Парадокс. Ёмкае слова, якое найлепш характэрызуе наш час. Вікіпедыя так вызначае гэты панятак: парадокс – гэта сітуацыя, якая можа існаваць у рэальнасці, але не мае лагічнага тлумачэння.
Ну якое лагічнае тлумачэнне можна знайсці ў рашэнні Еўрапейскага суда па правах чалавека, які судовы працэс над расійскімі прадпрымальнікамі Міхаілам Хадаркоўскім і Платонам Лебедзевым прызнаў “несправядлівым”, але не ўгледзеў у ім палітычных матываў.

Да гэтага дня лічылася, што не заўважыць палітычных матываў у нашумеўшай справе над кіраўніком ЮКАСа можа толькі расійскі суд. Якія ж яшчэ маглі быць матывы, як не палітычныя, у справе над буйнейшымі бізнесоўцамі, капіталы якіх не абміналі і палітычнага жыцця Расіі? Прычым не на карысць Уладзіміра Пуціна! Таму такія, адначасна зробленыя фармулёўкі як “суд несправядлівы” і “у працэсе няма палітычнай падаплёкі” выглядаюць не проста парадаксальнымі і пазбаўленымі ў гэтай сітуацыі элементарнай логікі, але наводзяць на думку, што ў гэты палітычны працэс ужо ўцягнуўся не толькі расійскі суд.

Можна, канешне, выказаць прымітыўную здагадку, што юрыдычна граматныя і бездакорныя ў пошуках справядлівасці еўрапейскія клеркі проста не арыентуюцца ў палітычнай сітуацыі Расіі і ўсёй паслясавецкай прасторы. І зусім не здагадваюцца, што непалітычных працэсаў у Расіі над вядомымі асобамі і фірмамі існаваць проста не можа. Ну то тады ўзнікае цяпер ужо лагічнае пытанне – навошта яны ў такім разе ўвогуле бяруцца разглядаць замежныя справы? Ці можа існуюць нейкія крытэры ў разглядзе падобных спраў, пра якія мы не ведаем?

У звязку з гэтым прыходзіць на памяць і нашумеўшая некалі даўней справа над беларусам, сябрам КХП-БНФ Сяргеем Каваленкам, дзе Камітэт па правах чалавека ААН адмовіў яму ў прызнанні факту парушэння яго правоў, прадугледжаных некалькімі артыкуламі Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Сяргей Каваленка звяртаўся ў КПЧ ААН пасля таго, як Кастрычніцкі раённы суд Віцебску, за вывешванне 7-га студзеня 2010-га году бел-чырвона-белага сцягу на ёлцы ў цэнтры гораду прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні “дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”.

Тады казалі, што была недапрацоўка ў самой скарзе пададзенай у КПЧ і паперы можна было б скласці больш прафесійна. Атрымліваецца, што на рашэнне сённяшніх еўрапейскіх чыноўнікаў ўплывае не сітуацыя, у тым ліку і палітычная сітуацыя ў паслясавецкіх краінах і становішча з правамі чалавека ў іх, а ўменне пісаць паперкі. Хоць аж настолькі граматныя еўрапейскія юрысты маглі б, пры жаданні, і самі што дарабіць. Выклікаць, прыкладам, сведкаў і правесці ўласнае расследаванне. А ўвесь парадокс сітуацыі ў тым, што не прызналі факту парушэння правоў над чалавекам, якога прызналі палітвязнем. Маглі б хоць яго прозвішча праз гугль прабіць ды пачытаць што там за сітуацыя.

Парадаксальнымі выглядаюць і адмовы ў палітычным прытулку тым, хто не можа застацца на Радзіме. Так, як некалі было з вядомым паэтам Славамірам Адамовічам, які і за кратамі быў, і актыўную дзейнасць вёў. Але палітычнага прытулку не дамогся. Прыйшлося яму фармулёўку “палітычны прытулак” замяняць на “прытулак паводле гуманітарных падставаў”. А ў гэты самы час Еўропу масава засяляюць людзі, якія і блізка не стаялі побач з праўдзівымі палітычнымі. Затое паперкі ў іх добра складзеныя. Без адной памылкі. А тое, што там ані слова праўды, гэта мала каго цікавіць.

Міжволі пачынаеш зайздросціць нават такой жорстка пераследуемай дзяржавай катэгорыі людзей, як колішнія савецкія дысідэнты. Хоць, здаецца, зайздросціць няма чаму. Бо за краты іх засоўвалі, і ў ссылкі, і ў псіхушкі. Ды чаго толькі не рабілі. Але іх сэрца грэла хоць бы тое, што недзе, на гэтай планеце ёсць краіны, якія падзяляюць іх каштоўнасці. І што людзі ў гэтых краінах, уключаючы і чыноўнікаў, кіруюцца логікай.

Адсутнасць жа логікі, стварае парадокс, хаос і крах ідэалаў, за якімі няўмольна прыходзіць крах гэтай канкрэтнай цывілізацыі.