«Маладосць» прапануе паласавацца Пад гэтай вокладкай змяшчаецца заканчэнне “глабалісцкай” фантазіі Юрася Нератка “Тэрапія” і пачатак вострасюжэтна-дасціпнай аповесці Алёны Беланожка “Чамадан з кракадзілавай скуры”. Гартаючы старонкі ліпеньскай “Маладосці” далей, можна разам з аўтарамі артыкулаў паразважаць пра вартасці новага слоўніка або тонкасці літаратурнай крытыкі, прачытаць прысвячэнні юбілею часопіса, які адбудзецца ў красавіку наступнага года, або згадаць гісторыю творчасці Уладзіслава Галубка, аддаць перавагу этнаграфічным замалёўкам ці астранамічным назіранням. Цікаваму чалавеку ўсё цікава. А самае смачнае варта шукаць на апошняй старонцы вокладкі: тут цяпер будзе шчыраваць “Міска вершаў”. Прэм’ера рубрыкі адзначыцца тварагом і… балабушкамі. Смачна есці і прыемнага чытання!