Адказ на артыкул Дзяніса Нарэля “Ці патрэбна нам праўда пра доктара Станіслава Станкевіча?”

Для таго, каб стаць першым (а мо і апошнім) апанентам Дзяніса Нарэля ў справе “праўды” пра ваенны этап біяграфіі беларускага дзеяча Станіслава Станкевіча, я маю самыя сур’ёзныя падставы. Справа ў тым, што ў самым пачатку свайго артыкула Дз. Нарэль згадвае пра актыўную дыскусію, якая некалькі гадоў таму вялася перадусім на разнастайных сеціўных пляцоўках (форумах, блогах і г. д.) і была выклікана «спробамі пана Алеся Белага і ягоных аднадумцаў паставіць пытанне аб адказнасці асобных беларускіх дзеячаў за супрацоўніцтва з нацыстамі ў гады апошняй нямецкай акупацыі Беларусі». Я тады быў (пад нікам «Aleś Jurkaviec») адным з актыўных удзельнікаў той дыскусіі, выступаючы з пазіцый, крайне скептычных у дачыненні да поглядаў прадстаўнікоў асяродка, ідэйным лідарам якога быў пан Белы. Таму словы сп. Нарэля пра тое, што яго «непрыемна здзівіла рэакцыя беларускай нацыянальна свядомай інтэлігенцыі» на шумную кампанію, якую вялі ў свой час у інтэрнэце А. Белы і ягоныя аднадумцы, я маю ўсе падставы залічваць і на свой рахунак. І адпаведна на іх рэагаваць.

Асоба Станіслава Станкевіча, які ў пачатку нямецкай акупацыі быў прызначаны бурмістрам Барысава і займаў яе ў той час, калі ў гэтым горадзе і яго ваколіцах праводзілася крывавая акцыя па знішчэнні мясцовага яўрэйскага насельніцтва, стала для сучасных «выкрывальнікаў злачынстваў» беларускіх калабарантаў часоў вайны, можна сказаць, сімвалічнай. З эмацыйнага апісання «злачыннай» дзейнасці Станкевіча пачынае нашумелы ў свой час артыкул Алесь Белы, «бурмістарскаму» перыяду яго біяграфіі прысвечана і адмысловая публікацыя Алега Ліцкевіча. Дзеля таго менавіта на прыкладзе асобы Станкевіча паспрабую і я раскрыць няхітрую метадалогію многіх «барацьбітоў з гларыфікацыяй нацызму». А паколькі Дзяніс Нарэль у прысвечанай Станкевічу частцы свайго артыкула ў вельмі значнай ступені абапіраецца на матэрыялы абодвух вышэйназваных даследчыкаў, то я ў сваім адказе таксама не магу іх (асабліва артыкул А. Ліцкевіча) абысці.

Увогуле варта адзначыць, што пра дзейнасць Станкевіча на пасадзе барысаўскага бурмістра захавалася (ці прынамсі выяўлена) не так ужо і шмат крыніц. Некалькі разоў ягонае прозвішча згадваецца ў матэрыялах допытаў, якія савецкія следчыя праводзілі ў дачыненні да былых супрацоўнікаў паліцэйскіх фармаванняў на Барысаўшчыне [1], знойдзена і апублікавана (частка — яшчэ ў савецкія часы ў прапагандысцкіх выданнях [2], а частка — ужо ў сучасных дакументальных зборніках [3]) пэўная колькасць дакументаў ваеннага часу, падпісаных барысаўскім бурмістрам. Гэта практычна і ўсё, ад чаго маюць магчымасць адштурхоўвацца «барацьбіты за праўду». А даказаць ім хочацца ні больш, ні менш, як тое, што Станкевіч не толькі прысутнічаў на расправе з яўрэямі, але быў ці не асноўным яе арганізатарам і натхняльнікам, і ў выніку атрымаў ад гэтай акцыі канкрэтныя матэрыяльныя бонусы. Больш таго — Станкевіч, паводле іх, быў вынаходнікам вядомай «тэхналогіі сардзінаў», якую нацысты шырока выкарыстоўвалі (і не толькі ў Беларусі) падчас масавых забойстваў. У тых дакументальных крыніцах, на якія яны спасылаюцца, праўда, не згадваецца пра гэта ні наўпрост, ні ўскосна, але ідэалагічная заангажаванасць часта змушае забывацца не толькі пра нейкую логіку, але і пра звычайную чалавечую сумленнасць.

Абвінаваўцы Станкевіча, як правіла, не хаваюць сваёй крыніцы звестак пра яго як пра стваральніка «сардзіннай» тэхналогіі масавых забойстваў. Усе згаданыя мною беларускія аўтары дружна спасылаюцца на кнігі ды артыкулы барысаўскага краязнаўцы Аляксандра Разэнблюма. Я таксама не мог, натуральна, не азнаёміцца з творчасцю гэтага даследчыка, і прызнаюся шчыра — быў страшэнна здзіўлены. Справа ў тым, што працы Разэнблюма не носяць навуковага характару ні паводле знешніх прыкмет, ні паводле ўнутранага зместу. Даволі сказаць, што ўсе яны фактычна пазбаўленыя якога б то ні было навукова-даведачнага апарату, то бок спасылак на канкрэтныя крыніцы. Не магу не працытаваць (на мове арыгінала) і пары абзацаў з адмыслова прысвечанага асобе С. Станкевіча артыкула А. Разэнблюма, каб даць магчымасць чытачам самім вызначыцца, да чаго гэта больш адносіцца — да навуковага даследавання ці да эмацыйнай публіцыстыкі:

Среди таких лакеев оказался и молодой человек, учитель с университетским образованием доктор философии Станислав Станкевич — бургомистр моего родного города Борисова, пребывавший на этой холуйской должности в 1941—43 годах, когда многострадальная белорусская земля находилась под сапогом чужеземцев.

Нет, этот претендовавший на респектабельность тип никого из своего пистолета не расстреливал, а лишь отдавал распоряжения: арестовать, изъять, уничтожить. В первую очередь это в равной степени касалось коммунистов, партизан, евреев. В Белорусском историческом архиве мне довелось видеть его приказы и резолюции. Запомнилось такое собственноручное указание, сделанное еще до создания в городе гетто: «Весь скот у жидов забрать».

19 октября 1941 года Станкевич выступал на банкете, организованном по случаю предстоявшей на следующий день акции по полному истреблению обитателей борисовского гетто. Он благословил полицию на «четкое выполнение этого важного дела, которое, наконец, навсегда очистит город от жидовского засилья» (в одном из иностранных источников я прочитал, что бургомистр даже рекомендовал способ «экономного» захоронения трупов расстрелянных евреев, названный  методом сардин).

Натуральна, я не аспрэчваю права А. Разэнблюма ў папулярных працах пісаць тое, што ён лічыць патрэбным. Аднак жа і ставіцца да іх варта адпаведна — як да асабістай думкі гісторыка-аматара, не падмацаванай спасылкамі на канкрэтныя крыніцы. Між тым спасылкі на Разэнблюма (асабліва калі ідзе гаворка пра Станкевіча як пра стваральніка «сардзіннай тэхналогіі») мы знойдзем практычна ў любой «антыстанкевіцкай» працы — і ў Алега Ліцкевіча, і ў Алеся Белага, і ў Дзяніса Нарэля. Што пры гэтым здзіўляе — стаўленне да галаслоўных сцверджанняў барысаўскага краязнаўцы ў іх усіх абсалютна бескрытычнае. І нават калі яны заўважаюць у ягоным тэксце нейкія «нестыкоўкі», то лічаць за лепшае заплюшчыць на гэта вочы.

Напрыклад, Алег Ліцкевіч, у сваім артыкуле мімаходзь згадаў, што Разэнблюм узяў інфармацыю пра Станкевіча «з неназванай замежнай крыніцы», але дадзеная «неназванасць» чамусьці не навяла яго на думку, што гэта можа быць падставай для таго, каб паставіць даставернасць дадзенай крыніцы пад сумнеў і каб прынамсі паспрабаваць яе высветліць. Алесь жа Белы і Дзяніс Нарэль пра факт невядомасці першакрыніцы ўвогуле не згадваюць, для іх усё тое, што напісаў Разэнблюм у папулярным нарысе — апрыёрна бясспрэчная ісціна, якая не мусіць правярацца. Між тым праверыць яе безумоўна не зашкодзіла б.

Так, напрыклад, Аляксандр Разэнблюм піша пра Станіслава Станкевіча: «Магчыма, сам ён не страляў, не жадаючы пэцкацца, але распараджаўся і без стомы выслужваўся перад сваімі гаспадарамі». Адкуль канкрэтна ўзятая інфармацыя пра тое, што Станкевіч «распараджаўся», высветліць не так і проста (у тэксце кніжкі Разэнблюма, як ужо згадвалася, спасылкі на крыніцы адсутнічаюць). Можа, гэта стала вядома з пасляваенных допытаў непасрэдных выканаўцаў расправы над барысаўскімі яўрэямі, перадусім начальніка барысаўскай паліцыі Давіда Эгофа? Але я асабіста, прачытаўшы надрукаваныя матэрыялы допыту Эгофа, пра «распараджэнні» Станкевіча аніякай згадкі не знайшоў [4]. Паводле галоўнага барысаўскага паліцыянта, агульнае кіраўніцтва экзекуцыяй ажыццяўляў нямецкі оберштурмфюрэр Крафэ, які адмыслова дзеля гэтага прыехаў з Мінска «разам з перакладчыкам унтэршарфюрэрам Айхе і 50 афіцэрамі ды салдатамі з войскаў СС, пераважна латышамі паводле нацыянальнасці». Пра Станкевіча ж Эгоф апошні раз згадваў пры апісанні банкета, які адбыўся напярэдадні дня акцыі, прытым толькі пры пераліку розных прысутных на ім функцыянераў, без аніякага вылучэння нейкай адмысловай ролі барысаўскага бурмістра. У такім жа самым кантэксце згадваецца Станкевіч і ў паказаннях іншага актыўнага ўдзельніка знішчальнай акцыі, намесніка Эгофа Пятра Кавалеўскага (ці, паводле іншых звестак, Кавальскага) — недзе Станкевіч прысутнічаў, штосьці рабіў (перадаў паліцыі распараджэнне вайсковага каменданта, разам з шэрагам іншых асобаў падбіраў месца пад яўрэйскае гета), але няма ніякай інфармацыі, каб ён сам прымаў нейкія рашэнні, каб менавіта «распараджаўся» [5].

Ёсць, праўда, адно выданне, на старонках якога Станкевіч сапраўды з’яўляецца цэнтральнай фігурай, дзе ён раздае ўсім загады і даручэнні ды дабіваецца іх выканання. Гэта выдадзеная ў пачатку 1980-х гг. сумнавядомая кніга «Беларуская таямніца» амерыканскага юрыста Джона Лофтуса, таго самага, якога, паводле Дзяніса Нарэля, «сёння толькі лянівы не абвінаваціў у некампетэнтнасці і карыслівасці» і кнігу якога той жа Нарэль «не чытаў, таму нічога канкрэтнага супраць яго казаць не буду». Не ведаю, ці чытаў кнігу Лофтуса Алег Ліцкевіч, але ў сваім артыкуле ён прызнае, што яна «далёкая ад крытэрыяў навуковасці», а яе аўтар «для прыцягнення чытачоў абраў стыль хвосткіх выкрыццяў і паўдэтэктыўных намёкаў». Даваць кнізе Лофтуса іншую ацэнку Ліцкевічу было б дастаткова цяжка, паколькі неўзабаве пасля яе выхаду з друку вядомы англійскі славіст Джым Дынглі напісаў і апублікаваў на гэтае выданне грунтоўную рэцэнзію, якая не пакідала аніякіх сумневаў у навуковай бездапаможнасці аўтара і ягонай выключнай неабазнанасці ў беларускіх рэаліях, што да таго ж абцяжарвалася поўнай адсутнасцю ў яго якіх бы то ні было маральных «тармазоў». Тым не менш, паколькі кніг на англійскай мове пра Беларусь і беларусаў не так і шмат, для некаторых не надта дасведчаных у беларускай праблематыцы заходніх інтэлектуалаў яна часам і цяпер можа стаць немалаважнай крыніцай інфармацыі (ці, хутчэй, дэзінфармацыі) пра нашу краіну. Дадаткова гэтаму спрыяе і тое, што на аснове опуса Лофтуса ў свой час у ЗША быў зняты шматсерыйны фільм з дастаткова тады папулярным акцёрам Тэа Саваласам у галоўнай ролі, а вядомы аўстралійскі пісьменнік Томас Кенэлі ў 1985 г. напісаў папулярны раман «Сямейнае шаленства» [6].

Вельмі падобна на тое, што менавіта з твора Лофтуса «запазычыў» інфармацыю пра Станіслава Станкевіча як галоўнага кіраўніка і натхняльніка расправы над барысаўскімі яўрэямі восенню 1941 г. і Аляксандр Разэнблюм. Прынамсі, апісанне Лофтусам ролі, якую ў гэтым працэсе адыграў Станкевіч, вельмі падобнае, і пра выкарыстанне «тэхналогіі сардзінаў» там згадка таксама ёсць, хоць сам Лофтус, варта прызнаць, на непасрэднае прыпісванне яго аўтарства барысаўскаму бурмістру ўсё ж не наважыўся [7]. Тым не менш, паколькі Станкевіч выступае ў версіі падзей, прапанаванай амерыканскім юрыстам, як цэнтральная фігура, то бескрытычны чытач пры ўмове моцнай асабістай заангажаванасці мог, у прынцыпе, дадумаць, што аўтар тэхнічнага спосабу выканання масавых расстрэлаў — таксама асабіста ён. У той жа час Аляксандр Разэнблюм, відаць, сам выдатна ўсведамляў, што Лофтус — аўтар занадта дыскрэдытаваны, каб на яго адкрыта спасылацца, і дзеля таго нават не ўключыў ягоны опус у спіс выкарыстанай літаратуры напрыканцы сваёй галоўнай працы — кнігі «Памяць на крыві». Затое ў канцы аднаго з іншых сваіх кароткіх артыкулаў, прысвечанага асобе Станкевіча, дзе таксама паведамлялася пра яго як стваральніка «тэхналогіі сардзінаў», усё ж такі не ўтрымаўся і адзначыў, што «цікавыя звесткі пра Станіслава Станкевіча ўтрымліваюцца ў выдадзенай у ЗША кнізе The Belarus Secret by John Loftus, 1982».

У выніку з ідэямі Джона Лофтуса сталася так, як з тымі шпіёнкамі «с крепким телом», пра якіх спяваў у адной са сваіх жартоўных песень незабыўны Уладзімір Высоцкі: «Ты их в дверь, они в окно». Гэтыя ідэі ў сучаснай Беларусі жывыя і ў пэўных колах папулярныя, адно што толькі сарамліва прыкрываюцца іншымі імёнамі, у тым ліку іменем Аляксандра Разэнблюма. Таму няма нічога дзіўнага, што і публікацыя ў 2008 г. у ізраільскай газеце, а пасля пашырэнне ў інтэрнэце вышэйзгаданага артыкула Алеся Белага «Не стаць «сардзінамі» для нацыстаў!» адным з вынікаў мела публікацыю ў газеце «Беларус» матэрыяла Віталя Зайкі з нагадваннем пра даўнюю справу Лофтуса.

Што ж тычыцца «тэхналогіі сардзінаў» (па-нямецку Sardinenpackung), то заходнімі даследчыкамі яна цвёрда асацыюецца з іменем вядомага нацысцкага злачынцы, вышэйшага кіраўніка СС і паліцыі рэйхскамісарыята «Остланд», оберфюрэра Фрыдрыха Екельна. Апошні выпрабаваў яе яшчэ летам 1941 г. падчас расправаў над яўрэйскім насельніцтвам на Украіне, а пасля — на тэрыторыі прыбалтыйскіх краін [8]. Вядома, заходнія гісторыкі таксама могуць памыляцца, аднак для таго, каб паспяхова аспрэчваць замацаваны ў гістарыяграфіі падыход, варта ўсё ж такі паклапаціцца пра тое, каб «сенсацыйныя адкрыцці» абапіраліся на сур’ёзныя крыніцы. Натуральна, папулярныя краязнаўчыя працы без навукова-даведачнага апарату да такіх залічыць нельга нават з вялікай нацяжкай.

І яшчэ было б паўбяды, каб справа абмежавалася толькі бескрытычным стаўленнем заангажаваных аўтараў да працаў Аляксандра Разэнблюма. Але ж яны дапускаюць пры гэтым і відавочныя падвоеныя стандарты, бо абсалютна ідэнтычную паводле свайго характару папулярную брашуру Лявона Луцкевіча і Галіны Войцік «Станіслаў Станкевіч» Алег Ліцкевіч без усялякага аналізу яе зместу і праверкі пададзеных у ёй звестак адназначна акрэсліў як «наіўна-цынічныя акварэльныя замалёўкі», якім апрыёрна не можа быць веры. Сцвярджалі ж гэтыя вядомыя беларускія віленскія дзеячы ў сваёй брашуры тое, што

ў архіве Ст. Станкевіча захавалася кніжка ўспамінаў бел. жыдоў, што знішчаліся гітлераўцамі пагалоўна на ўсіх акупаваных абшарах.

У кніжцы згадваецца й др. Станкевіч, які рабіў захады перад нямецкім генералам, дамагаючыся адкласці ліквідацыю жыдоўскага гета, аргументуючы гэта лаяльнасцю жыдоўскага насельніцтва да ўладаў. Калі ягоныя захады не далі вынікаў, чаго й трэба было спадзявацца, ён папярэдзіў жыдоўскі актыў пра ліквідацыю гета, а сам выехаў з Барысава.

Думаецца, што сумленны і незаангажаваны даследчык, перш чым адназначна аспрэчваць гэтую інфармацыю, мусіў бы прынамсі паспрабаваць даведацца, пра якую кніжку аўтары вялі гаворку, а пасля праверыць, ці сапраўды там змешчана нешта падобнае. Тым больш ён мусіў бы гэта зрабіць пасля таго, як сам жа выявіў, азнаёміўшыся ў архіве КДБ з арыгіналам допыту былога начальніка ўпраўлення бяспекі г. Барысава і Барысаўскага раёна Давіда Эгофа ад 28 лютага 1947 г., што інфармацыя пра прысутнасць Станкевіча на месцы знішчэння барысаўскіх яўрэяў і асабісты ўдзел у правядзенні экзекуцыі, што выявіўся ў вывазе з гэтага месца рэчаў загінуўшых — нішто іншае, як пазнейшая фальсіфікацыя савецкіх уладаў, зробленая з палітычнымі мэтамі. Характэрна, што самому А. Ліцкевічу пасля выяўлення гэтага нечаканага для яго факта

Стала зразумела, што фраза пра Станкевіча, які асабіста адвозіў рэчы забітых яўрэяў, упісана ў гэты зборнік далёка не выпадкова. Станкевіч жа ў 1961—1962 гг. узначальваў Інстытут вывучэння СССР у Мюнхене. Таму гэты дакумент, атрымаўшы розгалас на Захадзе, мог стаць магутным інструментам для яго дыскрэдытацыі, а не атрымаўшы розгаласу — дзейсным сродкам для шантажу.

Здавалася б, падобнае адкрыццё мусіла б ацвярозіць аўтара і прывесці яго да разумення, што не ўсё ў сітуацыі са Станкевічам так проста, як яму дагэтуль падавалася, і ўжо што-што, а савецкія следчыя дакументы — зусім не тая крыніца, якой трэба безагаворачна давяраць без папярэдняй верыфікацыі і пацвярджэння матэрыяламі іншага паходжання [9]. Але ж нічога падобнага — для Алега Ліцкевіча пасля ўласнаручна выяўленай ім грубай савецкай фальсіфікацыі справа Станкевіча ўсяго толькі «раптам набыла каласальную глыбіню і шматскладанасць у тым аспекце, у якім гэта зусім не чакалася». «Адкрыта хлуслівым» для гэтага даследчыка па-ранейшаму застаўся толькі беларускі «нацыяналістычны падыход» «да ваеннага перыяду біяграфіі Станкевіча і некаторых іншых падобных дзеячаў», адпаведна крыніцы беларускага паходжання для Ліцкевіча «каштоўнасці і вагі […] не маюць». Савецкі ж падыход, нягледзячы нават на выяўленую бессаромную «прыпіску», не хлуслівы — ён толькі

часцей за ўсё з’едліва-выкрывальны, заснаваны на некаторых рассакрэчаных архіўных матэрыялах […] і на перакананасці, што спрыянне і пасобніцтва нацызму — найцяжэйшае злачынства, не апраўданае нічым.

Яшчэ больш пікантнай сітуацыя выглядае, калі ўлічыць і яшчэ адзін нюанс. Звесткі Дж. Лофтуса пра знішчэнне яўрэяў у Барысаве ўзятыя аўтарам, як ён сам адзначае, перадусім з рапарта нямецкага обервахмістра Зёнекена, складзенага апошнім 24 кастрычніка 1941 г. Азнаёміўшыся з тэкстам гэтага рапарта асабіста, магу толькі пацвердзіць словы Віталя Зайкі — нічога пра «зламысную» ролю Станіслава Станкевіча ў ім няма. Самае цікавае, што і Алег Ліцкевіч безумоўна знаёмы з дадзеным дакументам, паколькі ў сваім артыкуле згадвае, што гэты рапарт быў апублікаваны ўсё тым жа Аляксандрам Разэнблюмам. Толькі дзеля парадку ўдакладнім, што Разэнблюм тут не з’яўляецца першапраходцам — першая расійскамоўная публікацыя рапарта (дакладней, яго часткі) была ўпершыню здзейснена ў Беларусі ў складзе аднаго з дакументальных зборнікаў яшчэ ў 1997 г. [10], а ў гэтай кнізе, у сваю чаргу, быў змешчаны перадрук з ізраільскага зборніка дакументаў 1991 г. [11] Але гэта не такія ўжо і важныя нюансы. Галоўнае — што канкрэтныя звесткі пра Станіслава Станкевіча, змешчаныя ў гэтым дакуменце, як Алег Ліцкевіч, так і іншыя абвінаваўцы барысаўскага бурмістра сёння не надта жадаюць цытаваць. Што ж, зраблю гэта за іх я:

Хоць загад аб расстрэле яўрэяў быў сакрэтным, у гета пра яго ведалі ўжо раніцай у суботу. Я аддаў свае боты ў рамонт яўрэйскаму шаўцу, які жыў на вуліцы, што вяла да аэрапорта. Ад яго я даведаўся, што да бурмістра горада д-ра Станкевіча і начальніка рускай паліцыі бяспекі Эхова (безумоўна, маецца на ўвазе Давід Эгоф. — А. П.) накіравалася дэлегацыя з намерам дабіцца адтэрміноўкі экзекуцый, каб паспець падаць прашэнне генералу. Аднак шавец не мог мне сказаць, хто быў гэты генерал.

Ён толькі паведаміў мне, што яўрэі не маглі сабе ўявіць, каб Адольф Гітлер ці нехта з камандавання мог аддаць загад расстраляць 6500 яўрэяў. Потым я даведаўся, што бурмістр, д-р Станкевіч, абяцаў ім пагаварыць пра гэта з генералам і дадаў, што сам ён можа заявіць, што паводзіны яўрэяў, якія жывуць у падпарадкаваным яму раёне, былі ва ўсіх адносінах прыкладнымі. Пад паводзінамі ён меў на ўвазе парадак у гета, выкананне ўскладзенай на яўрэяў працы, збор 300000 рублёў у выглядзе падаткаў, якімі іх абклалі некалькі тыдняў таму, здачу золата, срэбра і іншых каштоўнасцяў [12].

Як бачна няўзброеным вокам, версія падзей, выкладзеная неўзабаве пасля расправы над барысаўскімі яўрэямі нямецкім службоўцам, вельмі блізкая да той, якую пазней агучылі Лявон Луцкевіч і Галіна Войцік. І такое катэгарычнае яе непрыманне тым жа Алегам Ліцкевічам цяжка растлумачыць інакш, як толькі ягонай асабістай перадузятасцю.

Не ведаю, як у каго, а ў мяне такое стаўленне да гістарычных крыніц выклікае па меншай меры здзіўленне. Асабліва парадаксальнай такая сітуацыя выглядае пасля таго, як прыгадаеш, што Алег Ліцкевіч — вядомы гісторык-медыявіст, аўтар цікавых і сур’ёзных прац па старажытнай гісторыі Беларусі. Мне даводзілася рыхтаваць да друку ў якасці рэдактара некаторыя артыкулы гэтага навукоўца, датычныя асноўнай сферы яго навуковых зацікаўленняў [13], і мне заўсёды імпанаваў, па-добраму ўражваў карпатлівы, адказны падыход аўтара да працы з крыніцамі. Проста не магу сабе ўявіць, каб А. Ліцкевіч у нейкай са сваіх прац па старажытнай гісторыі Беларусі раптам спаслаўся ў якасці адзінай крыніцы на нейкі краязнаўчы нарыс, нават не пацікавіўшыся, адкуль яго аўтар узяў той ці іншы сенсацыйны факт. А вось у дачыненні да гісторыі ХХ ст. Ліцкевіч лічыць такі падыход цалкам прымальным. Гэта яскравы паказчык таго, наколькі нават вельмі разумных і таленавітых людзей можа засляпіць ідэалагічная заангажаванасць, у выніку чаго яны перастаюць думаць у тым ліку і пра ўласную навуковую рэпутацыю.

Дарэчы, другі палымяны абвінаваўца Станіслава Станкевіча, Алесь Белы, таксама ніякі не адмысловец ні па гісторыі Другой сусветнай вайны, ні нават хоць бы па найноўшай гісторыі. Як і Алег Ліцкевіч, ён, паводле выразу доктара гістарычных навук Ігара Марзалюка з Магілёва, «відны спецыяліст у пытаннях сярэднявечнай гісторыі і культуры Беларусі». Такую характарыстыку аўтару Марзалюк даў, прадстаўляючы вышэй ужо неаднаразова згаданы артыкул Белага «Не стаць «сардзінамі» для нацыстаў!» чытачам магілёўскай абласной газеты «Магілёўскія ведамасці». Пры гэтым і сам Марзалюк (таксама медыявіст!) не прамінуў кінуць свой камень у бок гнюсных «фальсіфікатараў гісторыі»:

Свабода слова, магчымасць выдаваць «творы» псеўдагістарычнага зместу, якія не праходзяць элементарнага навуковага рэцэнзавання, прыводзіць да таго, што кніжны рынак Беларусі, не кажучы ўжо пра інтэрнэт-прастору, рэгулярна насычаецца хлуслівымі фальшыўкамі пра трагічныя падзеі 1941—1943 гадоў.

Хочацца верыць, што ў пантэоне беларускіх нацыянальных герояў ніколі не зоймуць месцы мярзотнікі, якія здзейснілі злачынствы супраць чалавецтва ў гады ваеннага ліхалецця на нашай шматпакутнай зямлі. Менавіта ў гэтым асноўны пафас, асноўная трывога і боль матэрыяла А. В. Белага, які прадстаўляецца на суд чытачоў [14].

Іронія сітуацыі ў тым, што Белы ў сваім артыкуле наўпрост, а Марзалюк ускосна кляймуюць кнігу Уладзіміра Арлова «Імёны Свабоды», дзе сярод іншых ёсць і вытрыманы ў пазітыўным ключы артыкул пра Станіслава Станкевіча. Кніга гэтая, хоць і носіць чыста папулярны характар, мае, аднак, ажно трох аўтарытэтных рэцэнзентаў, вядомых у якасці спецыялістаў па гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя — Алега Гардзіенку, Уладзіміра Ляхоўскага і Захара Шыбеку, што і пазначана ў пачатку кнігі. А вось ці рэцэнзаваў перад публікацыяй хоць хто, апрача медыявіста Марзалюка, прысвечаны найноўшай гісторыі папулярны артыкул медыявіста Белага — застаецца таямніцай. Як тут не ўспомніць біблійную прыпавесць пра парушынку ў воку бліжняга і пра бервяно ў сваім?

Але вернемся да Станіслава Станкевіча. Як будзе выглядаць сітуацыя з ім, калі пакінуць у баку сумнеўныя высновы А. Разэнблюма і Дж. Лофтуса і абапірацца толькі на даступныя нам непасрэдныя першакрыніцы? У такім выпадку (калі адкінуць сярод іншага і асабістую заангажаванасць) лёгка заўважыць, што абвінавачанне Станкевіча ў закліках да расправы над яўрэямі Барысава на банкеце 19 кастрычніка 1941 г. грунтуецца на дастаткова хісткіх падставах і наўрад ці было б прынята ў якасці неаспрэчнага доказу віны аб’ектыўным судом. З паказанняў двух абвінавачаных былых паліцыянтаў у 1947 г. вынікае толькі тое, што Станкевіч на банкеце прысутнічаў і на ім выступаў разам са шматлікімі іншымі асобамі («выступалі намеснік начальніка паліцыі Кавалеўскі, начальнік райуправы Станкевіч, нямецкія афіцэры»), аднак на канкрэтным змесце і асаблівасцях менавіта ягонай прамовы ніхто са сведак не спыняўся (казалася толькі абагульнена пра ўсіх выступоўцаў, што яны «ў сваіх выступленнях з нянавісцю гаварылі пра яўрэйскую нацыянальнасць і заклікалі паліцыянтаў да вынішчэння яўрэяў»). Прамовы, аднак, бываюць розныя: можна выступаць з ахвотай і натхненнем, укладаючы ў гэту справу ўсю душу, а можна натужліва выціснуць з сябе нейкія «дзяжурныя» штампы; можна сказаць палкую працяглую прамову, а можна абмежавацца фармальным выступленнем на некалькі хвілін; можна, у рэшце рэшт, заклікаць да неадкладнага знішчэння канкрэтных яўрэяў, а можна адзначыць неабходнасць змагання з абстрактным «жыдабальшавізмам». У прынцыпе, пра любое з такіх выступленняў можна сказаць, што яно мела антысеміцкі змест, але ўсё ж уздзеянне іх на аўдыторыю будзе розным. Тэксту прамовы Станкевіча ад 19 кастрычніка 1941 г. пакуль што не выяўлена (ды наўрад ці і вёўся на тым банкеце стэнаграфічны запіс), і таму кожны можа меркаваць пра яе змест у залежнасці ад сваіх уласных ідэйна-светапоглядных установак. Варта, аднак, тут нагадаць пра вядомы прынцып, якім кіруюцца ўсе дэмакратычныя суды ў свеце — любая супярэчлівая інфармацыя мусіць трактавацца на карысць абвінавачанага.

Што тычыцца самой прысутнасці Станкевіча на тым банкеце, а пасля і на самой экзекуцыі на наступны дзень (адносна апошняга факта пасля выяўлення А. Ліцкевічам савецкай фальсіфікацыі ўвогуле, дарэчы, не застаецца наўпроставых дакументальных пацверджанняў!) — то і тут ніяк не абысціся без пытання: ці меў ён магчымасць ад гэтай самай прысутнасці ўхіліцца без нейкіх трагічных для сябе самога наступстваў? Дэманстратыўна адмовіцца нават ад ускоснага ўдзелу ў расправе над яўрэямі азначала кінуць нацыстам адкрыты выклік, што ў тыя бязлітасныя часы было б сапраўдным гераізмам.

Гераізму Станкевіч у дадзеным выпадку не праявіў, але няўжо той, хто не герой — абавязкова злачынца? Зноў жа — а суддзі хто? Дапускаю, што і А. Ліцкевіч, і А. Белы, і Дз. Нарэль сёння свята ўпэўненыя, што яны асабіста на месцы Станкевіча паводзілі б сябе зусім іначай, аднак, наколькі мне вядома, жыццё пакуль што не ставіла іх перад падобным выбарам (і не дай Бог, каб паставіла калі пасля!). Дзеля таго я вельмі сумняюся ў іх маральным праве выносіць Станіславу Станкевічу і іншым «бурмістрам» нейкія катэгарычныя прысуды на аснове ўрыўкавых і супярэчлівых звестак пра іхную дзейнасць падчас акупацыі.

Зноў жа — хто сказаў, што адных фактаў публічных «заклікаў да знішчэння», зробленых кімсьці ва ўмовах жыцця пры таталітарных рэжымах, дастаткова для таго, каб дапусціўшага іх чалавека аўтаматычна залічаць у лік злачынцаў? Калі гэта так, то давайце будзем гэтым прынцыпам карыстацца паслядоўна, і тады можна амаль гарантаваць, што сумленных людзей сярод публічных асобаў, якім давялося жыць на тэрыторыі Беларусі ў 1920—1950-я гг., ва ўмовах панавання тут класічных таталітарных рэжымаў на ўздыме сваёй магутнасці, фактычна і не застанецца. Прывяду адзін прыклад. У надзвычай аўтарытэтнай для «антыстанкевічаўцаў» кнізе Аляксандра Разэнблюма «Памяць на крыві» пішацца пра знішчэнне яўрэяў не толькі ў перыяд нямецкай акупацыі, але і падчас масавага сталінскага тэрору 1930-х гг. Сярод тых, хто быў у той час арыштаваны і расстраляны, згадваецца і славуты ўраджэнец мястэчка Зембін пад Барысавам, класік савецкай літаратуры на мове ідыш Ізі Харык. Паводле А. Разэнблюма:

Сфабрыкаваную з дапамогай нагайкі і мардабою справу вядомага паэта і грамадскага дзеяча Ізі Харыка, абвінавачанага ў дыверсійнай дзейнасці, разглядаў Вярхоўны суд СССР. Судовае паседжанне, як адзначана ў пратаколе, працягвалася 15 хвілін. Не было ні адваката, ні сведкаў, ні публікі. А загадзя падрыхтаваны і зачытаны падсуднаму прысуд быў канчатковым і абскарджанню не падлягаў — расстрэл!

Харык быў арыштаваны 11 верасня 1937 г., асуджаны 28 кастрычніка 1937 г. і расстраляны ўжо на наступны дзень. Гэтая інфармацыя шырока вядомая. А вось пра творы яўрэйскага літаратара, якія друкаваліся пад ягоным подпісам за некалькі месяцаў перад арыштам, згадваецца ўжо з куды меншай ахвотай. Вось характэрная цытата з аднаго з іх, надрукаванага 12 чэрвеня 1937 г.:

Цяжка выказаць тую нянавісць і агіду, якую выклікаюць да сябе нягоднікі, здраднікі радзіме — Тухачэўскі, Якір, Убарэвіч, Корк, Эйдэман, Фельдман, Прымакоў і Путна. Нашу шчаслівую радзіму гэтыя мярзотнікі хацелі аддаць на разарванне, наш бурны творчы ўздым яны хацелі затапіць у нашай жа крыві. […]

Праклён ім. Смерць гэтым подлым здраднікам! […]

Гордасць і любоў выклікае наша савецкая разведка — наш НКВД, які зорка ахоўвае нас ад усякіх варожых пасяганняў [15].

Калі «антыстанкевічаўцы» будуць лагічнымі і паслядоўнымі, то яны і тут мусяць рубам ставіць пытанне: як ставіцца да літаратара, які «нікога асабіста не забіў і невядома, што ён загадваў забіваць, а «толькі» заклікаў да забойства»? Прытым заклікаў на старонках масавай грамадска-палітычнай газеты, чытачамі якой былі мільёны чалавек! Больш таго — падобны заклік не быў адзіным, у тым жа 1937 г. Ізі Харык надрукаваў прынамсі два артыкулы ў газеце «Літаратура і мастацтва», пра змест якіх выразна сведчаць самі іх назвы: «Мы павінны ўдзесяцярыць нашу пільнасць» і «Супраць буржуазна-нацыяналістычнай кантрабанды ў літаратуры» [16].

А Харык жа не быў у той час ніякім выключэннем. Падобныя творы, а таксама подпісы пад калектыўнымі зваротамі з асуджэннем дзеянняў «бандытаў», «шпіёнаў» і «дыверсантаў» (збольшага ў наш час поўнасцю афіцыйна рэабілітаваных дзеля адсутнасці віны) ды патрабаваннем для іх смяротнага пакарання мелі ў сваім творчым арсенале і пераважная большасць іншых тагачасных творцаў. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова пагартаць падшыўкі тагачасных газет і часопісаў. Вось, напрыклад, вытрымка з вядомага верша тых гадоў, які належыць прызнанаму класіку беларускай літаратуры Янку Купалу:

Мала іх павесіць

На сухой асіне,

Бо нават асіна

Ад сябе адкіне. […]

Гандляры айчынай

Па чужым заказу…

Вынішчыць дашчэнту

Гэтую заразу! […]

 

Спіце вы, нявінна

Згінуўшы, ахвяры!

Пакараем катаў

Самай лютай карай! […]

 

Няхай-жа ў зямлі вам

Не будзе спагады

За ваша зладзейства,

За вашыя здрады.

А вось цытата з верша «Пяе беларускі народ» тагачаснага паэта-пачаткоўца Пімена Панчанкі, які прызнаным класікам стане ўжо пасля вайны:

Гнеў, устань, раздаві фашыстоўскіх сабак!

Спапялі ядавітую гадзіну!

Яны прагнулі, з пенай на сініх губах,

Адабраць, што нам Сталіным дадзена.

 

Слава пільным яжоўцам! Не ступлен іх меч!

Беларускі народ ашчасліўлены.

Ад Палесся да Полацка спеў загрымеў,

Радасць хлынула свежымі ліўнямі [17].

Думаю, сп. Нарэль пагодзіцца, што пры жаданні ўсё гэта магло б быць кваліфікавана як «удзел у арганізацыі пераследу людзей па ідэалагічных матывах». Аднак жа чамусьці мне пакуль што не даводзілася сустракаць інфармацыі, каб хтосьці ў наш час сур’ёзна ставіў пытанне адносна таго, каб навесіць на ўсіх людзей, якія тады падобным чынам «засвяціліся», ярлыкі «злачынцаў». Бо ўсім зразумела, што ва ўмовах таго часу такія паводзіны для публічных людзей былі практычна непазбежныя, і тыя, хто наважыўся б адкрыта выступіць супраць наяўнага рэжыму ці хоць бы заняць у адносінах да яго пасіўна-нейтральную пазіцыю, спакойна маглі заплаціць за гэта галавой. А пад нямецкай акупацыяй сітуацыя прынцыпова не рознілася — ніякіх стрымліваючых фактараў для жорсткіх рэпрэсій адносна асобаў, западозраных у нелаяльнасці да акупацыйных уладаў, для нацыстаў не існавала. І гэты факт трэба абавязкова ўлічваць, даючы ацэнку тым ці іншым учынкам людзей у той час.

На маю думку, ускладаць асноўную віну за правядзенне Халакосту ў гарадах і мястэчках Беларусі на мясцовых бурмістраў з ліку мясцовага насельніцтва — увогуле перадузята і антыгістарычна. Рашэнне пра знішчэнне яўрэйскага насельніцтва Усходняй Еўропы прымалася на самых высокіх паверхах нацысцкай іерархіі, і спыніць запушчаны зверху забойчы махавік намаганнямі асобных чыноўнікаў больш нізкага ўзроўню ў тых умовах не было ніякай магчымасці.

Прывяду ў пацверджанне гэтай думкі наступны аргумент. Яшчэ ў 1956 г. выйшла дакументальная публікацыя нямецкага гісторыка Гельмута Гайбера, прысвечаная асобным момантам з біяграфіі вядомага нацысцкага функцыянера Вільгельма Кубэ, у тым ліку і падчас займання ім пасады гаўляйтара Беларусі [18]. У адным з апублікаваных Г. Гайберам лістоў, аўтарам якога быў начальнік ахоўнай паліцыі і службы бяспекі Генеральнай акругі Беларусь, штурмбанфюрэр СС Штраўх, адзначалася, што гаўляйтар меў дастаткова спецыфічную думку адносна «канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання».

Паводле Кубэ, ад вынесенага наверсе смяротнага прысуду павінны былі быць вызваленыя прынамсі нямецкія яўрэі, частка з якіх была, як вядома, прывезена на тэрыторыю Беларусі дзеля наступнага знішчэння. Штурмбанфюрэр Штраўх прыводзіць шматлікія прыклады «незвычайнай пазіцыі ў габрэйскім пытанні», уласцівай Кубэ. Так, калі 1 сакавіка 1942 г. СС і ахоўная паліцыя праводзілі акцыю супраць яўрэяў мінскага гета, то Кубэ нібыта рашуча ёй супрацьпаставіўся, прытым прадэманстраваў гэта нават публічна. Так, паводле данясення Штраўха:

…ніводзін габрэй у прызначаны час не прыбыў. Нічога не заставалася, як зганяць габрэяў праз выкарыстанне сілы. Мы сутыкнуліся з супрацівам, і нават былі вымушаныя выкарыстаць стралковую зброю.

У найгоршы момант, калі ўсе сілы мусілі быць кінутыя на тое, каб зламаць супраціў, зявіўся гаўляйтар. Я цытую пратакольны запіс ад 5.3.1942 г.:

«Прыкладна каля 16.30 зявіўся гаўляйтар у суправаджэнні свайго адютанта і унтэрштурмфюрэра СС. Ужо здалёк было заўважна, што гаўляйтар надзвычай усхваляваны. Паколькі я ўбачыў, што гаўляйтар ішоў да мяне, я выйшаў яму насустрач і павітаўся. Гаўляйтар абсыпаў мяне адразу ж папрокамі аб недапушчальнасці таго, што адбывалася пры зборы габрэяў. Ён абвінаваціў мяне ў тым, што ў гета зноў стралялі, так што рыкашэты былі знойдзеныя таксама па-за межамі гета.

Тон гаўляйтара быў надзвычай рэзкім. Кінутыя ім абвінавачанні чулі таксама расейскія габрэі і беларускія службоўцы паліцыі, якія стаялі вакол. Я адчуў, што мае здольнасці як выканальніка па габрэйскім пытанні і як фюрэра СС былі моцна абражаныя абыходжаннем гаўляйтара».

Гаўляйтар пасля гэтага яшчэ доўгі час знаходзіўся ў гета. Ён моцна аблаяў многіх з маіх людзей. Пры гэтым ён кідаўся такімі словамі, як «свінства» і «мы пагаворым яшчэ». Згодна з адным не на сто адсоткаў даставерным паведамленнем, ён пры гэтым раздаваў цукеркі габрэйскім дзецям.

У пратакольным запісе тагачаснага камандзіра ахоўнай паліцыі і службы бяспекі гаворыцца:

«На наступную раніцу, у чацвер 2.3.1942 г., а 9-ай гадзіне з’явіўся ландрат Ройшэр (Reuscher) і афіцыйным тонам папрасіў у мяне даведку, дзе знаходзяцца тры нямецкія цырульнікі гаўляйтара. Гаўляйтар пажадаў атрымаць ад мяне тлумачэнні, бо раней я зрабіў заяву, што вызвалю ад акцыі ўсіх нямецкіх габрэяў. Я быў не ў стане даць ландрату Ройшэру адпаведную даведку, пасля чаго той захацеў адразу ж ехаць да нямецкай габрэйскай рады ў гета, ад чаго яго ўдалося адгаварыць заўвагай, што ўчорашняе неаднаразовае наведванне гета гаўляйтарам ужо мела негатыўныя вынікі. Ландрат пасля гэтага супакоіўся. Ён пажадаў толькі як мага хутчэй атрымаць паведамленне аб месцанаходжанні гэтых габрэяў. Я адразу ж скіраваўся да брыгадэнфюрэра Цэнэра і паведаміў яму пра гэтую размову. У гэты час брыгадэнфюрэру патэлефанаваў сам гаўляйтар. Паводле словаў брыгадэнфюрэра, гаўляйтар сарваў голас ад крыку і з ім немагчыма было асэнсавана гутарыць. Гаўляйтар усклаў на службу бяспекі адказнасць за знікненне габрэяў. Ён запатрабаваў, каб цырульнікі былі дастаўленыя да яго самае позняе ўвечары, іначай ён паведаміць у надзвычайны суд. Ён заявіў, што спыняе любую сувязь са службай бяспекі». […]

3.3.1942 г. генеральны камісар накіраваўся ў Вілейку, бо ён даведаўся, што акцыі супраць габрэяў мусяць таксама адбыцца ў Вілейцы і Маладзечне. Ён наведаў там мясцовае аддзяленне ахоўнай паліцыі і прымусіў іх рабіць даклад. Відавочна, ён спадзяваўся, што і тут ён можа аспрэчваць дзеянні ахоўнай паліцыі [19].

Падобных сведчанняў пра сутыкненні паміж Вільгельмам Кубэ і кіраўніцтвам СС і ахоўнай паліцыі ў вышэйцытаваным дакуменце ўтрымліваецца куды больш. Але што важна ў святле той праблемы, якая нас цікавіць: асаблівая пазіцыя, якую займаў па «габрэйскім пытанні» гаўляйтар Беларусі, фактычна аніяк не ўплывала на сам ход «канчатковага вырашэння праблемы» на падуладнай (?) яму тэрыторыі. У яго самога, як вынікае, супрацоўнікі СС і ахоўнай паліцыі без яго на тое згоды і нават ведама забіралі ягоных супрацоўнікаў-яўрэяў і іх знішчалі. А кіраўнік цывільнай адміністрацыі, высокі нацысцкі функцыянер «арыйскага» паходжання, не мог зрабіць у такой сітуацыі нічога больш, акрамя пісання скаргаў і «зрывання голасу ад крыку». Ён не мог, як выглядае, дабіцца не толькі спынення знішчэння яўрэяў, але нават змянення метадаў гэтага знішчэння! Сумны лёс як беларускіх яўрэяў, так і прывезеных сюды на знішчэнне «гамбургскіх», агульнавядомы. А гэта сведчыць пра тое, што асабістая пазіцыя нават самога нямецкага кіраўніка цывільнай адміністрацыі пры знішчэнні яўрэйскага насельніцтва на Усходзе на самай справе мала што вырашала. А што тады казаць пра больш дробных чыноўнікаў гэтай цывільнай адміністрацыі, тым больш набраных з ліку мясцовага, «неарыйскага» насельніцтва? Калі на дзеянні эсэсаўцаў і паліцыянтаў пры ўсім жаданні не мог сур’ёзна паўплываць сам гаўляйтар Кубэ, то як мы можам гэтага чакаць і нават патрабаваць ад бурмістраў-беларусаў?

Факты выразна сведчаць пра тое, што ва ўмовах, якія ў той час склаліся, цалкам выратаваць усю мясцовую яўрэйскую грамаду ніякія мясцовыя цывільныя чыноўнікі магчымасці проста не мелі, дзеля таго не варта на іх ускладаць і асноўную адказнасць за кроў гэтых бязвінных ахвяраў. Адзінае, што было б у сілах чыноўнікаў, якія спачувалі яўрэям — пры магчымасці аказаць садзеянне пры выратаванні асобных адзінак. І калі такое садзеянне аказвалася, то, натуральна, рабілася гэта ў строгай таямніцы, паколькі за спрыянне яўрэям і іх перахоўванне паводле нямецкіх расісцкіх законаў прадугледжвалася строгае пакаранне. Улічваючы ж тое, што часова выратаваныя ахвяры з вялікай верагоднасцю маглі загінуць ад рук нацыстаў пасля, зусім не выглядае неверагоднай сітуацыя, калі сведкамі таго, што хтосьці з супрацоўнікаў акупацыйнай адміністрацыі намагаўся выратаваць ад немінучай смерці таго-сяго з яўрэяў, заставаліся толькі самі гэтыя супрацоўнікі. У такой сітуацыі зусім неапраўдана проста «адмахвацца» ад інфармацыі, якую паведамілі нам, хай сабе і ў папулярнай брашуры, Лявон Луцкевіч і Галіна Войцік, нават не паспрабаваўшы яе праверыць.

Дзяніс Нарэль і ягоныя аднадумцы, аднак, спецыфічнасці тагачасных умоваў улічваць не жадаюць. Калі гаворка заходзіць пра некалькі справаздач аб выдаткоўванні грошай, атрыманых ад рэалізацыі рэчаў, канфіскаваных у знішчаных барысаўскіх яўрэяў, усе яны падаюць наяўнасць подпісу Станкевіча пад гэтым дакументам як нейкі неабвержны доказ ягонай крыважэрнасці, недвухсэнсоўна намякаючы, што бурмістр быў асабіста матэрыяльна зацікаўлены ў вынішчэнні яўрэйскага насельніцтва. Далей, відаць, наша фантазія мусіць сама дамаляваць сітуацыю, як Станкевіч адразу пасля экзекуцыі рукамі і нагамі распіхваў прадстаўнікоў іншых канкурэнтных структураў, каб першым завалодаць усімі рэчамі, якія засталіся пасля знішчаных барысаўскіх яўрэяў, а пасля доўгімі зімовымі вечарамі, замкнуўшыся ад усіх у пакоі, як той казачны Кашчэй, «над златом чахнул», з хцівай усмешкай перабіраючы выдраныя са сківіц нябожчыкаў (вядома ж, асабіста!) залатыя каронкі.

Але лепш усё ж фантазіі пакінуць абывацелям — гісторыкі мусяць абапірацца толькі на крыніцы, а яны нам ніякай канкрэтнай інфармацыі адносна таго, што Станкевіч сам дабіваўся таго, каб барысаўская гарадская ўправа аказалася ўладальніцай часткі яўрэйскіх рэчаў, не даюць. Больш падобна на тое, што рашэнне пра гэта было прынята кімсьці з высокапастаўленых нямецкіх функцыянераў, а Станкевіч проста мусіў яго выконваць, рызыкуючы ў адваротным выпадку наклікаць рэпрэсіі і на сябе асабіста, і на сваіх супрацоўнікаў.

У рэшце рэшт, пра размеркаванне яўрэйскіх рэчаў ёсць наўпроставае сведчанне згаданага ўжо вышэй Давіда Эгофа. Па нейкіх прычынах яго вырашылі апусціць публікатары паказанняў былога начальніка барысаўскай паліцыі ў кнізе «Памяць» Барысаўскага раёна, і надрукаваныя яны былі толькі ў больш познім дакументальным выданні (таму, відаць, і былі не ўсімі заўважаныя).

Адказваючы на пытанне, што сталася з маёмасцю расстраляных у Барысаве яўрэяў, Д. Эгоф адказаў літаральна наступнае:

Частка яўрэйскай маёмасці паводле распараджэння Крафэ была перададзена нямецкай авіяцыйнай частцы, якая дыслакавалася ў г. Мінску. З яго згоды было дадзена мною распараджэнне паліцыянтам, якія прымалі ўдзел у расстрэле яўрэяў, узяць з яўрэйскай маёмасці ўсё тое, што ім патрэбна. Такім чынам, большая частка найбольш каштоўнай яўрэйскай маёмасці была разрабавана паліцыянтамі ў сваё асабістае карыстанне. Некаторую частку маёмасці, галоўным чынам адзенне, перадалі антысавецкай нацыяналістычнай арганізацыі «Беларуская самапомач». Астатняя ж маёмасць была рэалізавана за плату праз краму сярод насельніцтва г. Барысава, а атрыманыя грошы ў суме — якой, мне невядома — былі перададзеныя праз Барысаўскі банк гітлераўскаму ўраду Германіі.

Што ж тычыцца золата і іншых каштоўных рэчаў, то іх выняццем кіраваў перакладчык мінскага СД унтэршарфюрэр Айхе. Ён і перададзеныя ў яго распараджэнне людзі здымалі пярсцёнкі, гадзіннікі, завушніцы, бранзалеты і іншыя каштоўныя рэчы. Пасля Крафэ і Айхе ўсё гэта вывезлі ў г. Мінск [20].

Як бачна, пра нейкую асабістую актыўную ролю бурмістра Станкевіча пры размеркаванні яўрэйскай маёмасці Д. Эгоф у гэтым сваім дастаткова падрабязным сведчанні не згадвае аніводным словам. Што ж тычыцца наяўнасці подпісаў Станкевіча пад дакументамі аб перасылцы кудысьці справаздач ці асобных яўрэйскіх рэчаў, то натуральна, што бурмістр раёна мусіў паводле службовых абавязкаў падпісваць нейкія паперы, нават калі асабіста быў не ў захапленні ад іх зместу. Так, напрыклад, распараджэннем камісара Мінскай акругі доктара Кайзера аб абавязковым заяўленні і ўліку яўрэйскай маёмасці, выдадзеным 14 кастрычніка 1941 г., вызначалася:

Да 1 лістапада 1941 г. павінна быць заяўлена ўся маёмасць яўрэйскага насельніцтва. Заяўляць абавязаны кожны, хто мае жыдоўскую маёмасць у карыстанні ці на захаванні, а таксама кожны, хто без таго, каб быць уласнікам, уладальнікам ці мець ахоўную распіску, распараджаецца ці можа распараджацца жыдоўскай маёмасцю законным чынам ці фактычна.

Таму я патрабую заяўлення асабліва тых, хто ўзяўся ахоўваць ці іншымі спосабамі завалодалі жыдоўскай маёмасцю.

Абавязаны, павінны заяўляць раённым бурмістрам [21].

Можна меркаваць, што і з’яўленне ў распараджэнні барысаўскай раённай управы тых рэчаў, пра падпісанне справаздачы па ўліку якіх з абурэннем піша Дз. Нарэль і іншыя ягоныя аднадумцы, было непасрэдным вынікам гэтага загаду. Дадзеныя рэчы былі, паводле таксама апублікаванага дакумента, здадзеныя ў Барысаўскую раённую управу «грамадзянамі» Меляшкевічам і Васільевым [22] — магчыма, мясцовымі паліцыянтамі. Кіраўніцтва гэтай управы паводле вышэй згаданага распараджэння было абавязана здадзеную маёмасць «апрыходаваць» ды адправіць у вызначанае месца, што, у прынцыпе, і зрабіла. Сама ж наяўнасць подпісу Станкевіча пад гэтым дакументам аніяк не сведчыць пра ягонае асабістае прыхільнае стаўленне да расправы над яўрэямі.

Пра выпраўленне жыхароў Беларусі на прымусовыя працы ў Германію Дзяніс Нарэль таксама піша так, нібыта ні хто іншы, як самі бурмістры-беларусы самастойна вырашалі гэтыя пытанні, і каб не было іхнай волі, то ніхто і не падумаў бы нікога нікуды выпраўляць. Нібыта менавіта гэтыя бурмістры былі ініцыятарамі таго, каб «бацькоў трымаць у якасці закладнікаў, пакуль не з’яўляліся іхныя дзеці», нібыта менавіта яны прапаноўвалі, каб «у выпадку няяўкі дэпартаваліся меншыя браты і сёстры, канфіскоўвалася збожжа, маёмасць ці падпальваліся хаты», нібыта менавіта іхнай воляй «за невыкананне загадаў аб мабілізацыі на работы спальваліся цэлыя вёскі». Так, бурмістры мусілі ставіць подпісы пад некаторымі адпаведнымі дакументамі, але няўжо не ёсць аксіёмай, што ва ўмовах таталітарных рэжымаў падобныя дакументы нельга трактаваць літаральна — трэба абавязкова добра ведаць агульны кантэкст, у якім яны ствараліся і падпісваліся? Шырока ж вядома, што, як і ў выпадку з «канчатковым вырашэннем яўрэйскага пытання», кампанія па вывазу працоўнай сілы з захопленых земляў у Германію была распрацавана і зацверджана ў Берліне найвышэйшым нацысцкім кіраўніцтвам, распаўсюджвалася на ўсе ўсходнія землі і істотна паўплываць на яе выкананне ў канкрэтных рэгіёнах мясцовае кіраўніцтва, тым больш з ліку мясцовага насельніцтва, наўрад ці магло [23].

Тое ж самае можна сказаць і пра арганізацыю Станкевічам на тэрыторыі Барысаўшчыны перапісу насельніцтва, вынікі якога былі пасля скарыстаныя для выяўлення яўрэяў. З рыторыкі Дз. Нарэля і ягоных аднадумцаў можна падумаць, што Станкевіч быў ці не асноўным ініцыятарам гэтага мерапрыемства, і ўвогуле ад пачатку ведаў, што яно праводзіцца з мэтай вынішчэння яўрэйскага насельніцтва. Між тым з апублікаваных дакументаў мы можам атрымаць уяўленне, які прыблізна характар мелі тыя даручэнні на правядзенне перапісаў, якія атрымлівалі мясцовыя бурмістры. Так, ужо згаданы камісар Мінскай акругі доктар Кайзер 27 кастрычніка 1941 г. загадваў:

Неадкладна вызначыць, з якіх народнасцяў складаецца насельніцтва асобных раёнаў, паасобку — немцаў, палякаў, беларусаў, расійцаў, літоўцаў, жыдоў і інш. І асобна скласці спіс моладзі да 16 гадоў. Прадставіць спісы да 10 лістапада 1941 г. [24]

Дадзены канкрэтны загад выдадзены ўжо пасля знішчэння барысаўскіх яўрэяў, але наўрад ці папярэдні падобнага зместу, які мусіў выконваць бурмістр Барысава, прынцыпова ад яго адрозніваўся. Мэта правядзення перапісу насельніцтва, як мы можам заўважыць, у загадзе не акрэсліваецца, і зусім не абавязкова, што бурмістрам яна тлумачылася і вусна. І калі Давід Эгоф, даючы свае паказанні ў лютым 1947 г., пастфактум ужо ведаў, што перапіс праводзіўся з мэтай выяўлення яўрэяў для іх наступнага знішчэння, то тое, што ён дакладна гэта ўсведамляў і ў ліпені 1941 г., калі, паводле ягоных словаў, праводзіўся перапіс — зусім не факт.

Але даволі пра Станіслава Станкевіча. Не хацелася б ператвараць гэты палемічны артыкул у ягоную асабістую біяграфію, тым больш што я ніколі не рабіў грунтоўнага даследавання жыцця і дзейнасці гэтага дзеяча. Вышэйсказаным я ставіў сабе за мэту давесці толькі адно — усе сучасныя абвінаваўцы Станкевіча за яго супрацоўніцтва з немцамі будуюць свае закіды на вельмі вольнай інтэрпрэтацыі наяўных крыніц, і фактычна іхны «новы погляд» нічым не розніцца ад колішняга савецкага, хай сабе аўтары «рытуальна» і адзначаюць, што апошні меў значныя хібы, у тым ліку дапускаў відавочныя перакручванні фактаў і нават адкрытыя фальсіфікацыі […]


1. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка г. Барысава і Барысаўскага р-на. Мінск, 1997. С. 328—331; Свидетельствуют палачи. Уничтожение евреев на оккупированной территории Беларуси в 1941—1944 гг.: документы и материалы / Сост.: В. И. Адамушко, И. П. Герасимова, В. Д. Селеменев; науч. ред. С. Е. Новиков. Минск, 2009; 2-е изд. Минск, 2010. С. 96—101.

2. Раманоўскі В. П. Саўдзельнікі ў злачынствах. Мінск, 1964. С. 81—83, 87—88.

3. «Нацистское золото» из Беларуси: Документы и материалы / Сост. В. И. Адамушко, Г. Д. Кнатько и др. Минск, 1998. С. 36—37; Холокост в Беларуси. 1941—1944. Документы и материалы / Сост.: Э. Г. Иоффе, Г. Д. Кнатько, В. Д. Селеменев. Минск, 2002. С. 35—37.

4. Гл.: З пратакола допыта арыштаванага Эгофа Давіда Давідавіча / Падр. да друку М. Б. Батвіннік // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка г. Барысава і Барысаўскага р-на… С. 329—331.

5. Гл.: З пратакола допыту абвінавачанага па следчай справе № 259 Кавальскага Пятра Людвігавіча, 1878 г. нараджэння, ураджэнца і жыхара гор. Барысава / Падр. да друку У. І. Лемяшонак // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка г. Барысава і Барысаўскага р-на… С. 328—329.

6. Падрабязней пра гэта гл.: Латышонак А. Беласток — Полацак. Вільня—Беласток, 2010. С. 193—194.

7. Loftus J. The Belarus Secret. New York, 1982. P. 24—28.

8. Rubenstein R. L., Roth J. K. Approaches to Auschwitz: The Holocaust and Its Legacy. 2nd ed. Lousville, 2003. P. 179; Cymet D. History vs. Apologetics: The Holocaust, the Third Reich, and the Catholic Church. Lanham, 2010. P. 225; Schneider G. The Two Ghettos in Riga, Latvia, 1941—1943 // The Holocaust in the Soviet Union: Studies and Sources on the Destruction of the Jews in the Nazi-Occupied Territories of the USSR, 1941—1945 / Ed. by L. Dobroszycki and J. S. Gurock. New York, 1993. P. 183.

9. Пра неабходнасць надзвычай асцярожнага і крытычнага стаўлення да савецкіх дакументаў, у тым ліку і да створаных непасрэдна пасля вайны матэрыялаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пішуць у тым ліку і вядомыя беларускія даследчыкі Халакоста, адзначаючы, што гэта «вельмі спецыфічная крыніца, якая вымагае стараннай верыфікацыі». Гл.: Разенблат Я. Халакост: складанасці вывучэння // ARCHE. 2012. № 5. С. 163.

10. Трагедия евреев Белоруссии (1941—1944 гг.): Сборник материалов и документов / Отв. ред. Р. А. Черноглазова. 2-е изд., исправленное и дополненное. Минск, 1997. С. 89—90.

11. Уничтожение евреев СССР в годы немецкой оккупации (1941—1944): Сб. документов и материалов / Ред. И. Арад. Иерусалим, 1991. С. 136—140.

12. Уничтожение евреев СССР… С. 137.

13. Ліцкевіч А. Дагаворы паміж князямі ВКЛ, нобілямі Жамойці і прадстаўнікамі Тэўтонскага ордэна ў Прусіі і Лівоніі (1367—1398 гг.) // ARCHE. 2010. № 10. С. 39—123; Ліцкевіч А. Атручэнне князя Скіргайлы ў Кіеве (1395 год) // ARCHE. 2012. № 3. С. 8—52.

14. Марзалюк И. А. Забвению не подлежит! // Магілёўскія ведамасці. 2009. 17 сакавіка. № 30. С. 7.

15. Харык І. Ганарымся совецкай разведкай // Звязда. 1937. 12 чэрвеня. № 134. С. 3.

16. Багдановіч І. Э., Драздова З. У. Ізі Харык // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. Т. 6. С. 174—175.

17. Панчанка П. Упэўненасць. Менск, 1938. С. 5.

18. Heiber H. Aus den Akten des Gauleiters Kube // Vierteljahrshefte für Zeitgeschichte. 1956. H. 1. S. 67—92; беларускамоўная версія: Гайбэр Г. З актаў гаўляйтара Кубэ // ARCHE. 2010. № 7—8. С. 485—524.

19. Гайбэр Г. З актаў гаўляйтара Кубэ… С. 518—519.

20. Свидетельствуют палачи… С. 101.

21. Трагедия евреев Белоруссии (1941—1944 гг.): Сборник материалов и документов / Отв. ред. Р. А. Черноглазова. 2-е изд., исправленное и дополненное. Минск, 1997. С. 64.

22. «Нацистское золото» из Беларуси… С. 36.

23. Гл. адпаведныя дакументы, падпісаныя высокімі нацысцкімі функцыянерамі: Белорусские остарбайтеры. Угон населения Беларуси на принудительные работы в Германию (1941—1944). Документы и материалы. В 2 кн. Кн. 1 (1941—1942). Минск, 1998. С. 50—59.

24. Трагедия евреев Белоруссии… С. 65.