Справа ў тым, што ў казцы Гофмана малютка Цахес зьяўляецца выродлівым пачварыкам, што ёсьць вельмі важным элемэнтам сюжэту.

Памятаю, як спн. lady_z_shalomam у рэцэнзіі на зборнік гофманаўскіх казак і навэляў Курдупель Цахес… et cetera, et cetera, cetera закранула пытаньне дарэчнасьці ўжываньня слова «курду́пель» для перакладу назвы казкі-аповесьці Э. Т. А. Гофмана «Klein Zaches, genannt Zinnober».

Аўтарка палічыла такі адпаведнік нямецкаму Klein «цалкам дарэчным», абгрунтоўваючыся спасылкай на “Расійска-беларускі слоўнік” М. Байкова і С. Некрашэвіча, дзе гэнае слова (разам са словам “карантыш”) пададзенае як беларускі адпаведнік слову “малыш” з чым нельга не пагадзіцца. Нават цяпер, як адзначае мой сябра prychynets , на Койданаўшчыне яшчэ можна пачуць такое слоўца ў дачыненьні да юных падлеткаў.

Аднак, сёньня, чытаючы «Тадэвуша» ў перакладзе Бр. Тарашкевіча, натыкнуўся на прыметнік «курдуплы» ў зусім іншым значэньні «прысадзісты», «пакручасты» з пазнакаю дыял. Вось вынятак з тэксту:

Вада іх блішчыцца плямістай іржою крывавай,
усьцяж ад нутра так дыміць благавоньню плюгавай,
што дрэвы наўкола патрацілі лісьце і коры;
курдуплыя, лысыя, ўсе з чарваточынай, хворы.

(Быліца чацьвёртая. Палітыка і ўловы)

Этымалягічны слоўнік Фармера пралівае сьвятло і на дзіўны выбар В. С. Сёмухам экзатычнага слова «курдупель» для, падавалася б, простага нямецкага «Klein» — малыш, малютка, і на значэньне прыметніка «курдуплы» ў тарашкевічавым перакладзе паэмы. Слоўнік падае наступныя зьвесткі:

«кургузый», зап. (Малевич 179), укр. курдупель «карлик, урод». Из *кърнодуп- от *кърнъ (см. корный) и *дупа, польск. dupa «зад». Сюда же курдупик «черт», смол.; см. Зеленин, Табу 2, 95. Ошибочно сближение с лат. quadrupes «четвероногий» или нем. Kruрреl «калека, инвалид» (Карлович 328).

Справа ў тым, што ў казцы Гофмана малютка Цахес зьяўляецца выродлівым пачварыкам, што ёсьць вельмі важным элемэнтам сюжэту. Цытата з казкі (пер. В. Сёмухі):

Нябога (маці Цахеса — заўв.) і праўда магла бедаваці і жаліцца з такім брыдкім вырадкам, якога нарадзіла тры з палавінаю гады таму назад. Тое, што зь першага вока можна было прыняць за дзіўна выкрыўлены кавалак каравага дрэва (узгадаем значэньне ўжытага Бр. Т. прыметніка — заўв.), было сапраўды выродлівае, пядзі зь дзьве ў рост, дзіця; пакладзенае ўпоперак ношкі, яно цяпер выпаўзла адтуль і, нешта варкочучы, юразался ў траве. (С. 13)

Такім чынам, сыходзячы з апісаньня героя, перакладчык не ўнікнуў магчымасьці ўжыць нават больш дакладнае за нямецкі арыгінал палескае слова «курдупель» (В. Сёмуха нарадзіўся на абсягу цяперашняга Пружанскага раёну, што, наколькі я разумею, зьяўляецца часткай берасьцейскага Палесься).

spooky12.livejournal.com