У працяг тэмы, узнятай Андрэяем Мяцельскім у матэрыяле “Сцяг Волі”.

Адна з магчымасцяў устанавіць дакладную дату ўзнікнення гістарычнай з’явы – гэта прасачыць момант, калі яна ўпершыню праявіла сябе і атрымала назву, трывала замацаваную за дадзеным новатворам.

Першая дакументальна занатаваная згадка пра з’яўленне бел-чырвона-белага сцяга адносіцца да сакавіка 1917 года, калі ён залунаў на будынку Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ў Пецярбургу (згадка Я. Сушынскім пра выкарыстанне бел-чырвона-белых стужак студэнтамі-беларусамі ў 1912-1915 г. пакуль не пацверджана). Аўтарам яго эскіза быў адзін з кіраўнікоў беларускага нацыянальнага руху ў сталіцы былой імперыі – Клаўдыюш Дуж-Душэўскі, які працаваў у таварыстве дапамогі. У сваіх успамінах, датаваных 31.8.1934 года ён запісаў: “Цікава адзначыць, што беларусы лічылі сваім дзяржаўным сцягам такой жа сцяг, як і літоўцы, г. зн. белы вершнік на чырвоным фоне, але нацыянальнага сцяга тады яшчэ не было і мне давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сцяга, адзін з якіх быў прыняты, а менавіта белая, чырвоная і белая паласы. З гэтага часу гэты сцяг і з’яўляецца беларускім нацыянальным сцягам”.

12 сакавіка Сцяг ужо стаў галоўным элементам падчас свята “нацыянальны Дзень беларускага значка”, калі бел-чырвона-белыя значкі, кукарды і сцяжкі можна было пабачыць на вуліцах Мінска. Сцягі, пашытыя паводле эскіза Дуж-Душэўскага былі разасланыя ў мясцовыя арганізацыі. Адзін з іх 17 траўня атрымаў у Слуцку Радаслаў Астроўскі. Бел-чырвона-белыя стужкі выкарыстоўвалі вайскоўцы-беларусы, якія знаходзіліся ў Адэссе. У снежні 1917 года ў Мінску Сцяг выкарыстоўваўся падчас Усебеларускага з’езду, у студзені на Беларускай канферэнцыі ў Вільні а 19 лютага 1918 года ў дзень уцёкаў бальшавікоў ён залунаў на будынку былога губернатарскага палацу. Яго знялі кайзераўскія вайскоўцы. Аднак сцяг як сімвал волі ўстойліва замацаваўся ва ўяўленнях дзеячоў беларускага нацыянальнага руху.

На прасторах сеціва мне на вочы патрапіў цікавы варыянт спробы аднаўлення працэсу стварэння сцяга (Блог околонаучного скептика, Из истории нашего флага (Попытка исторической реконструкции): лютаўскім вечарам 1917-га Клаўдыюш, перабіраючы старыя кнігі, намагаўся ў бясконцых спробах вынайсці нацыянальны сцяг, які павінен быў стаць сімвалам адроджанай Беларусі. З колерамі ўсё было зразумела (белы і чырвоны), але праблемаю заставаўся малюнак. Пошукам вырашэння задачы перашкаджала дыскусія, якую ў суседнім пакоі вялі сябры па руху абуджэння. Раптам адзін з іх з крыкам “Дзе два беларусы, там тры партыі” выскачыў з памяшкання як ашпараны. Гэта стала тым штуршком, які прывёў Клаўдыюша да адкрыцця: дзве белыя паласы на трохпалосным сцягу. Ранкам бел-чырвона-белы сцяг быў зацверджаны як прыгожы, лаканічны і адпавядаючы законам геральдыкі. Аб сапраўднай тэарытычнай падаплёцы Дуж-Душэўскі разважліва змаўчаў.

Гісторыя любога народа напоўнена мітамі. І гэтая гумарэска можа стаць адным з іх ліку. Але ў пытанні Сцяга, на маю думку, Дуж-Душэўскі намагаўся паказаць значна больш, чым проста палітычныя і гістарычныя з’явы. Ён намагаўся ўвасобіць унутранае змесціва народа – сказаць адным вобразам УСЁ.

І не варта імкнуцца зрабіць Сцяг сімвалам нейкага палітычнага адзінства, якое ў цывілізаваных грамадствах з яго альтэрнатыўнасцю немагчыма. А варта звяртаць увагу на першапачатковы сэнс Сцяга – гэта сімвал Еднасці народа, незалежна ад палітычных поглядаў яго прадстаўнікоў.

Якім чалавекам быў аўтар бел-чырвона-белага сцяга, гэты рамантык беларуска-літоўскага збліжэння, адзін з тых сотняў руплівых працаўнікоў на ніве беларускай справы, якія зніклі ў завірусе бяспамяцтва, апанаваўшай свядомасць нашага народа. Многія з іх усё жыццё змагаліся, пакутавалі і разлічваліся за імкненне змяніць злы лёс Бацькаўшчыны, шчыра верылі, што прыйдзе час, калі быць беларусам стане сапраўдным гонарам для ўсіх беларусаў. На гэтае пытанне няхай кожны складзе сабе меркаванне на падставе біяграфіі Дуж-Душэўскага.

Біяграфія Клаўдыюша Дуж-Душэскага (па матэрыялах архіўна-следчай справы)

Нарадзіўся 9 красавіка 1891 года (27 сакавіка — па старому стылю) у мястэчку Глыбокае Дзісненскага ўезду Віленскай губерні ў сям’і Сцяпана Лаўрэнцьевіча (памёр у 1916 г.) і Евы Янаўны (памерла ў 1930 г.) Дуж-Душэўскіх, якія лічылі сябе “беларусамі польскай культуры”. Ён быў даўгачаканым сынам у сям’і пасля сясцёр Марыі, Ядзвігі, Ганны, Валерыі і Браніславы. Да таго ж адзіным, з-за чаго падчас першай сусветнай вайны не патрапіў у царскую армію.

Па мацярынскай лініі Клаўдыюш паходзіў з сям’і шляхцічаў Полацкага ўезду. Яго прадзядуля Урублеўскі загінуў падчас паўстання 1831 года, дзядуля Ян Высоцкі як паўстанцкі жандарм-вешальнік сам быў павешаны 23 ліпеня 1863 года ў Сувалках, а маці свае першыя гады вымушана была правесці ў Антольскай турме горада Вільні.

Бацька ж быў з ліку сялян і валодаў 6 дзесяцінамі зямлі, але асноўным сродкам заробку для Сцяпана Душэўскага, як і яго брата было будаўніцтва. Клаўдыюш з дзяцінства дапамагаў ім, а з пачаткам атрымання адукацыі займаўся чарчэннем, і нават складаў каштарысы дамоў, касцёла, будаўніцтва шашы і масткоў. У старэйшых класах ужо сам кіраваў невялікімі будаўнічымі працамі, пад пільным вокам бацькі складаў іх праекты.

1899, восень. Пераезд у Вільню разам з маці з мэтаю пачатку адукацыі.

1902 – 1903, восень. Навучанне ў падрыхтоўчай школе.

1903, восень. Пачатак навучання ў Віленскім рэальным вучылішчы. Ужо у малодшых класах Клаўдыюш быў уцягнуты ў польскія канспіратыўныя гурткі, дзе пазнаёміўся з будучымі дыпламатамі і грамадскімі дзеячамі Недвалькоўскім, Арцышольскім і Касцялкоўскім.

1910. У адной з віленскіх кнігарань Дуж-Душэўскі спаткаўся з беларускімі дзеячамі Ластоўскім і Луцкевічам. Гэтая сустрэча змяніла ўсё яго жыццё: “Я хутка зразумеў, што я не паляк і адразу далучыўся да руху беларускага абуджэння”.

1912. Заканчэнне Віленскага рэальнага вучылішча і паступленне ў Пецярбургскі горны інстытут, дзе ў вольны ад вучобы час прысвяціў сябе беларускаму нацыянальнаму руху і на працягу 7 гадоў быў адным з яго кіраўнікоў у сталіцы імперыі. Студэнтам ён шмат дзе працаваў: і на заводзе (у Жыгулёве на Волзе на цэментным заводзе), і ў шахце. Патрапіў нават у Сібір, дзе ўдзельнічаў у гідра-геалагічных працах, спачатку як майстар, пазней ужо як і гідратэхнік. Знаёмства з выпускніком агранамічнай школы Э. Русецкім.

1913. Знаёмства з Эпімахам-Шыпілаю, Вацлавам Іваноўскім і Янкам Купалам. Удзел у студэнцкай пастаноўцы п’есы “Паўлінка” (выканаў ролю Сцяпана Крыніцкага). Выпуск на беларускай мове часопіс “Раніца”. Удзел у тайнай літоўска-польска-украінскай канферэнцыі, на якой ён разам з Б.Тарашкевічам прадстаўляў беларусаў. Рэдакцыя і выдаванне беларускіх газет “Дзянніца” і “Светач”.

1916-1918. Супрацоўнік Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ў Пецярбургу.

1917, сакавік – 25 кастрычніка. Уладкаваўся ў Міністэрства харчавання, дзе пасля двух месяцаў працы яго прызначылі загадчыкам аддзела на месца 5 класа.

1917, 25 сакавіка. Удзел у з’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску як прадстаўнік пецярбургскіх студэнтаў-беларусаў (разам з Паўлам Каравайчыкам).

Удзел у шматлікіх канферэнцыях, паседжаннях Савета рабочых дэпутатаў Пецярбурга, Маскоўскай дзяржаўнай нарадзе, камісіі па выпрацоўцы правілаў аб выбарах ва Устаноўчы сход. У верасені прадстаўляў беларускія арганізацыі на Усерасійскай дэмакратычнай нарадзе (разам з З. Жылуновічам, Я. Варонкам, У. Фальскім).

1918. Уладкаваўся ў Беларускі нацыянальны камісарыят, дзе некалькі месяцаў працаваў на пасадзе загадчыка бежанскага аддзела.

1918, жнівень. У складзе дэлегацыі БНР разам з Вацлавам Ластоўскім наведаў Берлін, дзе сустракаўся з міністрам нямецкага ўрада Міціасам Эрсбергам па пытанню намераў немцаў у адносінах Вільні. Удзел у нарадзе па пытанню літоўска-беларускіх адносін, дзе яго кандыдатура была прапанавана на пост міністра беларускіх справаў у Літве (у сувязі з неабходнасцю вяртання ў Пецярбург адмовіўся на карысць Язэпа Варонкі). Прызваны на службу ў камісію па эвакуацыі Петраграда ў якасці старшага спецыяліста, дзе працаваў да восені.

1919, пачатак. Заканчэнне Горнага інстытута.

1919, 12 сакавіка. Па запрашэнні намесніка наркама земляробства БССР Русецкага прызначаны на пасаду губернскага геолага ў камісарыяце земляробства Мінска.

1919, 15 красавіка. Камандзіраваны ў Вільню з мэтаю набыцця неабходнага абсталявання для лабараторыі.

Па прычыне польскай акупацыі горада вымушаны застацца ў Вільні. Праца сакратаром Саюза кааператываў (да ліпеня 1920 г.) і часовым загадчыкам яго Віленскага аддзела. У мэтах выдання падручнікаў на беларускай мове для беларускіх школ у Вільні намагаўся арганізаваць выдавецтва пад назваю “таварыства Веда”, аднак ва ўмовах адсустнасці сродкаў гэтае намаганне было згорнута.

1919, 25 траўня. Удзел ва Усеагульным з’ездзе беларусаў горада Вільні, дзе адзначыў, што “Беларусь фактычна падзелена на 6 частак: частка Магілёўшчыны і Мінскай вобласці далучаны да Украіны, частка Гродзенскай, Мінскай і Віленскай абласцей да Польшчы, частка Віленшчыны і Гродзеншчыны да Літвы, Смаленская вобласць і частка Віцебшчыны да заходняй камунны, другая частка Віцебшчыны да Паўночнай камунны, частка Мінскай вобласці да нейкай Беларускай рэспублікі. Кожная з падзеленных частак Беларусі лічыцца як ускраіна і абдзіраецца іншымі дзяржавамі. Кожны з акупантаў лічыць сябе “начальнікам” і жадае, каб усе яго слухаліся, а не тое пасадзіць непаслухмяных туды, куды яму трэба, а ім не трэба”. Выступіў з крытыкай бальшавікоў за рабаванне Мінска: “З Мінска бальшавікі вывозяць усё: грошы, маёмасць, машыны, харчаванне, у Мінску ўсе галодныя, у дварах няма чым засяваць палі, будзе голад”(Беларуская думка, № 14 ад 28.5.1919 і № 15 ад 31.5.1919). Стварэнне Беларускага нацыянальнага камітэту (БНК), старшынёю якога быў абраны 3 чэрвеня.1919, лета. Удзел у стварэнні Беларускай вайсковай камісіі.

1919, 8 чэрвеня. На з’ездзе Віленскага і Гарадзенскага краёў абраны старшынёю ўтворанага “Беларускага савета Віленшчыны і Гродзеншчыны”. Гэтую пасаду займаў каля двух тыдняў і сышоў з-за прапольскай арыентацыі арганізацыі.

Сустрэча з намеснікам польскага ўрада ў Вільні Асмалоўскім, які ад імя свайго ўрада прапанаваў грошы для беларускай працы: “ад атрымання прапанаванай мне буйнай сумы адмовіўся, заявіўшы пры гэтым, што калі ён – Асмалоўскі – знайдзе патрэбным, то няхай перадасць грашовыя сродкі дзіцячым установам, беларускім школам, якія адчуваюць патрэбу ў грошах” (дадзеная рэкамендацыя не была ажыццяўлена).

1919, другая палова чэрвеня. Як старшыня БНК быў накіраваны ў Варшаву на сустрэчу з Ю. Пілсудскім, якому выклаў праграму камітэта і звярнуўся з просьбаю аб вызваленні грамадзян Віленшчыны і Гродзеншчыны, арыштаваных польскімі ўладамі за нацыянальную дзейнасць (быў перададзены спіс з больш 200 прозвішчаў).

1919, пачатак жніўня. Пасля вяртання з Варшавы, Душэўскі быў прадстаўлены кіраўніку місіі ЗША ў Польшчы міністру Маргентаў, на прыёме ў якога выклаў просьбу БНК аб непасрэднай перадачы беларускім дабрачынным арганізацыям сродкаў, якія ЗША накіроўвала праз польскія ўстановы (прадстаўнікі БНК лічылі, што не ўсе з гэтых грошы даходзяць да Беларусі). Маргентаў таксама атрымаў ад Душэўскага дакумент, адрасаваны прэзідэнту ЗША Вільсану, у якім БНК прасіў аб падтрымцы беларускага народа ў правядзенні плебісцыту ў Беларусі і ўсталяванні Беларускай народнай рэспублікі. Сустрэча з Русецкім, якога Душэўскі інфармаваў пра дзейнасць БНК, той жа гэта рабіў для Чарвякова.

1919, канец лістапада. Прыезд па справах Саюза кааператываў у Варшаву, дзе сустрэўся з Антонам Луцкевічам: прызначаны прадстаўніком беларускага ўрада ў краінах Балтыі і накіраваны на канферэнцыю ў Тарту (Эстонія).1919, снежань. У Тарту патрапіў ужо пасля закрыцця канферэнцыі, але змог сустрэцца з прадстаўнікамі Фінляндыі і Эстоніі, з якімі дамовіўся аб прызнанні БНР (прадстаўнік Літвы на падставе адсутнасці інфармацыі з боку свайго ўрада на гэты конт, адмовіўся). Знаёмства з Езавітавым, разам з якім сустрэўся з Булак-Булаховічам і аформіў пераход таго на службу БНР. Падпісанне дамовы з прадстаўнікамі Эстоніі — міністрам замежных спраў Пінам і генералам Лайдонэрам – аб прадастаўленні тымі крэдыта на ўтрыманне войска Булак-Булаховіча. Пасля ад’езду з Тарту правёў некалькі дзён у Рызе ў гасцях у Езавітава. Разам з Езавітавым у Рызе чакаў адказу ад англійскай місіі па пытанні атрымання зброі для беларускага войска. Сустрэча ў Рэвелі з прадстаўніком Савецкай улады Літвінавым, з якім ішла размова пра магчымыя формы супрацоўніцтва. Завочна абраны дзяржаўным сакратаром урада БНР на чале з Вацлавам Ластоўскім.1919, канец – 1920, пачатак. Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі і на беларускіх настаўніцкіх курсах, займаўся выдавецкай дзейнасцю.

1920, ліпень-верасень. Пасля захопу Вільні савецкімі войскамі на кароткі час вярнуўся ў Мінск і вярнуў грошы, прызначаныя на закуп лабараторнага абсталявання, выдадзеныя яму ў красавіку 1919. Дамовіўся аб пераводзе на працу ў Вільню, дзе стаў сябрам Рэвалюцыйнага камітэта, у якім працаваў загадчыкам Галоўнага ўпраўлення паліва.

1920, 20 верасня. Разам з адступаючымі літоўскімі войскамі пакінуў Вільню.

Удзел у канферэнцыі ў Празе, дзе абмяркоўвалася пытанне польскай акупацыі Віленскага краю і закрыццё палякамі беларускіх школаў, у сувязі з чым быў вынесены пратэст.

1920, 20 кастрычніка. Удзел у Беларускай нацыянальна-палітычнай канферэнцыі ў Рызе, якая праводзілася пад кіраўніцтвам Рады БНР. Выступіў з дакладам, у якім крытыкаваў савецка-польскія перамовы, накіраванавыя супраць інтарэсаў Беларусі.

Пасля вяртання ў Вільню з канферэнцыі ў Рызе арыштаваны палякамі і змяшчаўся ў Лукішскай турме на працягу некалькіх тыдняў.

1921, 7 лютага. Вызвалены з турмы. Каб пазбегнуць далейшых рэпрэсіяў, выехаў у Коўна. (паводле Адама Станкевіча, Душэўскі быў высланы разам з 33 іншымі беларусамі і літоўцамі як “непажаданы элемент”). Тут ён першапачаткова працаваў у інжынера Гардзеевіч.

1921-1924. працаваў у Міністэрстве замежных спраў Літвы ў якасці навуковага супрацоўніка па складанні беларускіх падручнікаў. Напрыклад: Слоўнік геаметрычных і трыганаметрычных тэрмінаў і сказаў : (Расійска-беларускі і беларуска-расійскі), Фізіялогія і анатомія чалавека, пераклаў з расійскай падручнікі “Батаніка” (аўтар – В. Зеленскі) і “Падручнік новай гісторыі” (аўтар – Р. Віппэр).

1922. Рэдагаваў штомесячнік “Беларускі сцяг”.

1923-1927. Адзін з кіраўнікоў Беларускага Цэнтра ў Літве і Літоўска-Беларускага Таварыства. Разам з Ластоўскім выдаваў часопіс “Крывіч”, чытаў радыёдаклады.

1923, 5 красавіка. Міністр замежных спраў Галванаўскас Е. прадставіў Дуж-Душэўскаму звышштатную пасаду 13 катэгорыі, на якой ён прабыў да 1930 года.

1924. Пачатак навучання ў Каўнаскім унівесітэце на тэхнічным факультэце.1925. Сабраўшы грошай, разам з жонкаю выязджаў на адпачынак у Парыж. Аказваў дапамогу камуністу Піусу Главацкісу, які знаходзіўся ў турме 12,5 гадоў.

1927, 5 снежня. Заканчэнне Каўнаскага універсітэту. Абарона дыпломнай працы “Праект дома імя Басанавічуса” (кіраўнік – прафесар Міколас Сангайла). Атрымаў дыплом па спецыяльнасці інжынер-будаўнік.

1927-1929. Праца ў Міністэрстве сувязі Літвы.

1930. Быў запрошаны ў акцыянернае таварыства “Майстас” на пасаду тэхнічнага дырэктара і будаўніка халадзільнікаў. Працуючы на гэтай пасадзе, пабудаваў беконную фабрыку ў Паневежысе і Каўнасе, масляны халадзільнік у Клайпедзе, спраектаваў і пабудаваў у Каўнасе фабрыку па апрацоўцы кішак і свінарнік на 1000 галоў свіней, спраектаваў разам з фірмай “Франц Крулл” новую беконную фабрыку ў Таўразе і Шаўляі. Займаўся выпрацоўкай тыпаў і нормаў пабудоў. У выніку ператамлення моцна захварэў і быў вымушаны звольніцца.1931. Пачаў працаваць інжынерам у Міністэрстве шляхоў Літвы, дзе займаў пасаду загадчыка будаўнічага аддзела аднаго з ведамстваў.

1932. Адзін з ініцыятараў стварэння Літоўска-Беларускага Таварыства.

1933. Аднавіў Беларускі Цэнтр, кіраўніком якога быў да 1939 года. Рэдагаваў часопіс “Беларускі асяродак”.1933-1934. Канфлікт з Якавюком (узначальваў Беларускае культурна-асветніцкае таварыства), якога Дуж-Душэўскі вінаваціў у сабатажы беларускай справы ў Літве і выкленчванні грошаў на ўласныя патрэбы пад маркаю “нацыянальнай дзейнасці”. Прыгавораны да 14 дзён дамашняга арышту і штрафу ў 50 літаў.

1937. Выязджаў у Чэхаславакію на лячэнне на курорт у горад Песчаны.

1938. Працуючы ў міністэрстве шляхоў зносін Літвы, быў накіраваны на аўтамабільную выставу ў Берліне.

Аказваў матэрыяльную дапамогу Беларускаму музею імя Івана Луцкевіча ў Вільні.

1940, 9 чэрвеня. На падставе паказанняў Якавюка Сямёна Міхайлавіча, Душэўскі быў арыштаваны за “активную националистическую контрреволюционную деятельность, непосредственно направленную против СССР» і супрацоўніцтва з польскай разведкай. Душэўскі прызнаў свой удзел у беларускім нацыянальным руху, аднак адмаўляў супрацоўніцтва з польскай разведкаю і антысавецкую дзейнасць. Не пацвердзілі гэта і названыя Якавюком у якасці сведкаў Берэйша, Пісчкайціс, Паплаўскас і Амбразайціс.

1941, чэрвень. Следства было скончана, складзена абвінавачвальнае заключэнне, але ў сувязі з пачаткам вайны ён не быў асуджаны і эвакуяваны ўглыб СССР. Вызвалены пасля захопу немцамі Коўна.

1941-1942. Пры немцах працаваў на заводзе гумавых вырабаў “Інкарас” на пасадзе інжынера.

1941, канец. Сустракаўся ў Вільні з прафесарам Валцавам Іваноўскім, які прапанаваў яму пасаду намесніка бургамістра Мінска. Адмовіўся. Восенню 1942 яму зноў была прапанавана пасада намесніка бургамістра Мінска, ад якой у другі раз адмовіўся.

1943, жнівень. Разам з жонкай арыштаваны немцамі за ўкрыццё габрэяў і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер Правянішкесе. Дзякуючы дапамозе сяброў як спецыяліст-інжынер вызвалены праз 4 месяцы.

1944. Праца ў Тарфяным трэсце на пасадзе інжынера-будаўніка (да канца снежня).

Выхоўваў разам з жонкаю акрамя ўласных двух дзяцей-сірот.

1945, студзень. Перайшоў на працу ў Ковенскі універсітэт на будаўнічы факультэт, дзе атрымаў пасаду загадчыка кафедры “Гісторыі архітэктуры”.

1946, 30 лістапада. На падставе матэрыялаў даваеннай справы быў зноў арыштаваны.

1947, 8 мая. “За недастатковасцю сабраных доказаў для перадачы ў суд” яго справа была спынена, а ён сам 15 мая быў вызвалены з-пад варты. Гэтаму садзейнічала заступніцтва прафесароў Жэмайціса і Іонімаса, якія ахарактарызавалі Душэўскага як “советского человека”. Да трэцяга арышту працаваў галоўным інжынерам праектаў Інстытута праектавання пры Савеце Міністраў ЛССР.

1952, 3 сакавіка. Душэўскаму была прад’яўлена пастанова аб абвінавачванні па артыкулах 50 пункт 13 і 58-10 частка 2-я УК РСФСР у нацыяналізме і антысавецкай дзейнасці.

1952 14 мая. Рашэннем Вільнюскага абласнога суда 61-гадовы Душэўскі, які з’яўляўся «активным белорусским националистом» быў прыгавораны да 25 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў выпраўленча-працоўных лагерах, з канфіскацыяй усёй належнай яму маёмасці і пазбаўленнем правоў тэрмінам на 5 гадоў.

1954, 7 лістапада. Рашэннем Прэзідыума Вярхоўнага суда ЛССР тэрмін турэмнага зняволення Душэўскага быў скарочаны да 10 гадоў.

1955, 16 красавіка. Датэрмінова вызвалены ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя.Памёр 25 лютага 1959 года ў Коўна, дзе і пахаваны на Петрашунскіх могілках.


Выкарыстаныя крыніцы і літаратура:

1. Архіўна-следчая справа К. Дуж-Душэўскага. Lietuvos ypatingasis archyvas, ф. К-1, воп. 58, ад.  з. 25116/3.

2. Асадчы, Андрэй Архіўна-следчая справа К. Дуж-Душэўскага (1940 – 1952 гг.) у Асобым архіве Літвы як гістарычная крыніца: бакалаўрская праца / Андрэй Асадчы; навуковы кіраўнік доктар гістарычных навук, прафесар ЕГУ Аляксандр Смалянчук; Еўрапейскі гуманітарны універсітэт. Акадэмічны дэпартамент гісторыі. – Вільня, 2010. – 87 с.

3. Дранько-Масюк, Леанід. Клаўдзі Дуж-Душэўскі (раздзел з кнігі “У Вільні і больш нідзе”) // Літаратурная Беларусь. 28 кастрычніка 2011 г. № 40 (263). С. 12-13.

4. Насевіч Вячаслаў, Гэты сцяг пачынаўся так… // Чырвоная змена, 20 красавіка 1995. № 42 (13900).

5. РУДОВІЧ, С. Палітык, асветнік, дойлід. У: Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / Пад рэд. Сачанка Б. І. – Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. – С. 126 – 130.

6. ХАРЭЎСКІ, С. Клаўдзi Дуж-Душэўскi. Сьцяг. У: Наша Ніва. 1998. № 6. С. 15.

7. Studnicki W. Rok 1863. Wyroki śmierci. Wilna, 1922. 122 s. – s. 50, s. 99а.

Аўтар выказвае глыбокую падзяку Алесю Смаленчуку і Юрыю Бачышчу за магчымасць карыстацца справай К.Дуж-Душэўскага з асобага архіва Літвы.