Пакуль Беларусь стаіць на самым пачатку стварэння інстытута альтэрнатыўнай грамадзянскай службы. Чаму закону аб АГС не прымалі 18 гадоў, што гаворыць грамадства і Міністэрства абароны, дзе можа праходзіць альтэрнатыўная служба ў Беларусі?

 

Пакуль Беларусь стаіць на самым пачатку стварэння інстытута альтэрнатыўнай грамадзянскай службы. Сёлета ў нашай краіне можа з’явіцца адпаведны закон. Тым часам Украіна і Грузія, чые войскі ў свой час таксама былі часткай Савецкай арміі, не проста вырашылі пытанні АГС, а заявілі, што адмаўляюцца ад абавязковага прызыву, то бок пераходзяць да прафесійнага фармавання войска.

Права на альтэрнатыўную грамадзянскую службу (АГС) прапісанае ў артыкуле 57 Канстытуцыі: «Абарона Рэспублікі Беларусь — абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Парадак праходжання вайсковай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад вайсковай службы ці замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам». Вось толькі закон, які б рэгламентаваў АГС, у Беларусі адсутнічае. Чаму чыноўнікі 18 гадоў адцягвалі яго прыняцце? І як Міністэрства абароны ставіцца да альтэрнатыўнай службы?

Альтэрнатыўную грамадзянскую службу пачалі абмяркоўваць адносна нядаўна. На адным з праваабарончых летнікаў Цэнтр прававой трансфармацыі «Lawtrend» разам са сваімі навучэнцамі распрацаваў ідэю – даследаваць тэму АГС у Беларусі і за мяжой, абмеркаваць пытанне з чыноўнікамі і праз публічную дыскусію прыйсці да таго, каб закон аб альтэрнатыўнай службе ўсё ж такі з’явіўся ў нашай краіне.

Удзельнікі кампаніі сапраўды сабралі шмат матэрыялаў адносна замежнага вопыту, высветлілі ў беларускіх сацыяльных цэнтрах ды іншых дзяржаўных арганізацыях, ці маюць яны патрэбу ў «альтэрнатыўніках», распрацавалі свае рэкамендацыі як да прызыўнікоў, так і да чыноўнікаў, у чыю кампетэнцыю ўваходзіць распрацоўка і прыняцце адпаведнага закона, а таксама стварылі сайт, дзе кожны ахвотны можа атрымаць кансультацыю, што такое АГС і як змагацца за свае правы.

Аднак распрацоўка адпаведнага закона з’явілася ў плане парламенту толькі сёлета. На меркаванне экспертаў, ёсць высокая імавернасць, што закон усё ж такі прымуць.

Чаму закону не прымалі 18 гадоў?

Старшыня праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі «Lawtrend» Алена Танкачова кажа, што, па логіцы канстытуцыйнага права, само ўказанне ў артыкуле 57 на альтэрнатыўную грамадзянскую службу для любой нармальнай судовай сістэмы павінна быць дастатковым аргументам, каб грамадзянін мог скарыстацца гэтым правам, калі не ў ваенкамаце, то абскардзіўшы рашэнне ваенкамата ў судзе.

«Менавіта так адбывалася ў Расіі, калі закон аб АГС у іх не быў прыняты. Прызыўнік звяртаўся у суд, дзе выносілася рашэнне – адхіліць прызыў да таго часу, пакуль у РФ не з’явіцца закон аб АГС, – распавядае праваабаронца. – У Беларусі сітуацыя іншая.

Судовая сістэма сцвярджае, што пры такой спрэчнай сітуацыі паміж нормай у Канстытуцыі і дзіркай у заканадаўстве права грамадзяніна не можа быць рэалізаванае».

Пацверджанне гэтаму – шэраг судовых працэсаў паміж прызыўнікамі і ваенкаматамі, дзе суд станавіўся на бок апошніх.

Сяргей Павел, Алег Яўзрэзаў, Міхаіл Мускі, Андрэй Чарнавусаў – вось толькі некалькі прозвішчаў маладых людзей, якія спрабавалі праз суд даказаць сваё права на альтэрнатыўную службу.

У выпадку, калі прызыўнікі не пагаджаюцца з рашэннем суда і ўсё ж такі адмаўляюцца служыць у войску, іх прызнаюць «ухілістамі». Крымінальныя справы вернікаў Дзмітрыя Смыка і Івана Міхайлава гэта пацвярджаюць.

Алена Танкачова мяркуе, што адсутнасць закона задавальняе пэўныя інтарэсы дзяржавы. «Каб не прымаць закону 18 гадоў, павінны быць сур’ёзныя прычыны. Я думаю, што так адбылося, бо дзяржава баіцца новых сацыяльных мадэляў паводзінаў. АГС патрабуе разумення таго, што грамадзяне свядома ўдзельнічаюць у сацыяльных працэсах дзяржавы».

«Хто не адкасіў, той дурань»?

Тым не менш, у грамадстве пануе яшчэ шмат стэрэатыпаў адносна службы ў войску. Праваабаронца Алена Танкачова называе больш небяспечнай устаноўку «хто не адкасіў, той дурань».

«Цяпер моладзь выхоўваецца з ідэяй – хто ў войска пайшоў, у таго або з галавой не ўсё ўпарадку; або не паспеў своечасова паклапаціцца, каб адкасіць; або бацькі пакаралі, каб пайшоў у войска павучыцца жыццю.

Гэта значна горшы сацыяльны асяродак, які не надае прэстыжу службе ў войску. Альтэрнатыўная грамадзянская служба магла б павысіць ступень адкрытасці дзяржавы да абмеркавання гэтага пытання і ступень адкрытасці і даверу грамадзянаў», – мяркуе яна.

Міністэрства абароны пытанню АГС надае асаблівую ўвагу, хоць ад адказу на прамыя пытанні, калі будзе прыняты закон, ухіляецца, спаслаўшыся на тое, што пытанне належыць да кампетэнцыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, а таксама на меркаванне дэпутатаў.

«Казаць пра тое, што Міністэрства абароны ёсць ворагам і праціўнікам АГС, мне складана, – кажа прадстаўніца Цэнтра прававой трансфармацыі. – Я ні разу не чула ад іх ніводнага падрабязнага тлумачэння, чаму гэты інстытут добры ці кепскі. І чаго баіцца Мінабароны? Калі чыноўнікі сёння думаюць, што адток прызыўнікоў будзе тысячамі, то гэта ілюзія і заўчасная занепакоенасць. Як паказвае вопыт суседніх краінаў, нічога такога не адбываецца. Пры гэтым прапаноўваць альтэрнатыўную грамадзянскую службу значна большую па працягласці – гэта адзін з элементаў, каб зрабіць яе непрывабнай».

Дзе можна задзейнічаць альтэрнатыўнікаў?

У 2009 годзе Цэнтр прававой трансфармацыі праводзіў маніторынгавае даследаванне патэнцыйных месцаў праходжання АГС у Беларусі. «Мы адправілі вельмі шмат лістоў у розныя сацыяльныя ўстановы. Але не ў цэнтры сацыяльнай абароны насельніцтва, а менавіта ў аддаленыя шпіталі, інтэрнаты, лясгасы, – узгадвае Алена Танкачова. – Мы пыталі, ці маюць яны вакансіі для патэнцыйных альтэрнатыўнікаў. Нам прыйшло шмат адказаў пра тое, што вакансіі ёсць пры ўмове, калі яны будуць забяспечаныя бюджэтам. Атрымліваецца, што з аднаго боку ў грамадзян ёсць патрэба праходзіць альтэрнатыўную службу. З другога боку, у дзяржаўных установах існуюць незакрытыя вакансіі.

Таму ўладам трэба проста прыдумаць шарнір, які сумясціць першае з другім і зніме з дзяржавы частку абавязкаў, бо ў паліклінікі, інтэрнаты і хоспісы прыйдуць людзі, якіх там цяпер не хапае.

Але пры гэтым дзяржава павінна будзе прызнаць, што альтэрнатыўная служба – гэта ганарова, гэта на адной ступені з вайсковай службай.

Відавочна, з усіх каментарыяў, якія мы цяпер атрымліваем ад прадстаўнікоў дзяржоргнаў, такога стаўлення ў іх няма».

Папярэднія напрацоўкі па законе аб АГС

Напрыканцы лютага 2010 года Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне распрацаваць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб альтэрнатыўнай службе». 30 сакавіка 2010 года для гэтай мэты была створаная міжведамасная працоўная група пад кіраўніцтвам міністра працы і сацыяльнай абароны Мар’яны Шчоткінай. Да 1 верасня 2010 года група павінна была падрыхтаваць і ўнесці ў Савет Міністраў праект закона. Мінула больш за два гады, але закон так і не быў прыняты.

Больш за тое, праект выйшаў пад грыфам «Для службовага карыстання». Аднак некаторыя пункты ўсё ж зрабіліся вядомымі грамадскасці.

Напрыклад, прапаноўвалася падставамі для замены тэрміновай вайсковай службы на альтэрнатыўную прызнаваць толькі рэлігійныя пачуцці прызыўніка. Пры гэтым ён мусіць быць чальцом зарэгістраванай у Беларусі рэлігійнай арганізацыі ды прадставіць камісіі пацверджанне гэтага ад арганізацыі. У выпадку, калі гэтая норма ў законе застанецца, не зразумела, ці будзе такія рэкамендацыі выдаваць, напрыклад, Беларуская праваслаўная царква, якая мае самы вялікі адсотак вернікаў у краіне. Цяпер праваслаўныя святары прысутнічаюць на вайсковых прысягах і асвячаюць вайсковыя часткі…

Таксама ў праекце 2010 года ўтрымлівалася норма, што альтэрнатыўную службу грамадзяне маюць права праходзіць толькі ў дзяржаўных арганізацыях. У Германіі, для параўнання, не робяць акцэнту на форме ўласнасці ўстановы. Вядомыя прыклады, калі немцы-альтэрнатыўнікі праходзілі службу ў Беларускім дзіцячым хоспісе. Таксама ў Германіі арганізацыі, якія прымаюць у сябе альтэрнатыўнікаў, атрымліваюць ад дзяржавы дадатковыя датацыі – такім чынам, спрабуюць заахвоціць як мага болей арганізацый. У Беларусі прапаноўваецца, каб фінансавае забеспячэнне ажыццяўлялася за кошт дзяржбюджэту, а таксама сродкаў арганізацый, у якіх грамадзяне будуць праходзіць альтэрнатыўную службу.

У дакуменце гаворыцца, што вызначаць, дзе альтэрнатыўнік будзе праходзіць службу, будуць мясцовыя ўлады. Тэрмін грамадзянскай службы прапаноўваецца на 3 гады (тэрміновая вайсковая служба складае 1,5 года).

З пазітыўных фактараў праекта варта адзначыць норму, якая захоўвае магчымасць для альтэрнатыўнікаў атрымліваць адукацыю на завочнай або вечаровай форме навучання. Грамадзянам прапаноўваецца праходзіць службу па месцы сталага жыхарства або на блізкай да яго тэрыторыі. Таксама прадугледжваюцца асаблівасці веравызнання адносна працы ў выходныя дні.

Якія з нормаў увойдуць у новы закон, пакуль не вядома. Інфармацыі, што ўлады папярэдне будуць абмяркоўваць палажэнні з незалежнымі экспертамі, пакуль не было.

Міжнародны вопыт альтэрнатыўнай службы

Досвед Германіі ў пытаннях АГС лічыцца адным з самых прагрэсіўных. Для параўнання, існуе папярэдняя падрыхтоўка альтэрнатыўнікаў. Яны могуць самыя выбраць месца для грамадзянскай службы. Для функцыянавання сістэмы ў краіне былі створаныя новыя інстытуты – Упаўнаважанага ў справах грамадзянскай службы пры федэральным міністэрстве, камісія ў пытанні грамадзянскай службы. Камісія, дарэчы, на 1/3 складаецца саміх выканаўцаў АГС, астатнія чальцы – прадстаўнікі дзяржарганізацыі ды грамадскасці. За грамадзянскую службу ў Германіі адказвае Міністэрства ў справах сям’і, сталых людзей, жанчын і моладзі. Дзяржава выдае субсідыі для цэнтраў, дзе маладзёны праходзяць АГС. А таксама кампенсуе арэнду жытла і праезд. Тэрмін праходжання альтэрнатыўнай службы аналагічны вайсковай. У выпадку вайны прадугледжваецца, што тыя, хто прайшоў грамадзянскую службу, будуць дапамагаць ахвярам і бежанцам.

Але эксперты мяркуюць, што Беларусі на гэтым этапе варта звярнуць увагу на досвед постсавецкіх краінаў, напрыклад, Малдовы. Тут зрабілі роўны тэрмін для праходжання грамадзянскай і вайсковай службы. Існуе Цэнтр грамадзянскай службы, які вырашае пытанні АГС і падпарадковаецца ўраду. На дадатак, там дакладна ўрэгуляваны спосаб размеркавання фінансавых рэсурсаў, якія паступаюць ад ГС.