Беларуская дзяржава ізноў пачынае бадацца зь нізкатыражным і, здавалася б, малаўплывовым выданьнем, тым самым паказваючы яго высокі “разбуральны” патэнцыял і агаляючы сваю маральную нікчэмнасьць.

2011 год ня быў асабліва спрыяльны для нашага часопіса. У першыя месяцы году наша праца была дэзарганізаваная ператрусам у Пэн-цэнтры 28 сьнежня 2010, падчас якога выпадкова быў канфіскаваны рэдакцыйны кампутар  “ARCHE”. Пасьля здарыўся фінансавы крызіс, які зьменшыў выручку за продаж нашага часопіса ў тры разы ў валютным эквіваленце.  Летам закрылася легендарная сядзіба БНФ на вул. Варвашэні/ праспэкце пераможцаў 8, якая зрабілася найбольш прыцягальным для чытачоў пунктам азнаямленьня з нашай прадукцыяй. (Нездарма жартавалі, што БНФ з партыі ператварыўся ў кнігарню.) Нарэшце, на мінулым тыдні  продаж “ARCHE” забаранілі ў найбуйнейшай  менскай кнігарні “Акадэмкніга”. Першым аб гэтым паведаміў блогер beatleofdoom.

Даводзіцца толькі гадаць,  чаму так сталася.

Магчыма, кагосьці ўзьюшыла нейкая наша часопісная публікацыя.

Мо некага закранула за жывое акцыя па распродажы “лукашэнкаўскага” нумару “ARCHE» (дарэчы, сама акцыя доўжыцца, і пра яе ўмовы можна даведацца тут).

Ня выключана, што маем справу з прыступам параноі нейкага асобна ўзятага чыноўніка.

Ну і зусім малаверагодна, што гэта  пазначае новы палітычны курс беларускага рэжыму, накіраваны на “закручваньне гаек”.

Найхутчэй перад намі дробная помста.  Помста, якая імкнецца быць беспакаранаю: “ARCHE” не “Народная воля”, а “Акадэмкніга” не “Бесаюздрук”, каб трапіць у поле ўвагі АБСЭ,  ЭС ці адміністрацыі прэзыдэнта Абамы. Але гэта толькі на першы погляд.

Найхутчэй перад намі дробная помста.  Помста, якая імкнецца быць беспакаранаю: “ARCHE” не “Народная воля”, а “Акадэмкніга” не “Бесаюздрук”, каб трапіць у поле ўвагі АБСЭ,  ЭС ці адміністрацыі прэзыдэнта Абамы. Але гэта толькі на першы погляд.

Такое рашэньне дэманструе сваю сілу і слабасьць. Яго сіла ў тым, што нефармальныя мэханізмы ідэалягічнага кантролю пакуль яшчэ дзейнічаюць. Яго слабасьць у тым, беларуская дзяржава ў цяперашнім выглядзе ізноў пачынае бадацца зь нізкатыражным і, здавалася б, малаўплывовым выданьнем, тым самым паказваючы яго высокі “разбуральны” патэнцыял і агаляючы сваю маральную нікчэмнасьць. Гэты ўчынак лішні раз  выяўляе небясьпечную блізіню лукашэнкаўскага рэжыму да адкрыта фашызоідных палітычных практык: калі нямецкія нацысты ў 1930-ых гадах ідэалягічна чужыя кнігі палілі, то тутэйшыя лукашысты ў 2010-х гадах «ізымают іх із оборота».

Як і раней, адзіным каналам рэгулярнага доступу да нашага выданьня застаецца падпіска. Толькі падпісаўшыся на “ARCHE” на 2012 год, вы будзеце мець гарантыю таго, што наш часопіс застанецца з вамі.

Калі забаранялі продаж  “ARCHE” ў 2004-2005, альтэрнатывай кіёскам і кнігарням былі прыватныя распаўсюднікі. На шчасьце, часы мяняюцца. Цяпер вы таксама зможаце заказаць любую нашу публікацыю праз інтэрнэт. Пакуль не даведзена да ладу наша інтэрнэт-кнігарня “ARCHE”, проста дасылайце вашы заказы на адрас valer@arche.by. Мы апэратыўна зьвяжамся з вамі, і пошта даставіць ваш заказ у любы пункт Беларусі.

Не шукайце нас толькі ў падпольлі! Проста дашліце нам свой  e-mail.

* 5 нумар “ARCHE” за 2004 выйшаў з прадмовай “Шукайце нас у падпольлі”.