Адным з найбольш актуальных пытанняў апошняга часу застаецца лёс нацыянальнай валюты ў паслявыбарчы перыяд. У СМІ пастаянна курсуюць прагнозы і здагадкі наконт імавернай дэвальвацыі ў пачатку 2011 года .

Адна з апошніх заяваў была зробленая 7 снежня 2010 года былым намеснікам пасла Польшчы ў Беларусі Марэкам Бучко. Паводле яго словаў дэвальвацыя непазбежная, хоць і будзе адбывацца на працягу 2-3 месяцаў.

У іншых артыкулах адзначаецца рост попыту на замежную валюту з боку насельніцтва, што таксама тлумачыцца шмат у чым чаканнем магчымай дэвальвацыі ў пачатку наступнага года.

Праз недастатковы ўзровень дасведчанасці насельніцтва ў фінансавай сферы, высокі давер да даляра ЗША, але не да беларускага рубля, наяўнасць негатыўнага досведу ў дачыненні да страты укладаў насельніцтвам, перыяду множнасці курсаў і рэзкай дэвальвацыі ў пачатку 2009 года, такія артыкулы негатыўна ўплываюць на паводзіны ўкладчыкаў і стан валютнага рынку. Адмоўную ролю тут адыгрывае і тое, што беларусы прывыклі асноўныя эканамічныя паказчыкі, такія як заработную плату і ВУП, разлічваць і прагназаваць у далярах ЗША. У выніку амерыканская валюта асацыюецца ў грамадзян з паўнавартаснымі грашыма, якія выконваюць функцыі назапашвання і зберажэння, меры кошту, функцыю сусветных грошай і ў шэрагу выпадкаў – функцыю сродку плацяжу. Давер да беларускага рубля ад гэтага толькі зніжаецца. У выніку насельніцтва вельмі актыўна рэагуе на любыя выказванні з нагоды магчымай дэвальвацыі беларускага рубля.

Для пабудовы прагнозу пра будучыню беларускай нацыянальнай грашовай адзінкі неабходна абапірацца на фактары, якія тлумачаць правядзенне дэвальвацыі. Адной з галоўных прычынаў абясцэньвання беларускага рубля адносна замежных валют бачыцца ў значным адмоўным сальда гандлёвага балансу. За дзевяць месяцаў 2010 года адмоўнае сальда таварамі склала каля 6 мільярдаў даляраў ЗША, што прыкладна на 900 млн. больш аналагічнага перыяду 2009 года.

Аднак дэвальвацыя валюты ў дадзеным выпадку не дасць адчувальнага станоўчага эфекту. Справа ў тым, што калі паглядзець на структуру экспарту і імпарту тавараў, то 74% імпарту тавараў і 63% экспарту займаюць прамежкавыя тавары. Рост адмоўнага сальда адбыўся менавіта ў дадзеным сегменце за кошт скарачэння экспарту энергетычных тавараў і хуткага росту імпарту іншых прамежкавых тавараў. Калі паглядзець на іншыя сегменты ўліку тавараў, то там назіраюцца пазітыўныя зрухі. Экспарт інвестыцыйных тавараў за дзевяць месяцаў бягучага года ў адносінах да аналагічнага перыяду 2009 года вырас на 44%, у той час як імпарт – на 5%. Знешні гандаль спажывецкімі таварамі таксама характарызуецца пазітыўнымі зрухамі. Калі імпарт у дадзенай групе вырас на 20,9%, то экспарт – на 36,9%. Гэта дало магчымасць сфармаваць станоўчае сальда па знешнім гандлі спажывецкімі таварамі ў памеры 211,7 млн. даляраў ЗША.

Такім чынам, пагаршэнне сальда гандлёвага балансу адбываецца галоўным чынам за кошт росту прамежкавых тавараў. Прычым за мінулыя дзевяць месяцаў значна вырас імпарт «іншых прамежкавых тавараў». Відавочна, што асноўным спажыўцом такіх тавараў з’яўляецца прамысловасць. Рэзкая дэвальвацыя беларускага рубля не палепшыць значна сітуацыю, таму што многія прадпрыемствы-экспарцёры паралельна з’яўляюцца і імпарцёрамі. Многія нашы кампаніі працуюць на імпартнай сыравіне і матэрыялах. Рост коштаў на імпартныя кампаненты або нарошчванне вытворчасці неадкладна адбіваецца на стане сальда бягучага рахунку.

З іншага боку, знешняя крэдыторская запазычанасць прадпрыемстваў прамысловасці за дзевяць месяцаў гэтага года павялічылася на 48% і склала каля 30% агульнай запазычанасці прадпрыемстваў. Гэта значыць імпарт часткі закупляемай сыравіны і матэрыялаў ажыццяўляецца ў кошт пазыкі, якую ў будучыні давядзецца вяртаць. Такі імпарт не спрыяе развіццю вытворчасці. За дзевяць месяцаў бягучага года рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, працаў, паслугаў склала 10%, тады як у крызісным 2009 годзе яна была роўная 10,1%. Рост адмоўнага сальда звязаны не з імпартам спажывецкіх тавараў, з якім мы пастаянна спрабуем змагацца, а з імпартам сыравіны і матэрыялаў. Рост прамежкавага імпарту прыводзіць да росту аб’ёмаў вытворчасці і ВУП, але не павышае эфектыўнасць працы прадпрыемстваў. Акрамя таго, выніковасць працы прадпрыемстваў падрывае і палітыка даходаў насельніцтва. Рост заробкаў павялічвае выдаткі прадпрыемстваў. У выніку чаго, яны або вымушаныя зніжаць прыбытковасць вытворчасці, або падвышаць кошты на гатовую прадукцыю. Павелічэнне кошту вырабляемых тавараў непазбежна зніжае іх прывабнасць на знешніх рынках.

У такой сітуацыі рэгуляванне сальда гандлёвага балансу з дапамогай дэвальвацыі беларускага рубля, хутчэй за ўсё, не прынясе чаканых вынікаў. Нават МВФ прызнае, што дзеючы механізм прывязкі беларускага рубля да кошыка валют у межах дзесяціадсоткавага калідора з’яўляецца эфектыўным і не патрабуе зменаў. Дэвальвацыя нацыянальнай валюты з’яўляецца механічнай мерай рэгулявання сальда рахунку бягучых аперацый і не можа даваць пастаяннага станоўчага эфекту. Беларусь гэтым інструментам ўжо скарысталася. Праблема хаваецца не ў пераацэнцы беларускага рубля ў адносінах да даляра, а ў структуры і метадах кіравання вытворчасцю.

У выніку можна падкрэсліць, што негатыўныя ўспаміны насельніцтва аб перыядах нестабільнасці ў валютнай сферы, рост адмоўнага сальда гандлёвага балансу і захаванне недаверу да беларускага рубля ўзмацняюць чаканні магчымай дэвальвацыі сярод грамадзян. На самой справе няма аб’ектыўных прычын для рэзкага абясцэньвання беларускага рубля ў адносінах да замежных валютаў.

Лузгіна Анастасія – даследчык BEROC.

 

Агенцтва палітычнай экспертызы BISS