На першы погляд назва артыкула безсынсоўныя, таму што нацыянальнае называецца беларускім, але ў нас – унікальны выпадак —  несупадзенне, неадпавяданне гэтых дзвух паняццеў  разбурае жыццё нашага народу.

       Паразважаем. Нацыянальнае складаецца з адбіткаў: клімат, краявіды, народныя звычаі, гісторыя,  ежа, мова, знешні выгляд людзей, гены, і шмат шмат з чаго яшчэ. Іх спрабуюць размеркаваць па іх значнасці, і часцей найбольшую ўвагу надаюць мове. У шмат якіх выпадках так яно і ёсць. Але паглянем на Амерыку – там усе народы прынялі чужые мовы, але цудоўна  існуюць як нацыі — нацыі канадыйцаў, мексіканцаў, бразільцаў і г.д. З другога боку ёсць прыклады, што як толькі народы гублялі мову, яны знікалі. Гэта ствярджае і сказ Ф. Багушэвіча: “не губляйце мовы, каб не ўмерці”. Натуральна, што гэты сказ больш за усё спадабаўся тым для каго мова  ёсць інструментам іх працы – пісьменнікам  і  паэтам. Мову яны прызналі нават кодом нацыянальнага. Але філасоўскае вызначэнне кода  гэта “Імя якое аб’ядноўвае разнародныя фенамены і надае ім сэнс. І тады мова ніяк ня можа быць кодам нацыянальнага, таму што яна толькі сродак камунікацыі між людзьмі. Лінгвісты кажуць, што мова ўплывае на  лад мыслення. Магчыма. Але пытанне – да якой ступені,  ці так  моцна адрозніваюцца людзі з-за мовы? І ці можна  адзін лад мыслення вызначыць як лепшы, а іншы як горшы?

      Кодам нацыянальнага ёсць назва народа. Мы кажам – “ангельскае” і адразу  ўзнікаюць усе адбіткі ангельскага нацыянальнага –  і клімат, і краявіды і гісторыя, і ежа …  І так  заўжды і паўсюль. Але для таго каб назва сталася кодам, яна не павінна мець ганебны, прыніжальны сэнс. Напрыклад, як што народ назавёцца  дурным, брудным,  труслівым, то такая назва  не зможа быць кодам. Народы выбіраюць сябе назвы або ганарлівыя мабілізуючыя – народ ільвоў, народ грома,царскі народ, або  — прынамсі нейтральныя – народ леса, народ узбярэжжа, народ вершнікаў . .. Этымолагі падцвердзяць, што сучасныя назвы народаў нарадзіліся з такіх вось цалкам несакральных  вытокаў. Назва “русь” гэта першаназва вясляроў караблёў вікінгаў.

       Тут я павінен  заўважыць, што гістарычны аспект тэмы я свядома  ігнарую. Час захаплення Гісторыяй,  як ведаў у якіх можна адшукаць ісціну і нават указанне для дзеяў у сучаснасці  безпаваротна мінае.                 Постмодэрністы гэта акрэслілі фразай: ”самавобраз і вобраз мінулага ствараюцца разам”. Гэта азначае, што, напрыклад, тыя хто хочуць уваходжання Беларусі ў склад РФ бачаць толькі  факты аб нашай блізасці к расейцам; а тыя хто імкнецца ў Эўропу – нашае  адрозніванне між намі. Для нашых  прагрэсіўных гісторыкаў гэткі паварот будзе цяжкім выпрабаваннем, таму што нават  зварот да заходнеэўрапейскіх гісторыкаў (маўляў,   нейтральных суддзяў )  не дапаможа ім у цвярджэнні нашай адметнасці, — напрыклад, для вызначэння  чаго у нас болей “рускасці ці  літвінства”? Гісторыкі, якія “ідуць ў нагу” з сучаснасцью гэта зразумелі. Ад аднаго ізраільскага гісторыка, які вадзіў журналістаў па гістарычным помнікам Ізраіля, цікава было раптам па ТВ пачуць фразу, што мінулае не вызначае будучыню. І гэта ад ізраільцяніна,  —   прадстаўніка народа, які сваю самаідэнтыфікацыю будаваў пераважна  на Гісторыі!

      Цяпер  вярнемся да “кодаў і адбіткаў”. Код  павінен мець яшчэ моцнаакрэсленны характар,  каб яго нельга было пераблытаць з іншым. Напрыклад, бельгійцы, якія ёсць пераходам ад французаў да немцаў не маглі саманазвацца ані  паўночнымі французамі, ані заходнімі немцамі; альбо ўжыць ў сваёй назве нейкія прыметнікі кшталту — белыя французы, ці чырвоныя немцы. Такія коды-назвы не прыдатны для збора адбіткаў у нацыю. Нагадаем, што закаханыя мужчыны і жанчыны абавязкова надзеляюць аб’ект сваёй закаханасці  арыгінальнасьцю (часцей за усё прыдуманай) .  Без гэтага каханне немагчыма.

       Вось гэта ужо наш выпадак. Назва Беларусь вызначае нас як частку рускага Свету, і нават як атыжолак рускай нацыі, бо корань “рус” значна важнейшы за прыметнік “белы”. Арыгінальнасць назвы ў нас адсутнічае. Назва мае прыніжальны, ганебны характар. Наш код-стрыжань, кажучы фігуральна, “крывы”, “склізкі”, на нём сабраць адбіткі нацыянальнага ў нацыю немагчыма. Калі нашы адраджэнцы прынялі тэзу “беларускае гэта ня рускае” яны  паказалі свае глупства. А як што успомніць, што Кацярына 2-я ў сваім Загадзе  напісала, што “переименованіе ВКЛ в Беларусь, а народ в белоруссов на века привяжет іх  к России», то атрымліваецца, што адраджэнцы выконваючы Загад царыцы, сталіся ў палітычным аспекце здраднікамі і калабарантамі Радзімы. Вось вам і тлумачэнне  таго, чаму народ не ідзе за апазіцыяй – ён прывязаны да Рускасці (аб тым што назва “беларус” спрычынілася да паспяховай нас русіфікацыі, я шмат пісаў раней і што, дарэчы, незалежныя СМІ не давалі ў друк).  Назва “Белая Русь”  трымае нас ў рускім Свеце, каторы, як паказвае рэчаіснасць,  не сумяшчальны са Свабодай, Дэмакратыяй і эўрапейскімі каштоўнасцямі (напрыклад, рускія, пакуль, сваю Радзіму любяць болей чым Праўду;  у эўрапейцаў, такога не назіраецца).

     Назва беларус пераўтварыла наш народ у народ халопаў. З такой назвай усялякія  праявы халопства  апраўдваюцца тым, што мы і рускія амаль адзіны народ. Халопства забівае ня толькі волю (што, наагул, зразумела), але і розум. Гэта ясна бачна па паводзінах нашых Вярхоў у палітыцы і эканоміцы.

    Прыняцце памылковай тэзы, што кодам  нацыі ёсць яго мова сталася смяротным прысудам да самой мовы. Яна, называючыся беларускай, стала сімвалам, адсталасці, неарыгінальнасці –  усяго таго, што народ ня можа палюбіць. І так адраджэнцы-лінгвацэнтрысты пачалі і дагэтуль вядуць  вайну супраць свайго народа (лукашыстаў,  чынавенства,  тэхнічнай і навуковай інтэлігенцыі,  рабочых,  сялянаў) – яны піхаюць яму тое,  што  народ натуральна адвяргае, і што знаходзіць выйсце ў тым, што народ адмаўляецца размаўляць… на сваёй мове. (самапавага важнейшая за ўсё).  Так наша удасканалая, распрацаваная і мілагучная мова сталася без віны вінаватай.

Доля нацыянальнага ў свядомасці нашага народа  неухільна змяньшаецца.

       Мяркую, што пры назве беларусы (белые рускіе)  немагчыма ніякае нацыянальнае адраджэнне, ніякая перамога апазіцыі, ніякае захаванне нашай незалежнасці і суверэнітета. У лепшым выпадку мы будзем павольна паміраць, а ў выпадку гвалтоўных пераўтварэнняў у  нашым рэгіёне , мы знікнем з мапы Свету.     Зацятым лібералам, якія мараць аб адміранні Нацыянальнага, хачу нагадаць выраз  сучаснага амерыканскага філосафа Р.Рорті: “Спадзяванне, што прыніжэнне адных іншымі толькі за іх непадабенства (непахожасць — па руску) калісьці знікне, варта ўспрымаць толькі ў іранічным кантэксте». Лепшай  і традыцыйнай абаронай ад прыніжэння з боку іншага ёсць нацыяналізм.

     Пачынайма  адмаўляцца ад назваў “Беларусь”,” беларусы”. Пачынайма меняць свядомасць народа з прарускай-беларускай, на праэўрапейскую-літвінскую. Пачынайма знішчаць комплекс непаўнавартасці якім апанаваны  нашыя людзі. Пачынайма   паўсюль пісаць і казаць “Вялікалітва-Беларусь”, літвіны(літоўцы)-беларусы”. Пачынайма ствараць нацыю на базе літвінства.

                                    Жнівень 2016,  Павал Біч