Скандальна вядомая кніга Джона Лофтуса «The Belarus Secret», якая справакавала шырокі розгалас вакол праблемы вайсковых злачынцаў у Беларусі, з’явілася больш за трыццаць год таму. У 2009 была перакладзеная на беларускую рэцэнзія ангельскага беларусіста Джыма Дынглі, а дыскусіі вакол гэтай тэмы не сціхаюць дасёння. На facebook.com «сакрэт Беларусі» абмяркоўваюць беларусіст з Канады Пэр Рудлінг, Аляксандр Пашкевіч і Аляксандр Гелагаеў.

Пэр Рудлінг: Кніга Лофтуса — публіцыстычная, і ўтрымлівае пэўныя памылкі, многія з іх выкліканыя тым, што ён не ведаў ніводнай славянскай мовы. Так, яна напісаная па-журналісцку, з разлікам на сенсацыю. Так, тое, што ён піша пра Станкевіча, пацвярджаюць дакументы, рассакрэчаныя ЦРУ ў 2005 і 2007 у адпаведнасці з Законам аб нацысцкіх ваенных злачынцах. Лофтус меў доступ да іх праз Упраўленне спецыяльных расследванняў (OSI) напрыканцы 1970-ых, але спасылацца на іх было забаронена. (Натуральна, Джым Дынглі не мог бачыць іх напачатку 1980-ых, як, наколькі мне вядома, і Пашкевіч). Так, Станкевіч быў бурмістрам Барысава, прадстаўніком у Баранавічах. Як бурмістр, адказны за адміністрацыю ў Барысаве падчас знішчэння габрэяў, ён можа быць разгляданы як пэўным чынам адказны і за знішчэнне значнай часткі яго мірнага жыхарства. Так, ён быў у нямецкай марыянеткавай Беларускай цэнтральнай радзе, ён быў рэдактарам пранацысцкай, антысеміцкай газеты «Раніца» ў Берліне. Так, ён сістэматычна фальсіфікаваў дадзеныя аб сваёй дзейнасці ў часе вайны. Так, ён быў прыняты да супрацоўніцтва ЦРУ ў Мюнхене і ЗША. (Хаця, здаецца, быў непажаданым супрацоўнікам — з-за ягоных праблемаў з алкаголем у ЦРУ не маглі быць упэўненыя, што ён не раскрые таямніцы). Пэўныя памылкі ў тэксце Лофтуса выкліканыя памылкамі перакладу і транслітэрацыі ў дакументах ЦРУ, брытанскага Корпуса контрвыведкі (CIC) і Выведнага ўпраўлення мінабароны ЗША.(DIA). Але галоўны аргумент Лофтуса, на мой погляд, даволі вартасны. Добра, што крытычны агляд Дынглі зрабіўся даступным беларускім чытачам. Яшчэ лепш было б вярнуцца да тэмы Станкевіча і іншых дадзеных часоў вайны цяпер, калі крыніцавая база Лофтуса даступная для даследчыкаў. Акрамя таго, накірунак аргументаў Лофтуса наконт Кушаля, Рагулі і Астроўскага таксама заслугоўвае ўвагі. Ёсць дастаткова прычынаў вярнуцца да гэтай гісторыі.

Аляксандр Пашкевіч: Хацелася б, каб згаданыя Вамі дакументы былі ўведзеныя ў шырокае навуковае абарачэнне. Бо пакуль што абвінавачанні Станкевіча грунтуюцца на вельмі хісткіх падставах. Ведаю, пра што кажу, бо нядаўна, зацікавіўшыся гэтай тэмай, самастойна праштудзіраваў усе даступныя крыніцы, на падставе якіх са Станкевіча зляпілі халоднага і бязлітаснага забойцу. Прыйшоў да высновы, што многія абвінавачанні грунтуюцца на спекуляцыях, няведанні кантэксту, відавочнай асабістай заангажаванасці, эмацыйным стаўленні да праблемы і г. д.

Калі рассакрэчаныя дакументы няўхільна давядуць асабістую віну (не толькі маральную) Станкевіча за тое, што адбылося восенню 1941 г. у Барысаве, я, натуральна, перагледжу свае цяперашнія погляды. Але для гэтага трэба было б асабіста з імі азнаёміцца. Добра было б, каб іх апублікаваў хто.

Пэр Рудлінг:  Так, я планую апублікаваць што-небудзь на гэты конт. Асабістае дасье Станкевіча было рассакрэчанае Нацыянальным упраўленнем архіваў і дакументацыі ў 2005, пэўныя дадатковыя дакументы — у 2007. (Пасля некалькі дакументаў былі выдаленыя з дасье Станкевіча і перакваліфікаваныя пазней у 2007).

15 ліпеня 1954 года дарадца ЦРУ па эміграцыйных стасунках у найстражэйшай таямніцы паведамляў намесніку кіраўніка ЦРУ па краінах Еўропы аб атрыманай інфармацыі, што «Падчас акупацыі Беларусі немцамі ў 1941, шэсць (шэсць!PAR) тысячаў габрэяў былі знішчаныя. Загад быў аддадзены нямецкімі ўладамі беларускаму кіраўніку горада Барысава, які, у сваю чаргу, перадаў яго да выканання сакрэтнай паліцыі. Галаву горада звалі Станкевіч, і гэтая асоба — той самы чалавек, які цяпер у радзе Інстытута. Станкевіч сказаў мне (Рэпніну) летась, што ў часе акцыі ён з’ехаў з горада. Пазней ён вярнуўся ў Барысаў і быў прызначаны на вышэйшую пасаду як кіраўнік вобласці… Гэтыя падзеі, і іх сувязь з імем Станкевіча добра вядомыя сярод беларускай эміграцыі. Было б вялікай трагедыяй для антыбальшавіцкага актыву ў эміграцыі, калі б да савецкіх беларусаў дайшла інфармацыя, што гэты самы Станкевіч цяпер займае важнае становішча ў Інстытуце. Ёсць некалькі сведкаў, ахвотных паведаміць аб ролі Станкевіча ў гэтым масавым знішчэнні». Тым не менш, ЦРУ таксама папярэджвала, што Рэпнін, крыніца гэтай інфармацыі, быў палітычным супернікам Станкевіча.

Наконт Станкевіча шэф місіі ЦРУ ў Мюнхене пісаў 9 верасня 1954, што «Станкевіч таксама фальсіфікаваў дадзеныя з часу акупацыі за 1939-1945 гады. Праўдзівая карціна ягонай дзейнасці ў гэтыя гады выяглядае наступным чынам… Ад ліпеня 1941 да кастрычніка 1943 — бурмістр Барысава, Беларусь; Кастрычнік 1943 — раённы інспектар Генеральнага камісарыята Вайсрутэніі ў Мінску; Ад лютага 1944 да ліпеня 1944 — прадстаўнік Беларускай цэнтральнай рады ў Баранавічах. Ён уцёк у Германію ў ліпені 1944 і ад жніўня 1944 да сакавіка 1945 быў рэдактарам беларускай штотыднёвай газеты «Раніца», пранацысцкага, антыальянцкага выдання, друкаванага ў Берліне пад поўным кантролем нямецкіх уладаў. У сакавіку 1945 ён уцёк у Эгер у Судэтах, Чэхаславакія. Вярнуўся ў Германію ў траўні 1945 і апынуўся ў лагеры для перамешчаных асобаў у Амбергу, у амерыканскай акупацыйнай зоне Германіі». Далей напісана, што «Ён займаў шмат пасадаў даверу у нацысцкай адміністрацыі на працягу вайны, і быў дапушчаны да становішча рэдактара газеты, якая была органам нямецкай прапаганды. На думку Савета ўнутранай палітыкі (DPC), Станкевіч быў абсалютным апартуністам, які змяніў свае палітычныя погляды і прыхільнасці, не кіруючыся нічым, акрамя ўласнай выгады. Паколькі Станкевіч быў расцэнены, як рызыкоўны для бяспекі, ён быў адхілены ў адпаведнасці з раздзелам 13 P.L. 774″.

У мяне няма «Энцыклапедыі лагероў і гета» Мемарыяльнага музея Халакосту пад рукой, але я мяркую, там ёсць падрабязны артыкул аб забойстве габрэяў у Барысаве, уключна з інфармацыяй аб ролі мясцовых прадстаўнікоў.

Партрэты Кушаля, Рагулі і Астроўскага, якія паўстаюць з дадзеных ЦРУ, таксама непрыглядныя. Дынглі мае многа вартасцяў, як навуковец, і я ўспрымаю ягоную працу з вялікай павагай. Але ён не з’яўляецца даследчыкам Халакосту, таксама як ён не меў (як і іншыя людзі па-за OSI) доступу да дадзеных, з якімі ў той час працаваў Лофтус. Крытыка Лофтусавых транслітэрацыяў і павярхоўнага ведання беларускай гісторыі справядлівая, але агульная карціна, што паўстае з кнігі, на маю думку, не мусіць быць адкінутая. І хаця пахвальна, што ангельскамоўныя тэксты аб Беларусі перакладаюцца і робяцца даступнымі для беларускай аудыторыі, перавыданне старых аглядаў не дадае новых ведаў па разгляданых пытаннях. Гэта, вядома, не ставіць у справе Станкевіча кропку. Так, саветы, цяперашні рэжым і пэўныя прадстаўнікі польскай правіцы, якія былі выгнаныя з Крэсў Усходніх, жорстка крытыкуюць Станкевіча і, магчыма, закідаюць неабаснаваныя абвінавачанні. Гэта не даводзіць невіноўнасці Станкевіча. Я згодны з вамі, што гісторыя Станкевіча, Кушаля, Астроўскага, Рагулі, Родзькі заслугоўвае быць перагледжанай. Я планую апублікаваць што-небудзь на гэты конт.

Аляксандр Пашкевіч: Дзякуй за такі разгорнуты допіс, які ўтрымлівае нават цытаты з дакументаў! Але ўсё ж такі цытаванае Вамі, як мне падаецца, не дадае нечага прынцыпова новага да таго, што мы ўжо ведаем. Тое, што Станкевіч быў бурмістрам Барысава ў кастрычніку 1941 г., калі там праводзілася вынішчэнне мясцовых яўрэяў — факт вядомы, і яго аспрэчыць ніяк нельга. І натуральна, што дзеля гэтага пэўнага ўдзелу з гэтай акцыі ён пазбегнуць не мог. Пытанне, аднак, у тым, якім менавіта быў ягоны ўдзел. Той жа Лофтус сцвярджае (а следам за ім і сучасныя ягоныя паслядоўнікі), што Станкевіч іграў ледзь не ролю ідэолага і непасрэднага кіраўніка расправы. Непасрэдныя дакументы (тыя, што сёння шырока даступныя) гэтага не пацвярджаюць, Станкевіч у іх заўсёды калі і згадваецца, то як другасная фігура.

Працытаваныя Вамі дакументы таксама, па сутнасці, нечага рэвалюцыйнага не ўносяць. ЦРУ атрымала «сігнал» (прытым ад нядобразычліўца Станкевіча) і, натуральна, адлюстравала гэта ў сваёй унутранай дакументацыі. Але на пытанне, якая была сапраўдная роля Станкевіча пры знішчэнні барысаўскіх яўрэяў, тут адказу не даецца. Можа, у іншых дакументах хіба…

Пэр Рудлінг: Я завалены працай на колькі наступных месяцаў, але спадзяюся неўзабаве вярнуцца да гэтай тэмы. Я магу паехаць у Берлін і паглядзець, што яны маюць аб Станкевічы. Яшчэ хацеў бы азнаёміцца з «Раніцай», таксама недаследванай крыніцай. Калі вы зацікаўленыя, мяркую, для нас абодвух будзе карысным абмен нашымі знаходкамі па гэтай тэме. Чатыры вокі бачаць больш за два, і мы абодва можам займець дакументы, пра якія нехта з нас не ведаў. Мяркую, такое супрацоўніцтва будзе ўзаемавыгодным.

Аляксандр Гелагаеў: Хіба можна было ў СССР ці ў нацыстоўскай Нямеччыне працаваць у газэце, якая б не была органам той ці іншай прапаганды?
Трэба глядзець не на рытуальныя стандартныя прасавецкія ці пранямецкія выразы, а на сапраўдныя мэты аўтараў, іх стаўленьне да Беларусі.

Што да Барысава — паказаньні начальніка паліцыі гораду (фольксдойча), якія апублікавала КДБ, каб стварыць кампанію супраць Станкевіча, аказаліся «падпраўленымі». У сапраўдных пратаколах заяваў, што Станкевіч удзельнічаў у забойствах, няма.

Яшчэ больш сумніўна выглядае тое, што Станкевіч даваў указаньні «сакрэтнай паліцыі» (што гэта???). Бургамістры ня мелі такой улады — беларуская паліцыя (нават «несакрэтная») падпарадкоўвалася нямецкім карным органам. Загадаць зьнішчыць гета (што ўвогуле было прэрагатывай айнзацгрупаў СС) Станкевіч ніяк не мог.

Нават генеральны камісар Беларусі Кубэ не меў улады над паліцыяй.

«В Национальном архиве Республики Беларусь (фонд 845, дело 237) хранится машинописная копия протокола этого допроса. В нем на листе 274 отмечено: «После уничтожения еврейского населения г. Борисова, проведенного 7 ноября 1941 г., бургомистр города доктор Станкевич Станислав увез на машинах вещи убитых евреев для нужд созданной немцами националистической организации «Белорусская народная самопомощь», руководителем которой он являлся». Сразу после этой фразы идет подпись следователя – зам. начальника следственной части МГБ БССР подполковника Сухарева…
Это нешуточное обвинение: получается, что Станкевич лично присутствовал при казни и даже участвовал в ее процедуре (вывозил вещи убитых).

…Знакомство de visu с уголовным делом в отношении Эгофа (Центральный архив КГБ, № 2174, т. 1–2), кажется, позволяет ответить на эту загадку, но взамен порождает еще больше вопросов. В этом уголовном деле находится рукописный подлинник протокола допроса Эгофа от 28 февраля 1947 года (на листах 254–321) и его же машинописная
копия (на листах 197–253). Так вот, если вкратце: в подлиннике нет той фразы о Станкевиче, которая находится в копии из Национального архива и была процитирована выше.
Ее там нет.» (Дзяржаўны часопіс «Беларуская Думка»)