Даследаваць якія-небудзь піджыны дзе-небудзь на Гаіці ці ў Гвіяне здавалася нам сапраўднай навукай, вартай увагі ўсёй мовазнаўчай супольнасці, а вось аналагічныя аб’екты ў сябе дома чамусьці цікавасці вучоных раней не выклікалі. Не дзіва, што сур’ёзную ўвагу славянскіх лінгвістаў да нашай трасянкі і ўкраінскага суржыка па-сапраўднаму абудзілі замежныя даследчыкі.

Выданне, якое разглядаецца ў артыкуле: Belarusian trasjanka and Ukrainian Suržyk: Structural and social aspects of their description and categorization / Eds. Hentschel G., Zaprudski S. Oldenburg, 2008. 133 с. (Studia Slavica Oldenburgensia 17).

 

Гэта невялікая кніжка – першая ў свеце манаграфія (праўда, калектыўная), прысвечаная беларускай трасянцы і ўкраінскаму суржыку як аб’ектам навуковага вывучэння. Гэтыя з’явы мовазнаўцы Беларусі і Украіны доўгі час зусім не заўважалі і да нядаўняга часу ў лепшым выпадку згадвалі (ды і то мімаходзь) хіба што ў кантэксце культуры мовы. Даследаваць якія-небудзь піджыны або крэолы дзе-небудзь на Гаіці ці ў Гвіяне здавалася сапраўднай навукай, вартай увагі ўсёй мовазнаўчай супольнасці, а вось аналагічныя аб’екты ў сябе дома чамусьці цікавасці вучоных не выклікалі. Гэтаму ў пэўнай ступені замінала навуковая традыцыя Беларусі і Украіны, схільная да тэарэтызавання. Згодна з гэтай традыцыяй мала ўвагі надавалася палявым доследам (за выключэннем дыялекталагічных, але ў іх рэальнае маўленне часта ігнаравалася на карысць архаічных з’яў), на сітуацыю ўплываў таксама пэўны дагматызм савецкага мовазнаўства. У дадатак, аб’ектыўная фіксацыя рэальнага маўлення (асабліва ў гарадах) была непажаданая, паколькі магла б паказаць высокую ступень русіфікаванасці беларускага і ўкраінскага грамадстваў. Таму трасянку і суржык заўважалі (звычайна, у пеяратыўным кантэксце) больш публіцысты і палітыкі, але зусім не навукоўцы. Не дзіва, што сур’ёзную ўвагу славянскіх лінгвістаў да трасянкі (і суржыка) па-сапраўднаму абудзілі замежныя даследчыкі.

 

У прыватнасці, трасянкай напачатку новага тысячагоддзя зацікавіўся старшыня камісіі па моўных кантактах пры Міжнародным камітэце славістаў, нямецкі славіст-мовазнавец Г. Генчэль (Альдэнбург), які вывеў вывучэнне гэтай з’явы на сур’ёзны навуковы ўзровень. На працягу вось ужо некалькіх апошніх гадоў ён разам са С. Тэш (Альдэнбург), ураджэнкай Беларусі, рупліва займаецца даследаваннем трасянкі, апошнім часам да іх працы далучыўся і С. Запрудскі (Мінск). Беларускім філолагам Г. Генчэль вядомы паводле некалькіх выступаў і публікацый у Мінску на тэму трасянкі, якія выклікалі значную ўвагу. Менавіта дзякуючы ініцыятыве сп. Генчэля ўлетку 2007 г. у Альдэнбургу ўпершыню адбылася навуковая канферэнцыя, прысвечаная асэнсаванню такіх з’яў, як трасянка і суржык.

 

Наступнай публічнай акцыяй гэтага альдэнбургскага праекта па вывучэнні трасянкі стала разглядаемы зборнік. Ён уяўляе сабой збор дакладаў тэматычнага блока 14-га Міжнароднага з’езда славістаў, што адбыўся ў верасні 2008 г. у Охрыдзе (Македонія). На гэтым тэматычным блоку, які сабраў шырокае кола зацікаўленых навукоўцаў, выступілі не толькі прадстаўленыя ў манаграфіі дакладчыкі, але і адбылася актыўная дыскусія па ўзнятых праблемах.

 

Манаграфія складаецца з 4 артыкулаў і кароткіх уводзін (на англійскай мове), напісаных рэдактарамі. Склад удзельнікаў, напэўна, мусіў прадстаўляць розныя гледзішчы на праблему: два славянскія аўтары даследуюць праблему нібы знутры (і на роднай мове) – з Украіны (Л. Масэнка) ці Беларусі (С. Запрудскі); два замежныя аўтары (М. Флаер, Г. Генчэль) нібы падаюць знешні погляд, звонку (і на англійскай мове, хаця рэзюмэ дакладаў двух апошніх аўтараў змешчаны на рускай мове).

 

Першы артыкул Суржик: історія формування, сучасний стан, перспективи функціонування (с. 1-37) належыць Л. Масэнцы з Кіева (Нацыянальны ўніверсітэт Кіева-Магілянская акадэмія) і ў асноўным прысвечаны гісторыі суржыка на Украіне (с. 5-22). Аўтарка выводзіць паходжанне суржыка з мяжы 17-18 ст. (с. 5-7), што тыпова для ўкраіністыкі. Некаторыя (пераважна заходнія) украіністы гатовыя пад суржыкам бачыць любую мяшаную і макаранічную мову аж з эпохі ВКЛ і нават часоў Кіеўскай Русі, хаця гэта выглядае надта смела: атрымліваецца, што суржык з’явіўся на стагоддзе раней за сучасную ўкраінскую літаратурную мову (калі яе пачаткам лічыць «Энеіду» 1798 г. Катлярэўскага). З’яўленне і пашырэнне суржыка аўтарка звязвае з усталяваннем на Украіне маскоўскай, затым расійскай, а потым савецкай улады, якая несла ўкраінцам толькі гора і русіфікацыю. Даследчыца таксама разглядае слоўнікавыя дэфініцыі тэрміна «суржык» і погляды (пераважна негатыўныя) некаторых сучаснікаў на саму з’яву (с. 1-4, 22-24, 26-27), а таксама спробы класіфікацыі ва ўкраіністыцы разнавіднасцяў суржыка (с.30-31) — але не дае яго ўласнай дэфініцыі, хаця і адзначае патрэбу адрознення пры гэтым мяшанага і інтэрферыраванага маўлення (с. 4, 25). На падставе розных дадзеных яна спрабуе падлічыць дэмаграфічны патэнцыял суржыкамоўнасці на Украіне (с. 24-25) і аналізуе (вызначае русізмы на розных узроўнях) некалькі прыкладаў маўлення ўкраінцаў (с. 15-18, 28-30). Мімаходзь яна характарызуе суржык як хаатычнае паяднанне элементаў рускай і ўкраінскай моў (с. 17, 28) – выснова, далёка не новая ў мовазнаўстве, што ўсведамляе і сама даследчыца.

 

У сваім артыкуле Suržyk or suržyks? (с. 39-56) М. Флаер з Гарвардскага ўніверсітэта (ЗША) шукае пацвярджэння фаналагічных, марфалагічных, лексічных і сінтаксічных адпаведнасцяў (правіл суадносін) паміж суржыкам, рускай і ўкраінскай мовамі, якія даследчык вывеў раней у сваім артыкуле 2000 г. Дзеля гэтага ён паддаў аналізу тыя разнавіднасці суржыка, што былі вылучаныя ў 2004-2005 гг. амерыканскай украіністкай Л. Біланюк (с. 45-52), і прыйшоў да высновы, што яе матэрыял рэпрэзентуе толькі пэўны від суржыка. На погляд вучонага, можна казаць толькі пра дзве разнавіднасці суржыка (часам прадстаўленыя і ў аднаго моўцы) – русіфікаваны на ўкраінскай базе і ўкраінізаваны на рускай базе, паколькі ў структурных адносінах дамешак іншай мовы мусіць грунтавацца на аснове пэўнай мовы (с. 44, 50, 52-53).

 

С. Запрудскі з Мінска (Беларускі дзяржаўны універсітэт) у артыкуле Маўленчая акамадацыя і пераключэнне кодаў ў працэсе міжкультурнай камунікацыі: выпадак Беларусі (с. 57-97) разглядае трасянку як вынік маўленчай акамадацыі (псіхалагічнай з’явы), г. зн. прыстасавання маўлення носьбітаў беларускіх дыялектаў да больш «культурнага» (як ім здаецца) рускага маўлення, што дамінуе ў гарадах рэспублікі (с. 66-68, 69-70, 76-80). Такі падыход не новы ў навуцы, але з яго дапамогай складана вытлумачыць з’яўленне русізмаў (і часам даволі шматлікіх) у маўленні людзей, што не знаходзяцца ў кантакце з рускамоўнымі (напрыклад, “аўтахтонныя” вяскоўцы, якія ніколі ў сваім жыцці не пакідалі роднай вёскі, ці вяскоўцы, якія размаўляюць з беларускамоўнымі). Даследчык акрэслівае трасянку як «змешанае беларуска-рускае маўленне, … у якім фіксуецца адносна высокая доля “дыферэнцыяльных” элементаў двюх моў» (с. 69), але ў іншым месцы гаворыць пра трасянку як «гібрыдную форму» – фактычна мову (с. 81, 85-86). Ён вылучае дзве яе разнавіднасці (с. 71-74): трасянку 1 (на глебе беларускай мовы) і трасянку 2 (на глебе рускай мовы – аднак гэта трасянка не рускіх, а беларусаў, якія засвоілі рускую мову), што блізка да поглядаў М. Флаера (адносна суржыка) і некаторых іншых даследчыкаў. Апрача таго С. Запрудскі разглядае тэрміналогію і дэфініцыі шэрагу заходніх і айчынных прац, прысвечаных розным аспектам маўленчай камунікацыі (с. 57-58, 64-66, 74-76) і пытанням білінгвізму (с. 60-63). Ён таксама падае вядомыя ў беларусістыцы класіфікацыі маўленчых сітуацый рэспублікі (с. 59-60, 68-69, 71) і прапануе ўласную класіфікацыю (с. 69-71), а таксама дае прыклады пераключэння кодаў у маўленні жыхароў Беларусі (80-86).

 

Апошні артыкул On the development of inflectional paradigms in Belarusian trasjanka: the example of demonstrative pronouns (с. 99-133) належыць Г. Генчэлю з Альдэнбургскага ўніверсітэта (Паўночная Германія) і прадстаўляе ў значнай меры прамежкавыя вынікі яго праекта па вывучэнні трасянкі. Даследчык пачынае з тэарэтычных уводзін, дзе абмяркоўвае магчымасці існавання трасянкі як пэўнай «трэцяй мовы» (з уласнымі набыткамі кшталту гібрыдных утварэнняў), што ўзнікла ў выніку змяшэння дзвюх моў – беларускай (у дыялектнай постаці) і рускай (c. 99-100). Ён таксама выказвае абгрунтаваны сумнеў у бессістэмнасці і хаатычнасці трасянкі і прапануе ў якасці метаду яе даследавання колькасны (статыстычны) аналіз выбару спецыфічна беларускіх, рускіх ці марфалагічна мяшаных (гібрыдных) элементаў (пры ігнараванні элементаў агульных) у тэкстах на трасянцы (с. 100-104). На прыкладзе выкарыстання формаў указальных займенікаў (гэты – этот, той – тот і камбінацый іх асноў ды канчаткаў, с. 104-110) ён вызначыў шэраг цікавых прэферэнцый і тэндэнцый у маўленні на трасянцы, што карэлюць з тымі ці іншымі агульнамоўнымі заканамернасцямі і працэсамі (у галіне марфалогіі і ў маўленчай дзейнасці, з некаторымі сацыяльнымі акцэнтамі, с. 110-126) і знаходзяць сабе аналогіі ў іншых кантактуючых мовах і дыялектах.

 

У цэлым зборнік дае дастаткова рознабаковае ўяўленне пра аспекты ды падыходы ў тлумачэнні і даследаванні такіх далёка неадназначных з’яў, як трасянка ці суржык. Славянскія аўтары, Масэнка і Запрудскі, паспрабавалі прадставіць праблемныя працы (гістарычнага кірунку – украінская даследчыца, і тэарэтычнага характару – беларускі вучоны), тады як амерыканскі ды нямецкі ўдзельнікі прэзентавалі больш прыватныя фрагменты сваіх даследаванняў, але таксама з грунтоўным тэарэтычным суправаджэннем.

 

_____________________________________________

 

Рэцэнзія перадрукоўваецца з: Бюлетэнь Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. 2009. № 3.