледжаныя і абвергнутыя. Замест гэтага гісторыкі і журналісты абрынуліся на добра забытага ўжо Джона Лофтуса, якога сёння толькі лянівы не абвінаваціў у некампетэнтнасці і карыслівасці.

Сам я кнігу Лофтуса не чытаў, таму нічога канкрэтнага супраць яго казаць не буду. Куды больш мяне хвалюе пытанне — што ж усё такі сапраўды рабілі ў гады Другой сусветнай вайны беларускія паліцыянты і бурмістры, якая ідэалогія стварала падмурак іх дзейнасці, ці былі нашыя нацыяналісты і іх погляды выключэннем сярод прадстаўнікоў іншых паняволеных народаў, што супрацоўнічалі з нацыстамі ў часы той вайны? Толькі сумленна адказаўшы на гэтыя пытанні, магчыма потым адказаць і на іншае: кім яны, беларускія калабаранты [1], для нас з’яўляюцца — злачынцамі ці героямі?

Звернемся ж да наяўных фактаў — і канкрэтных, і ўскосных. […]

Фігура, якая выклікае спрэчкі — гэта доктар Станіслаў Станкевіч (1907—1980) — вядомы беларускі літаратуразнаўца, крытык, публіцыст і грамадскі дзеяч, доктар філасофіі. Падчас пасляваеннай эміграцыі ён быў рэдактарам найвядомейшых нацыянальных перыядычных выданняў — «Бацькаўшчына» і «Беларус». Нам жа цікавы перадусім акупацыйны перыяд жыцця доктара Станкевіча — час з 1941 па 1943 гг., калі ён выконваў абавязкі бурмістра горада Барысава.

Зыходзячы з наяўных фактаў, гэтаму «паважанаму» дзеячу можна закінуць наступныя абвінавачванні:

1. Заклікі да знішчэння людзей па расавай прыналежнасці;

2. Удзел у арганізацыі пераследу людзей па расавых і ідэалагічных матывах;

3. Удзел у дэпартацыі беларускага насельніцтва на прымусовыя працы ў Рэйх;

4. Распараджэнне маёмасцю знішчаных або затрыманых нямецкімі карнымі органамі грамадзян.

Разгледзім гэтыя абвінавачванні па парадку:

1. Паводле пратакола допыту былога начальніка ўпраўлення бяспекі горада Барысава і Барысаўскага раёна Давіда Эгофа ад 28 лютага 1947 г., напярэдадні ліквідацыі гета, вечарам 19 кастрычніка 1941 г., у Барысаве быў арганізаваны банкет для мясцовых паліцыянтаў, на якім з прывітальнай прамовай выступіў і бурмістр Станкевіч. Антысеміцкі характар прамовы і заклікі да знішчэння яўрэяў з гета пацвярджаюцца і яшчэ адным з прысутных — былым паліцаем Аляксандрам Лесуном. Як ён засведчыў 14 студзеня 1947 г.:

Выступалі намеснік начальніка паліцыі Кавалеўскі, начальнік райуправы Станкевіч, нямецкія афіцэры, якія ў сваіх выступленнях з нянавісцю гаварылі пра яўрэйскую нацыянальнасць і заклікалі паліцыянтаў да вынішчэння яўрэяў.

Згодна з матэрыяламі даследчыка Аляксандра Разэнблюма, доктар філасофіі нават выступіў на тым банкеце з «рацыяналізатарскай» прапановай — складаць трупы забітых «метадам сардзінаў» дзеля эканоміі месца! Далей жа ўсё адбывалася так:

Раніцай 20 кастрычніка яўрэяў Барысаўскага гета сабралі і пачалі дастаўляць на машынах і пешымі калонамі да ямаў. Прыпынялі ў яры, у 50 метрах ад магілаў. Шмат каго з параненых закапалі ў зямлю жыўцом. Ямы былі прысыпаныя тонкім слоем зямлі, праз які прасочвалася кроў. Патокамі яна магла папасці ў Бярэзіну. Тады магілу пакрылі нягашанай вапнай і дадатковым пластом пяску. За два дні, 20—21 кастрычніка 1941 года, было растраляна 7245 яўрэяў. З улікам іншых акцый колькасць ахвяраў у Барысаве дасягнула 9 тысяч. У 1943 годзе немцы прымусілі каманду ваеннапалонных выкопваць трупы яўрэяў і спальваць іх на вялікіх вогнішчах. Пасля завяршэння работ удзельнікаў гэтай аперацыі расстралялі…

2. У акце Барысаўскай гарадской надзвычайнай камісіі па ўліку стратаў, нанесеных нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі, складзеным 12 верасня 1944 г., адзначаецца:

У жніўні 1941 г. невядома па якіх прычынах немцамі была схоплена група яўрэяў 50 чалавек і расстраляна. Следам за гэтым расстрэлам нямецкім ваенным камендантам палкоўнікам нямецкай арміі Разенфельдам было загадана ўсім яўрэям насіць жоўтыя знакі адрознення на грудзях і на спіне. Паліцыі было загадана праз бурмістра горада Станкевіча сачыць за гэтым распараджэннем. У канцы жніўня 1941 г. быў адмыслова зладжаны лагер для яўрэйскага насельніцтва, так званае «гета» ў раёне вуліц Чырвонаармейскай і Слабодкі, куды было сагнана ўсё яўрэйскае насельніцтва горада Барысава. Лагер быў абнесены калючым дротам і пастаўлена ахова з паліцыянтаў.

Станкевіч асабіста кіраваў перапісам насельніцтва Барысаўскага раёна, што дазволіла немцам скласці спісы асобаў яўрэйскай нацыянальнасці. А дзеля чаго гэта рабілася — было добра вядома. Як сведчыў Давід Эгоф:

У мэтах выняцця яўрэйскага насельніцтва паводле даручэння нямецкага каменданта Ілека і бурмістра Барысаўскага раёна вядомага нацыяналіста-эмігранта Станкевіча Станіслава мною на тэрыторыі Зембінскай воласці ў ліпені 1941 года быў праведзены перапіс усяго насельніцтва, у выніку якога было выяўлена да 400 яўрэйскіх сем’яў. Спісы на ўсіх гэтах асобаў я прадставіў у Барысаўскую раённую ўправу.

Станкевіч таксама прымаў рашэнне аб арышце шэрагу мясцовых жыхароў — былых савецкіх актывістаў, гіпатэтычна варожых да новай улады. Паводле Давіда Эгофа:

На заданне бурмістра раёна Станкевіча мною, Кабаковым і Ярні быў складзены спіс камуністаў і іншых савецкіх актывістаў, якія жывуць на тэрыторыі воласці, і накіраваны ў Барысаўскае СД Шэйнэману.

Хутка пасля прадстаўлення намі спіса Барысаўскім СД былі арыштаваныя старшыня Зембінскага сельсавета Сароўскі, дэпутаты райвыканкама Вашкевіч Яўгенія, настаўніца, Бакун — загадчыца бальніцы, і яшчэ шэраг асобаў.

3. Актыўна ўдзельнічаў Станіслаў Станкевіч і ў сумнавядомым працэсе дэпартацыі беларусаў, сваіх суайчыннікаў, у Нямеччыну, на прымусовыя работы дзеля патрэбаў эканомікі Трэцяга Рэйха. Толькі з тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь было вывезена больш за 116 000 чалавек. Пра «добраахвотнасць» выезду большасці з іх гаварыць не даводзілася. Тым, хто не прыходзіў на зборныя пункты, пагражалі жорсткія пакаранні. Іншым разам бацькоў трымалі ў якасці закладнікаў, пакуль не з’яўляліся іхныя дзеці. У выпадку няяўкі дэпартаваліся меншыя браты і сёстры, канфіскоўвалася збожжа, маёмасць ці падпальваліся хаты. Цяжарным жанчынам пагражалі прымусовыя аборты. Увосень 1942 г. тэрор узмацніўся яшчэ больш, усё часцей у якасці пакарання за невыкананне загадаў аб мабілізацыі на работы спальваліся цэлыя вёскі [2].

У звароце да валасных старшыняў Барысаўскай акругі ад 7 траўня 1942 г. доктар Станкевіч, цынічна сцвярджаючы пра вялікую карысць адпраўкі беларусаў у Нямеччыну, прыводзіў абсурдныя і наскрозь хлуслівыя аргументы на карысць сваёй пазіцыі: па-першае, маўляў, прадуктаў у нас не хапае, і тое, што выкарысталі б адпраўленыя ў Нямеччыну, дастанецца тым, хто застаўся! Па-другое — тыя, хто будзе ў Рэйху, навучацца «спосабам нямецкай работы і гаспадарання» ды пазнаёмяцца з заходняй культурай (sic!). Валасным старшыням даводзілася, што трэба адказна ставіцца да адпраўкі людзей: «трэба пасылаць людзей здаровых, маладых і бяздзетных. Пажадана ў першую чаргу браць немясцовы элемент/бежанцаў» [3].

Свядома хлусіў Станкевіч і пра высокі ўзровень жыцця остарбайтэраў. Як «недачалавекі», жанчыны і мужчыны з СССР і Польшчы падлягалі дырэктывам, згодна з якімі яны павінны былі ізалявацца ў строга ахоўваных лагерах, мець мінімальны галодны паёк і вылічэнне да 100% заробкаў праз сістэму ападаткавання і збораў, скасаванне звычайных нормаў аховы працы, недастатковае медычнае абслугоўванне ці яго адсутнасць, прымусовыя аборты і драконаўскую сістэму пакаранняў [4]. Шмат хто з гвалтоўна дэпартаваных так ніколі і не вярнуўся на Радзіму, загінуўшы ад цяжкай працы, хваробаў і здзекаў «носьбітаў еўрапейскай культуры». Можа, і гэты загад доктара філасофіі быў прадыктаваны «інтарэсамі беларускай справы»?

4. Уласнаручны подпіс Станіслава Станкевіча стаіць і пад кароценькім дакументам за 5 траўня 1942 г. наступнага зместу:

У гаспадарчую камісію. На падставе Вашага запыту накіроўваю дадаткам да гэтага (ліста) справаздачу пра габрэйскія рэчы з лагера.

У дадатак да яго падаецца падрабязная «Справаздача гарадской управы Барысава аб перадачы на склад маёмасці, канфіскаванай у яўрэяў з 08.09.1941 па 01.04.1942 г.». У ёй адзначаецца, што ўсяго было прынята адзення і мэблі на агульную суму 1 572 555 рублёў 55 капеек. Дакумент утрымлівае падрабязны пералік сфераў, куды Барысаўская ўправа рэалізавала наяўныя грошы. Сапраўды, нямецкая педантычнасць.

Таксама вядомы «Дадатак да справаздачы бурмістра Барысаўскага раёна Ст. Станкевіча гаспадарчаму ўпраўленню тыла групы армій «Цэнтр» аб маёмасці яўрэяў, перададзенай у дзяржаўны банк і фінансавы аддзел» за 1942 г., са спісам нарабаваных каштоўнасцяў, у тым ліку і мадэлі залатых зубоў з чатырма каронкамі (1 адзінка) і залатой каронкай пярэдніх зубоў (1 адзінка) [5].

Дарэчы, са «Справаздачы камісара Барысаўскай акругі генеральнаму камісару акругі Беларусь аб выкарыстанні маёмасці, канфіскаванай у яўрэяў» ад 9 жніўня 1942 г. вядома, што рэшта маёмасці, якая засталася пасля «яўрэйскіх акцый» у Бягомльскім і Плешчаніцкім раёнах, была рэалізавана бурмістрамі раёнаў для папаўнення раённых касаў. У той жа час 25 залатых рублёў у снежні 1941 г. былі здадзеныя бурмістрам раёна ў нямецкую крэдытную касу ў Мінску [6].

Напрыканцы ўзнікае адзінае пытанне. Калі Станіслаў Станкевіч нікога асабіста не забіў і невядома, што ён загадваў забіваць, а «толькі» заклікаў да забойства, арганізоўваў пераслед ды дэпартацыі і распараджаўся нарабаванай маёмасцю, то, можа, ён і сапраўды не так ужо і вінаваты? Ну проста час быў такі. Можа, ён і сапраўды быў «не толькі добрым арганізатарам, але й мужным чалавекам, каторы ў жахлівых варунках нямецкай акупацыі здабыў пашану мяйсцовага насельніцтва», як сцвярджаюць аўтары адной брашуры? Можа, за заклікі, пераследаванні і дэпартацыі сурова не судзяць?

Аднак прыгадаем факты.

Вядома, што адзін з ідэолагаў антысемітызму ў гітлераўскай Нямеччыне, галоўны рэдактар газеты «Der Stürmer» Юліюс Штрайхер не быў абвінавачаны ў распальванні вайны або канкрэтных вайсковых злачынствах. Ён быў павешаны менавіта за падбухторванне да пагромаў і пераследаванняў. У ягоным абвінаваўчым акце было сказана:

Заклікі Штрайхера да забойства яўрэяў у той час, калі іх ва Усходняй Еўропе працягвалі забіваць самымі страшэннымі шляхамі, магчыма з поўнай упэўненасцю вызначыць як пераслед па палітычных і расавых матывах, звязаны з ваеннымі злачынствамі, кваліфікацыя якіх дадзена ў Статуце, і ўключае склад злачынстваў супраць чалавецтва [7].

Менавіта за падбухторванне да забойстваў прадстаўнікоў народнасці тутсі падчас разні красавіка—ліпеня 1994 г. у Руандзе быў затрыманы і стаў перад Міжнародным Трыбуналам адзін з дырэктараў тэлерадыёкампаніі «Тысяча пагоркаў» Фердынанд Нагасіма [8].

Толькі за тое, што пад дакументамі аб дэпартацыі з Францыі 1560 яўрэяў стаялі ягоныя подпісы, праз больш чым паўстагоддзя пасля вайны быў асуджаны на 10 гадоў турмы за злачынствы супраць чалавецтва Марыс Папон — і гэта нягледзячы на ягоны статус былога міністра і ўдзел у Руху Супраціўлення!

Чаму Трыбунал па былой Югаславіі прысудзіў да пажыццёвага зняволення баснійскага серба Міламіра Стакіча, былога мэра горада Прыедор, арганізатара сеткі канцэнтрацыйных лагераў (справа IT-97-24)? Ці калі ўзяць справу Сіма Зарыча, кіраўніка сербскай «службы бяспекі» горада Басанскі Шамац, якому Трыбунал інкрымінаваў не забойствы, не садызм і не згвалтаванні, а «толькі» «пераслед па палітычных, расавых і рэлігійных матывах і незаконную дэпартацыю грамадзянскага насельніцтва»? Нагадаем, што ўвесну 1992 г. пасля этнічнай чысткі ў Басанскім Шамацы з 22 тысяч нясербаў у абшчыне засталося менш за 300… [9]

І пасля гэтага варта запытацца — а ці так ужо невінаваты доктар Станкевіч, беларускі літаратуразнаўца і крытык?


1. Ужываючы тэрмін «калабаранты», я не надаю яму нейкага маральнага значэння самому па сабе. Не толькі ў Беларусі, але і паўсюдна былі і ёсць дзве асноўныя матывацыі супрацоўніцтва з акупантам: матэрыяльная (грошы, жаданне захаваць жыццё) і ідэйная. Часам яны шчыльна перапляталіся. Нас цікавіць перадусім прынцыповая матывацыя. Не будзем лічыць, што ў паліцыі ці ў цывільнай адміністрацыі служылі выключна за пляшку гарэлкі ці магчымасць беспакарана забіваць і рабаваць. Сярод калабарацыяністаў, што змагаліся на баку краінаў Восі, былі людзі ідэйных перакананняў, звычайна ультраправых і расісцкіх. У Еўропе гэта былі Відкун Квіслінг у Нарвегіі, Антон Адрыян Мюсерт у Нідэрландах, Стаф Дэ Клерк, Хендрык Эліас і Леон Дэгрэль у Бельгіі, маршал Анры Петэн у Францыі і генерал Мілан Недзіч у Сербіі, усташы ў Харватыі, не кажучы ужо пра нацыяналістаў у Прыбалтыцы і ва Украіне, а таксама белаэмігрантаў. Для ўсіх гэтых людзей іхныя дзяржавы не былі па-сапраўднаму «сваімі», бо не былі адпаведныя іхным ідэалагічным перакананням ды патрабавалі, з іх пункту гледжання, глыбокіх пераўтварэнняў.

2. Квінкерт Б. «Вярбоўка остарбайтараў» у Генеральнай акрузе Беларусь: тэрор і прапаганда // АRCHE. 2010. № 7—8. С. 177.

3. Раманоўскi В. П. Саўдзельнiкi ў злачынствах. Мінск, 1964. С. 82 (фотакопія дакумента «Пасылка работнікаў у Нямеччыну» з асабістым подпісам С. Станкевіча).

4. Квінкерт Б. «Вярбоўка остарбайтараў»… С. 181.

5. Смиловицкий Л. Катастрофа евреев в Белоруссии, 1941—1944 гг. Тель-Авив, 2000. С. 96.

6. Тамсама.

7. Найер А. Военные преступления. Геноцид. Террор. Борьба за правосудие. Москва, 2000. С. 261.

8. Тамсама. С. 275.

9. Шарый А. Трибунал. Хроника незаконченной войны. Москва, 2003. С.13—17.


АДКАЗ АЛЯКСАНДРА ПАШКЕВІЧА ДАСТУПНЫ ТУТ.