Калі разважаў на падзеямі, што адбыліся паўтара стагоддзя таму, я звярнуў увагу на жыццёвы шлях яшчэ аднаго паўстанца – Францішка Багушэвіча. Яго прыклад можа быць каштоўны для нас не меней, чым прыклад Кастуся Каліноўскага.

Сёння – 150-я гадавіна Студзеньскага паўстання. Уначы на 23 студзеня 1863 года ў Варшаве пачалося паўстанне паняволеных народаў Рэчы Паспалітай супраць Расійскай імперыі.

Нашыя прадзеды змагаліся за вольнасць да апошняй кроплі крыві. Беларусы дасёння захапляюцца мужнасцю правадыра паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, які звяртаўся да сялянаў на беларускай мове, кіраваў паўстанцкімі атрадамі і скончыў свой шлях на расійскай шыбеніцы.

Калі разважаў на падзеямі, што адбыліся паўтара стагоддзя таму, я звярнуў увагу на жыццёвы шлях яшчэ аднаго паўстанца – Францішка Багушэвіча. Яго прыклад можа быць каштоўны для нас не меней, чым прыклад Кастуся Каліноўскага.

Паўстанцкія шляхі Багушэвіча біёграфы апісваюць у некалькіх радках. Змагаўся ў Аўгустоўскіх лясах, быў паранены, пасля разгрому паўстання хаваўся ад пераследу царскіх уладаў.

Пасля разгрому паўстання Францішак Багушэвіч пражыў 36 год. Увесь гэты час прайшоў пад расійскай акупацыяй, калі расійская школа дарабляла тое, што не паспеў зрабіць расійскі штык. Было досыць прычынаў, каб расчаравацца, махнуць рукой, адмежавацца ад грамадскага жыцця.

Францішак Багушэвіч так не зрабіў. Да канца сваіх дзён ён застаўся верным ідэалам свабоды, справядлівасці, служэння народу. Атрымаў юрыдычную адукацыю, працаваў адвакатам, абараняў правы простых сялянаў і бяднейшых гараджанаў. Друкаваўся ў газетах, пісаў пра жыццё роднага краю і яго людзей. Пісаў вершы на беларускай мове – выдаў зборнікі “Дудка беларуская” і “Смык беларускі”.

Багушэвіч стаў першым чалавекам, які сфармуляваў беларускую нацыянальную ідэю. У прадмове да “Дудкі беларускай” ён і апісаў геаграфічныя межы Беларусі, і распавёў пра яе гісторыю, і падкрэсліў каштоўнасць роднай мовы – “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”

Францішак Багушэвіч адыйшоў у лепшы свет у 1900 годзе. Не паспеў патрымаць у руках “Нашай Нівы”, не пагартаў зборнікі Купалы, Коласа, Багдановічы, не пачуў беларускія казанні ксяндзоў Станкевіча, Сваяка, Гадлеўскага. Ці верыў Багушэвіч, што ягоная справа не будзе забытая?

Затое беларускія палітыкі, літаратары, святары і простыя сяляне – адраджэнцы пачатку ХХ стагоддзя – чыталі Францішка Багушэвіча, натхняліся і спаўнялі ягоную мару.

Сёння – нашая чарга працягваць справу прадзедаў. Будзем жа сеяць зерне ў поле беларускае, у Нашу Ніву. Так, як рабілі паўстанцы. Так, як рабіў Францішак Багушэвіч. Калі халодны вецер абыякавасці і страху не дае ўзысці пасеянаму, калі бязлітаснае сонца дыктатуры выпальвае тое, што ўзышло, узгадаем словы Янкі Купалы:

“З добрых думак, што мы кінем
На сваім дзірване
Будзе ўнукам нашым жніва,
Доля і панаванне”.

Землякі! Няхай самаадданасць і мужнасць паўстанцаў натхняюць вас на ахвярную працу дзеля сваёй краіны. Дапамагайце бліжнім, якія ў бядзе. Вучыце маладое пакаленне шанаваць родную мову, культуру, гісторыю. Сумленна працуйце, каб Беларусь квітнела.

Жыве Беларусь!