Беларуская мова дыяспары, якая гістарычна і ідэалягічна грунтуецца ў асноўным на тарашкевіцы і ейных розных варыянтах, апошнім часам таксама зьведвае выпрабаваньне наркамаўкай.  Дастаткова прааналізаваць сайты і тэксты нашых дыяспарнікаў у Вялікабрытаніі, Польшчы, Чэхіі ці Канадзе, каб пабачыць гэтую тэндэнцыю да пэўнага моўнага прымірэньня, да выпрацоўкі агульнай мовы, так бы мовіць.

Якім бы ні быў шлях, па якім пойдзе наша дыяспара ў моўным пляне, пакуль яна адзіная актыўная і прынцыповая носьбітка клясычнага правапісу. Цікава, што ў далечыні ад радзімы, беларусам, сапраўды, удалося захаваць пэўны канон некранутай расеізацыяй мовы, багатай, як, падалося б беларусам Беларусі, на архаізмы, мудрагелістыя і эстэтныя словы і выразы. Няма сумневу, беларусы дыяспары размаўляюць на эстэтычна адрознай ад мэтрапольнай мовы. Акрамя захаваньня пэўнага моўнага канону першай паловы 20-га стагодзьдзя, беларусам дыяспары ўдаецца лоўка супрацьстаяць іншай навале – уплыву ангельскай ці амэрыканскай моваў, а шырэй гледзячы, ўплывам іншых моваў. Калі для беларусаў мэтраполіі многія англіцызмы, што ўвайшлі ва ўжытак праз пасярэдніцтва расейскай мовы, зьяўляюцца адцягнутымі, невядомымі, а таму і натуральней і хутчэй пранікаюць у мову, то нашыя супольнікі замежжа, якія сьвядома і з разуменьнем успрымаюць англіцызмы, часта адмыслова адаптуюць іх да беларускай эстэтыкі. Напрыклад, у тэкстах, працах і прамовах такіх выбітных нашых дыяспарнікаў, як Валентына Пашкевіч, Кастусь Акула, Юрка Віцьбіч, можна знайсьці цудоўныя “дыяспарныя” беларускія словы, якія дапамагаюць супрацьстаяць англіцызмам, русізмам ды іншым барбарызмам у беларускай мове. Так, слова круцігалоўка (ці круцігалоў) ужываецца імі замест пазлу і кастэту.

Абток замест востраў і нароўні з выспай. Галавар і галаварка цудоўна замяняюць такі барбарызм, як шэф-ка.

Харваччына сустракаецца часьцей за Харватыі (тут, дыяспарнікі прынцыповыя: яны таксама кажуць і пішуць Турэччына, Славаччына).

Таксама для іх натуральней слова Швэдыя, а не наша Швэцыя. Замест пацыент, пацыентка яны ўжываюць слова хварэц і хварыца. Слова інтэрвію і інтэрв’ю, якое адрозна пішацца ў тарашкевіцы і наркамаўцы, у некаторых дыяспарнікаў пішацца нэўтральна – інтэрвю. Замест фры ці бульбы-фры ў іх кажуць фрыткі.

Вадаплаў замест карабель.

Мыцельная машына замест мыючая ці пасудамыйная машына. А шытная машына замест швэйная. Удалае і больш нэўтральнае за бялізну слова нацеліва сустракаецца ў слоўніку В. Пашкевіч. Яно можа ўжывацца замест ці нароўні з такімі словамі, як бялізна, паддзёўка, нацельная вопратка.

Зноў у слоўніку В. Пашкевіч знаходзім такое ўдалае слова, як сьвецень, якое азначае тое, што і флюарэсцэнцыя. Акрамя гэтага яно можа азначаць флюарэсцэнтную  лямпу. Замест вэртыкальпрастастаў. Побач з талерантнасьцю яны актыўна ўжываюць словы прыцерплівасьць, прыцерпа. Замест спаборніцтва яны кажуць спадужніцтва (спадужнік, спадужніца замест спаборнік, спаборніца).

Зразумела, што часам яны дазваляюць сабе неапраўданыя англіцызмы: снэк(і) замест перакус(кі), браўзэр замест (уэб)аглядальніка, дыскаўнтар замест зьніжак, лаптоп і наўтбук замест пераноскі ці пераноснага кампутара, амбулянсы замест хуткай дапамогі і г.д. Аднак часам якраз дыяспарнікі ўжываюць трапныя, на маю думку, варыянты словаў, якіх бракуе ў нас: так, напрыклад, францускія партызаны сьмела падаюцца ў творах К. Акулы і Ю. Віцьбіча, як макісы ці макізары. Так яны ня толькі адрозьніваюць іх ад нашых партызанаў, але і падкрэсьліваюць спэцыфіку францускіх змагароў з фашыстоўцамі (з францускай макі – хмызьняк, гушчар, у якіх хаваліся францускія макі).

Прыгэтым, дзякуючы дыяспарнай беларускай мове, беларусы Сінявокай зачастую без чужога пасярэдніцтва даведваліся і даведваюцца аб многіх зьявах, уласьцівых брытанскай, амэрыканскай ці канадыйскай рэчаіснасьці. Гангстэрызм, скаўт, мэйнстрым, аўтсайдар, мініўэн, Санта Кляўс, зіпар-маланка, гол/хол, амбулянсы, авэртайм і іншыя паняткі ўваходзяць да нас ня толькі і не заўсёды з Усходу, як лічыцца праз пасярэдніцтва пераважна расейскай мовы, але часам акурат з Захаду – з рук і вуснаў нашых супольнікаў і супольніцаў, якія апынуліся ў розных кутах Эўропы і Амэрыкі.

Такім парадкам, досьвед дыяспарнікаў хоць часам і хібіць, як любы іншы досьвед, але збольшага ўвасабляе непаўторную, збыткоўную крыніцу жыўленьня нашай мовы.