Упершыню ў сваёй гісторыі супольнасць ЕГУ абрала лаўрэата ўзнагароды «Выбітнаму выпускніку». Сёлета гэтым званнем была ўганараваная Аляксандра Ігнатовіч. Выпускніца атрымала ўзнагароду падчас другой штогадовай сустрэчы выпускнікоў ЕГУ ў Вільні.

«У Аляксандры атрымліваецца рабіць усё, за што яна бярэцца; яна даводзіць справу да канца. Яна ўкладае душу ўва ўсё, што робіць, і да ўсяго мае вельмі творчы падыход», – сказала Альміра Усманава, кіраўніца Акадэмічнага дэпартамента медыя ЕГУ і былая выкладчыца Аляксандры.

«ЕГУ для мяне – як сям’я, і маё знаходжанне тут – найістотнейшая частка майго жыцця. Я шчыра ўдзячная за гэтую ўзнагароду, якая ёсць знакам таго, што ўніверсітэт развіваецца», – адзначыла Аляксандра ў сваёй прамове па атрыманні ўзнагароды.

У гонар лаўрэаткі ў навучальным корпусе ЕГУ была ўсталяваная шыльда з фотаздымкам.

Аляксандра Ігнатовіч – журналістка і грамадская дзяячка. Ачольвае праект ЕГУ LitPro, з’яўляецца аўтаркай шэрагу навуковых публікацый, куратаркай некалькіх кінафестываляў, у тым ліку «ToKino» і «Літоўскае/савецкае кіно: рэканструкцыя», займаецца іншымі відамі грамадскай дзейнасці. Выпускніца бакалаўрскай праграмы ЕГУ «Масавыя камунікацыі і журналістыка» (2010) і магістарскай праграмы «Візуальныя і культурныя даследаванні» (2012), найлепшая студэнтка сваёй бакалаўрскай праграмы і найлепшая студэнтка выпуску Магістарскай школы. Жыве ў Вільні (Літва).

Агульная колькасць выпускнікоў, намінаваных супольнасцю ЕГУ на атрыманне ўзнагароды, склала 13 чалавек. Камітэт па прысуджэнні ўзнагароды «Выбітнаму выпускніку» ў складзе рэктара і прарэктараў ЕГУ, прэзідэнта Студэнцкага прадстаўніцтва і трох грантадаўцаў Стыпендыі выпускнікоў ЕГУ, абраных у выпадковым парадку, разгледзеў усе заяўкі і склаў шорт-ліст прэтэндэнтаў, кандыдатуры якіх былі затым вынесеныя на анлайн-галасаванне.