На нашым складзе сёньня засталіся апошнія 5 асобнікаў грунтоўнага тому (аб’ём 772 старонкі) гістарычных твораў вядомага беларускага нацыянальнага дзеяча, навукоўца і ідэоляга Яна Станкевіча пад назвай «Крыўя-Беларусь у мінуласьці». У ім пад адной вокладкай сабраныя асноўныя тэксты гэтага дзеяча гісторыка-ідэалягічнай скіраванасьці, апублікаваныя на беларускай мове з 1930 па 1978 гг.

 

Як адзначае ў сваёй прадмове да кнігі яе ўкладальнік Валер Булгакаў:

Гэтыя творы важныя для асэнсаваньня ідэйнай генэзы сучаснай беларускай гістарыяграфіі. У іх былі акрэсьленыя або даакрэсьленыя ўстаноўкі, якія сёньня падзяляюцца шмат якімі прафэсійнымі гісторыкамі:

раньняя Кіеўская Русь успрымаецца як частка імпэрыі вікінгаў (наагул, Аўтар надзіва рэалістычна ацэньвае характар прысутнасьці нарманаў ува Ўсходняй Эўропе ў эпоху Сярэднявечча);

уяўленьне пра «трыадзіны рускі народ» кваліфікуецца як вытвар расейскай імпэрскай гістарыяграфіі;

падкрэсьліваецца важнасьць уніяцкай царквы для разьвіцьця беларускага нацыяналізму («Вуніяцкая царква з гледзішча культурнагабыла стаўшыся нацыянальнай беларускай царквой» (С. 392).

Вельмі моцным месцам у гістарычным мысьленьні Станкевіча зь сёньняшняй пэрспэктывы выглядае «балцкая тэма», якая ўпершыню зьяўляецца яшчэ ў «Курсе гісторыі Крывіі–Беларусі»(1941). З таго часу «балцкае пытаньне» так ці інакш прысутнічала ўва ўсіх яго большых творах. Надзвычай жывучымі аказаліся і Станкевічавы трактоўкі беларуска–расейскіх дачыненьняў, асабліва яго тэзы аб беларускім культурным транзыце паміж Заходняй Эўропай і дапятроўскай Расеяй ды глыбокай адметнасьці паміж праўнай сьвядомасьцю беларусаў і расейцаў.Поўны зьмест кнігі і прадмова яе ўкладальніка даступныя тут.

Апошні шанец набыць гэтую кнігу ў асабістую бібліятэку можна рэалізаваць, даслаўшы электронны ліст на адрас dastauka@arche.by. Цана — 99 тыс. рублёў (кошт дастаўкі ўключаны).

Акцыя працягваецца да вычарпаньня накладу.

Замаўляючы выданьне, у полі «Тэма» трэба пазначыць «Крыўя-Беларусь у мінуласьці», а ў лісьце падаць свае дакладныя каардынаты: паштовы адрас, індэкс, прозьвішча і ініцыялы, а таксама тэлефон для камунікацыі. Прапанова дзейнічае толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

 

Stankievic_zmiest.pdf